У цэнтры ўвагі — работа з моладдзю

- 11:59Актуально, Апошнія запісы

Спецыялісты па рабоце з моладдзю ўзялі ўдзел у рэспубліканскім форуме, які прайшоў у Мінскім раёне і прадугледжваў разнастайныя мерапрыемствы. Калегі мелі магчымасць падзяліцца вопытам работы і абмеркаваць праблемы, якія іх хвалююць, навучыцца новаму на трэнінгах і прэзентацыях.

II Рэспубліканскі форум спецыялістаў па рабоце з моладдзю быў прысвечаны тэме “Сучасныя формы ўдзелу працоўнай моладзі ў рэалізацыі асноўных напрамкаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”. Удзел у ім бралі спецыялісты аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі раённых і гарадскіх выканкамаў; спецыялісты, якія курыруюць работу з моладдзю на прадпрыемствах і ў арганізацыях краіны, прадстаўнікі Саветаў па справах моладзі, якія дзейнічаюць у гэтых установах.

Стартам форуму стала наведванне XVII Рэспубліканскай выставы навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”, дзе фарумчане прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці і пазнаёміліся з выставачнымі стэндамі і інтэрактыўнымі пляцоўкамі.

Важнай часткай форуму стала сустрэча яго ўдзельнікаў з міністрам адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігарам Васільевічам Карпенкам. Сустрэча прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу, і міністр адразу запрасіў усіх да шчырай размовы.

Ігар Васільевіч падкрэсліў, што ў сваёй працы Міністэрства адукацыі ўдзяляе вялікую ўвагу маладзёжнай палітыцы, улічваючы, што пад азначэнне “моладзь” трапляюць асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года. У якасці важнага напрамку дзейнасці міністр адзначыў работу не толькі з навучэнскай, але і з рабочай моладдзю.

— Радуе той факт, што сёння на шэрагу прадпрыемстваў ёсць спецыялісты па рабоце з моладдзю, — звярнуўся Ігар Васільевіч Карпенка да прысутных. — Перад маладымі людзьмі стаіць глабальная задача — выбудаваць інавацыйную эканоміку, зрабіць яе канкурэнтаздольнай і ўстойлівай ва ўмовах сучаснага свету. На вас ускладаюцца вялікія надзеі.

І.В.Карпенка адзначыў, што для вырашэння гэтай задачы вельмі важнай з’яўляецца падрыхтоўка кадраў: як іх рыхтуюць, у якой колькасці і наколькі яны запатрабаваны. У сувязі з гэтым пераразмяркоўваюцца месцы для навучэнцаў у навучальных установах у бок павелічэння набору на спецыяльнасці, выпускнікі якіх запатрабаваны на рынку працы. Плануецца выбудоўваць новую сістэму фарміравання заказу падрыхтоўкі кадраў, прыняць меры для актывізацыі ўдзелу заказчыкаў кадраў у падрыхтоўцы спецыялістаў, а таксама ўдасканальваць інстытут мэтавага набору.

Таксама на сустрэчы абмяркоўвалася актуальнасць работы, накіраванай на тое, каб навучыць моладзь арыентавацца ў велізарных патоках інфармацыі, якая іх акружае ў сучасным свеце, выпрацаваць у іх уменне крытычна асэнсоўваць і аналізаваць, а не слепа верыць сказанаму або напісанаму.

Удзельнікі форуму актыўна задавалі пытанні міністру. Цікавіліся, якія змены чакаюць сістэму адукацыі ў найбліжэйшы час. І.В.Карпенка запэўніў, што не варта чакаць ніякіх рэвалюцый і ўзрушэнняў, аднак сістэма не будзе стаяць на месцы і працягне развівацца. Міністр адзначыў, што ён бачыць тры найбольш актуальныя сёння пытанні, якія патрабуюць аператыўнага вырашэння. Першае: неабходны рывок у засваенні школамі камп’ютарных, інфармацыйных тэхналогій, новых методык выкладання. Другая праблема — выкладанне ў ВНУ на англійскай мове. У гэтым кірунку неабходны прарыў, каб не страціць рынкі экспарту паслуг і пашыраць іх. Сёння студэнтамі беларускіх УВА гатовы стаць прадстаўнікі розных краін. Важна, каб гэтаму не перашкаджаў моўны бар’ер, каб выкладчыкі былі гатовы свабодна весці заняткі, мець зносіны з вучнямі на англійскай мове. І трэцяе пытанне — якасць адукацыі. Ігар Васільевіч падкрэсліў, што яно актуальнае заўсёды, бо работа над якасцю адукацыі бесперапынная.

