У рэжыме развіцця

— Інавацыйная дзейнасць з’яўляецца адным з галоўных напрамкаў работы любой установы адукацыі, паколькі стварае аснову для яе канкурэнтаздольнасці на рынку адукацыйных паслуг, вызначае прафесійны рост педагогаў і іх творчы пошук, садзейнічае асобаснаму развіццю вучняў, — расказвае намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Столінскай дзяржаўнай гімназіі Лілія Адамаўна Заянчкоўская. — Гэтая дзейнасць стала неад’емнай часткай адукацыйнага працэсу ў нашай установе. Рэалізацыя інавацыйных праектаў дазваляе функцыянаваць у рэжыме развіцця і ствараць умовы для самарэалізацыі педагогаў і вучняў.

У мінулым навучальным годзе педкалектыў гімназіі пачаў ажыццяўляць інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму. Праект, кансультантамі якога з’яўляюцца метадыст АПА Г.І.Дабрынеўская і прарэктар па навукова-метадычнай рабоце РІПА М.В.Ільін, быў распрацаваны з мэтай фарміравання ў дзяцей навыкаў усвядомленага адукацыйнага і прафесійнага выбару зыходзячы з іх індывідуальных магчымасцей і патрэб праз выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій, мэтанакіраванае ўзаемадзеянне з сям’ёй і соцыумам.

— Аналіз адукацыйнага працэсу і яго вынікаў у гімназіі выявіў праблему нізкай прафарыентацыйнай кампетэнтнасці вучняў і несістэмнай работы педагогаў па яе фарміраванні і развіцці, — гаворыць Л.А.Заянчкоўская. — З улікам гэтага быў распрацаваны праект, які прадугледжвае вырашэнне выяўленай праблемы праз арганізацыю мэтавага ўзаемадзеяння і сістэмнай работы па прафарыентацыі вучняў. У рамках праекта педагогі знаёмяць іх са светам прафесій, далучаюць малодшых школьнікаў да працоўнай дзейнасці, праводзяць мэтанакіраваную прапедэўтычную падрыхтоўку вучняў 5—9 класаў да ўсвядомленага выбару ўзроўню вывучэння пэўнага прадмета ў старшых класах і праектавання ўласнага жыццёвага шляху праз вучэбныя, факультатыўныя, гуртковыя і індывідуальныя заняткі, а таксама розныя віды пазаўрочнай работы пазнавальна-прафесійнай накіраванасці. На аснове дыягностыкі каштоўнасных арыентацый і патрэб вучняў праводзяцца тэарэтычныя заняткі па прафесійных блоках, якія адпавядаюць пэўным сферам чалавечай дзейнасці (чалавек — чалавек, чалавек — тэхніка, чалавек — вобраз, чалавек — знак, чалавек — прырода), і практычныя заняткі, якія знаёмяць з сутнасцю і асаблівасцямі прафесій пэўнага блока (прафесійныя пробы). Важна, што такая работа арганізоўваецца не толькі ў гімназіі, але і ва ўстановах і арганізацыях горада, што значна ўзмацняе рэгіянальны кампанент прафарыентацыйнай дзейнасці і прафесійнага выбару вучняў.

Па словах Л.А.Заянчкоўскай, асноўная ідэя праекта заключаецца ў тым, што для паспяховай рэалізацыі профільнага навучання ў старшых класах дзеці павінны ўмець выбіраць і аргументаваць свой выбар. Гэта патрабуе мэтанакіраванай работы па развіцці навыкаў адукацыйнага, асобаснага і прафесійнага самавызначэння вучняў. Падлеткі павінны паспрабаваць пэўную колькасць розных сацыяльных і прафесійных роляў, прычым без нейкіх абавязацельстваў па іх прыняцці.

— Педагогі распрацавалі і правялі прафесійныя пробы, што дазволіла вучням скласці ўяўленне пра характар прафесійнай працы людзей на аснове ўласнага вопыту, — адзначае Л.А.Заянчкоўская. — Супрацоўніцтва з установамі прафесійнай і дадатковай адукацыі, прадпрыемствамі і арганізацыямі дапамагае вырашаць гэтую задачу больш якасна. Так, з мэтай арганізацыі эфектыўнага ўзаемадзеяння з імі заключаны дамовы аб сумеснай прафарыентацыйнай дзейнасці, распрацаваны планы сумесных мерапрыемстваў. Акрамя таго, вялікую работу па прафесійнай асвеце вучняў 1—11 класаў праводзяць класныя кіраўнікі праз сістэму пазаўрочных мерапрыемстваў: урокі самавызначэння, прафарыентацыйныя гульні, інфармацыйныя гадзіны і экскурсіі. У гімназіі створаны ўмовы для арыентацыі дзяцей на рабочыя прафесіі праз дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах “Умелец”, “Узор” і “Дызайн”. Педагог-псіхолаг ажыццяўляе дыягнастычныя даследаванні і псіхолага-педагагічнае суправаджэнне вучняў праз трэнінгі, гутаркі, індывідуальныя кансультацыі для дзяцей і іх бацькоў. У рамках урочнай дзейнасці члены інавацыйнай групы стварылі банк вучэбных і творчых заданняў прафарыентацыйнай накіраванасці па англійскай, рускай і беларускай мовах, фізіцы, хіміі і працоўным навучанні.

Прамежкавыя вынікі інавацыйнай дзейнасці паказваюць, што за час рэалізацыі праекта змяніўся тып педагагічнага мыслення настаўнікаў-інаватараў: ад рэпрадуктыўнага — да прадукцыйнага, ад выканальніцкага — да творчага, ад трансляцыі ведаў — да самастойнага канструявання адукацыйнага дыялогу. Адукацыйны працэс паступова становіцца больш глыбокім па змесце, асобасна арыентаваным па мэтах і інавацыйным па арганізацыйных формах і тэхналогіях. У выніку павышаецца ўзровень навучанасці дзяцей і інавацыйнай кампетэнтнасці педагогаў.

Падрыхтаваў Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.