У выхаванні аб’яднала “Пакаленне”

- 11:47Навіны рэгіёнаў

Галоўным у дзейнасці любой установы дашкольнай адукацыі было і застаецца ўсебаковае развіццё дзяцей. А вось наколькі гэтае развіццё будзе паспяховым, непасрэдна залежыць ад плённасці супрацоўніцтва з бацькамі. У яслях-садзе № 6 Клімавіч гэта разумеюць і ўсяляк імкнуцца арганізаваць сумесную работу з сем’ямі сваіх выхаванцаў.

— Бацькі — першыя і галоўныя выхавальнікі дзіцяці, таму якаснае засваенне малышамі праграмы дашкольнай адукацыі немагчыма ў адрыве ад сям’і. Для прыцягнення ўвагі бацькоў да пытанняў выхавання ў нас перыядычна праводзяцца сходы, кансультацыі, семінары, трэнінгі, дні адкрытых дзвярэй, выдаецца ўнутраная газета. Але самай станоўчай формай узаемадзеяння стаў клуб “Пакаленне”, — расказала загадчыца ясляў-сада Іна Фралова.Клуб функцыянуе на базе ўстановы ўжо больш за два гады і за гэты час стаў вельмі папулярным сярод сем’яў выхаванцаў. На пасяджэнні, якія праводзяцца раз у квартал, прыходзяць не толькі бацькі малых, але і іх бабулі, дзядулі. Сустрэчы праводзяцца па розных тэмах у цёплай, душэўнай атмасферы. Прысутныя дзеляцца адно з адным сваім жыццёвым вопытам, расказваюць аб асабістых сакрэтах выхавання. Характэрна, што на пасяджэннях работа з бацькамі ажыццяўляецца як індывідуальна, так і калектыўна. Пасля правядзення агульных мерапрыемстваў, у якіх задзейнічаны і самі малышы, бацькі могуць звярнуцца да спецыялістаў дзіцячага садка з хвалюючай іх праблемай і заўсёды атрымаюць слушную параду.
За два гады існавання клуб “Пакаленне” на справе даказаў сваю эфектыўнасць. Сумесныя пасяджэнні садзейнічаюць уключэнню бацькоў у адукацыйны працэс, што спрыяе дасягненню значных вынікаў у выхаванні дзяцей. Таму ў планах кіраўніцтва дзіцячага садка далейшае развіццё дзейнасці клуба.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва ясляў-сада № 6 Клімавіч.