Яркімі справамі, маштабнымі акцыямі сустракаюць Дзень Перамогі на Віцебшчыне. Напярэдадні свята ў Цэнтры бяспекі МНС у Віцебску адкрылі выставу “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, дзе прадстаўлены матэрыялы ўстаноў адукацыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Практычна ўсе масавыя мерапрыемствы ў рэгіёне, прысвечаныя знамянальнай даце, адбываюцца пры актыўным удзеле ўстаноў адукацыі, педагогаў, навучэнскай і студэнцкай моладзі. Так, на тэрыторыі Віцебскага раёна прайшла міжнародная Вахта Памяці, на якой поруч з дарослымі пошукавікамі з Беларусі і Расіі пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў працавалі полацкія, віцебскія кадэты і навучэнцы. Ваенна-патрыятычны клуб “Гвардыя” адкрыўся на базе 103-й Віцебскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады і сярэдняй школы № 45 абласнога цэнтра, якая носіць імя легендарнага заснавальніка савецкіх паветрана-дэсантных войскаў генерала арміі Васіля Маргелава. У Кастрычніцкім раёне Віцебска акцыя “Праспяваем песні Перамогі разам” з’яднала амаль дзве тысячы чалавек: ад кіраўнікоў раёна, горада і вобласці да школьнікаў і выхаванцаў дзіцячых садоў! На галоўнай плошчы горада, ля Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе ў гонар савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны велізарны дружны хор спяваў песні ваенных гадоў, пачынаючы са “Свяшчэннай вайны” да “Майскага вальса” і “Дня Перамогі”. Як адзначыў кіраўнік раённай адміністрацыі Юрый Панфілаў, значны ўклад у стварэнне і ўвасабленне канцэпцыі акцыі сумесна з Цэнтрам культуры “Віцебск”, абласной філармоніяй, музычнымі школамі ўнеслі ўстановы адукацыі і асабіста кіраўнік узорнага эстраднага ансамбля “Ветразь” гімназіі № 3 Уладзімір Карпушонак. У ходзе VIII абласной патрыятычнай акцыі “Прарыў Перамогі”, прысвечанай 79-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны, Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў прысвоена імя ўдзельніка тых падзей, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, вядомага дзеяча культуры і мастацтваў Дзям’яна Крупені, а сёння ў мемарыяльным комплексе “Прарыў” стартуе патрыятычны форум “Партызанскімі сцежкамі”.
Асаблівай увагай і клопатам у гэтыя дні акружаны ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, малалетнія вязні фашысцкіх канцлагераў. Кожнага з іх персанальна віншуюць са святам. На жаль, часта здароўе не дазваляе галоўным героям прыняць удзел ва ўрачыстасцях — тады да іх дадому прыходзяць прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскіх арганізацый, студэнты, навучэнцы, выхаванцы дашкольных устаноў разам з педагогамі. Нярэдка здараецца ўбачыць, як у двары пад вокнамі ветэрана ладзяць святочны міні-канцэрт ці нават парад у яго гонар!
Аднак Дзень Перамогі — радасць са слязамі на вачах. Памяць аб мільённых ахвярах фашызму, запавет зрабіць усё магчымае, каб зберагчы мір на роднай зямлі, перадаюцца з пакалення ў пакаленне. У Віцебску ў Цэнтры бяспекі МНС напярэдадні свята пачала работу часовая перасовачная выстава “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”. Матэрыялы для яе прадаставілі ўстановы адукацыі Чыгуначнага раёна і пракуратура горада сумесна з абласной пракуратурай і Віцебскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем. Пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец адзначыў, што на 16 стэндах паказаны ўстаноўленыя месцы пахаванняў ахвяр фашызму ў Віцебску і Віцебскім раёне, абнародаваны фотаздымкі, копіі архіўных дакументаў, матэрыялы апытанняў малалетніх вязняў. Гэта далёка не адзіная такая выстава на тэрыторыі рэгіёна. У прыватнасці, органы пракуратуры разам з сацыяльнымі партнёрамі і пры актыўнай падтрымцы мясцовых улад адкрылі падобныя экспазіцыі фактычна ва ўсіх установах адукацыі. Агульная мэта — данесці да маладога пакалення дакладную інфармацыю пра жудасную трагедыю ў гісторыі народа, зверствы фашысцкіх катаў і іх памагатых, каб сфарміраваць у моладзі ўстойлівае імкненне абараняць гістарычную праўду.
Як праінфармаваў пракурор вобласці, у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны папоўнены спісы знішчаных акупантамі вёсак — сясцёр Хатыні: у Беларусі іх выяўлена 30, у тым ліку 26 на Віцебшчыне. На тэрыторыі вобласці ў мэтах фарміравання доказнай базы і захавання гістарычнай памяці пад відэазапіс апытана звыш 2,5 тысячы жывых відавочцаў, устаноўлена 67 раней невядомых месцаў пахаванняў.
На выставе студэнты ПДУ імя Еўфрасінні Полацкай прэзентавалі распрацаваны імі сумесна з педагогамі і навучэнцамі — удзельнікамі атрадаў “Пошук” і “Следапыт” сярэдняй школы № 1 Полацка праграмны комплекс “Гераічны ДОТ”, а навучэнцы сярэдняй школы № 25 абласнога цэнтра і Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў паказалі невялікія тэатралізаваныя кампазіцыі на тэму Вялікай Айчыннай вайны.
Плануецца, што далей перасовачную экспазіцыю ўбачаць у Наваполацку і Аршанскім раёне.
Таццяна Шпакоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі № 4 Віцебска:
“Наша ўстанова адукацыі працуе з 1938 года. Навучэнцы сярэдніх школ № 20 (якую потым пераўтварылі ў гімназію) і № 25 былі ўдзельнікамі падпольнай групы, якая дзейнічала ў горадзе са жніўня 1941 па люты 1943 года, калі яе раскрылі акупанты. Большасць патрыётаў схапіла гестапа, пасля жорсткіх допытаў іх пакаралі смерцю на тэрыторыі канцлагера “5-ы полк”. Толькі за 1942 год віцебскія падпольшчыкі здзейснілі звыш 100 дыверсійных актаў. У выніку было пушчана пад адхон 14 варожых эшалонаў, 88 вагонаў з рознымі ваеннымі грузамі, 36 чыгуначных цыстэрн з гаручым, падарваны 2 танкі, 32 аўтамашыны, 2 чыгуначныя масты, 2 трансфарматарныя падстанцыі. Безумоўна, істотны баявы ўклад у справу перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў тым ліку піянераў і камсамольцаў. Пра гэта расказвае адна з нашых музейных экспазіцый, прысвечаная гісторыі ўстановы. Пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Юліі Рой навучэнцы вядуць даследчую работу, пастаянна пашыраюць музейны фонд і выступаюць у ролі юных экскурсаводаў. У гэтым годзе да іх далучыліся малодшыя гімназісты з аб’яднання па інтарэсах “Музейная справа” на чале з настаўніцай Ірынай Шаўцовай — яна нядаўна прыйшла ў калектыў. Што тычыцца экспазіцыі “Генацыд: без права на забыццё”, яна складаецца з двух інфармацыйных стэндаў, уключаючы звесткі пра канцлагер “5-ы полк”. Аснову мы падрыхтавалі да адкрыцця ў лістападзе 2021 года гарадской патрыятычнай акцыі “Марафон памяці” (дарэчы, праз год яна набыла статус абласной і праз лічаныя дні адбудзецца ўрачыстае падвядзенне вынікаў), а потым дапоўнілі. Нашы навучэнцы і педагогі шчыра захоплены пошукава-даследчай дзейнасцю, разумеюць яе важнасць і неабходнасць. Таму адназначна будзе працяг. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны нельга забыць і нельга дазволіць нікому скажаць гістарычную праўду”.
Андрэй Кулябкін, дырэктар Віцебскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея:
“Тэматыка выставы “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” мне вельмі блізкая і як кіраўніку музея, і як педагогу, бо я працую яшчэ і настаўнікам, выкладаю гісторыю суражскім школьнікам. На жаль, тэндэнцыі, што мелі месца ў мінулым, такія як спробы шэрага еўрапейскіх дзяржаў “навучыць” беларускі народ “правільным каштоўнасцям”, маюць месца і ў нашы дні… Праз прызму гадоў, на свае вочы назіраючы наступствы, да якіх прывяла палітыка фашысцкага тэрору ў Беларусі, і яе парасткі ў асобных дзяржавах свету, мы можам кваліфікаваць трагедыю ваенных гадоў як генацыд беларускага народа. Напрыклад, у асобных сельсаветах Віцебскага раёна было знішчана звыш 50 працэнтаў усяго насельніцтва! Генафонд беларусаў за 80 гадоў змог аднавіць толькі сваю даваенную колькасць. Памяць аб тых страшных ваенных падзеях доўгі час не разглядалася як інфармацыя аб генацыдзе, і перад намі паўстала задача па яе абагульненні. Праведзена велізарная работа. Калі коратка, то яе прамежкавы вынік і адлюстроўвае экспазіцыя. Спыняцца нельга — многа яшчэ засталося белых плям, поле дзейнасці невымернае для ўсіх, а ў першую чаргу для нас і нашых вучняў”.
Таццяна БОНДАРАВА
Фота БелТА