У цудоўнае падарожжа па краіне ведаў

- 9:08Актуально, Апошнія запісы, Рознае

У Беларусі 31 жніўня — 1 верасня праходзяць святочныя лінейкі. Сёлета за парты сядуць 982,1 тысячы вучняў, што на 13 тысяч больш, чым летась. Першы званок празвініць прыкладна для 110 тысяч першакласнікаў.

На ўрачыстую лінейку ў сталічнай гімназіі № 24 учора завіталі ганаровыя госці: намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ А.Э. Белякоў, намеснік старшыні камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама В.А.Прыгодзіч.

Утульны двор гімназіі № 24 стракаціць паветранымі шарыкамі, рознакаляровымі кветкамі ў букетах, белымі бантамі ў косах дзяўчынак. Каля ганка збіраюцца прыгожа апранутыя навучэнцы, іх бацькі, сардэчна вітаюць адно аднаго і настаўнікаў пасля доўгіх канікул.

Першакласнікі моцна трымаюць бацькоў за руку і паўтараюць радкі вершаў, якія ім даверылі расказаць на іх першай у жыцці ўрачыстай лінейцы. Для іх першы школьны дзень — дзень сустрэч і важных перамен, а яшчэ дзень, калі бацькі з любоўю і замілаваннем папраўляюць каўнерыкі і банцікі, хвалюючыся і перажываючы. Усмешка не сыходзіць з твараў малых. Ды і як інакш, калі іх сустракаюць як сапраўдных герояў — успышкамі фотаапаратаў, віншаваннямі і абдымкамі. Засталося толькі прызвычаіцца да новай ролі — ролі першакласнікаў. Яшчэ ўчора школа была толькі ў расказах бацькоў, а ўжо сёння ўсё па-сапраўднаму: вялікі букет, вакол — незнаёмыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія так скора стануць сябрамі. Іх набліжае да новага школьнага жыцця кожная хвіліна лінейкі, урачыстай і шчымлівай адначасова.


Прыгожыя і дарослыя, на малышоў глядзяць адзінаццацікласнікі, прыгадваючы сябе ў такім узросце. І да канца не могуць усвядоміць, што для іх гэты школьны год апошні. А таму такі каштоўны і адказны.

Усхваляваныя і радасныя ад сустрэчы з вучнямі стаяць настаўнікі. Яны прызнаюцца, што 1 верасня — іх новы год. Галоўнае свята, калі і жаданне можна загадаць, каб кожны вучэбны дзень праходзіў лёгка і эфектыўна.

Для настаўніцы нямецкай мовы Алены Пятроўны Таўкінь гэты навучальны год дваццаты ў яе педагагічнай дзейнасці. За гэты час педагог падрыхтавала пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды, яе вучні паспяхова здаю ць цэнтралізаванае тэсціраванне. Настаўніца выпусціла адзінаццаты клас, і сёлета ў яе пяцікласнікі.

— З энтузіязмам і адначасова хваляваннем чакала гэтага навучальнага года, сваіх новых навучэнцаў. Спадзяюся, для мяне і для іх гэта будзе новы перыяд у жыцці — цікавы і творчы. Вучні не даю ць нам стаяць на месцы, зараджаюць сваёй энергіяй, запалам, з імі мы застаёмся маладымі, — гаворыць Алена Пятроўна. — Для мяне важна не толькі даць дзецям трывалыя веды па прадмеце, але і выхаваць іх добрымі, чалавечнымі, згуртаваць калектыў, каб яны сталі сябрамі, нібыта адной сям’ёй.

І вось гучаць фанфары. Такое доўгачаканае святочнае мерапрыемства — свята першага званка — пачынаецца. На пляцоўку выходзяць галоўныя віноўнікі ўрачыстасці — першакласнікі і пяцікласнікі, якім давялося вытрымаць сур’ёзныя выпрабаванні і неабходна ўліцца ў вялікую гімназічную сям’ю. Дзяцей весела суправаджаюць мульцяшныя героі.


— Дзень ведаў дарагі і блізкі людзям усіх пакаленняў, — звярнулася да прысутных дырэктар гімназіі Таццяна Віктараўна Лукша. — Дарагія першакласнікі! Першы раз вы пераступаеце парог навучальнай установы. Тое, што адбываецца ўпершыню, запамінаецца надоўга. А ў вас усё ўпершыню: першы падручнік, першы партфель, першы настаўнік. Вы адпраўляецеся ў цудоўнае падарожжа за ведамі, якое будзе доўжыцца 11 гадоў. Хачу пажадаць вам, каб вы не толькі навучыліся пісаць, лічыць, чытаць, а, самае галоўнае, знайшлі верных, адданых сяброў. У нашай краіне склалася добрая традыцыя, калі кожны першакласнік атрымлівае цудоўную кнігу — падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі — “Беларусь — наша Радзіма”. Няхай яна стане вашым правадніком у краіне ведаў.

Хачу звярнуцца да выпускнікоў — адзінаццацікласнікаў. Апошні год яны будуць вучыцца ў сценах нашай установы, і год завершыцца выпускнымі экзаменамі. А ў вучобе, як і ў спорце, фініш — гэта, безумоўна, рывок, дзе трэба прадэманстраваць усе свае лепшыя якасці, намаганні, атрымаць перамогу над сабой. І мы вам у гэтым будзем дапамагаць!

Я звяртаюся да нашых пяцікласнікаў. Яны прыклалі вялікія намаганні, прайшоўшы праз сур’ёзны конкурсны адбор, і даказалі, што яны лепшыя з лепшых і дастойныя называцца гімназістамі. Спадзяюся, у нашай гімназіі ім таксама будзе камфортна.


Намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык далучыўся да віншаванняў.

— Тыя вынікі, якія сёння паказваюць школьнікі на міжнароднай арэне, а ў гэтым годзе заваявана максімальная колькасць узнагарод рознай вартасці, гавораць у тым ліку і аб якасці адукацыі нашай краіны, тым больш што яшчэ не ўсе міжнародныя алімпіяды завяршыліся. Адукацыя сёння — адна з асноўных галін эканомікі нашай краіны, аб гэтым неаднаразова гаварыў кіраўнік дзяржавы. І ад таго, як працуюць нашы школы, залежыць будучыня краіны, — падкрэсліў В.В.Якжык.

Віктар Віктаравіч адзначыў, што навучэнцам гімназіі вельмі пашанцавала вучыцца ў гэтай навучальнай установе. Дзявяты год запар гімназія лідзіруе ў раёне ў рэйтынгу вучэбных і выхаваўчых дасягненняў, а сёлета заняла трэцяе месца сярод устаноў адукацыі горада. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах вучні заваявалі 5 дыпломаў: дыплом ІІ ступені па рускай мове і літаратуры ў Аляксандра Пімова, дыплом І ступені па нямецкай мове ў Кацярыны Навахацька, дыплом ІІІ ступені па нямецкай мове ў Максіма Барэйкі, дыплом ІІІ ступені па англійскай мове ў Лізаветы Місячэнка. Дыпломам на Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ адзначана Соф’я Лянкова. Тры стабальныя вынікі атрымалі сёлета вучні гімназіі (Алеся Ернік, Ксенія Парфянюк, Аляксандр Пімоў) на цэнтралізаваным тэсціраванні па рускай мове. Падрыхтавала іх Таццяна Юр’еўна Панцялеева.

Гімназія мае больш чым паўвекавую гісторыю: ад школы з паглыбленым вывучэннем замежных моў да гімназіі № 24. Такі шлях яна прайшла, даўшы пуцёўку ў жыццё не адной тысячы маладых людзей. “Глядзець, бачыць, слухаць, чуць, разумець, прымаць, дапамагаць!” — такі дэвіз гімназіі. Тут створаны ўмовы для паспяховага навучання і выхавання дзяцей. Больш за 70 працэнтаў навучэнцаў наведваюць гурткі, клубы, секцыі і студыі, у якіх не толькі рэалізоўваюць свае жаданні і магчымасці, але і атрымліваюць дадатковыя веды. Ва ўстанове ёсць тэатральная студыя, вакальны гурток, прэс-клуб. Працуе савет самакіравання, які на дэмакратычных пачатках разам з адміністрацыяй удзельнічае ў кіраванні ўстановай.

Шчырыя і пранікнёныя радкі вершаў першакласнікаў, у якіх чуліся перакананні вучыцца на выдатна, падарункі і пажаданні ў добры шлях ад старшакласнікаў, якія нібы перадаюць малым эстафету, прыгожыя танцавальныя і вакальныя нумары, мілагучны звон першага званка…

Старт новаму навучальнаму году дадзены. Наперадзе ў дзяцей — месяцы напружаных заняткаў, кантрольных і дамашніх работ, перамог і новых адкрыццяў, алімпіяд і шматлікіх конкурсаў, экзаменаў. Няхай жа ў іх усё атрымаецца!

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.