У Верхнядзвінскім раёне імкліва развіваецца студатрадаўскі рух

- 10:08Новости

У Верхнядзвінскім раёне імкліва развіваецца студатрадаўскі рух: што прываблівае моладзь? Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Перад паездкай у ААТ “Шайцерава”, дзе працуе адзін з маладзёжных сельскагаспадарчых атрадаў, задаю гэтае пытанне начальніку аддзела па адукацыі райвыканкама Святлане Якаўлевай.

— Падзарабіць падчас ка­нікул — дзейсны стымул, — адзна­чае Святлана Уладзіміраўна. — Аднак, напэўна, не менш важнай матывацыяй з’яўляецца магчымасць цікава правесці час, навучыцца новаму, пашырыць кола сяброў. І з гордасцю адказаць, калі потым запытаюцца, як правёў лета: “Быў у студатрадзе”. Варта дадаць, што вялікае значэнне мае чалавечы фактар, у першую чаргу рэальны прыклад і асоба кіраўніка. Сярод сацыяльных партнёраў, з якімі мы плённа кантактуем пры працаўладкаванні навучэнцаў у летні перыяд, істотная роля належыць БРСМ. Цяпер толькі факты: калі ў 2021 го­дзе маладзёжным лідарам раёна стала Алёна Конахава, то ў нас працавалі 3 атрады: сельскагаспадарчыя ў Шайцераве, Прудзінках і экалагічны ў лясгасе. Агульная колькасць удзельнікаў тады складала 19 чалавек. А летась атрадаў было ўжо 8, аб’ядноўвалі яны 76 байцоў. Прыбавілася колькасць задзейнічаных прадпрыемстваў, па спецыялізацыі — да сельскай і лясной гаспадарак далучылася жыллёва-камунальная. Рост зацікаўленасці навучэнскай моладзі відавочны. У сваю чаргу, мы гэта стараемся максімальна падтрымліваць і заахвочваць, бо студатрадаўскі рух насамрэч вельмі эфектыўны інструмент у сістэме працоўнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання, прафілактыкі правапарушэнняў, прафарыентацыі моладзі.  

Накіроўваемся ў Шайцерава з Алёнай Конахавай. Па дарозе яна дапаўняе статыстыку: у ліпені на Верхнядзвіншчыне працуе 76 юнакоў і дзяўчат у складзе 6 студатрадаў. Лічбы, зразумела, не канчатковыя і могуць змяніцца нават за бягучы месяц, плюс жнівень наперадзе. Зараз на парадку дня падпісанне другога дагавора з лясгасам. Між іншым жадаючых дапамагчы лесаводам нямала. Хаця, здавалася б, прасцей у сферы ЖКГ. Пагадзіцеся, праполваць гарадскія кветнікі і калючыя радкі маладзенькіх елачак у гадавальніку — розніца адчувальная. Тым не менш многія навучэнцы ахвотна запісваюцца менавіта ў лясгас.  

— У нашы атрады наладжаны адбор, і пэўная канкурэнцыя мае месца, — расказвае Алёна Аляксандраўна. — Правам прыярытэтнага залічэння карыстаюцца студатрадаўцы, якія станоўча зарэкамендавалі сябе ў папярэднія сезоны. Яны потым задаюць тон у камандзе, перадаюць традыцыі, вучаць пачаткоўцаў. Зноў жа пры астатніх роўных умовах перавага будзе на баку кандыдата, паспяховага ў вучобе, актыўнага ў грамадскім жыцці, творчасці, спорце. Аднак прымаем у атрады і непаўналетніх з падулікавых катэгорый. Дарэчы, працуюць яны, як правіла, добра. Калектыўныя справы, прыклад равеснікаў рэальна дысцыплінуюць і выхоўваюць. Трэба заўважыць, студатрадаўцы лічаць абавязковым для сябе ўдзел ва ўсіх важных для населенага пункта, раёна мерапрыемствах. Акрамя таго, мы праводзім шэраг сваіх адметных свят. Традыцыйна адзначаем Дзень беларускіх студэнцкіх атрадаў, збіраемся 1 жніўня ў Верхнядзвінску. Святочная праг­рама прадугледжвае знаёмства з прадпрыемствамі раёна. З навацый 2024 года будзе спартыўна-забаўляльны складнік, яго вырашылі дабавіць па прапановах моладзі. Нам далёка пакуль да маштабаў вядомых на ўсю краіну і ў замежжы ўніверсітэцкіх студатрадаў, аднак нашы байцы знаёмяцца на мерапрыемс­твах, сябруюць і нацэльваюцца на большае. Здараецца, праз некаторы час для выпускніка школы вырашальным у выбары месца далейшай вучобы (не пра спецыяльнасць зараз гаворка, пра ўстанову) становіцца дастаткова нетыповы фактар: абітурыент ідзе ва ўніверсітэт, на базе якога дзейнічае студатрад яго мары! Маем неадзінкавыя прыклады.

Па складзе атрады зборныя. Звычайна аснова — старшакласнікі з найбліжэйшай або некалькіх размешчаных непадалёк устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Плюс сёлетнія выпускнікі і навучэнцы, якія прыехалі на канікулы да родных і вырашылі далучыцца.

Большасць у атрадзе, які дыслацыруецца ў Шайцераве, складаюць мясцовыя школьнікі. Побач з імі працуюць равеснікі з Верхнядзвінска, а таксама навучэнцы Полацкага кадэцкага вучылішча, якія родам з аграгарадка і раней вучыліся ў Шайцераўскай сярэдняй школе.

Характэрна, што дырэктар гэтай установы адукацыі Ула­дзімір Станкевіч да студатрадаўскага руху мае непасрэднае дачыненне. Прычым як з рабочым, так і з сямейным ухілам: вучняў матывуе, сам удзельнічаў, сын Алег працягнуў справу і, калі быў школьнікам, прызнаваўся лепшым у вобласці байцом студатрада па выніках штогадовага конкурсу. Летам, у адпускны час, Уладзімір Іванавіч звычайна ўладкоўваецца ў ААТ “Шайцерава” і дапамагае аграрыям падрыхтавацца да жніва: абкошвае траву па перыметры палёў, на якія затым прыйдуць камбайны.

— Праца ў сельскагаспадарчым атрадзе моцна ўплывае на фарміраванне асобы школьніка і на яго прафесійнае самавызначэнне, — упэўнены Уладзімір Станкевіч. — Асабліва гэта значна для ўстановы адукацыі ў сельскай мясцовасці, уключаючы арганізацыю работы агракласаў. Яркі прыклад — наша залатая медалістка і вопытны студатрадавец Настасся Родзік, якая па мэтавым накіраванні ААТ “Шайцерава” паступіла ў Віцебскую ордэна “Знак Пашаны” дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны, штомесяц атрымлівала ад сельгаспрадпрыемства даплату да стыпендыі, паспяхова вучылася і неўзабаве вернецца сюды ў якасці дыпламаванага спецыяліста. Камісар сёлетняга атрада Дамініка Шайцяронак скончыла 11 клас і ўжо залічана ў ВДАВМ. Мы ўвогуле трымаем пастаянную сувязь з ААТ “Шайцерава”. Карыстаючыся выпадкам, не магу не падзякаваць за замену чатырох акон у школьным будынку на новыя — гэта падарунак нашых шэфаў да пачатку навучальнага года.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара