У сталіцы стартаваў ХІ Мінскі маладзёжны фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў

- 9:00Образование, Портфолио

Урачыстая цырымонія адкрыцця фестывалю прайшла ў аздараўленчым лагеры «Энергетык» РУП «Мінскэнерга», паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Сёлета ўдзел у фестывалі прынялі больш за 100 педагогаў са стажам работы да трох гадоў  — 13 каманд. Мерапрыемства стала міжрэгіянальным і міжнародным: да мінскіх настаўнікаў устаноў агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі далучыліся маладыя педагогі з Бабруйска, Масквы і Сочы.

На працягу трох дзён каманды будуць абменьвацца вопытам, дэманстраваць свае творчыя здольнасці, спаборнічаць у конкурсах.

— Сістэме адукацыі ўдзяляецца вялікая ўвага з боку кіраўніцтва дзяржавы. У нашых руках — будучыня краіны, — адзначыла, звяртаючыся да ўдзельнікаў фестывалю, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова. — Для педагогаў арганізуюцца школы маладых настаўнікаў, школы настаўніцтва, праводзяцца шматлікія мерапрыемствы. Але фестываль педагагічных ідэй і рашэнняў займае асаблівае месца ў сістэме адукацыі сталіцы. Ён стварае магчымасці для зносін, дазваляе параўнаць свой вопыт з вопытам іншых маладых настаўнікаў, пагаварыць з пераможцамі і журы конкурсу «Настаўнік года». Упэўнена, што пасля гэтага фестывалю вы ўвойдзеце ў свае класы зусім іншымі людзьмі.

З прывітальнымі словамі да маладых настаўнікаў звярнулася і намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Вольга Смірнова:

— Дазвольце павіншаваць вас з тым, што вы прыйшлі ў самую лепшую, самую мірную і стваральную прафесію. І з тым, што вы — настаўнікі, якіх чакаюць. Вас чакаюць дзеці, вас чакаюць працоўныя калектывы, вас чакаюць раёны, якія вы сёння прадстаўляеце, вас чакае краіна, таму што вы гадуеце яе будучыню. Нясіце горда па жыцці званне педагога.

На фестывалі кожная каманда прадставіла сябе. Прэзентацыя прайшла ў выглядзе творчага выступлення «Настаўнік, якога чакаюць». Цікава, што сёлета маладыя педагогі не проста падзяліліся на каманды, а пайшлі ў 11 клас, каб вярнуцца ў школьныя гады і адчуць сябе на месцы вучняў. І з дамашнім заданнем яны справіліся на выдатна. Яркія, цікавыя, пазітыўныя і энергічныя выступленні ўдзельнікаў фестывалю прыемна ўразілі гледачоў. Педагогі абмяркоўвалі, што лепш для навучання: штучны інтэлект ці жывыя зносіны з педагогам, чаму настаўнік — самая лепшая прафесія на зямлі і інш.

Мэтай фестывалю з’яўляецца прапаганда сучасных адукацыйных практык і папулярызацыя інавацыйных педагагічных ідэй, стымуляванне творчай ініцыятывы моладзі, выяўленне таленавітых маладых педагогаў.  Яго заснавальнікамі выступаюць камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Мінская гарадская арганізацыя Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі пры садзейнічанні прафесійных суполак, а арганізатарам — Мінскі гарадскі інстытут развіцця адукацыі.

Традыцыйна ўсе ўдзельнікі атрымалі сімвал фестывалю — зялёны яблык.

Пасля цырымоніі адкрыцця прайшла адкрытая размова з камандай — удзельніцай конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023» на тэму «Брэнд сталічнай адукацыі — прафесіянал», падчас якога маладыя педагогі задавалі дасведчаным калегам пытанні, што іх цікавяць. Размова атрымалася шчырай і змястоўнай.

Фестывальныя дні будуць насычанымі і цікавымі. Для ўдзельнікаў запланавана шырокая адукацыйная праграма: школа для дарослых «Урок: ад «А!.. Я зразумеў» да «Я — прафесіянал!» з удзелам вядомых педагогаў рэспублікі (Інесы Зубрылінай, Святланы Здаранковай, Алены Волкавай і інш.), майстар-класы «Вучыся ў лепшых!» ад клуба настаўнікаў Мінска «Вялікі перапынак», удзельнікаў конкурсу «Настаўнік года», настаўнікаў-метадыстаў, педагагічная карусель «#Ты_не_адзін», батл ідэй «Апгрэйд урока» па праектаванні і прэзентацыі ідэй адукацыйных праектаў і вызначэнні лепшай практыкі арганізацыі працэсу навучання, спартыўныя і забаўляльныя мерапрыемствы.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлена МГІРА