Багаты і сакавіты ўраджай вырошчваюць у Вуцеўскай сярэдняй школе Добрушскага раёна. Установа лічыцца апорнай пляцоўкай па экалагічным выхаванні навучэнцаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Цікавыя праекты ажыццяўляюцца ў гэтай сельскай школе. Тут шмат робіцца для фарміравання экалагічнай культуры навучэнцаў. Прычым гэта не толькі прыносіць дадатковыя сродкі ў школьную скарбонку, але і прывучае дзяцей да працы.
Па словах дырэктара Ганны Станкевіч, такая сістэма работы дазваляе таксама рабіць школьнае харчаванне больш танным. У мінулым годзе ўдалося сабраць багаты ўраджай бульбы — 2800 кг, капусты — 630 кг, буракоў — 550 кг, морквы — 400 кг, цыбулі — 310 кг, яблыкаў — 300 кг, памідораў — 120 кг, агуркоў — 60 кг і чорнай парэчкі — 20 кг. У бізнес-кампаніі “Гаспадар” юныя аграрыі і біёлагі займаюцца даследчай работай, вырошчваюць агародніну і кветкава-дэкаратыўныя расліны. Сёлета пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі і біялогіі Ірыны Ярцавай юныя эксперыментатары спрабуюць вырасціць экзатычныя расліны — артышок і бамію.
— Ураджай гэтага года вытрымлівае выпрабаванні ўмовамі надвор’я: спачатку ішлі дажджы, пасля было неверагоднае спякотнае надвор’е, а потым па градках прайшоўся ўраган, — расказвае Ганна Мікалаеўна. — Педагогі разам са школьнікамі сочаць за ўчасткам, дарэчы, у першых праполках прынялі актыўны ўдзел васьмікласнікі. Бізнес-кампанія “Гаспадар” з году ў год набірае абароты, да яе далучаецца ўсё большая колькасць дзяцей ва ўзросце ад 14 гадоў, штогод хлопцы і дзяўчаты займаюць лідарскія пазіцыі на рэспубліканскіх конкурсах даследчых работ. Акрамя таго, яны вучацца асновам прадпрымальніцтва і ведаюць, як атрымаць экалагічна чыстую прадукцыю.
Складана пералічыць усе культуры і гатункі, якія вырошчваюцца на школьным агародзе. Ужо трэці год запар тут расце самая смачная бульбачка. Глеба настолькі ўрадлівая, што аранжавыя аксаміткі, якія абрамляюць градкі, ужо вымахалі па пояс. Дарэчы, кветкі растуць не столькі для прыгажосці і эстэтыкі, колькі для таго, каб адпуджваць насякомых-шкоднікаў.
— У нашай установе кадры вырашаюць усё, — падкрэслівае Ганна Мікалаеўна. — Тут ёсць усё для развіцця, бо ў калектыве — ініцыятыўныя і актыўныя людзі, апантаныя сваёй працай. Настаўнікі зацікаўлены ў развіцці даследчай дзейнасці, таму размах і вынікі праведзенай работы на вучэбна-доследным участку ўражваюць.
На тэрыторыі ў паўгектара размясціліся дзве вялікія цяпліцы, у якіх спеюць таматы і перцы. Тут растуць таксама буякі, парэчкі, вялікія плошчы выдзелены пад бульбу, капусту, буракі, цыбулю, агуркі. А які тут цудоўны яблыневы сад! Дзеці з дакладнасцю падкажуць, якія гатункі самыя салодкія.
— Памідоры і перцы розных гатункаў, на любы густ і колер, — далучаецца да размовы загадчыца вучэбна-доследнага ўчастка Лідзія Дудзянава. — Сярод самых смачных таматаў — “бычынае сэрца”, іх любяць за мясістасць, цікавую форму і немалую вагу пладоў, а з перцаў перавагу аддаю “калабку”, яны такія жоўценькія. З шасці гатункаў цыбулі лепш за іншых зарэкамендаваў сябе салодкі на смак “эксібішэн”. Асноўную частку прадукцыі, якую вырошчваем на ўчастку, перадаём школьнай сталовай, яе хапае на працягу ўсяго года. А лішкі ўраджаю атрымліваюць Церахоўскі і Вуцеўскі дзіцячыя сады, Добрушскі раённы сацыяльна-педагагічны цэнтр і раённы ЦКРНіР. На жаль, сёлета вельмі шмат шкоды нанесла капрызнае надвор’е. Тым не менш 500 кг буракоў са свайго ўчастка зможам сабраць, а яшчэ больш за 300 кг морквы, больш за тону бульбы. Таматаў у нас шмат заўсёды. Яблыневы сад, які заклалі яшчэ ў 2019 годзе, таксама штогод радуе наліўнымі пладамі. З 35 яблынь самы смачны гатунак “прэзідэнт”: пры правільным захоўванні яблыкі будуць смачныя да канца снежня.
Работа на прышкольным участку кіпіць, толькі і паспявай паліваць, палоць, збіраць і перадаваць ураджай на захоўванне. План і графік дзяжурства для вучняў 5—8 класаў склалі загадзя, таму ў летнія дні агарод не застаецца без нагляду.
Якраз зараз праходзіць працоўная практыка ў навучэнцаў 7-х класаў, школьнікі працуюць 5 дзён па 3 гадзіны. Пачалі эстафету старшакласнікі, аднак работы ўсім хапае. У апошні месяц лета дзеці працягваюць збіраць ураджай таматаў. Яны з радасцю адзначаюць, што ў іх рацыёне пераважае агародніна, якую яны самі вырасцілі.