Пленарнае пасяджэнне форуму адкрыла Наталля Іванаўна Пшанічная, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі. У сваіх выступленнях на форуме спецыялісты з розных куткоў нашай краіны дзяліліся вопытам работы з моладдзю, назапашаным у рэгіёнах. Так, напрыклад, аб рэалізацыі асноўных кірункаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Аршанскім раёне Віцебскай вобласці расказаў Юрый Алегавіч Трыбушэўскі, загадчык сектара па рабоце з моладдзю аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Аршанскага райвыканкама. Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў раёне грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню моладзі, найважнейшым складнікам якога з’яўляецца масавая работа, што праводзіцца дзяржаўнымі ўстановамі пры актыўным удзеле грамадскіх фарміраванняў, СМІ, прадстаўнікоў традыцыйных рэлігійных канфесій. Шмат праектаў і акцый было рэалізавана ў рамках святкавання 72-й гадавіны Вялікай Перамогі. Напрыклад, у рамках акцыі “Тут жыве ветэран ВАВ. Дзякуй за перамогу!” у раёне было ўсталявана больш за 140 шыльд на дамах ветэранаў. Традыцыяй стала правядзенне зімой раённага месячніка патрыятычнай работы, у якім бяруць удзел навучэнцы ўсіх устаноў адукацыі раёна, працоўная моладзь. Таксама быў рэалізаваны раённы маладзёжны патрыятычны праект БРСМ “Мы — нашчадкі перамогі з падзякай у сэрцах”.

З мэтай фарміравання здаровага ладу жыцця ў моладзі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў: турніры па боўлінгу, сямейныя спартыўныя спаборніцтвы, водна-спартыўнае свята для працуючай моладзі. Штогод праводзяцца веласіпедныя і водныя паходы, турзлёты. Актыўна развіваюць у раёне альтэрнатыўныя віды спорту, у спаборніцтвах па іх могуць браць удзел нават тыя, хто не мае спецыяльнай падрыхтоўкі: чэмпіянаты па гарадошным спорце, дваровых гульнях, пляжным валейболе, ваенна-спартыўным мнагабор’і.

Шмат робіцца і для працаўладкавання моладзі, замацавання маладых спецыялістаў. Так, актыўна развіваецца інстытут настаўніцтва, створаны Савет настаўнікаў маладых спецыялістаў.

Аб адаптацыі маладых спецыялістаў на ААТ “Белсолад” расказаў супрацоўнік прадпрыемства начальнік аддзела прававой і кадравай работы Андрэй Анатольевіч Дзенісенка. Тут склалася пэўная сістэма мер падтрымкі маладых супрацоўнікаў: настаўніцтва, накіраванне на вучэбныя трэнінгі і семінары, шэраг ільгот, гарантаваных калектыўным дагаворам, прыцягненне маладых супрацоўнікаў да грамадска карыснай працы, спартыўных мерапрыемстваў і мастацкай творчасці.

Тэму карпаратыўнай культуры як фактару паспяховай дзейнасці маладзёжнага працоўнага калектыву раскрыў Максім Іванавіч Церах, намеснік начальніка па ідэалагічнай рабоце, кадрах і сацыяльных пытаннях лакаматыўнага дэпо Маладзечна. З дзейнасцю Савета маладых вучоных НАН Беларусі прысутных пазнаёміў Андрэй Іванавіч Іванец, старшыня гэтага савета. Людміла Сяргееўна Кажухоўская, старшыня Грамадскага аб’яднання спецыялістаў па працы з моладдзю, загадчык кафедры маладзёжнай палітыкі і сацыякультурных камунікацый РІВШ, прэзентавала работу Асацыяцыі спецыялістаў па рабоце з моладдзю і расказала аб канцэпцыі і арганізацыйных механізмах стварэння анлайн-бібліятэкі навукова-метадычных матэрыялаў спецыяліста па рабоце з моладдзю.

У рамках форуму таксама прайшоў рэспубліканскі семінар “Праблемы і шляхі ўдасканалення парадку фарміравання і дзейнасці студэнцкіх атрадаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь”. Вынікі форуму падвялі ў фармаце адкрытага мікрафона.

Падчас форуму яго ўдзельнікі не толькі абменьваліся ведамі, задавалі пытанні, але і ўносілі прапановы. Так, была агучана ідэя правесці сумесны форум студэнцкага актыву і спецыялістаў па працы з моладдзю. Каб студэнты, якія ў хуткім часе прыйдуць на свае працоўныя месцы, разумелі, што іх маладзёжныя ініцыятывы могуць быць рэалізаваны і па-за сценамі навучальнай установы, а таксама для таго, каб спецыялісты па рабоце з моладдзю маглі лепш вывучыць запыты і патрэбы маладых людзей. Такім чынам, форум абавязкова будзе мець працяг.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.