У святле новых ініцыятыў па экалагічным выхаванні

- 10:00Выхаванне, Рознае
У Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства прэзентавалі музейную экспазіцыю — прадвесніцу будучага першага ў краіне музея фларыстыкі. Гэта адбылося ў рамках семінара “Адукацыйная прастора як умова для фарміравання экалагічнай культуры асобы”, які прайшоў на базе РЦЭіК 12-13 лютага.

Як паведаміла нашаму карэспандэнту намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Паўлаўна Каліноўская, з мэтай эканоміі часу і сродкаў было вырашана як мага больш ушчыльніць графік работы семінара і правесці ў яго рамках адразу цэлы шэраг важных мерапрыемстваў. Істотна ўжо тое, што на семінар былі запрошаны як дырэктары ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, так і настаўнікі і педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі. Як вядома, з 1 лістапада 2013 года на базе РЦЭіК пачала працаваць дыстанцыйная школа для педагогаў УДА біялагічнага профілю. Тады ж, у лістападзе, удзельнікі гэтай дыстанцыйнай школы былі забяспечаны вялікім аб’ёмам дапаможнага матэрыялу, неабходнага для выканання першага задання — распрацоўкі ўрока. Па словах Лідзіі Паўлаўны, з 51 чалавека 43 выканалі заданне, што можна лічыць вельмі добрым паказчыкам, тым больш пераважна распрацаваныя ўрокі былі нетрадыцыйнымі (бінарнымі, урокамі-абмеркаваннямі, урокамі-прэзентацыямі і інш.). Некаторыя з іх былі прадэманстраваны самімі аўтарамі падчас семінара.
Цяпер жа ўдзельнікі семінара атрымалі новае заданне: распрацаваць праграмы аб’яднанняў па інтарэсах. І менавіта з мэтай скіраваць пошук педагогаў у найбольш прадукцыйным рэчышчы былі арганізаваны тэарэтычная і практычная часткі мерапрыемства. Л.П.Каліноўская засяродзілася ў сваім выступленні на разнастайных формах арганізацыі вучэбнага працэсу ў аб’яднаннях па інтарэсах, звярнуўшы асаблівую ўвагу на модульныя праграмы, якія маглі б стаць гарантыяй пастаяннай цікавасці дзяцей да заняткаў і такім чынам забяспечвалі б эфектыўнасць дзейнасці аб’яднання, бесперапыннасць усяго працэсу. Загадчык аддзела экалогіі і аховы прыроды РЦЭіК Г.Я.Савельева прэзентавала праграму аб’яднання па інтарэсах “Экалагічны экспрэс” (базавы ўзровень), метадыст аддзела біялогіі РЦЭіК А.Ф.Пільнік — праграму аб’яднання па інтарэсах “Дыстанцыйная школа па біялогіі” (павышаны ўзровень).
Удзельнікі семінара мелі магчымасць пазнаёміцца з цікавым практычным вопытам арганізацыі ўрокаў па біялогіі і заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах самога цэнтра (“Хатнія расліны ў інтэр’еры”, “Эмацыянальныя складнікі ландшафтнай архітэктуры”, “Кветкі ў гербах і манетах розных краін”, “Карціна — клумба” і інш.), апынуўшыся ў ролі цікаўных вучняў.
Ключавым момантам семінара стаў круглы стол “Адукацыйная прастора як умова для фарміравання экалагічнай культуры асобы” з удзелам прафесара кафедры педагогікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, доктара педагагічных навук, старшыні навукова-метадычнага савета РЦЭіК Сяргея Сямёнавіча Кашлева (дарэчы, падчас семінара адбылося і пасяджэнне НМС).
Да 20 красавіка ўдзельнікі семінара павінны падрыхтаваць і прадставіць у РЦЭіК інфармацыйна-метадычныя зборнікі, куды б уваходзілі іх уласныя праграмы аб’яднанняў па інтарэсах, уласныя дыдактычныя матэрыялы, тэзісы аб спецыфіцы і канкрэтных выніках дзейнасці аб’яднанняў. Лепшыя праграмы будуць прадстаўлены на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Эколага-адукацыйнае асяроддзе як фактар павышэння якасці дадатковай адукацыі”, якая адбудзецца 22-23 мая 2014 года. Акрамя таго, удзельнікам семінара былі раздадзены анкеты, у тым ліку з пытаннем пра майстар-класы, якія тыя асабіста маглі б правесці падчас канферэнцыі.
Нарэшце, пра адкрыццё музейнай экспазіцыі, пра што гаварылася ў самым пачатку. Па словах загадчыка аддзела кветкаводства РЦЭіК Таццяны Мікалаеўны Ступінай, гэтую падзею можна лічыць адмысловай генеральнай рэпетыцыяй адкрыцця сапраўднага паўнацэннага музея фларыстыкі, які паўстане тут ужо ў недалёкай будучыні і стане першым у краіне. У сённяшняй экспазіцыі прадстаўлены пераважна работы пераможцаў апошняй Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”, вырабленыя ў розных тэхніках кампазіцыі на тэму каня — сімвала 2014 года, разнастайныя арт-ёлкі, сувернірныя работы на тэму чэмпіянату свету па хакеі 2014 года і інш. Але ўжо сёння тут можна ўбачыць і вельмі цікавыя рэчы менавіта музейнага кшталту, напрыклад, фотаздымкі з фларыстычнымі вырабамі педагогаў і навучэнцаў цэнтра яшчэ 70-х гадоў (!) мінулага стагоддзя, тагачасныя і больш позняга часу календары і паштоўкі, якія тут ствараліся, буклеты розных перыядаў, якія сведчаць пра тое, што фларыстыкай тут займаліся даўно і паспяхова.
Самае ж галоўнае, зазначыла Таццяна Мікалаеўна, што гэта будзе інтэрактыўны музей (кожны ахвочы педагог, скарыстаўшыся спецыяльнымі тэхналагічнымі картамі, зможа правесці тут заняткі па пэўнай тэхналогіі фларыстыкі з дзецьмі, якіх прывядзе сюды на экскурсію, сам стаць удзельнікам майстар-класа).
А ўласна фларыстычная экспазіцыя, як плануецца, будзе мяняцца чатыры разы ў год: з зімовай — на вясеннюю, з вясновай — на летнюю, з летняй — на восеньскую, з восеньскай — зноў на зімовую.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара.