У тандэме з сям’ёй будуюць выхаванне малышоў у дзіцячым садзе № 2 Мсціслава

- 12:08Дети — наше всё!

Акружыць увагай і клопатам, раскрыць патэнцыял кожнага малыша — такіх прынцыпаў у рабоце прытрымліваецца педагагічны калектыў дзіцячага сада № 2 Мсціслава. На працягу ўжо некалькіх гадоў гэтая дашкольная ўстанова з’яўляецца лепшай у раёне. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Дасягненняў сапраўды шмат. Выхаванцы вы­нікова праяўля­юць сябе ў конкурсах і спаборніц­твах. І гэта цалкам заслуга педагогаў. У нашай установе няма выпадковых людзей. Усе спецыялісты — высокакваліфікаваныя прафесіяналы, якія працуюць з душой і бязмежна любяць дзяцей, — расказала загадчыца Сняжана Міхаленка.

Сёння мсціслаўскі дзіцячы сад № 2 наведваюць 109 хлопчыкаў і дзяўчынак. З іх больш за сорак — малышы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Установа з’яўляецца апорнай па інтэграваным навучанні і выхаванні.

— Стараемся прадастаў­ляць роўныя ўмовы для ўсебаковага развіцця кожнага дзіцяці. Агульнымі намаганнямі стварылі адаптыўнае адукацыйнае асяроддзе для асаблівых выхаванцаў, забяспечылі псіхолага-педагагічнае суправаджэнне інтэграванага навучання і пераемнасць работы спецыялістаў. Дзеці з асаблівасцямі атрымліваюць неабходную дапамогу ў нашым карэкцыйным пункце, прыцягваюцца да сумеснай з норматыповымі аднагодкамі дзейнасці. Гэтыя крокі дазваляюць паступальна і дзейсна рухацца да інклюзіі, — паведаміла Сняжана Віктараўна.

Паводле яе слоў, калектыў педагогаў кіруецца дэвізам “Мы разам — мы побач”. Знаходжанне дзяцей у дашкольнай установе выхавальнікі імкнуцца рабіць яркім, радасным і шчаслівым. Яны забяспечваюць дыферэнцыраваны падыход да малых, заахвочваюць іх творчасць, развіваюць уменні і навыкі.

— Плённа працуем па ўсіх напрамках. Аднак акцэнт робім на патрыятычным выхаванні. Прывіваем дзецям любоў да роднага горада, гордасць за сваю краіну. Зараз актыўна зай­маемся рэалізацыяй рэспуб­ліканскага інавацыйнага праекта па стварэнні рэгіянальнай мадэлі фарміравання грама­дзянска-патрыятычнай пазіцыі ў дзяцей. У рамках інавацыі распрацаваны маршруты выхаднога дня па Мсціславе, інтэрактыўныя гульні і дыдактычныя дапаможнікі. У групах з’явіліся патрыятычныя куткі, дзе выхаванцы могуць наглядна азнаёміцца з нацыянальнымі сімваламі, прыродай і культурнай спадчынай Беларусі, — адзначыла Сняжана Міхаленка.

Робім таксама ўпор на экалагічнае выхаванне. Установа мае статус “Зялёная школа”, мэтанакіравана рэалізуе аднайменны праект. Пад куратарствам педагогаў выхаванцы вывуча­юць і павялічваюць біяразнастай­насць малой радзімы, засвойва­юць правілы энергазберажэння і рацыянальнага спажывання рэсурсаў, выступаюць за беражлівыя адносіны да навакольнага асяроддзя.

— З ліку выхаванцаў старшай групы стварылі энергетычны патруль “Юныя энергазберагайкі”. Ужо традыцыяй сталі шматлікія тэматычныя акцыі. Мы вырабляем кармушкі для птушак і шпакоўні, саджаем кветкі на клумбах, займаемся добраўпарадкаваннем тэрыторыі сада, сартуем карысныя адходы. Такія практычныя справы найлепшым чынам садзейнічаюць экалагічнай асвеце дзяцей, — запэўніла Сняжана Віктараўна.

Адной з ключавых сваіх задач педагогі бачаць падрыхтоўку выхаванцаў да пераходу на ўзровень агульнай сярэдняй адукацыі. Дашкольная ўстанова ўзаемадзейнічае са школамі і эфектыўна рэалізуе праект Парка высокіх тэхналогій “Інфарматыка без разеткі”.

— Праз праект у гульнявой форме развіваем у дзяцей алгарытмічнае мысленне і логіку. А кантакт са школамі садзейнічае іх сацыялізацыі. Як вынік, усе нашы выпускнікі паспяхова працягваюць далейшае навучанне, — патлумачыла загадчыца.

Педагогі дзіцячага сада № 2 Мсціслава, рэалізаваўшы адну ініцыятыву, пачынаюць наступную. Візітнай карткай установы сталі рэгулярныя і цікавыя творчыя мерапрыемствы, якія праводзяцца ў тандэме з бацькамі.

— Прытрымліваемся меркавання, што мамы і таты — нашы галоўныя партнёры ў арганізацыі адукацыйнага працэсу, — падкрэсліла Сняжана Міхаленка. — Менавіта цеснае супрацоўніцтва з сям’ёй дае магчымасць гадаваць дзяцей гарманічна развітымі асобамі.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара