У школе № 1 Буда-Кашалёва арганізаваны летні вольны час на любы густ для дзяцей рознага ўзросту

- 17:24Новости

Два дзясяткі старшакласнікаў право­дзяць летнія дні з карысцю для прыроды і прыбыткам для сябе ў лагеры працы і адпачынку дзённага знаходжання. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

На працягу 21 дня хлопцы і дзяўчаты 14—17 гадоў працуюць у гадавальніку мясцовага лясгаса, што ў пасёлку Бярэзіна, займаючыся праполкай саджанцаў сосен і туй.

Дзесяць школьнікаў-актывістаў правялі 9 дзён і начэй у палатках на прышкольнай тэрыторыі, рыхтуючыся да занальнага злёту юных ратавальнікаў-пажарных з Ігарам Смаляковым, кіраўніком па ваенна-патрыятычным выхаванні. А потым яшчэ на 9 дзён яны адправіліся на занальны злёт, каб прадэманстраваць навыкі па аказанні першай медыцынскай дапамогі, веды па правілах бяспекі жыццядзейнас­ці, зладжа­насць у страявой падрыхтоўцы і майстэрства баявога разгортвання.

Яшчэ шэсць дзясяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак з 1—7 класаў праводзяць летні час у дзённым аздараўленчым школьным лагеры, дзе кожны дзень іх чакаюць цікавыя сустрэчы і інтэрактыўныя заняткі, гульні, конкурсы па зададзенай тэме.

— Напрыклад, адзін дзень прысвечаны бяспецы. Гэта тычыцца паводзін у розных сферах нашага жыцця: дома, на вуліцы, на вадзе, пры зносінах у інтэрнэце і г.д. Да нас у госці прыяз­джаюць супрацоўнікі РАУС, МНС, Асвода, — расказвае дырэктар школы Алена Некрашэвіч. — Другі дзень прысвечаны здароваму ладу жыцця, а таму праводзіцца спартакіяда, вядуцца размовы аб небяспецы шкодных звычак і дэвіянтных паводзінах. Таксама падчас кожнай змены запланавана мнос­тва пазнавальных экскурсій у арганізацыі і на прадпрыемствы горада, гульні, квесты.

У жніўні школа чакае яшчэ 65 юных будакашалёўцаў у аздараўленчым лагеры дзённага знаходжання. З іх два дзясяткі будучых першакласнікаў 6—7 гадоў змогуць адаптавацца да новых сцен і прайсці экспрэс-падрыхтоўку да школы. А яшчэ два атрады дзяцей старэйшага ўзросту даведаюцца ўсё пра бяспеку, адпрацуюць навыкі паводзін у розных надзвычайных сітуацыях і побыце на тэматычных сустрэчах з супрацоўнікамі РАНС, куратарамі жнівеньскай змены.

Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота аўтара