У сярэдняй школе № 1 Чавусаў прайшоў дзень адкрытых дзвярэй для бацькоў будучых першакласнікаў. Такім чынам ва ўстанове вырашылі дапамагчы ім справіцца з адказным і хвалюючым працэсам падрыхтоўкі да школы.
— У нашай установе ўжо стала традыцыяй праводзіць такія сустрэчы. Гэта дае магчымасць дзецям і бацькам пазнаёміцца з умовамі навучання, методыкай работы педагогаў, патрабаваннямi вучэбных праграм, вучэбна-метадычным суправаджэннем адукацыйнага працэсу на сённяшні дзень, — расказала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Глушакова.Паводле яе слоў, на апошнім з такіх “адкрытых” дзён для бацькоў дашкалят былі праведзены адкрытыя ўрокі па розных прадметах, выхаваўчае мерапрыемства, экскурсія па навучальнай установе, працаваў кансультацыйны пункт сацыяльнай псіхолага-педагагічнай службы, дзе кожны мог атрымаць адказ на хвалюючае пытанне. На бацькоўскім сходзе, якім завяршаўся дзень, мамам і татам былі дадзены практычныя парады аб тым, як псіхалагічна падрыхтаваць дзяцей да школьнага жыцця, што павінен ведаць і ўмець будучы першакласнік, уручаны памяткі з пералікам неабходных школьных прылад.
— Дапамога бацькам і дзецям у падрыхтоўцы да школы ў нас не заключаецца толькі ў правядзенні дзён адкрытых дзвярэй. На базе ўстановы ў якасці платных адукацыйных паслуг мы арганізавалі дзейнасць суботняй школы развіцця. Сёлета яе наведвальнікамі сталі звыш 50 дашкалят. На працягу трох месяцаў з малымі займаюцца настаўнікі пачатковых класаў, педагогі музыкі і выяўленчага мастацтва. Заняткі разнастайныя, накіраваныя на ўсебаковае развіццё дзяцей. Усё гэта дае магчымасць будучым першакласнікам загадзя адчуць сябе сапраўднымі вучнямі. У выніку 1 верасня яны з радасцю ідуць у школу, якая ўжо стала роднай, — адзначыла Алена Яўгенаўна.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена сярэдняй школай № 1 Чавусаў.