У шахматы гуляюць дашкаляты

- 12:27Навіны рэгіёнаў

Удзельнікі турніру па шахматах у Дзяржынску ведаюць, што такое эндшпіль і гамбіт, ніколі не блытаюць цэйтнот і цугцванг, ім многа разоў даводзілася радасна казаць: “Шах і мат!”. І не было б нічога дзіўнага ў гэтым турніры, калі б за шахматнымі дошкамі не сядзелі выхаванцы дзіцячых садоў і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Дзяржынска. Штогод у ДЦРД праходзіць раённы турнір “Малышы гуляюць у шахматы”, які збірае самых юных аматараў гэтай гульні.

Сёлета ў турніры прымалі ўдзел 12 хлопчыкаў і дзяўчынак. У госці да ўдзельнікаў прыйшлі героі вядомага амаль усім сучасным дзецям мультфільма “Фіксікі”. Разам з імі дзеці змагаліся з робатам Злашкодам, які ўсяляк перашкаджае дзецям вучыцца гуляць у шахматы, бо хоча, каб усе на свеце гулялі толькі ў камп’ютарныя гульні, не паднімалі галавы ад смартфонаў і планшэтаў. Выконваючы розныя шахматныя заданні, малышы перамаглі злыдня і вызвалілі галоўных персанажаў дзейства — шахматных Караля і Каралеву. Так весела і цікава праходзіў 11-ы раённы шахматны турнір для самых маленькіх.
На Дзяржыншчыне лічаць, што вучыць дзяцей гуляць у шахматы ніколі не рана. Вядома, што Хасэ Рауль Капабланка навучыўся гуляць у шахматы ў чатырохгадовым узросце, Анатоль Карпаў і Гары Каспараў — калі ім было 5 гадоў. Не адстаюць і дашкольнікі Дзяржынскага раёна, дзе праводзіцца сістэмная работа па навучанні дзяцей гульні ў шахматы. Зразумела, педагогі не імкнуцца з кожнага дзіцяці вырасціць карпавых або каспаравых. Намнога важнейшым яны лічаць выкарыстоўваць гульню як магутны сродак раскрыцця таго велізарнага патэнцыялу, які закладзены ад прыроды ў кожным дзіцяці. І сёння гэты сродак выкарыстоўваюць педагогі 15 устаноў дашкольнай адукацыі раёна.
А пачыналася ўсё ў 2003 годзе. Калі рыхтаваліся да турніру па шахматах сярод школьнікаў, Вацлаў Іванавіч Матусевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама, прапанаваў паспрабаваць правесці аналагічныя спаборніцтвы сярод дашкольнікаў. Для рэалізацыі гэтай цудоўнай ідэі, як кажуць, зоркі сышліся. Высветлілася, што ў раёне ёсць творчыя выхавальнікі, якія паспяхова вучаць дзяцей шахматам. Знайшоўся чалавек, які даў рабоце правільны кірунак, вакол якога справа “акумулявалася”. Гэта Сяргей Рыгоравіч Усніч — нязменны трэнер маленькіх шахматыстаў у Дзяржынску, прафесіянал і фанат сваёй справы. Важным звяном у гэтай сістэме стала Таццяна Валер’еўна Грыгаровіч, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму. Яна сама з дзяцінства гуляе ў шахматы, змагла сістэматызаваць работу, актывізаваць яе і да сёння каардынуе, усяляк падтрымлівае навучанне дзяцей шахматам у раёне. Арганізацыяй першага турніру займаліся Вольга Іванаўна Бурко, загадчыца ясляў-сада № 6 Дзяржынска (цяпер гэта ДЦРД Дзяржынска) і яе намеснік Ірына Пятроўна Пятровіч.
Першы турнір “Малышы гуляюць у шахматы” запусціў працэс, які пасля дапамог сфарміраваць сістэму работы па навучанні шахматам. Турнір стаў нагляднай рэкламай такой дзейнасці. Многія педагогі і прадстаўнікі адміністрацыі дзіцячых садоў і ДЦРД, пабываўшы на турніры, зацікавіліся і арганізавалі навучанне шахматам у сваіх установах адукацы. Спадабалася гэтая ідэя і бацькам. Яны з задавальненнем аддаюць сваіх дзетак на заняткі, пра магчымасць займацца ў групе па навучанні гульні ў шахматы пытаюцца, як толькі прыводзяць дзіця ў яслі. Сёння ў раёне 124 маленькія шахматысты. Так на Дзяржыншчыне ўтварылася свая маленькая шахматная краіна.
У многіх садах Дзяржынска заняткі праводзіць трэнер Сяргей Рыгоравіч Усніч. Ён распрацаваў сваю праграму работы, якая прыносіць плён. Ва ўстановах адукацыі іншых населеных пунктаў раёна і некаторых садах горада шахматамі з выхаванцамі займаюцца педагогі і бацькі. Арганізоўваюцца групы па навучанні шахматам на платнай аснове. Змест работы вызначаецца каляндарна-тэматычным планаваннем і рэалізоўваецца пры дапамозе гульняў-заняткаў. Дзяцей у простай і зразумелай форме знаёмяць са светам шахмат, яны даведваюцца аб сакрэтах шахматных фігур, чароўных уласцівасцях і загадкавых асаблівасцях дошкі, вывучаюць элементарныя правілы гульні і вучацца этыцы шахматнай барацьбы. Падчас заняткаў хлопчыкі і дзяўчынкі засвойваюць не толькі шахматныя, але і матэматычныя паняцці, у іх развіваецца маўленне і творчыя здольнасці. Перавага на занятках аддаецца гульнявому метаду навучання, шырока выкарыстоўваюцца шахматныя казкі, рэбусы, загадкі, шарады, займальныя задачы, віктарыны. Не абыходзіцца справа і без сучасных тэхналогій — асабліва падабаюцца дзецям гульні ў шахматы з камп’ютарам.
