У Шклоўскім дзяржаўным каледжы пачалі падрыхтоўку ветэрынараў

- 11:06Образование

Абноўленая матэрыяльная база, новая спецыяльнасць і адкрыццё ўзроўню сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Бягучы навучальны год прынёс істотныя змяненні ў структуру Шклоўскага дзяржаўнага каледжа. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Нашай установе ўжо 45 гадоў. Увесь гэты час асноўны профіль — падрыхтоўка рабочых кадраў для сельскай гаспадаркі. Пералік спецыяльнасцей на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся практычна нязменным. Аднак летась былі вызначаны вектары развіцця каледжа. Адным з ключавых напрамкаў стала карэкціроўка прапанаваных для навучання прафесій. Дэталёвы аналіз рынку працы паказаў вострую патрэбу аграпрамысловага комплексу рэгіёна ў ветэрынарных фельчарах, — расказаў дырэктар Дзмітрый Бохан.

Паводле яго слоў, у выніку маніторынгу было выяўлена мноства вакансій ветэрынараў па ўсёй вобласці. З гэтай прычыны было прынята рашэнне ўкамплектаваць прадпрыемствы зоаветэрынарнымі спецыялістамі.

— Дазвол на адкрыццё спецыяльнасці “Ве­тэрынарная медыцына” атрымалі ў мінулым снежні. Літаральна за паўгода здолелі цалкам пераабсталяваць для навучання цэлы паверх у вучэбным корпусе. Паралельна з рамонтам вялі актыўную прафарыентацыйную работу: пабывалі ва ўсіх школах Шклоўшчыны, а таксама найбліжэйшых гарадоў і райцэнтраў. Прафесія ветэрынара ў маладзёжным асяроддзі не самая папулярная, але мы змаглі паказаць яе перспектывы, — паведаміў Дзмітрый Іванавіч.

Творчы падыход да прафарыентацыі дазволіў каледжу поўнасцю сфарміраваць вучэбную групу. Больш за тое, з 25 маладых людзей 11 юнакоў і дзяўчат прыйшлі на вучобу па мэтавых накіраваннях. Сярод тых, хто вучыцца на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — магіляўчанкі Ганна Шэрка і Яўгенія Багаслова.

— З дзяцінства любім жывёл, таму і спыніліся на такой спецыяльнасці. Зрабіць канчатковы выбар дапамагла агітацыйная брыгада каледжа. А мэтавыя дагаворы заключылі таму, што яны даюць надзейныя гарантыі, дакладнае ўсведамленне таго, куды і на якую пасаду прыйдзеш працаваць. За два месяцы ў прафесіі не расчараваліся. Навучанне падабаецца, асабліва ўражваюць сучасныя трэнажоры, — па­дзяліліся дзяўчаты.

Базу пад новую спецыяльнасць у каледжы сапраўды стварылі самую перадавую. Для заняткаў поўнасцю адрамантавалі шэраг кабінетаў. У кожным — новая мэб­ля, інтэрактыўная дошка, дастатковая колькасць літаратуры. Зроблены і лабараторыі, дзе ёсць усё неабходнае абсталяванне.

— Наша гордасць — электрыфікаваныя стэнды па найбольш важных тэмах праграмы, а таксама разнастайныя ветэрынарныя трэнажорныя комплексы. Усю тэорыю навучэнцы могуць адпрацоўваць на справе. Пакуль вучні засвойваюць прадметы агульнаадукацыйнага кампанента, але ўжо з нецярпеннем чакаюць, калі пачнуцца практыкумы і лабараторныя работы, — адзначыла выкладчыца агульнаадукацыйных дысцыплін куратар групы Кацярына Грыгор’ева.

Практыку навучэнцы чакаюць яшчэ і таму, што яна будзе праходзіць непасрэдна на сельгаспрадпрыемствах. Каб максімальна адаптаваць будучых спецыялістаў да выбранай прафесіі, кіраўніцтва каледжа заключыла два дагаворы з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў.

— Пагадненні падпісаны з ЗАТ “Вялікія Славені” і РУСПП “Магілёўскае дзяржплемпрадпрыемства”. Прама на вытворчасці абсталяваны лекцыйныя залы, дзе з навучэнцамі бу­дуць сустракацца вопытныя ветэрынары, і лабараторыі, дзе пад кіраўніцтвам прафесіяналаў моладзь будзе адпрацоўваць веды па анатоміі, фізіялогіі, фармакалогіі, ветэрынарнай хірургіі і іншых прадметах. Такое ўзаемадзеянне дапаможа зрабіць выпускнікоў пад­рыхтаванымі да рэальнай працоўнай дзейнасці, таму для выездаў на вытворчыя аб’екты быў нават набыты мікрааўтобус. У верасні навучэнцы пабывалі на азнаямленчай практыцы, наглядна ўбачылі ўсе нюансы работы ветэрынара, — заўважыў Дзмітрый Бохан.

Навучанне па ква­лі­фікацыі “фельчар ветэ­ры­нарнай медыцыны” ў Шклоўскім дзяржаўным каледжы разлічана на тры гады і восем месяцаў. За гэты тэрмін, акрамя сярэдняй спецыяльнай адукацыі, навучэнцы дадаткова атрымаюць рабочыя прафесіі вадзіцеля катэгорыі В і аператара па штучным асемяненні жывёл.

— Значнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кад­раў для АПК неаднаразова агучваў у сваіх даручэннях Прэзідэнт. У нашых планах — ажыццяўляць набор групы на спецыяльнасць “Ветэрынарная медыцына” штогод, — падкрэсліў дырэктар. — Акцэнт працягнем рабіць на практычнай падрыхтоўцы. У найбліжэйшай перспектыве плануем адкрыць уласную ветэрынарную клініку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара