У свеце творчасці

- 12:33Адукацыйная прастора

У Гімназіі-каледжы мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка адбыўся завочны этап Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Я ў свеце творчасці” і былі падведзены яе вынікі. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел галоўны спецыяліст галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Уладзіміраўна Булаўкіна, дырэктар Нацыянальнага інстытута адукацыі Сяргей Аляксандравіч Важнік.

Канферэнцыя праводзілася з мэтай развіцця ў школьнікаў цікавасці да праектна-даследчай і творчай дзейнасці ў намінацыях “Музычнае мастацтва”, “Выяўленчае мастацтва”, “Харэаграфічнае мастацтва” і “Тэатральнае мастацтва”. Сярод яе задач — развіццё ў школьнікаў цікавасці да ўнікальнай спадчыны і традыцый розных рэгіёнаў Беларусі, падтрымка творчых ініцыятыў навучэнцаў, садзейнічанне развіццю інфармацыйнай культуры падлеткаў. Удзельнікі размеркаваліся па дзвюх узроставых групах: навучэнцы 5—8 і 9—11 класаў. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Нацыянальны інстытут адукацыі, Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка і выдавецтва “Аверсэв”.

У дыстанцыйным этапе канферэнцыі, які завяршыўся 20 кастрычніка, прынялі ўдзел 200 навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з розных рэгіёнаў нашай краіны.

У фінале пераможцы дыстанцыйнага тура павінны абараніць свой мультымедыяпраект. Абарона магла суправаджацца ігрой на музычным інструменце, вакалам, паказам тэатральнага ўрыўка, пластычнай кампазіцыі, дэманстрацыяй уласных твораў жывапісу, графікі, скульптуры альбо дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Ацэньвала работы навучэнцаў кампетэнтнае і прадстаўнічае журы, якое складалася як з вучоных, так і з педагогаў-практыкаў. Напрыклад, старшынёй журы ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва” быў дацэнт кафедры дызайну моды Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, член Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнаўца Ю.А.Піскун, а журы ў намінацыі “Тэатральнае мастацтва” ўзначаліў рэжысёр, акцёр, артыст драмы, вядучы майстар сцэны Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача А.В.Чэчанеў.

Журы канферэнцыі адзначыла высокую якасць прадстаўленых навучэнцамі работ, іх цікавасць і глыбіню.Так, навучэнец сярэдняй школы № 23 Оршы Вадзім Тарасаў (кіраўнік — настаўніца музыкі Т.А.Мысліцкая) прадставіў мультымедыйную прэзентацыю “З гісторыі развіцця баяна”. У сваёй рабоце Вадзім расказаў пра гісторыю ўзнікнення і развіцця баяна, пра цікавыя факты гэтага народнага інструмента. Падчас прадстаўлення работы хлопец расказаў, чаму баян для многіх любімы інструмент і ці правільнае сцвярджэнне, што “баян — гэта інструмент душы”. Адказам на пастаўленыя пытанні стала разважанне пра тое, што баян — гэта маленькі аркестр. Ён мае рэдкую здольнасць імітаваць розныя тэмбры. Дзякуючы сваёй партатыўнасці, баян стаў адным з любімых і распаўсюджаных у быце інструментаў.

Краязнаўцы Махроўскай сярэдняй школы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці паўдзельнічалі ў дыстанцыйным туры мерапрыемства па тэмах “Архітэктурны помнік маёй вёскі”, “Мастакі маёй вёскі”, “Гісторыя адной карціны”. Дзесяцікласніца гэтай установы Таццяна Катовіч прайшла ў вочны этап спаборніцтваў. На суд журы дзяўчына прадставіла гісторыю карціны “Сакавік на Піншчыне” славутага сына махроўскай зямлі таленавітага мастака, чыя твор­часць вядома далёка за межамі рэгіёна, Анатоля Рубановіча. Вынік работы Таццяны — дыплом ІІ ступені ў намінацыі “Выяўленчае мастацтва”. Кіраўнікамі творчага праекта выступілі настаўнікі В.А.Раманюк і М.В.Паўлюкавец.

Уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі:

у намінацыі “Музычнае мастацтва”:

Дзмітрый Панасюк, навучэнец 6 класа сярэдняй школы № 18 Брэста;

Дар’я Стасюк, навучэнка 6 класа Хаціслаў­скай сярэдняй школы Маларыцкага раёна;

Вікторыя Рыбянкова, навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 2 Слоніма;

у намінацыі “Выяўленчае мастацтва”:

Арсеній Караленка, навучэнец 7 класа гімназіі № 1 Жодзіна;

Софія Кірпічонак, навучэнка 8 класа Сеніцкай сярэдняй школы імя Янкі Купалы;

Аляксандра Кравец, навучэнка 9 класа сярэдняй школы № 14 Пінска;

у намінацыі “Тэатральнае мастацтва”:

Кацярына Бандароўская, навучэнка 8 класа сярэдняй школы № 32 Брэста;

Антаніна Камельчык, навучэнка гімназіі-каледжа мастацтваў Маладзечна.

Сардэчна віншуем пераможцаў!

Пераможцы канферэнцыі былі адзначаны дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Яны атрымалі планшэты Samsung Galaxy Tab 9.6, а таксама наборы вучэбнай літаратуры выдавецтва “Аверсэв”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.