Турнір — гэта своеасаблівае падвядзенне вынікаў работы і ўзнагарода за працу і дасягненні. Аб тым, наколькі папулярныя шахматы сярод дашкольнікаў Дзяржынскага раёна, гаворыць той факт, што колькасць удзельнікаў раённага турніру пастаянна павялічваецца. Жадаючых трапіць на мерапрыемства стала так многа, што для таго, каб ніхто з маленькіх шахматыстаў не быў пазбаўлены такой радасці, пачалі папярэдне праводзіць турніры ва ўстановах адукацыі. Потым лепшыя прадстаўнікі адпраўляюцца на раённы турнір. Арганізатары вырашылі, што турнір павінен быць не столькі спаборніцтвам, колькі шахматным святам. Кожны год мяняецца сцэнарый, а вось месца правядзення застаецца нязменным — ДЦРД Дзяржынска. Тут працуе зладжаная каманда — загадчыца ўстановы Алена Яўгенаўна Гасціла, яе намеснік Ірына Леанідаўна Кашынская, выхавальнік-метадыст Ксенія Уладзіміраўна Ялінская і музычны кіраўнік Галіна Антонаўна Валахановіч. Гэтыя людзі пры падтрымцы аддзела адукацыі раёна і спонсараў штогод арганізоўваюць для дзетак падарожжы ў шахматную казку.
Да кожнага шахматнага турніру афармляюцца выставы дзіцячых малюнкаў на шахматную тэматыку, тэматычных фотаздымкаў, разнастайных па дызайне і мастацкім афармленні шахмат і шашак, зробленых дзецьмі разам з бацькамі і педагогамі, роставых шахматных фігур. Падтрымаць дзяцей прыходзяць іх родныя. Мамы, таты, бабулі і дзядулі таксама становяцца актыўнымі ўдзельнікамі турніру. Яны разгадваюць крыжаванкі, рашаюць шахматныя задачы, адгадваюць загадкі-жарты. Пераможцу турніру афіцыйна не вызначаюць — усе ўдзельнікі атрымліваюць прызы і ўзнагароды. Арганізатары адзначаюць, што ўзровень ведаў удзельнікаў з году ў год расце. Кожны раз заданні больш складаныя, чым на папярэднім турніры, і кожны раз дзеці з імі выдатна спраўляюцца.
Паспытаўшы ў раннім узросце, што такое гульня, многія працягваюць займацца шахматамі далей і дасягаюць у гэтым поспехаў. Так, напрыклад, Ягор Немчанка, удзельнік раённага турніру ў 2013 годзе, будучы другакласнікам, заняў 2 месца на першынстве Мінскай вобласці па шахматах сярод дзяцей ва ўзросце да 10 гадоў. Елісей Прыходзька, які ўдзельнічаў у турніры ў 2004 годзе, сёння вучыцца ў каледжы. Юнак не раз перамагаў у асабістым і камандным заліку ў абласных спаборніцтвах па шахматах, удзельнічаў у рэспубліканскіх. Дзесяцікласнік Аляксей Грышын, удзельнік турніру ў 2005 годзе, сёння з’яўляецца кандыдатам у майстры спорту па шахматах.
Нават калі дзеці і не становяцца пераможцамі розных спаборніцтваў, заняткі шахматамі прыносяць ім карысць. Выхавальнікі зразумелі, што шахматы — магутны інструмент гарманічнага развіцця інтэлекту дзіцяці, які дазваляе паспяхова вырашаць шэраг задач пазнавальнага развіцця старэйшых дашкольнікаў. “Падводзячы вынікі шматгадовай работы, мы прыйшлі да высновы, што навучанне гульні ў шахматы спрыяе не толькі інтэлектуальнаму развіццю, але і паўнацэннаму самавыяўленню, дазваляе дзецям пераадолець замкнёнасць, сарамлівасць, дапамагае знайсці сяброў, — дзеліцца назіраннямі Ірына Леанідаўна Кашынская, намеснік загадчыка ДЦРД Дзяржынска. — Рухаваму дзіцяці шахматы дапамагаюць стаць больш спакойным, ураўнаважаным. У няўважлівага дзіцяці гульня выпрацоўвае ўменне канцэнтраваць увагу. Гуляючы, дзіця жыве ў свеце казак і цудаў. Вытанчанасць і прыгажосць асобных хадоў, шахматных камбінацый дастаўляюць дзіцяці сапраўднае задавальненне, узбагачаюць дзіцячую фантазію”. Для дзіцяці шахматы — гэта не толькі гульня, якая дорыць шмат радасці, але і эфектыўны сродак самавыхавання. Маленькія аматары шахмат вучацца пераадольваць цяжкасці. Бацькі адзначаюць, што іх юныя шахматысты становяцца больш уседлівымі, вытрыманымі, уважлівымі. У іх добра развіты лагічнае мысленне і памяць.
Маленькая шахматная краіна ў Дзяржынскім раёне жыве і развіваецца. Жыхароў у ёй становіцца ўсё больш, нават з’яўляюцца сямейныя дынастыі. Так, напрыклад, сёлета ўдзел у раённым турніры прымаў Сцяпан Карачун, выхаванец станькаўскага дзіцячага сада № 2. Год назад у турніры ўдзельнічала яго сястра Ліза. І самага малодшага прадстаўніка сям’і, які хутка з’явіцца на свет, бацькі таксама абавязкова аддадуць у групу навучання гульні ў шахматы.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.