У стылі «Маленькага прынца»: рэпартаж са свята ў гонар лепшых навучэнцаў Кастрычніцкага раёна Віцебска

- 15:06Образование

Кастрычніцкі раён увайшоў у тройку лідараў па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах: на рахунку навучэнцаў 63 дыпломы. Такую інфармацыю карэспандэнту «Настаўніцкай газеты» прадаставілі ў галоўным упраўленні па адукацыі Віцебскага аблвыканкама.

 

Па традыцыі, неўзабаве пасля завяршэння абласных выпрабаванняў пераможцаў і педагогаў, якія падрыхтавалі разумнікаў і разумніц, аддзел па адукацыі адміністрацыі раёна запрашае на прысвечаную ім урачыстасць. Сёлета яна адбылася ў сярэдняй школе № 34 Віцебска. Менавіта настаўнікам гэтай установы адукацыі на чале з дырэктарам Міхаілам Лапіцкім належыць ініцыятыва правесці ўшанаванне герояў дня ў нестандартным фармаце.

Падобныя сустрэчы звычайна грунтуюцца на справаздачна-віншавальнай частцы з добрымі пажаданнямі ад шматлікіх ганаровых гасцей, уручэннем узнагарод і каштоўных падарункаў. Усё гэта, зразумела, прысутнічала. Аднак гаспадары вырашылі прыемна здзівіць: па магчымасці выключылі залішні афіцыёз, каб зрабіць атмасферу адначасова радаснай і рабочай, крыху рамантычнай і па-сямейнаму цёплай.

Як патлумачыў Міхаіл Мікалаевіч, ідэю падказала падарожжа Маленькага прынца з аповесці-казкі Антуана дэ Сент-Экзюперы. Адсюль педагогі школы ўзялі цытаты, пакладзеныя ў аснову «Разважанняў ля школьнай дошкі». Між тым на першы план выйшла пранізліва шчырая размова аб узаемаадносінах настаўніка і вучня, чалавечым шчасці, маральным выбары і прызванні, сяброўстве і даверы, узаемнай адказнасці і беражлівым стаўленні адно да аднаго.

 «Іншая работа можа і пачакаць крыху, шкоды не будзе. Але не давайце волю баабабам, іначай бяды не мінуць»

Таццяна Сідзько, настаўніца пачатковых класаў:

Усё вялікае калісьці было маленькім. Так і ўчынкі становяцца прывычкамі, затым фарміруюць характар. Ёсць добрае насенне карыснай травы і шкоднае насенне пустазелля. Да пары схаванае ад нас, яно спіць у глыбіні, але ў пэўны момант пускае парастак, выпростваецца і цягнецца да сонца. Як цудоўна, калі ўсё ажывае, абуджаецца! Толькі не варта забываць: насамрэч усё — і добрае, і дрэннае. Парасткі чуйна прымаюць наш клопат. На жаль, здараецца, што сярод іх з’яўляецца страшны баабаб. Не распазнаеш яго адразу — потым будзе надзвычай цяжка пазбавіцца, бо злосныя карані разарвуць зямлю, забяруць з яе самае патрэбнае і каштоўнае. У герояў нашага віншавання ёсць цвёрдае правіла: устаў раніцай, прывёў сябе ў парадак — прывядзі ў парадак сваю планету. Іншымі словамі, унутраны свет і справы. Абавязкова трэба кожны дзень выполваць баабабы, важна своечасова адрозніць іх ад ружовых кустоў. Гэта вельмі патрэбная і цяжкая праца. Настаўнік з любоўю і веданнем справы няспынна, рупліва прыводзіць у парадак бязмежныя планеты вучнёўскіх душ. Ён старанна праполвае іх ад пустазелля. Даглядаючы свой сад, дорыць дзецям веды, жыццёвы вопыт, душэўную цеплыню і клопат.

 «Там добра, дзе нас няма»

Таццяна Паўлава, настаўніца геаграфіі:

— Жыццё чалавека як хуткі цягнік. Усе некуды спяшаюцца, чагосьці шукаюць. Вось зноў прамчаўся яшчэ адзін экспрэс.

— Яму не добра там, дзе ён быў раней?

«Там добра, дзе нас няма».

У цягнікоў няма каранёў, яны імчацца насустрач ветру, а разам з імі праносяцца і чалавечыя лёсы. Мы часта занадта давяраемся ветру. Чуем яго салодкі шэпт абяцанняў і ўяўных надзей. Без роздуму працягваем сваю далонь, і ўжо без нашай волі вецер нясе нас кудысьці. У гэтым ёсць нешта бессэнсоўнае і бездапаможнае. Сапраўды, жыць чалавеку без сваіх каранёў вельмі складана. Нашы карані — бацькоўскі дом, нашы родныя і блізкія. Гэта неверагодная сіла, якая напаўняе нас жыццёвай энергіяй, дапамагае моцна і ўпэўнена стаяць на нагах. Сярод самых запатрабаваных спецыялістаў на міжнародным рынку працы — прадстаўнікі IT-сферы. Няма сумненняў: хутка і пераможцы алімпіяды па інфарматыцы стануць такімі спецыялістамі. Мы ўпэўнены, што інтэлект і працавітасць навучэнцаў, якія сёння атрымалі заслужаныя ўзнагароды, дапамогуць ім стаць выдатнымі прафесіяналамі і паважанымі людзьмі ў нашым горадзе і вобласці, у роднай Беларусі.