Паназіраўшы ў цяпліцы за спрытнымі навучэнцамі Васілём Шкурко, Софіяй Краўчанка і Настассяй Чубаравай, убачыла, што дзеці працы не баяцца, хлопец, наогул, на ўсе рукі майстар — і капае, і праполвае, і палівае градкі.
— Наша праца паляпшае агульны вынік, лічу, мы цудоўна з ёй спраўляемся, — адзначае Васіль.
— Праводзім час з сябрамі, ды яшчэ і на свежым паветры — гэта ўсё ж лепш, чым дома сядзець без справы. А яшчэ мы назіраем за эксперыментам: як на цёплых градках растуць артышок і бамія. Пакуль чакаем ураджай, ужо загуглілі, чым карысныя і як гатаваць гэтыя культуры. Напрыклад, артышок — хутчэй далікатэс, чым звыклая для нас страва. Але ў свеце ён карыстаецца заслужанай папулярнасцю: у яго незвычайны, вытанчаны смак і шмат мікраэлементаў у складзе. Бамія — дыетычны прадукт, у якім змяшчаецца аскарбінавая кіслата, шмат бялкоў, вугляводаў, арганічных кіслот, мінеральных солей. Бамія, як і баклажаны, вельмі патрабавальная да цяпла. Бо родам яна з Афрыкі, і раней яе вырошчвалі толькі ў паўднёвых шыротах. Але з пацяпленнем клімату і ў нас можна атрымаць ураджай баміі. Хочацца хутчэй паспрабаваць салат з экзатычнай культуры, — дзеліцца думкамі Софія Краўчанка.
Планаў у калектыву шмат, і можна толькі пазайздросціць таму, як умела на працягу многіх гадоў развіваюць экалагічны напрамак у Добрушскім раёне. Будзе цікава даведацца, на які праект замахнуцца педагогі ў наступным годзе.
Пікнікі на свежым паветры
Квізы, майстар-класы і экскурсіі — гэта толькі малая частка актыўнасцей, якія для дзяцей падрыхтавалі педагогі ў лагеры дзённага знаходжання “Летні калейдаскоп” Вуцеўскай сярэдняй школы.
— Школьнікі з задавальненнем прымаюць удзел у кожным інтэрактыўным мерапрыемстве, але асабліва яны любяць нашы экскурсіі, падчас якіх арганізоўваем неверагодна цікавыя прагулкі і пікнікі на свежым паветры, — расказвае Ганна Станкевіч. — Дзеці вельмі чакаюць момант, калі можна ўзяць з сабой з дому пледы, сала ці сасіскі і атрымаць асалоду ад сустрэчы з прыродай. Правілы бяспечных паводзін з хлопчыкамі і дзяўчынкамі абмяркоўваюць настаўнікі. Кожны дзень у лагеры напоўнены развіццёвымі гульнямі экалагічнага і грамадзянска-патрыятычнага зместу. Самыя маленькія школьнікі з году ў год з задавальненнем удзельнічаюць у зборы насення кветак. Па добрай традыцыі вызначым міс жнівеньскай змены аздараўленчага лагера. Для дзяцей гэта самае доўгачаканае і інтрыгуючае танцавальна-гульнявое свята. Мерапрыемства пачнецца з самапрадстаўлення, дзе актыўныя, таленавітыя і абаяльныя дзяўчынкі прадэманструюць свае лепшыя якасці, нікога не пакінуць абыякавымі конкурс песні і танца, дэманстрацыя ўбораў.
На тэрыторыі школы працягвае працаваць спартыўная пляцоўка. Моладзі тут заўсёды шмат, бо педагогі імкнуцца падбіраць новыя формы работы з дзецьмі, сочаць, каб праграма была цікавай і не паўтаралася. У падлеткаў ёсць магчымасць не толькі паразмаўляць з аднагодкамі, але і праявіць свае лідарскія якасці ў спартыўных гульнях.
Таксама гэтымі днямі на базе сельскай школы пачаў работу лагер працы і адпачынку “Кантакт” для дзяцей, якім споўнілася 14 гадоў. Падлеткам выпала выдатная магчымасць сумясціць адпачынак, аздараўленне і працоўную занятасць. Дзень тут пачынаецца з лінейкі, хвілінкі бяспекі і зарадкі. Потым выхаванцы снедаюць і накіроўваюцца на ААТ “Вуцеўскае”. Працуюць яны чатыры гадзіны з нядоўгімі перапынкамі на адпачынак — аказваюць пасільную дапамогу ў навядзенні парадку і добраўпарадкаванні тэрыторыі. Праца працай, а абед па раскладзе. А пасля ў іх вольны час, які школьнікі таксама праводзяць з карысцю: удзельнічаюць у забаўляльных і спартыўных мерапрыемствах, акцыях, розных конкурсах, гуляюць у рухавыя гульні, наведваюць гістарычныя месцы малой радзімы.
— У лагеры для падлеткаў створаны ўсе ўмовы для актыўнага адпачынку і аздараўлення, — падкрэслівае Ганна Станкевіч. — Школьнікі атрымліваюць тут навыкі, якія спатрэбяцца ў далейшым самастойным жыцці і дапамогуць сарыентавацца ў свеце прафесій. Немалаважна і тое, што ў іх ёсць магчымасць зарабіць свае першыя грошы.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара