Урок у 6 “Б” класе — пяты па ліку. Хутка званок, а ў кабінеце на другім паверсе гімназіі № 3 Магілёва плённа ідзе вучэбны працэс. Школьнікі актыўна вывучаюць працэнтныя суадносіны, працуючы ў групах, імкнуцца не толькі зразумець тэму, але і вызначыць, як правільна прымяняць гэтыя веды ў жыцці. Нягледзячы на агульную шуміху, не ўключаных у заданне няма. Дзеці абменьваюцца думкамі, дыскутуюць, шукаюць дакладнае рашэнне і ў большасці сваёй знаходзяць яго. Пасля званка навучэнцы не спяшаюцца пакідаць кабінет. Адны тоўпяцца каля дошкі, імкнучыся паспець рашыць чарговую задачу, другія заканчваюць выконваць групавое заданне, трэція заслужана атрымліваюць пахвалу за старанні ад сваёй любімай настаўніцы матэматыкі Настассі Асэсаравай.
Такую калектыўную форму работы з творчымі заданнямі, якія дапамагаюць дзецям зразумець прыкладное прымяненне матэматычных ведаў, Настасся Аляксандраўна выкарыстоўвае на сваіх занятках даволі часта. Ёй наогул падабаецца эксперыментаваць, знаходзіць новыя, сучасныя і эфектыўныя методыкі навучання, укараняць іх у практыку выкладання. І гэта нягледзячы на тое, што вялікага імкнення стаць педагогам у яе ніколі не было. Але ж нездарма кажуць: часам не мы выбіраем прафесію, а прафесія выбірае нас.
— Многія мае калегі марылі аб настаўніцтве з дзяцінства. Прызнаюся шчыра, у мяне такой мары не было, хоць у нас у сям’і і склалася свая педагагічная дынастыя. Бабуля і мама — настаўнікі, пра спецыфіку гэтай прафесіі ведала не па чутках. Для бабулі я і зусім была своеасаблівай паддоследнай, на якой яна адточвала розныя педагагічныя методыкі. Напэўна, ад яе я і пераняла непрыкметна нейкія асаблівасці выкладання, бо нярэдка паспяхова дапамагала аднакласнікам запоўніць недахопы ў ведах, — расказвае Настасся Асэсарава.
У школе яна была выдатніцай, паспявала па ўсіх прадметах. Таму, атрымаўшы атэстат, доўга не магла выбраць, якім жа прафесійным шляхам пайсці.— На канчатковы выбар паўплывала парада маці. Яна тады сказала: “Калі ў цябе добра атрымліваецца вучыць, навошта шукаць нешта іншае”, — успамінае суразмоўніца.
Да гэтага мамінага меркавання яна тады прыслухалася і без асаблівых цяжкасцей стала студэнткай фізіка-матэматычнага факультэта МДУ імя А.А.Куляшова. Студэнцкія гады праляцелі непрыкметна. Можа, таму, што на курсе яна была актывісткай, удзельнічала ў розных мерапрыемствах, ды яшчэ і падпрацоўваць паспявала.
— Паступіўшы на фізмат у педагагічную ВНУ, я ўсё ж не думала пра школу і выкладанне. Планавала пайсці ў навуку, тым больш што ўсе задаткі для гэтага былі. Парадаксальна, але педагогіка сама мяне знайшла, — гаворыць Настасся Аляксандраўна.
За час студэнцтва яна паспела паспрабаваць сябе на розных прафесійных нівах: працавала лабарантам на кафедры, супрацоўнікам вучэбнага аддзела ўніверсітэта, а ў канцы вучобы выпрабавала сябе і ў якасці настаўніка, пачаўшы выкладаць матэматыку ў сярэдняй школе № 21 горада.
— Толькі на справе акунуўшыся ў педагагічную дзейнасць, я зразумела: педагогіка — гэта маё, а школа мне як дом, тут я сапраўды на сваім месцы, — адзначае настаўніца.
21-я школа дапамагла Настассі Асэсаравай выпрацаваць свой стыль, методыкі выкладання. Для добрага настаўніка вельмі важны прафесійны рост, самаўдасканаленне, таму, калі паступіла прапанова працаваць у 3-й гімназіі горада, яна адразу пагадзілася. І, дарэчы, пачала работу ўжо будучы магістрам педагагічных навук па матэматыцы, бо, робячы першыя крокі ў педагогіцы, яна паралельна скончыла магістратуру пры родным універсітэце. Вучыцца новаму Настасся Аляксандраўна не перастае і цяпер.— Настаўніку заўсёды трэба ўдасканальваць сваё майстэрства. Свет знаходзіцца ў пастаянным развіцці, мяняюцца і адукацыйныя методыкі, тэхналогіі. У сувязі з гэтым педагогу таксама неабходна быць мабільным, гатовым да ўкаранення новага ў сваю дзейнасць. Але ўсе інавацыі, змены, павінны быць апраўданымі, — такога меркавання прытрымліваецца педагог.
Большасць школьнікаў лічыць матэматыку нецікавай, але толькі не вучні Настассі Асэсаравай.
— У нас матэматыка — самы любімы прадмет, таму што, калі Настасся Аляксандраўна нам нешта новае расказвае, гэта заўсёды займальна і цікава. А каб замацаваць тэму, мы ў розныя матэматычныя віктарыны гуляем. Гэта вельмі весела, матэматыку такім чынам вучыць лёгка! — падзяліліся вучаніцы 6 “Б” класа Іман Мамаева і Яна Раманава.
Як расказала сама Настасся Асэсарава, ніякіх уласных інавацыйных форм правядзення ўрока яна не вынаходзіла. Будуе заняткі традыцыйна: на першым этапе — пасля праверкі дамашняга задання — актуалізацыя ведаў або паўтарэнне пройдзенага, прычым успамінаецца не проста інфармацыя з апошніх заняткаў, а тое, што дапаможа засвоіць новую тэму.
— Пасля разам з навучэнцамі вызначаем мэту ўрока, і я матывую іх на яе дасягненне. Асноўны метад замацавання ведаў — групавая работа. Абавязковая для кожных заняткаў і рэфлексія, — расказвае Настасся Аляксандраўна.
Сакрэт захопленасці яе вучняў матэматыкай, напэўна, у тым, што пры стандартных формах правядзення ўрока яны адрозніваюцца нестандартнай падачай. Настаўніца актыўна выкарыстоўвае электронныя сродкі навучання, магчымасці інтэрактыўнай дошкі і мультымедыйных прэзентацый. Гэта робіць урокі больш інфармацыйна насычанымі. Акрамя таго, усе заняткі праходзяць у рэжыме дыялогу, што дазваляе ёй лёгка ўтрымліваць увагу дзяцей.
— Вялікае значэнне на эфектыўнасць урокаў Настассі Асэсаравай аказвае і тое, што да кожнага вучня яна ўмее знайсці падыход. Яна валодае ўсімі навыкамі, якія неабходны добраму настаўніку. У яе ёсць глыбокія тэарэтычныя веды, метадычны талент, пастаяннае імкненне да самаўдасканалення і ўменне захапіць сваім прадметам, — адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Шахрай.
Паводле яе слоў, Настасся Аляксандраўна яшчэ і актыўна ўдзельнічае ў грамадскім педагагічным жыцці, розных конкурсах і мерапрыемствах. Мэтанакіравана яна ішла і да таго, каб паўдзельнічаць у конкурсе “Настаўнік года”. Рыхтавалася да конкурснай барацьбы карпатліва і старанна, таму і вынік атрымаўся адпаведны. Нягледзячы на пяцігадовы ў той час педагагічны стаж, Настасся Асэсарава атрымала ўпэўненую перамогу ў сваёй намінацыі на вобласці, годна выступіла на рэспубліканскім узроўні.— Удзел у конкурсе стаў для мяне значнай падзеяй. Усе конкурсныя этапы дазволілі не толькі набыць новы вопыт, але і прааналізаваць, што для мяне ў педагогіцы галоўнае, а што другаснае. А яшчэ “Настаўнік года” паспрыяў стварэнню нашай дружнай педагагічнай сям’і, — усміхаючыся, кажа Настасся Аляксандраўна.
Гэта сапраўды так. Два гады назад на рэспубліканскім этапе галоўнага педагагічнага конкурсу ў складзе каманды Магілёўскай вобласці быў і будучы муж Настассі Асэсаравай. Настаўнік Магілёўскай гарадской гімназіі № 1 Юрый Каласоўскі таксама з’яўляецца пераможцам гарадскога і абласнога этапаў конкурсу.
— Мы абое ўжо адбыліся як педагогі. Часам у сям’і ўзнікаюць сур’ёзныя спрэчкі аб метадах, тэхналогіях навучання. Але часта ў іх нараджаецца ісціна, якая потым прыносіць карысць у працы, — заўважае Настасся Аляксандраўна.
Усяго шэсць гадоў Настасся Асэсарава моцна звязана з педагогікай, са школай, з вучнямі. Невялікі адрэзак часу, а дасягнута нямала. Перамога ў Абласным конкурсе педагагічнага майстэрства, узнагароджанне ганаровымі граматамі мясцовых выканаўчых улад, уключэнне ў рэспубліканскі маладзёжны савет пры міністры адукацыі. А ўсё таму, што некалі яна не памылілася з выбарам прафесіі, свайго месца ў жыцці. А можа, гэта сам лёс падштурхнуў яе да правільнага прафесійнага шляху?
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.