 Расказаныя настаўнікамі прытчы гучалі надзвычай сучасна і надзённа. Абыякавых у зале не засталося. Больш за тое, у многіх прысутных — як навучэнцаў, так і настаўнікаў, дырэктараў школ і гімназій, ветэранаў педагагічнай працы — блішчалі слёзы на вачах. Рэдкі выпадак, калі прычынай  былі перажыванні, далёкія ад негатыўных. У будзённых клопатах мы часам забываем, што слёзы здольны выклікаць пачуцці радасці і прыналежнасці да нечага значнага, важнага, сапраўднага. Тут яны былі канцэнтраванымі да фізічнага адчування — здавалася, можна крануць рукамі. Агульны ўзнёслы настрой падтрымлівалі таленавітымі выступленнямі юныя артысты і самадзейныя калектывы.  

Дарэчы, самую вялікую колькасць узнагарод прынеслі ў скарбонку раёна знаўцы інфарматыкі. Усе пераможцы прадстаўлялі гімназію №1 імя Ж.І. Алфёрава, гэта вучні заслужанага настаўніка Рэспублікі Беларусь Веранікі Лакціной. Ёй належыць асабісты рэкорд сярод педагогаў: 11 вучнёўскіх перамог. А гімназіі, дзе яна працуе, — першынство сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: 38 дыпломаў, другі вынік у вобласці.

«Ведаеце, чаму добрая пустыня? — Недзе ў ёй хаваюцца крыніцы»

Алена Кручанкова, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

— Спачатку разам з бацькамі, потым рука ў руку з настаўнікам, дзесьці няўпэўнена, але з гатоўнасцю шукаць, мы выходзім у самастойнае жыццё, каб знайсці свае крыніцы. Імкнёмся спатоліць прагу разумення прыроды рэчаў і паводзін людзей, новых ведаў і адкрыццяў. Усе людзі розныя, і кожны па-свойму спатольвае смагу. Крыніца бывае патрэбна і сэрцу. Жывая вада напаўняе нашу душу чалавечнасцю, дазваляе беспамылкова вызначаць дабро і зло. Такія крыніцы мы шукаем усё жыццё. Гэта тое, што робіць нас упэўненымі, моцнымі, сапраўднымі людзьмі. Мы шукаем сябе, шукаем сэрцам. Аднак і пустыня патрэбна. Без вострай смагі вы па-сапраўднаму не ацэніце ваду. Ні з чым не параўнальнае шчасце — пераадолець складаны шлях і знайсці сваю крыніцу!

 «У кожнага чалавека свае зоркі»

Вольга Мошчанка, настаўніца рускай мовы і літаратуры:

Што можа быць больш цудоўным, чым ззянне зорак у вышыні! Фантастычная карціна зачароўвае таямнічасцю і неспасціжнай глыбінёй. Гледзячы ў зорнае неба, пачынаеш задумвацца аб сэнсе быцця і светабудовы. Так хочацца дацягнуцца рукой да неба… Але ж чалавеку гэта непадуладна. Застаецца толькі марыць? Ні ў якім разе: вышыні чакаюць дзёрзкіх, настойлівых і працавітых! Дзякуючы такім людзям чалавецтва поўным ходам асвойвае паветраную прастору, выходзіць у космас. У кожнага асабіста ёсць свая мара, да якой чалавек імкнецца. Часам даводзіцца падаць і ўставаць, працягваючы ўпарта рухацца да мэты. Галоўнае — выбраць правільны арыенцір. Вобразна кажучы, пераможцы алімпіяды дакрануліся да адной з зорак на небасхіле жыцця. Наперадзе чакаюць цэлыя сузор’і! Веру, што ў падарожжы нашы вучні здолеюць разглядзець не толькі ў вялікім малое, але і ў малым вялікае.

Вельмі прыемна было ў ліку ўзнагароджаных педагогаў сустрэць добрых знаёмых, герояў публікацый і пазаштатных аўтараў «Настаўніцкай газеты» — напрыклад, настаўніцу біялогіі з гімназіі № 1 Алену Севасцьянаву, чые вучні атрымалі дзве перамогі. Хаця дастойны ўклад у алімпіядную справу ўносяць і звычайныя школы. Прыгадаць хаця б гаспадароў свята: дасягненні навучэнцаў сярэдняй школы № 34 адзначаны 8 дыпломамі. Поспех на алімпіядзе па гісторыі — плён супрацоўніцтва вучня, настаўніцы Вікторыі Канчэўскай і трэнера кандыдата гістарычных навук Віктара Акуневіча (Віцебскі філіял Міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО»). Між тым вядучае месца ў школьным заліку, несумненна, займае нямецкая мова: выдатна праявілі сябе вучні Галіны Людвікевіч, Іны Сіняковай і Алесі Спірыдонавай.

У трэнерскай рабоце поруч з універсітэцкімі выкладчыкамі паспяхова ўдзельнічаюць прадстаўнікі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Яскравым прыкладам могуць паслужыць педагагічны дуэт настаўніцы геаграфіі гімназіі №1 Людмілы Карнеенкі і начальніка цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай адукацыі і аналізу яе якасці ВАІРА Валянціны Пікулік, у чыіх вучняў 2 дыпломы. Таленавітыя педагогі-трэнеры працуюць і ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Так, настаўніца астраноміі сярэдняй школы № 3 імя Л.М. Бяліцкага падрыхтавала дваіх пераможцаў абласнога этапу алімпіяды асабіста і яшчэ дваіх — у якасці трэнера раённай каманды разам з калегамі з гімназіі №1 Таццянай Камаровай і сярэдняй школы № 28 імя Е.С. Зяньковай Наталляй Хвалько.

 «Светачы трэба берагчы: парыў ветру можа пагасіць іх»

Галіна Людвікевіч, настаўніца нямецкай і англійскай моў:

— Раней усё было па-іншаму. Армія ліхтаршчыкаў ва ўсім свеце, размаўляючы на розных мовах, але падпарадкоўваючыся найдакладнаму рытму, стварала на Зямлі цудоўнае відовішча. У стагоддзе электрычнасці знешне ўсё памянялася. А па сутнасці засталося нязменным, як і перададзеныя продкамі вечныя каштоўнасці. Мноства людзей сваёй працай не проста запальваюць святло ўнутры нас, але і робяць усё, каб святлом напаўняўся навакольны свет. У пошуках уласнага шляху нам часта даводзіцца пераадольваць цёмныя лабірынты. Там падсцерагаюць сумненні і няўпэўненасць, расчараванні і роспач. І як жа добра мець побач людзей, якія дзеляцца сваім святлом не за нейкую выгаду, а дзеля жадання зрабіць усё навокал ярчэйшым і лепшым! Яны для нас і пуцяводная зорка, і маяк. Жыццё не напоўнена толькі цішынёй і спакоем. Тут валадараць пасаты і мусоны, брызы і бураны, віхры і містралі. Усе яны, як і ў прыродзе, выконваюць свае маленькія і вялікія ролі. «Светачы трэба берагчы: парыў ветру можа пагасіць іх». У зале знаходзяцца людзі, якія сваёй працай, творчасцю, вучобай выконваюць менавіта гэтую місію. Іх пазітыўная энергія і дабрыня ствараюць сінергетычны эфект. Калі мы ўзаемна напаўняем сілай светачы, тады разам агні нашых душ робяцца больш устойлівымі і моцнымі.

 «Твая ружа адзіная ў свеце. Ты аддаў ёй усю душу»

Ірына Саламонава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:

Кветкі гэта дзеці свету раслін. Дзеці гэта кветкі свету людзей. Немагчыма ўявіць сабе жыццё без дзяцей і кветак. На школьнай планеце заўсёды пануе лета, поўнае яркіх фарбаў. Маленькімі парасткамі, прынесенымі клапатлівымі бацькоўскімі рукамі, з’яўляюцца будучыя кветкі ў нашым садзе. Мы клапоцімся аб кожнай, даглядаем глебу, паліваем крынiчнай вадой. Радуемся, калі яны цягнуцца ўверх, завязваюць далікатныя бутоны. Таямнічае дзеянне адбываецца дзень за днём. Аднойчы раніцай пялёсткі нарэшце раскрыюцца — і мы ўбачым цуд. Некаторыя з кветак такія прыгожыя, што нават дух захоплівае! Часам трапляюцца кветкi з калючым характарам, якія, бывае, спрачаюцца з намі. Вельмі важна навучыць адрозніваць істотнае ад падману ці мімалётнага капрызу, каб тады ўжо адстойваць сваю пазіцыю словамі і справамі. Пераадольваючы ўсе перашкоды, кветкі рухаюцца да сваёй мэты. А мы тым часам спакойна і неназойліва даглядаем іх, накіроўваем рост, ахоўваем ад скразнякоў. Галоўнае, каб кветкі ведалі: дарослыя і блізкія людзі заўсёды будуць дапамагаць і суперажываць. Мудрыя садоўнікі верныя свайму слову. Іх работа заўсёды мае сэнс. Яны думаюць не толькі пра сябе. «Твая ружа адзіная ў свеце. Ты аддаў ёй усю душу». Вялікая радасць для настаўніка — убачыць сваю працу ў шчаслівым лёсе вучня.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота з архіву сярэдняй школы № 34 Віцебска