На базе Антопальскай дапаможнай школы-інтэрната Драгічынскага раёна адбылося чарговае пасяджэнне савета кіраўнікоў інтэрнатных устаноў Брэстчыны (спецыяльных, дапаможных і санаторных школ-інтэрнатаў, дзіцячых дамоў і Кобрынскай дзіцячай вёскі). Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі пытанні прафесійнага самавызначэння іх выхаванцаў, сучасныя падыходы да эфектыўнага постынтэрнатнага і патранатнага суправаджэння выпускнікоў гэтых устаноў.
Дырэктар Моўчадскай санаторнай школы-інтэрната Баранавіцкага раёна Л.М.Селівончык і дырэктар Кобрынскай дзіцячай вёскі А.С.Сапяжынская падзяліліся вопытам работы па стварэнні ўмоў дляпрафесійнага самавызначэння выхаванцаў. Дырэктар Антопальскай дапаможнай школы-інтэрната Г.С.Матузка расказала пра падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў з ліку дзяцей з АПФР. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з прафарыентацыйнай дзейнасцю ўстановы і матэрыяльна-тэхнічнай базай класаў паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі, наведалі адкрытыя ўрокі і пазакласныя заняткі.
Дырэктар Дзівінскага дзіцячага дома Кобрынскага раёна В.П.Пікула прэзентавала мадэлі па постынтэрнатным суправаджэнні выпускнікоў з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі. Цікавы вопыт па суправаджэнні выпускнікоў назапашаны і ў Целяханскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце Івацэвіцкага раёна.
У фармаце вэбінара абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння педагогаў інтэрнатных устаноў са спецыялістамі сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы ПТНУ па суправаджэнні навучэнцаў — выпускнікоў інтэрнатных устаноў. Былі вызначаны асноўныя напрамкі работы, якія патрабуюць удасканалення з абодвух бакоў.
Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.