У трэндзе інфарматызацыі

- 14:43Сродкі навучання

Сучаснае развіццё інфармацыйных тэхналогій аказвае ўсё большы ўплыў практычна на ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека. Не абыходзіць яно і сучасную педагогіку. Як змянілася педагогіка пад уплывам ІКТ? Ці прывядуць інтэрнэт і анлайн-навучанне да татальных змяненняў у педагагічнай навуцы, асабліва ў дыдактыцы, ужо да канца найбліжэйшага дзесяцігоддзя? Што такое электроннае навучанне?

Як падрыхтаваць і правесці сеткавы ўрок? Як змяніліся прафесійныя кампетэнцыі настаўніка, да чаго варта рыхтаваць студэнта педагагічнай УВА? Гэтыя і многія іншыя пытанні былі абмеркаваны на Міжнароднай навукова-практычнай анлайн-канферэнцыі “Дыдактыка сеткавага ўрока”. Яна была арганізавана Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка з мэтай развіцця сеткавай адукацыі і віртуальнага акадэмічнага абмену прадстаўнікоў навукова-педагагічнай грамадскасці па абмеркаванні тэорыі і практыкі электроннага навучання.

Да ўдзелу ў канферэнцыі былі запрошаны студэнты педагагічных спецыяльнасцей, магістранты, аспіранты, выкладчыкі ВНУ, навуковыя супрацоўнікі, кіраўнікі і педагогі ўстаноў адукацыі. Да абмеркавання пытанняў у рэжыме анлайн далучыліся ўстановы вышэйшай адукацыі — партнёры, сярод іх БарДУ, МДУ імя А.А.Куляшова, ВДУ імя П.М.Машэрава і інш., 11 рэсурсных цэнтраў і ўпраўленні адукацыі, спорту і турызму краіны, педагагічныя класы.

Цікавы дыялог адбыўся з вядучымі спецыялістамі ў галіне электроннага навучання — акадэмікам Расійскай акадэміі адукацыі, доктарам педагагічных навук, прафесарам, кіраўніком Цэнтра інфарматызацыі адукацыі Інстытута кіравання адукацыяй РАА Ірэнай Веньямінаўнай Роберт, членам-карэспандэнтам РАН, прафесарам, доктарам тэхнічных навук, дырэктарам Інстытута матэматыкі і інфарматыкі, загадчыкам кафедры інфарматыкі і прыкладной матэматыкі Маскоўскага гарадскога педагагічнага ўніверсітэта Сяргеем Георгіевічам Грыгор’евым.

Ужо на пачатку пленарнага пасяджэння, якое прайшло ў выглядзе панэльнай дыскусіі, яго мадэратар — кандыдат педагагічных навук, дацэнт, начальнік Цэнтра развіцця інфармацыйных тэхналогій БДПУ імя Максіма Танка Аксана Анатольеўна Мініч запрасіла ўдзельнікаў у межах жывога дыялогу абмеркаваць пытанні, якія тычацца інфарматызацыі адукацыі, змяненняў у педагогіцы, паразважаць, якім чынам электроннае навучанне ўплывае на ролю настаўніка ў сучасным грамадстве і куды мы павінны рухацца далей пры распрацоўцы праграм падрыхтоўкі педагога для работы ў зусім новых умовах.

Студэнты БДПУ імя Максіма Танка прадставілі прысутным вынікі апытання, якое праводзілася сярод студэнтаў, вучняў школ і гімназій Мінска наконт таго, што такое электроннае навучанне. Большасць апытаных маюць няпоўнае ўяўленне аб электронным навучанні, яны лічаць, што гэта навучанне з выкарыстаннем электронных матэрыялаў і інтэрнэту. У школах электроннае навучанне прадстаўлена або на нізкім узроўні, або адсутнічае ўвогуле. У навучальных установах буйных гарадоў яно развіваецца больш хутка. Была высветлена заканамернасць, што ў студэнтаў пераважаюць электронныя вучэбныя матэрыялы, а ў вучняў школ — папяровыя. У школах настаўнікі не ў поўнай меры выкарыстоўваюць ўсе магчымасці ІКТ, бо ў іх няма дастатковага тэхнічнага забеспячэння ці проста адсутнічаюць навыкі выкарыстання ІКТ. А вось ва УВА інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі развіты намнога вышэй.

Як адзначалася, на сённяшні момант няма адзінага разумення, што такое электроннае навучанне. Некаторыя вучоныя лічаць, што можна гаварыць пра такое паняцце, як “е-дыдактыка”, або “інфармацыйная педагогіка”. У чым жа сэнс электроннага навучання? Па словах І.В.Роберт, пад электронным навучаннем разумеецца навучанне без выкладчыка з дапамогай арганізаванага доступу да электронных адукацыйных рэсурсаў. Аднак выкладчык усё роўна прысутнічае, і яго роля павінна быць заўсёды на адпаведным узроўні.
— Да эпохі інфарматызацыі адукацыі інфармацыйнае ўзаемадзеянне адбывалася паміж двума кампанентамі: выкладчык — студэнт, настаўнік — вучань. Парадыгмальныя змяненні ў дыдактыцы, педагогіцы, сістэме адукацыі адбыліся са з’яўленнем інтэрактыўных інфармацыйных рэсурсаў, інтэрактыўных сродкаў адукацыйнага прызначэння, з’явіўся трэці кампанент — інтэрактыўны электронны рэсурс. Гэты трэці кампанент валодае нечалавечымі магчымасцямі: ні адзін выкладчык за долі секунды не можа знайсці і вывесці на экран тую інфармацыю, якая неабходна ў пэўны момант у пэўнай вучэбнай сітуацыі. Аднак часта электронны адукацыйны рэсурс не выкарыстоўваецца інтэрактыўна. І тое, што мы бачым на самай справе, калі ўзаемадзейнічае вучань з электронным рэсурсам, электронным навучаннем назваць складана, — заўважыла І.В.Роберт. — Сучаснае электроннае навучанне рэалізавана з дапамогай інтэлектуальных інфармацыйных сістэм прыкладнога і інструментальнага прызначэння. Яны могуць выдаваць не проста інфармацыю, але і ажыццяўляць адміністраванне паміж вучэбным цэнтрам і цэнтрамі доступу. І ў сувязі з гэтым з’явіўся тэрмін “размеркаванае навучанне”. Вось у гэтым ключы электроннае навучанне падаецца сучасным.

На сёння электроннае навучанне больш разумеецца як тэхналогія, пераважае тэхналагічны падыход, калі ёсць пэўны сродак, сеткавыя рэсурсы і педагог прымяняе іх па шаблоне традыцыйнага навучання, не падмацоўваючы новымі формамі сеткавага ўзаемадзеяння педагагічнага характару. Патрэбнага педагагічнага эфекту, хутчэй за ўсё, такое ўзаемадзеянне не прыносіць. І гэтае неразуменне выклікае ў многіх выкладчыкаў эфект адхілення. Адбываецца навязванне новых сродкаў, ад якіх няма патрэбнага эфекту. І гэта таксама з’яўляецца своеасаблівым ступарам для распаўсюджвання электроннага навучання ў сістэме адукацыі.

На думку доктара педагагічных навук, прафесара кафедры педагогікі, старшага метадыста Цэнтра інфармацыйных тэхналогій і дыстанцыйнай адукацыі Бурацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Любові Німажапаўны Руліенэ, на сённяшні дзень страчваецца традыцыйная вучэбная функцыя дыдактыкі, мы сутыкаемся з функцыяй кіруючай, інфармацыйнай, агітацыйнай. Інтэрактыў — гэта не толькі ўзаемадзеянне з камп’ютарам, электронным падручнікам, а яшчэ і паміж навучэнцамі. На жаль, сёння стаіць праблема вярнуць навучэнца ў кантактнае навучанне, традыцыйныя акадэмічныя зносіны. Зараз ужо не складана арганізаваць электроннае навучанне (усе нашы студэнты і школьнікі валодаюць шматлікімі гаджэтамі), важна ажывіць навучанне.

Удзельнікі канферэнцыі выказалі свае меркаванні наконт разумення азначэння “сеткавы ўрок”, а таксама яго арганізацыі. Як лічыць І.В.Роберт, існуе паняцце педагагічнага тэрміна і паняцце слэнгу. Вось сеткавы ўрок — гэта слэнг. Калі гаварыць пра тэрмін, то яго трэба разгарнуць у змястоўным аспекце. Сеткавы ўрок — гэта нетрадыцыйны ўрок, які мае пэўныя часавыя абмежаванні, на якім выкарыстоўваюцца сеткавыя адукацыйныя рэсурсы, што маюць магчымасць актыўна ўзаемадзейнічаць з карыстальнікам у межах пэўнай прадметнай галіны ці прадметных галін. Пазітыўныя моманты сеткавага ўрока: лектар можа гаварыць на вялікую аўдыторыю і мае прамы кантакт з удзельнікамі гэтай аўдыторыі; любы аб’ём інфармацыі, патрэбны ў канкрэтны момант у пэўным аспекце ў пэўнай прадметнай галіне, можна запатрабаваць, атрымаць і выкарыстоўваць; прыцягненне ўвагі навучэнцаў да таго, што адбываецца на экране; магчымасць выказаць пытанні, не раскрываючы сябе як чалавека, які задае пытанні. Негатыўныя моманты: чалавечыя зносіны выключаны, выпустошваецца псіхалагічны кампанент непасрэднага ўзаемадзеяння; прывыкаючы да гэтых зносін, вучань ці студэнт лічыць, што гэта камфортна, зручна, і міжволі ён прымае рашэнне часта ўзаемадзейнічаць віртуальна.

Як падкрэслівалася, варта размяжоўваць, якія заняткі мэтазгодна праводзіць з дапамогай складнікаў сеткавага ўрока, а якія — не. Так, напрыклад, некаторыя віртуальныя лабараторныя работы па фізіцы і хіміі рэкамендуецца праводзіць з дапамогай сеткавага ўрока, бо там вялікая колькасць параметраў, якія за 20—30 хвілін можна вывесці, адкрыць заканамернасць, якая вывучаецца. На рэальным уроку гэтага дасягнуць, як правіла, немагчыма.

На фізіка-матэматычным факультэце БДПУ імя Максіма Танка практыкуецца правядзенне падобных заняткаў па фізіцы. Эксперыментальная база многіх устаноў адукацыі Беларусі пакідае жадаць лепшага, на кафедры ёсць магчымасць прадэманстраваць і лабараторныя работы, і фізічныя з’явы больш якасна, чым гэта можна зрабіць у школе. І тут бачыцца несумненная перавага сеткавага ўрока, паколькі да работы падключаюцца і філіял кафедры, і зацікаўленыя школы.

Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць задаць пытанні расійскім вучоным. У прыватнасці, іх цікавіла, як уплывае правядзенне сеткавых урокаў на стан здароўя вучняў, ці эфектыўнае ўкараненне ў адукацыйны працэс электронных дзённікаў і журналаў. Што тычыцца апошняга пытання, то І.В.Роберт мяркуе, што любая аўтаматызацыя руцінных работ заўсёды пазітыўная, іншая справа, каб не перабраць меры, каб з гэтага не зрабіць сістэму назірання за навучэнцам і настаўнікам. На думку С.Г.Грыгор’ева, калі б электронныя дзённікі і журналы замянялі свае папяровыя аналагі, то было б вельмі зручна. А школы вымушаны дубліраваць інфармацыю, і гэта, па сутнасці, дадатковая нагрузка на навучэнца і настаўніка.

Яшчэ адно пытанне, якое было разгледжана на мерапрыемстве, — фарміраванне кампетэнцый настаўніка ва ўмовах сучаснага развіцця грамадства, электроннага навучання, сеткавага ўрока як трэнду сённяшняй адукацыі.

Як расказала Л.Н.Руліенэ, сёлета ў Бурацкім дзяржаўным універсітэце адкрыта магістарская праграма “Арганізацыя і суправаджэнне электроннага навучання”, распрацаваны курсы не толькі па навукова-метадычным забеспячэнні, а і па нарматыўных асновах, маркетынгу і менеджменце электроннага навучання. Выкладанне ў межах магістарскай праграмы будзе спалучаць вочнае і дыстанцыйнае навучанне.

Старшы выкладчык кафедры хіміі ВДУ імя П.М.Машэрава Аляксей Аляксандравіч Белахвостаў расказаў аб фарміраванні ІТ-кампетэнцый настаўнікаў хіміі. Можна выдзеліць некалькі катэгорый гэтых кампетэнцый: базавыя (уменне авалодаць камп’ютарам, працаваць з пакетамі Microsoft, PowerPoint і інш.), прадметна-спецыяльныя (уменні ствараць мадэлі камп’ютарных формул, трохмерных структур, выкарыстоўваць віртуальны хімічны эксперымент), прадметна-метадычныя (уменні праводзіць урок з выкарыстаннем сацыяльных сетак, прымяняць хімічныя калькулятары для рашэння задач і інш.). Ва ўніверсітэце ўведзены спецкурс “Гатоўнасць настаўніка да выкарыстання ІКТ”.

Зацікавіла прысутных і пытанне наконт асаблівасцей навучання настаўнікаў: рыхтаваць іх у цэлым да арганізацыі электроннага навучання ці весці падрыхтоўку па прадметных галінах? Тут меркаванні экспертаў падзяліліся: адны лічаць, што ўсе настаўнікі павінны быць падрыхтаваны да выкарыстання ў сваёй дзейнасці ІКТ, іншыя — што павінна быць свая спецыфіка выкладання прадмета. На думку прарэктара па вучэбнай рабоце БДПУ імя Максіма Танка В.М.Зелянкевіча, у падрыхтоўцы педагога павінны быць базавы кампанент і варыятыўная частка.

***

У межах правядзення канферэнцыі студэнты наведалі лекцыі расійскіх гасцей “Праектаванне інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ва ўмовах інфарматызацыі адукацыі”, “Сеткавае ўзаемадзеянне пры падрыхтоўцы магістраў педагагічнага напрамку па профілі “Мехатроніка, робататэхніка, электроніка” і інш. У другі дзень работа канферэнцыі была арганізавана па секцыях “Сеткавы ўрок: сучасныя дыдактычныя мадэлі”, “Фарміраванне базавых кампетэнцый навучэнцаў на аснове педагагічных тэхналогій электроннага навучання”, “Лабараторыя творчасці Web 2.0: сеткавая навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў”, для ўдзельнікаў былі праведзены майстар-класы “Практыка электроннага навучання”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.