У школе №1 Касцюковіч патрыятызм і грамадзянскасць у вучняў фарміруюць з акцэнтам на практычнай накіраванасці

- 10:05Образование

Цікавыя праекты, сацыяльныя ініцыятывы і добрыя справы на карысць малой радзімы. У сярэдняй школе № 1 Касцюковіч патрыятызм і грамадзянскасць у вучняў фарміруюць з акцэнтам на практычнай накіраванасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— У цяперашніх рэаліях патрыятычнае выхаванне набывае выключную актуальнасць. Незалежнасць дзяржавы немагчыма без нацыянальнай самасвядомасці. Менавіта таму ў маладое пакаленне трэба закладваць любоў да роднай краіны, павагу да яе гісторыі і дасягненняў, гатоўнасць стаць на абарону Айчыны. У нашай школе гэты напрамак мае першачарговы прыярытэт, — адзначыла дырэктар Святлана Касцянкова.

Паводле яе слоў, кожны настаўнік у сваёй рабоце робіць упор не толькі на навучанне, але і на выхаванне. Прычым выхоўвае на асабістым прыкладзе.

— Усе педагогі стараюцца быць арыенцірам для дзяцей. Яны заўсёды наперадзе і вядуць вучняў за сабой, далучаюць іх да сацыяльна значнай работы, — расказала Святлана Анатольеўна.

Творчыя групы настаўнікаў рэгулярна ладзяць праекты, якія захапляюць навучэнцаў. Адзін з апошніх — “Гатовы Радзіме служыць!”, асаблівасць якога заключаецца ў стварэнні вучнёўскай лектарскай групы. Па прынцыпе “роўны вучыць роўнага” старшакласнікі даносяць да аднагодкаў важную інфармацыю.

На ўсебаковай далучанасці і нагляднас­ці выбудавана ў школе ваенна-патрыятычнае выхаванне вучняў. Гордасць установы — профільны аздараўленчы лагер “Абаронца”, дзе навучэнцы не толькі адпачываюць, але і адпрацоўваюць навыкі страявой, тактычнай, агнявой, медыцынс­кай падрыхтоўкі, знаёмяцца з родамі вайс­ковых фарміраванняў.

— Аздараўленне дзяцей у такім ключы мы пачалі праводзіць яшчэ 10 гадоў назад і былі ў гэтым першапраходцамі ў рэгіёне. Уся арганізацыя адпачынку праводзіцца ў цесным узаемадзеянні з РАУС, РАНС, раённым ваенкаматам, вайсковымі часцямі. З цягам часу лагер не страчвае сваёй папулярнасці сярод моладзі. Жадаючых адпачыць па-армейску сярод дзяцей заўсёды шмат, — паведаміла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ірына Байкова.

Павышаную ўвагу педагагічны калектыў установы адводзіць станаўленню ў вучняў грамадзянскасці. У школе шырока выкарыстоўваецца патэнцыял інфармацыйна-адукацыйнага праекта “ШАГ”. У гос­ці да навучэнцаў пастаянна прыходзяць прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады, дэпутацкага корпуса, розных прафесій.

— Нефармальныя зносіны фарміруюць у вучняў паняцце паспяховага грамадзяніна. Ім хочацца быць міністрамі, дэпутатамі, кіраўнікамі, проста высокакваліфікаванымі спецыялістамі. Мы падтрымліваем гэтыя лідарскія імкненні, даём навучэнцам магчымасці для самарэалізацыі. У нас дзейнічае група ІТ-валанцёраў. Навучэнцы ўжо стварылі мабільны дадатак “Падарожні­чаем па Беларусі”, віртуальны музей “Гісторыя школы: час, людзі, факты” і сайт “Героі Касцюкоўшчыны”, знялі дынамічныя відэаролікі “Касцюкоўшчына — мая радзіма”. Усе распрацоўкі выкарыстоўваюцца ў адукацыйным працэсе, — заўважыла Святлана Касцянкова.

Падтрымку ў 1-й касцюковіцкай школе наогул знаходзяць любыя маладзёжныя ініцыятывы. Мясцовыя навучэнцы актыўна ўключаны ў грамадскую дзей­насць — практычна 100% дзяцей тут з’яўляюцца акцябратамі, піянерамі і членамі БРСМ. Ва ўстанове функцыянуюць тры валанцёрскія атрады: дзеці з энтузіязмам займаюцца даб­рачыннасцю. Адгукаюцца вучні і на заклік аб працоўнай дапамозе. Студэнцкі сельскагаспадарчы атрад школьнікаў неаднойчы прызнаваўся лепшым.

Неабходным складнікам патрыятычнага выхавання ва ўстанове лічаць таксама прыцягненне навучэнцаў да захавання гістарычнай памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Тут працуе пошукавы атрад “Памяць”: вучні шэфствуюць над ветэранамі, сочаць за добраўпарадкаваннем воінскіх мемарыялаў, право­дзяць даследаванні. Знакавай стала работа хлопцаў і дзяўчат па вывучэнні партызанскага руху на тэрыторыі Касцюковіцкага раёна.

— Дзякуючы мэтанакіраванасці і сістэмнасці выхаваўчай работы, навучэнцы перыядычна перамагаюць у тэматычных спаборніцтвах і конкурсах, — падкрэс­ліла дырэктар. — Але самае галоўнае, што ўжо зараз нашы дзеці не проста ўсведамляюць сутнасць патрыятызму, а імкнуцца быць пат­рыётамі.

Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі