У тры змены

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Даведацца пра тое, калі з’явілася папера, што з яе вырабляюць і як выкарыстоўваюць, якія сувеніры можна зрабіць з адходаў паперы — гэта толькі адно з цікавых і карысных мерапрыемстваў, якія штодня праводзяцца ў Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі.

Летам цэнтр працуе ў тры змены. Да абеду час аддадзены малодшым школьнікам, пасля абеду — старшакласнікам. А вось у сярэдзіне дня сюды запрашаюць дзяцей, якія не наведваюць школьных лагераў.

— Мінулым летам дадатковая адукацыя перагледзела сваю працу ў летні час. Наш цэнтр стаў месцам, пастаянна адкрытым для школьнікаў усіх узростаў з розных навучальных устаноў горада, — расказвае дырэктар эколага-біялагічнага цэнтра Святлана Грэйба. — Яшчэ ў маі мы складалі планы і супрацоўнічалі з навучальнымі ўстановамі, каб максімальна задзейнічаць пляцоўкі цэнтра, зрабіць работу разнастайнай, прыдумаць цікавыя мерапрыемствы. Заўважылі, што некаторыя дзеці не наведваюць прышкольныя лагеры. З імі таксама працуем — тэлефануем і запрашаем у цэнтр на нашы мерапрыемствы. Вучні прыходзяць да нас з настаўнікамі школ і ўдзельнічаюць у мерапрыемствах, план якіх штомесяц абнаўляецца і высылаецца ў аддзелы адукацыі і ва ўсе навучальныя ўстановы горада.

Толькі за першы месяц канікул тут пабывалі звыш 2000 дзяцей, для якіх арганізоўваліся майстар-класы, экскурсіі, працавалі часовыя аб’яднанні па інтарэсах. Дзейнічалі гурткі і на базе навучальных устаноў горада. Так, у сярэдняй школе № 11 быў створаны экалагічны атрад, аб’яднанні па інтарэсах працавалі ў сярэдняй школе № 39, якая размешчана ў аддаленым раёне горада. Працавалі ў чэрвені гурткі на базе прафесійнага тэхналагічнага каледжа і аграрнага ўніверсітэта.

У цэнтры арганізаваны гульнявыя пляцоўкі “Экоша” і “Заалэнд”, праводзяцца квест-гульні, спартыўныя мерапрыемствы. Як расказвае Святлана Іванаўна, дзецям вельмі падабаецца наведванне заакутка і майстар-класы, а зробленыя падчас іх вырабы дзеці забіраюць дадому. Разам з навучэнцамі ахвотна вучацца і іх настаўнікі: карысна стварыць сваімі рукамі прыгожыя рэчы з другасных матэрыялаў, напрыклад, скарбонку для манет з кардоннай утулкі ад рулончыка паперы. У заакутку дзецям вельмі цікава назіраць за трусамі, хамячкамі, чарапашкамі. А калі яшчэ дазволяць у рукі ўзяць — проста мора захаплення! Каб можна было кантактаваць з жывёламі, іх штомесяц правяраюць у адпаведных установах.

Дзяцей у цэнтры не толькі забаўляюць, але і вучаць. Экалагічнае выхаванне прасочваецца амаль ва ўсіх мерапрыемствах. Так, праводзячы гульнявую праграму экашколы “Зямля абароны просіць у людзей”, з дзецьмі гаварылі аб правілах паводзін на прыродзе, абмяркоўвалі экалагічныя праблемы і шукалі шляхі іх вырашэння. Падчас квест-гульні выхаванцы шукалі зашыфраванае слова і знайшлі яго ў сакрэтным куфэрку. Гэта было слова “экалогія”. А на шляху да запаветнага слова трэба было шмат даведацца пра беражлівыя адносіны да прыроды.

Яшчэ адной формай летняй работы стала арганізацыя на базе эколага-біялагічнага цэнтра вытворчай практыкі для навучэнцаў 5—8 класаў гарадскіх школ. У чэрвені яе прайшлі 67 навучэнцаў.

Каб дзеці больш даведваліся аб рабоце цэнтра, арганізоўваюцца дні адкрытых дзвярэй. Адзін з іх прайшоў у аздараўленчым лагеры “Юнацтва”.

Кожны дзень у Гродзенскім дзяржаўным абласным эколага-біялагічным цэнтры дзяцей і моладзі адбываецца тры мерапрыемствы і дзве экскурсіі — і так будзе да апошняга дня летніх канікул.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.