У віцебскай піянерыі — новы лідар

- 11:44Навіны рэгіёнаў

Пленум Віцебскага абласнога савета БРПА разгледзеў работу за 2016 год і планы на першае паўгоддзе 2017 года. Адной з галоўных падзей стала абранне старшыні савета: Юлію Іванову на гэтай пасадзе змяніла Ірына Яленская. Удзел у пасяджэнні прыняла старшыня Цэнтральнага савета БРПА Вікторыя Мяннанава.

— Калі ёсць вынікі, яны самі сведчаць аб паспяховасці, — аналізуючы дзейнасць Віцебскай абласной арганізацыі, падкрэсліла лідар беларускай піянерыі. — У рэгіёне праводзіцца вялікая работа. Варта ўзгадаць перамогі ў рэспубліканскай інтэлектуальна-творчай гульні “Пароль — “акцябронак”, шэрагу нашых традыцыйных праектаў, сярод якіх — “Ніколі не забудзем: унукі — пра вайну”, агляд-конкурс “Запалі касцёр дабра”, у якім вобласць заўсёды ўваходзіць у склад лідараў. Можна прывесці ў прыклад узаемадзеяння Віцебскай абласной і Маскоўскай гарадской піянерскіх арганізацый. Зараз па прыкладзе віцяблян іншыя нашы рэгіянальныя саветы актывізавалі работу ў напрамку развіцця міжнароднага дзіцячага руху.

Як паведаміла Вікторыя Мяннанава, БРПА рыхтуецца да правядзення міжнароднага злёту, прысвечанага 95-годдзю піянерыі, а ля яе вытокаў стаіць якраз маскоўская арганізацыя Чырвонай Прэсні. Фармат злёту прадугледжвае запрашэнне прадстаўнікоў піянерскага руху розных краін як блізкага, так і далёкага замежжа. Дата нараджэння першага піянерскага атрада — Дзень піянерскага сяброўства — для беларускіх піянераў па-ранейшаму застаецца важным святам. Дзеці заўсёды шчыра чакаюць яго, таму што менавіта да 19 мая ў большасці выпадкаў прыўрочаны ўрачыстыя прыёмы ў акцябраты і піянеры, арганізоўваюцца масавыя святочныя мерапрыемствы.

Па словах Ірыны Яленскай, у сваёй дзейнасці яна будзе арыентавацца на каштоўнасці БРПА з улікам вопыту савецкай піянерыі.

— Таму што яна — найвялікшы шэдэўр педагогікі, унікальная і бясцэнная культурная спадчына народа, самая лепшая і, мабыць, па гэты дзень непераўзыдзеная сістэма цэнтралізаванага выхавання дзіцячага насельніцтва, якая дазваляе пры адносна невялікіх выдатках вырашаць даволі складаныя праблемы сучаснага грамадства на базавым прафілактычным узроўні, — патлумачыла Ірына Сяргееўна. — Гэта прафілактыка захворванняў — за кошт правільнага і фізічна актыўнага піянерскага ладу жыцця без шкодных звычак, прафілактыка злачынстваў і правапарушэнняў — за кошт выхавання сістэмы каштоўнасцей і ідэалаў, прафілактыка сямейных праблем грамадства — за кошт фарміравання ў піянераў правільных уяўленняў аб здаровай сям’і, у якой дзеці і сямейныя адносіны вышэй за ўсё, пабудаванай на паўнавартаснай чыстай і шчырай любові без разліку, цынізму, крывадушнасці, — адзначыла старшыня Віцебскай абласной арганізацыі. — На мой погляд, піянерскае выхаванне дазваляе падрыхтаваць фізічна і псіхалагічна моцных патрыётаў, грамадзян з развітымі сілай волі і ўнутраным “я”, настроеных перамагаць у любых жыццёвых сітуацыях, з дзяцінства арыентаваных быць лідарамі, прыкладам у любых сваіх пачынаннях, здольных і матываваных паляпшаць сваё жыццё, жыццё сваіх блізкіх і сваёй краіны.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.