У слуцкіх установах адукацыі плённа працуюць прадстаўнікі дынастыі, агульны педстаж якой больш за 1115 гадоў

- 15:16Новости

Гісторыя педагагічнай дынастыі Трафімовіч — Старжынскіх — Калядка ўнікальная па розных прычынах. Гэта і тое, што яна налічвае каля 70 педагогаў, агульны педстаж якіх не можа не ўражваць. І тое, што знайшоўся сярод іх такі выбітны чалавек, як прафесар кафедры “Філасофскія вучэнні” БНТУ Валерый Паўлавіч Старжынскі, які ўзяў на сябе каласальную працу па зборы інфармацыі пра настаўнікаў розных пакаленняў сям’і і складанні такога вялікага радаводу. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Моц роду ў дапамогу

Згодна з захаванымі звесткамі, пачалася гісторыя дынастыі на Случчыне. Далей яе прадстаўнікі працавалі і працягва­юць працаваць ва ўстановах адукацыі розных населеных пунктаў Беларусі (Мінску, Барысаве, Салігорску, Уздзе, Баранавічах, Пухавічах), а таксама Расіі (Георгіеўску). Але першапачатковая слуцкая галіна вялікага педагагічнага дрэва па-ранейшаму прадстаўлена вельмі годна. У гэтым мы асабіста ўпэўніліся падчас сустрэчы з трыма яе прадстаўніцамі. Таццяна Мельнікава працуе ў Слуцку настаўніцай матэматыкі сярэдняй школы № 2, яе сястра Алена Грыгор’ева — выхавальніцай дзіцячага сада № 1, жонка іх стрыечнага брата Ірына Пацыкайлік выкладае англійскую мову ў слуцкай гімназіі № 1.

Прадстаўніцы дынастыі расказваюць, што, упершыню ўзяўшы ў рукі кнігу Валерыя Старжынскага “Настаўніцкая дынастыя: традыцыі і навацыі”, якая пабачыла свет у 2021 годзе, былі прыемна ўражаны. Заўсёды ведалі, што галінак на іх педагагічным дрэве шмат, але нават і ўявіць не маглі, што настолькі. З цікавасцю даведаліся пра невядомыя ім раней падрабязнасці жыцця і працы сваіх папярэднікаў.

— Адзін з прадстаўнікоў першага, яшчэ даваеннага пакалення Сцяпан Сямёнавіч Калядка вучыў дзяцей вёскі Лесуны Слуцкага раёна пісьму і асновам матэматыкі, хаця нават будынка школы ў вёсцы спачатку не было, заняткі праводзіліся ў хатах заможных сялян, — расказвае Таццяна Паўлаўна.

— Другі наш сваяк, Уладзімір Герасімавіч Трафімовіч, да вайны быў настаўнікам у сярэдняй школе Слуцка, выкладаў гісторыю і геаграфію. Ён быў так захоплены гісторыяй Старажытнай Грэцыі, што нават дзяцей назваў нязвыклымі для нашых мясцін імёнамі, якія маюць грэчаскія карані, — Дармідонт, Арыядна, Анфіса, — дапаўняе аповед Алена Паўлаўна.

Ірына Сцяпанаўна адзначае, што Вялікую Айчынную вайну шэраг прадстаўнікоў дынастыі прайшлі са зброяй у руках, маюць баявыя ўзнагароды. У іх ліку — франтавікі Лука Сямёнавіч Калядка, які да вайны вучыў дзяцей у пачатковых класах школы Маладзечна, Мікалай Майсеевіч Бардовіч, настаўнік гісторыі, які шмат гадоў узначальваў Уздзен­скую школу-інтэрнат. Настаўнік беларускай мовы і літаратуры Павел Іванавіч Старжынскі ваяваў у складзе партызанскай брыгады № 25 імя П.К.Панамарэнкі, а пасля вызвалення Беларусі працягнуў змагацца з ворагам у радах Чырвонай Арміі. У 1944-м аддаў маладое жыццё за Перамогу настаўнік гісторыі Сяргей Сцяпанавіч Калядка.

Члены дынастыі як маглі дапамагалі складальніку настаўніцкага радаводу Валерыю Старжынскаму збіраць фотаздымкі і інфармацыю пра іх агульную сямейную гісторыю.

Мае суразмоўніцы прызнаюцца, што для іх такая багатая гісторыя дынастыі — гэта адначасова і гордасць, і адказнасць. Веды пра тое, колькі цяжкасцей пераадолелі на сваім шляху настаўнікі даваеннага і пасляваеннага пакалення, даюць ім сілы і натхненне да ўласных поспехаў. Калі за тваёй спінай моц такога роду — усё магчыма і ўсё па плячы.

Пра прызванне і стымулы

Сёстры Таццяна Мельнікава і Алена Грыгор’ева адзначаюць, што іх бацькі са сферай адукацыі звязаны не былі. Але годныя прыклады цёткі і яе мужа Дайгодаў, стрыечнага дзядзькі і яго жонкі Старжынскіх, стрыечнай цёткі, яе мужа і дачкі Цітко, іншых сваякоў-педагогаў значна паўплывалі на прафесійны выбар. Адыгралі сваю ролю і настаўнікі слуцкай школы № 7 (сёння гімназія № 2 Слуцка), якую скончылі абе­дзве сястры.

Сярод членаў дынастыі было нямала настаўнікаў матэматыкі, таму ня дзіўна, што здольнасці і інтарэсы Таццяны Паўлаўны схіліліся менавіта ў гэты бок. Яна скончыла матэматычны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.М.Гор­кага. Пачынала свой прафесійны шлях у слуцкай школе № 4, ужо 35 гадоў выкладае матэматыку ў школе № 2. Гэтым летам дасягнула пенсіённага ўзросту, але пра заслужаны адпачынак пакуль не думае.

— Матэматыка — вельмі важны прадмет, ён патрэбны практычна ў любой прафесіі, таму вучу дзяцей з поўнай аддачай. Многія мае выпускнікі паступаюць у тэхнічныя ўніверсітэты, і мне прыемна чуць, што,  дзякуючы атрыманай у школе базе ведаў, ім не цяжка асвойваць універсітэцкую праграму. Мой былы вучань-алімпіяднік зараз вучыцца ў БДУ на настаўніка матэматыкі, а вучаніца нядаўна стала калегай і выкладае матэматыку ў салігорскай школе. Гэта выдатныя стымулы для таго, каб працягваць сваю працу, — расказвае настаўніца. — Галоўныя пасылы, якія заўсёды імкнуся данесці да вучняў, — трэба са школы прывучацца да працы, не шкадаваць сябе і не баяцца цяжкасцей. Важна ставіць мэту і дасягаць яе, не кідаць пачатае пры першых праблемах, не спыняцца.

Алена Грыгор’ева прысвяціла педагогіцы 32 гады. Пасля заканчэння Салігорскага педвучылішча працуе ў дзіцячых садах Слуцка, больш за 15 гадоў пад яе надзейнымі крыламі знаходзяцца выхаванцы дзіцячага сада № 1.

— Любоў да дзяцей, мабыць, перадалася мне з генамі. Заўсёды больш падабалася працаваць менавіта з дашкалятамі. Зараз я выхавальніца групы, якую наведваюць дзеці 2—3 гадоў. Гэта цудоўны ўзрост, калі хлопчыкі і дзяўчынкі толькі адкрываюць для сабе наш соцыум, вучацца абыходзіцца без мамы, камунікаваць з аднагодкамі. Ад таго, што ў іх будзе на гэтым этапе закладзена, залежыць нямала. Таму тую шчырую прыхільнасць, якую яны адчува­юць да мяне як сваёй выхавальніцы, імкнуся выкарыстаць ім на карысць, — расказвае яна.

А. Грыгор’ева, І. Пацыкайлік і Т. Мельнікава (злева направа)

Ірына Пацыкайлік далучылася да дынастыі Трафімовіч — Старжынскіх — Калядка пасля таго, як выйшла замуж. У яе бацькоўскай сям’і педагагічны шлях выб­рала толькі яна адна, і магчымасць стаць членам такога вялікага настаўніцкага роду мужа вельмі цэніць.

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў Ірына Сцяпанаўна працавала ў школах Старадарожскага раёна, потым вярнулася ў родны Слуцк. Да агульнага педагагічнага стажу дынастыі яна далучыла ўжо 37 гадоў уласнага.

— Амаль 20 гадоў працую ў слуцкай гімназіі № 1, найстарэйшай школе Беларусі. Ведаю, што ў нашай дынастыі было нямала настаўнікаў замежных моў — выкладалі і французскую, і нямецкую, і, як і я, англійскую. Мне прыемна працягваць гэтую важную справу ў гімназіі, гісторыя якой налічвае ўжо больш за 400 гадоў. Да прынцыпу пераемнасці пакаленняў тут ставяцца з вялікай павагай, на ім мы будуем нашу работу. І шматлікія поспехі гімназістаў свед­чаць аб правільнасці такога падыходу, — адзначае педагог.

Па яе словах, было вельмі прыемна даведацца, што нядаўна на радавым дрэве з’явілася яшчэ адна галінка — у сярэдняй школе № 11 Слуцка пачала працаваць малады педагог Яна Дзмітрыеўна Мірончык, якая таксама выкладае англійскую мову. Дарэчы, да дынастыі належыць і яе маці Наталля Іванаўна Баршчэўская. Зараз яна працуе выхавальніцай у дзіцячым санаторыі “Случ”. Яшчэ адна прадстаўніца роду развівае дзіцячыя таленты ў галіне культуры. Алена Аляксееўна Лугоўцава — настаўніца па класе скрыпкі Слуцкай дзіцячай школы мастацтваў.

Гісторыя роду Трафімовіч — Старжынскіх — Калядка ўвайшла ў склад вялікага выдання аб педагагічных дынастыях Беларусі “Імя табе — Настаўнік”, якое пабачыла свет дзякуючы ініцыятыве Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. Такім чынам у сямейную гісторыю была ўпісана яшчэ адна яркая старонка. Упэўнены, іх будзе яшчэ нямала.

Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара