“Не будзеш вучыцца — не будзеш жыць, таму мы з вамі вяртаемся да жыцця, — адзначыў прэзідэнт, звяртаючыся да навучэнцаў, бацькоў і педагогаў сярэдняй школы № 56 Мінска падчас свята першага званка, якое прайшло ўчора ў сталічных агульнаадукацыйных навучальных установах. Па добрай традыцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка напярэдадні новага навучальнага года наведвае навучальныя ўстановы.
Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, у 56-й школе створаны ўсе ўмовы для ўсебаковага развіцця школьніка. Сапраўды, сярэдняя школа № 56 Мінска светлая, прасторная, абсталяваная па апошнім слове тэхнікі. У школе створаны ўсе неабходныя ўмовы для навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў: сучасныя класы і аўдыторыі, лабараторыі, спартыўныя і трэнажорныя залы, басейн, стадыён, розныя спартыўныя пляцоўкі, прадугледжана абсталяванне для паўнацэннай жыццядзейнасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Школа пазіцыянуецца як сацыяльна-культурны і спартыўны цэнтр. Аляксанрдр Лукашэнка заўважыў, што ў школу былі ўкладзены вялікія сродкі, але гэта было зроблена наўмысна. Навучальная ўстанова павінна стаць узорнай.
З верасня на базе школы пачнуць працаваць секцыі амаль па 10 спартыўных кірунках Цэнтра алімпійскага рэзерву па зімовых відах спорту і спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву № 7 па баявых адзінаборствах, а таксама філіялы музычнай і мастацкай школы.
У перспектыве плануецца адкрыць публічную мастацкую галерэю, школьную бібліятэку перапрафіляваць у публічную, наведваць якую змогуць усе жадаючыя, адкрыць школу фларыстыкі і праграмавання, наладзіць супрацоўніцтва з БДПУ імя Максіма Танка. Як заўважыў дырэктар школы Юрый Круглік, у будучыні плануецца адкрыць профільныя педагагічныя і эстэтычныя класы. На сёння школу будуць наведваць 1878 навучэнцаў, а адукацыйны працэс будуць ажыццяўляць 120 педагагічных работнікаў, 13 з якіх — маладыя спецыялісты.
Пазнаёміўшыся з матэрыяльна-тэхнічнай базай школы, прэзідэнт застаўся задаволены створанымі ўмовамі. Аляксандр Лукашэнка наведаў клас, дзе будуць вучыцца першакласнікі, кабінет для навучання ігры на музычных інструментах. Ён праслухаў гульню на кларнеце аднаго з навучэнцаў школы і пахваліў яго за добрае выступленне і імкненне развівацца і самаўдасканальвацца. Акрамя таго, прэзідэнт пабываў у спартыўных залах, сталовай, дзе пацікавіўся асартыментам страў і іх якасцю.
У Беларусі пастараліся зрабіць усё, каб 1 Верасня стала сапраўдным святам для кожнага школьніка, бацькоў і настаўнікаў. Дзяржава накіравала на гэта велізарныя бюджэтныя сродкі. “І мы лічым іх важнымі інвестыцыямі, фінансавымі ўкладаннямі ў будучыню краіны, у новае пакаленне грамадзян, у тых, хто будзе як зрэнку вока берагчы і захоўваць нашу Айчыну, нашу краіну, нашу Беларусь. Наша галоўнае дасягненне і здабытак — чалавечы капітал. І на гэта грошай шкадаваць ні ў якім разе нельга”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Для нас выключна важна забяспечыць дзяцей усім неабходным да школы, — працягваў прэзідэнт. — У кожнага ёсць дастатковая колькасць падручнікаў, сшыткаў, іншых школьных прылад, спартыўнага інвентару хапае. Усё як у добрай сям’і. У навучальных установах праведзены неабходны рамонт, рэканструяваны спартыўныя збудаванні, добраўпарадкаваны прышкольныя тэрыторыі”.
Кіраўнік дзяржавы асабліва павіншаваў першакласнікаў, якіх у 56-й школе аж цэлых 16 класаў: “Для нашых першаклашак гэты дзень — адна з самых памятных падзей, пачатак вялікага шляху да ведаў і першы этап сталення. Не можа не радаваць і той факт, што ў гэтым годзе ў нашы школы пойдзе больш за сто шэсць тысяч першакласнікаў — на тысячу шэсцьсот дзетак больш, чым у мінулым годзе. Такое папаўненне невыпадковае. Гэта вынік пастаяннага клопату дзяржавы і грамадства пра сям’ю, дзяцей, іх здароўе, навучанне і выхаванне”.
Прэзідэнт заклікаў педагогаў зрабіць усё неабходнае, каб дзеці былі акружаны клопатам і ўвагай. “Няхай першы навучальны год прынясе мноства цікавых адкрыццяў і новых ведаў”, — пажадаў прэзідэнт. Ён заклікаў навучэнцаў скарыстацца ўсімі магчымасцямі, якія перад імі адкрываюцца, параіўшы не марнаваць час, а прысвяціць вольныя гадзіны спорту, чытанню кніг, карысным грамадскім справам.
“Кожны дзень рабіце крок да сваёй мары, і яна абавязкова збудзецца, — працягваў Аляксандр Лукашэнка. — Памятайце: тыя людзі, якімі мы захапляемся, — зоркі спорту і мастацтва, славутыя навукоўцы і вынаходнікі, вядомыя ўрачы і паспяховыя праграмісты — таксама калісьці былі школьнікамі. Яны шмат працавалі, для таго каб дасягнуць сваіх мэт. Бярыце з іх прыклад”.
Прагучалі ад прэзідэнта словы падзякі педагогам, калектывам усіх школ і ўсіх навучальных устаноў: “Мы разумеем, што за дасягненнямі кожнага чалавека стаіць велізарная праца і цярпенне настаўнікаў. Паважаныя настаўнікі, перадавайце дзецям усё лепшае, што ведаеце і ўмееце, падтрымлівайце іх добрыя ініцыятывы — тады вашы выхаванцы праз усё жыццё пранясуць да вас любоў і ўдзячнасць”.
Велізарная роля ў выхаванні і станаўленні асобы дзіцяці належыць сям’і, таму кіраўнік дзяржавы звярнуўся і да бацькоў: “Я заклікаю вас: праводзьце больш часу са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Будзьце для іх добрым прыкладам. Памятайце пра тое, што яны маюць патрэбу ў вашай увазе. Выяўляйце цікавасць да вучобы і захапленняў вашых дзяцей, бо нічога няма прыемней, чым бачыць іх поспехі і маленькія штодзённыя перамогі”.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы спыніўся на стратэгічных пытаннях развіцця сістэмы адукацыі рэспублікі. У прыватнасці ён адзначыў, што школьнік не павінен, адвучыўшыся 6—7 гадзін у школе, яшчэ 5—6 гадзін марнаваць на дамашняе заданне. Прэзідэнт падкрэсліў, што сёння ўрад займаецца аптымізацыяй працэсу навучання. На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна зрабіць так, каб асноўныя веды дзеці атрымлівалі ў школе. “Адвучыўшыся 6—7 гадзін у школе, вучань не павінен прыходзіць дадому і яшчэ 5—6 гадзін рыхтаваць дамашняе заданне. Паглядзіце, у каго мы ператвараем нашых дзяцей”, — абурыўся прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дома вучань малодшых класаў павінен працаваць паўтары — максімум дзве гадзіны, старшакласнікі — тры — тры з паловай гадзіны, і дзякуючы гэтаму дзеці стануць намнога здаравейшымі.
Акрамя таго, прэзідэнт выказаў незадаволенасць работай школ у суботу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў суботу дзеці павінны прыходзіць у школу, каб займацца спортам і развіваць працоўныя навыкі. “Субота павінна быць аддадзена фізічнай працы”, — падкрэсліў ён. “Субота — гэта ніяк не выхадны дзень, асабліва для калектыву школы. Гэта працоўнае навучанне і фізічная падрыхтоўка, фізкультура”, — сказаў прэзідэнт. Ён прапанаваў прыбраць лішнія гадзіны працы і фізкультуры з сеткі вучэбных заняткаў і перанесці іх на суботу. “Вы іх навучыце габляваць, карыстацца фуганкам, долатам, напільнікам, пакажаце, што такое ціскі, варштаты і гэтак далей. Вы іх навучыце жыць, дапаможаце прыстасавацца да жыцця”, — звярнуўся да педагогаў Аляксандр Лукашэнка.
“А пра спорт я ўжо не кажу, — працягваў прэзідэнт. — Мы сёння згорбіўшыся амаль усе ходзім да дзясятага класа. Гэта хіба нармальна?!” А першыя крокі ў вялікім спорце можна рабіць ужо ў школе. Прынамсі, у 56-й школе для гэтага ўсё ёсць. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт, аглядаючы залу, дзе трэніраваліся барцы, і басейн, наведванне якіх не было загадзя прадугледжана. Аляксандр Лукашэнка ў цёплай атмасферы пагутарыў з юнымі спартсменамі і іх трэнерамі і выказаў думку, што пры такіх добрых умовах падрыхтоўкі школьнікі могуць дасягнуць вялікіх поспехаў у спорце. Ён адзначыў: “У школе добрыя ўмовы не толькі для першых крокаў у спорце, але і для высокіх дасягненняў”. І ад Прэзідэнта Беларусі, прэзідэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэта краіны ў дар школе быў перададзены спартыўны інвентар.
Завяршаючы свой візіт у школу, кіраўнік дзяржавы сказаў, што трэба будзе яшчэ шмат чаго зрабіць у плане ўдасканалення працэсу навучання не толькі ў школе, але і ў ВНУ. У прыватнасці Аляксандр Лукашэнка крытычна адазваўся аб якасці цяперашніх падручнікаў. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што да канца наступнага года яны будуць прыстасаваны да сучасных патрабаванняў, без усялякіх празмернасцей. Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі павінны зрабіць рашучы крок для ўдасканалення айчыннай сістэмы адукацыі. “У нас для гэтага ёсць усё: воля, жаданне. І самае галоўнае, ёсць спецыялісты, якія могуць вырашыць гэтую задачу. Беларуская сістэма адукацыі мае высокі рэйтынг у свеце, яна канкурэнтаздольная. І сведчаннем высокага ўзроўню беларускай адукацыі служаць перамогі навучэнцаў і студэнтаў у міжнародных алімпіядах і конкурсах”, — падсумаваў ён.
Выходзячы з 56-й школы Мінска, Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з бацькамі і педагогамі. Ён запэўніў, што ў школе для вучобы і развіцця дзяцей усё арганізавана належным чынам. “У добры шлях!” — пажадаў прэзідэнт.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.





