У якасці стымулу да вучобы

- 14:41Навіны рэгіёнаў, Рознае

У Дрыбінскім раёне адказна падышлі да вяртання профільнага навучання. Сіламі спецыялістаў мясцовага вучэбна-метадычнага кабінета была распрацавана рэгіянальная мадэль прафілізацыі.

На сённяшні дзень профільным навучаннем у раёне ахоплены тры групы вучняў. Гэта нядрэнны паказчык, улічваючы, што на Дрыбіншчыне нямнога выпускных класаў і не вельмі вялікая іх напаўняльнасць. Дасягаць такіх вынікаў атрымліваецца дзякуючы выбудаванай сістэме дапрофільнай падрыхтоўкі.

— Мы прымаем розныя меры, каб загадзя выявіць высокаматываваных вучняў, стварыць неабходныя ўмовы для іх самавызначэння. Для гэтага рэгулярна праводзім мерапрыемствы, якія садзейнічаюць не толькі ранняй прафарыентацыі дзяцей, але і выніковасці іх удзелу ў алімпіядным руху рознага ўзроўню, — расказала загадчыца РВМК Любоў Тарасенка.

Паводле яе слоў, адным з такіх мерапрыемстваў сёлета стала арганізацыя раённай дыстанцыйнай чатырохэтапнай комплекснай алімпіяды па вучэбных прадметах сярод пяцікласнікаў. Інтэлектуальныя спаборніцтвы ахопліваюць дзевяць вучэбных прадметаў і будуць праходзіць на працягу ўсяго навучальнага года. Першы этап алімпіяды ўжо адбыўся. Свае веды па беларускай і рускай мовах, матэматыцы, рускай літаратуры і прадмеце “Чалавек і свет” дэманстравала амаль сорак вучняў з дзевяці ўстаноў адукацыі.

На працягу дзвюх гадзін дзеці ў дыстанцыйнай форме рашалі прапанаваныя ім разнастайныя заданні, якія былі распрацаваны для алімпіяды спецыялістамі вучэбна-метадычнага кабінета. Многія школьнікі паказалі сапраўды нядрэнныя вынікі, за што былі адзначаны ганаровымі дыпломамі. Усяго заслужаныя ўзнагароды ад раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму атрымалі пятнаццаць удзельнікаў. Лепшыя ж веды па ўсіх пяці алімпіядных прадметах паказалі вучаніцы Міхееўскай сярэдняй школы Настасся Дубяга і Ксенія Рыбалкіна, навучэнец Кароўчынскай сярэдняй школы Данііл Лапцеў і вучаніца Дрыбінскай сярэдняй школы Марыя Якаўлева. Але і тыя дзеці, якія выступілі не так паспяхова, не засталіся без увагі. Для далейшай матывацыі да ўдзелу ў алімпіядзе ўсім ім былі ўручаны адпаведныя падзячныя лісты.

— Алімпіяда дапамагла выявіць многіх адораных школьнікаў. У прамежках паміж алімпіяднымі этапамі з гэтымі навучэнцамі будуць працаваць лепшыя дрыбінскія педагогі, якія ўваходзяць у творчую групу “Вяршыні майстэрства”. Мы разлічваем, што правядзенне алімпіяды дасць магчымасць у значнай ступені павысіць пазнавальную актыўнасць школьнікаў, а таксама стане для іх стымулам для чарговых поспехаў у вучобе, — адзначыла загадчыца РВМК Любоў Тарасенка.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадстаўлена Дрыбінскім вучэбна-метадычнай кабінетам.