У “Світанак” спяшаюцца з радасцю

- 11:45Навіны рэгіёнаў

Будынак цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Світанак” — самы яркі ў Мар’інай Горцы, што ў Пухавіцкім раёне. Пафарбаваны ва ўсе колеры вясёлкі, ён прываблівае позіркі. А яшчэ прываблівае маленькіх наведвальнікаў, таму што і дзейнасць установы такая ж яркая, як і яго “знешнасць”. Напярэдадні калядных свят ЦТДіМ святкаваў наваселле ў будынку, дзе адбылася капітальная рэканструкцыя.

На ўрачыстым адкрыцці ЦТДіМ “Світанак” сабралася шмат маленькіх і дарослых жыхароў горада. І не дзіва — гэтай падзеі чакалі 4 гады. Столькі часу будынак быў закрыты для рэканструкцыі. Актыўныя рамонтныя работы пачаліся толькі чатыры месяцы назад, і да калядных свят будаўнікі зрабілі гораду цудоўны падарунак. Варта адзначыць, што ўсе гэтыя 4 гады ўстанова не спыняла сваю дзейнасць. Размяшчаліся ж гурткі і аб’яднанні ў розных памяшканнях некалькіх школ. Нягледзячы на такую нязручнасць, калектыў працаваў на поўную моц.

У адноўленым будынку створаны ўсе неабходныя ўмовы для творчага развіцця дзяцей. Тут ёсць метадычны кабінет, актавая зала, кабінет харэаграфіі, кабінеты дэкаратыўна-прыкладнай творчасці і выяўленчага мастацтва, музычная студыя, кабінет вакалу, шахматна-шашачны клуб, адукацыйны цэнтр бяспекі. Усе кабінеты абсталяваны новай мэбляй, камп’ютарамі. З’явілася новая ўдарная ўстаноўка, клавішны сінтэзатар, акустычная гітара, баян для музычнай студыі, сучасныя мікрафоны, станкі для бісерапляцення і многае іншае.

Традыцыйную чырвоную стужку перарэзалі старшыня Пухавіцкага райвыканкама С.Д.Ленкавец, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак і дырэктар ЦТДіМ “Світанак” В.А.Корань. Пасля гэтай урачыстай цырымоніі госці прайшліся па прасторных кабінетах цэнтра, дзе выхаванцы і педагогі правялі адкрытыя заняткі і майстар-класы.

— Сёння сістэма дадатковай адукацыі Мінскай вобласці прадстаўлена 49 установамі. Годнае месца ў гэтым шэрагу займае і ЦТ ДіМ “Світанак” —шматпрофільная ўстанова, дзе дзеці могуць знайсці для сябе занятак па інтарэсах, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак. — У цэнтр творчасці дзеці прыйдуць толькі тады, калі тут цікава, калі ёсць творчыя педагогі, здольныя весці за сабой. І мы пераканаліся, што тут такія педагогі ёсць. Калектыў не спыніў работу падчас рэканструкцыі. І працавалі плённа. Толькі за мінулы год выхаванцы цэнтра “Світанак” заваявалі 27 дыпломаў рэспубліканскага і 1 дыплом міжнароднага ўзроўню. Дзве студыі цэнтра носяць званне народных — “Фантазіі” і “Мар’інка”, студыя “Кераміка і ганчарства” мае званне ўзорнай. Гэта значныя дасягненні. І цудоўны адноўлены будынак створыць аснову для новых поспехаў.

Гісторыя Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі налічвае ўжо амаль 60 гадоў. У 1959 годзе, калі ў Мар’інай Горцы быў адкрыты Дом піянераў і школьнікаў, тут працавалі толькі тры гурткі: танцавальны, фота і шахматны. А сёння, прайшоўшы вялікі шлях развіцця, ЦТДіМ прапаноўвае 117 аб’яднанняў па інтарэсах, у якіх займаюцца 1447 навучэнцаў. Дарэчы, два з кірункаў, якія існавалі на першапачатковым этапе — шахматы і танцы, — захаваліся і да нашых дзён. На працягу мноства гадоў нязменным застаецца тое, што педагогі ўстановы зыходзяць з патрэб дзяцей і іх бацькоў, стараюцца задаволіць адукацыйныя запыты. Так, напрыклад, адчуўшы цікавасць бацькоў да ранняга развіцця дзяцей, адкрылі студыю для дашкольнікаў. У перспектыве плануецца адкрыццё новых напрамкаў работы, якія дапамогуць навучэнцам у жыццёвым і прафесійным самавызначэнні.

Больш за 30 гадоў узначальвала цэнтр Святлана Аляксандраўна Дарохіна, якая і сёння працуе на карысць установы ў якасці метадыста. Яна расказвае, што імкненне развівацца, рухацца далей было ўласціва калектыву ўстановы заўсёды.

— У нашага цэнтра багатая гісторыя і моцныя традыцыі. Сёння не адно пакаленне дарослых людзей нашага раёна можа сказаць “Мы выраслі ў “Світанку”. І нашы выпускнікі з задавальненнем прыводзяць сюды сваіх дзяцей. Ці гэта не паказчык добрай работы? — разважае Святлана Аляксандраўна. — Не было такога дня за чатыры месяцы рэканструкцыі, каб жыхары горада не спынялі каго-небудзь з работнікаў цэнтра на вуліцы і не пыталіся, калі ж новы будынак адкрыецца. Чакалі адкрыцця, здаецца, усе. Упэўнена, дзеці будуць бегчы сюды з радасцю.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.