У згодзе на «Вясновым карагодзе»: як прайшла выстава­-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі Віцебшчыны

- 10:12Образование

Традыцыйную выставу­-продаж прадукцыі ўстаноў адукацыі Віцебшчыны наведалі дзясяткі тысяч віцяблян і гасцей горада. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Каля Палаца спорту ў абласным цэнтры размясціліся пляцоўкі 25 каледжаў, а таксама ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай і спецыяльнай адукацыі 12 раёнаў паўночнага рэгіёна. Тое, што яны прадставілі, парадавала як дбайных гаспадароў, так і самых патрабавальных знаўцаў модных трэндаў: велізарны выбар сельскагаспадарчай прадукцыі, арыгінальныя сувеніры, адзенне, абутак і аксесуары, цудоўны хатні тэкстыль, карысныя ў побыце вырабы з дрэва і металу. Што немалаважна, усе тавары на падобных кірмашах заўсёды якасныя і па вельмі прывабных цэнах.

Пакупніцкі ажыятаж быў відавочны, бо чэргі ўтвараліся паўсюдна. Аднак рухаліся яны на дзіва хутка. Ветлівыя і добразычлівыя прадаўцы (у іх пераўвасобіліся работнікі ўстаноў адукацыі) поруч са сваімі спрытнымі памочнікамі-навучэнцамі працавалі дружна, з захапленнем і веданнем справы.

Пры гэтым расказвалі, дзе вучаць вырошчваць важкія ўраджаі або “агракласную” расаду, даглядаць пчальнікі і збіраць мёд, майстраваць якасныя рэчы з асартыменту тавараў масавага попыту, ствараць сапраўдны эксклюзіў на радасць сабе і людзям. Тых, хто зацікавіўся ўсім гэтым, чакала дэталёвая інфармацыя пра ўстановы адукацыі ці канкрэтныя аб’яднанні па інтарэсах на прафарыентацыйных пляцоўках.

Наведвальнікаў запрашалі паслухаць яркія выступленні агітбрыгад, паназіраць за работай вопытных і маладых прафесіяналаў у “Горадзе майстроў”, паўдзельнічаць у майстар-класах і пры жаданні захаваць свае ўражанні на здымках у разнастайных фотазонах. Падрабязныя кансультацыі з першых вуснаў па дапрофільнай і профільнай прафесійнай падрыхтоўцы ў школах, спецыяльнасцях і ўмовах навучання ў каледжах, перспектывах працаўладкавання выпускнікоў можна было атрымаць не толькі ад навучэнцаў і педагогаў, але і ад дырэктараў навучальных устаноў. Нездарма штораз на выставу-продаж мэтанакіравана прыходзяць будучыя абітурыенты: як класамі ці арганізаванымі групамі пад кіраўніцтвам настаўнікаў, так і самастойна, з сябрамі, бацькамі.

Па словах начальніка галоўнага ўпраў­лення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыя Хомы, кожнае такое мерапрыемства накіравана найперш на прафарыентацыю праз наглядную дэманстрацыю таго, што ўме­юць установы адукацыі. Разам з тым, безумоўна, для іх гэта магчымасць зарабіць, для кіраўнікоў і педагогаў — абмяняцца вопытам, абмеркаваць новыя ідэі і сумесныя праекты, а для навучэнцаў — азнаёміцца з дасягненнямі равеснікаў, папрактыкавацца ў продажы ўласнаручна вырабленай прадукцыі і пераканацца ў яе запатрабаванасці.

Паколькі ў разгары вясна, большасць пакупнікоў рупліва прыцэньвалася да саджанцаў, кветкавай і агародніннай расады, бульбы і насення, драўлянай мэблі, мангалаў і сельскагаспадарчага інвентару, іншых карысных вырабаў для дома з прысядзібным участкам або дачы. Напрыклад, Віцебскі дзяржаўны тэхнічны каледж прапаноўваў кампактныя дзіцячыя спартыўныя комплексы, садова-паркавыя мініяцюры, настольныя гульні як для дзяцей, так і для дарослых. Аматараў вела- і мотатэхнікі як магнітам прыцягвала экспазіцыя Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа, дзе на азнаямленчай пляцоўцы размясціліся адноўленыя ў майстэрнях легенды айчыннага аўтапрама. Сярод прыгажуноў-матацыклаў вылучаўся спартыўны “Мінск”: на рэспуб­ліканскай выставе тэхнічнай і інавацыйнай творчасці гэтая работа адзначана дыпломам I ступені ў намінацыі “Прамысловы дызайн”. Не меншай папулярнасцю карыстаўся выстаўлены побач незвычайны ліхтар чыгуначніка ўзору сярэдзіны мінулага стагоддзя: навучэнцы сумесна з выкладчыкамі ўдасканалілі рарытэт, цяпер ён здольны працаваць як на газе, так і на сучаснай сонечнай батарэі.

Бойка ішоў гандаль прадуктовымі вырабамі: як гатовымі, так і паўфабрыкатамі. Гурманы з раніцы ўпадабалі пляцоўкі Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання, Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага і Відзаўскага дзяржаўнага каледжаў. Тут штораз можна не проста падсілкавацца і запасціся таннымі прадуктамі, але і азнаёміцца з інавацыйнымі харчовымі навінкамі, пашырыць кулінарную эрудыцыю і навыкі гатавання страў. Варта дадаць, арыгінальныя пачастункі (нярэдка па мясцовых рэцэптах) прапаноўваліся паўсюдна: напіткі на травах, піца “Школьная”, піражкі, размаляваныя пернікі, каўбасы, дранікі і бліны са cкваркамі — смаката!

Святочную атмасферу ўдала падтрымлівалі аніматары і самадзейныя артысты. На галоўнай канцэртнай пляцоўцы творчую ­феерыю стварылі для гледачоў лепшыя самадзейныя калектывы ўстаноў адукацыі. Скразной ніткай праз іх выступленні, афармленне фотазон і выставачных экспазіцый праходзіла тэма гістарычнай памяці, удзячнасці абаронцам роднай зямлі, якія адстаялі мір і незалежнасць Радзімы ў баях з гітлераўцамі. Па даўняй традыцыі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, малалетнія вязні фашызму, ветэраны педагагічнай працы — самыя ганаровыя госці абласных выстаў. Дарэчы, пры продажы любой прадукцыі для іх прадугле­джаны значныя скідкі, па магчымасці арганізуецца дастаўка набытага на дом.

Між тым кірмаш паступова блізіўся да завяршэння. Прадаўцы задаволена ўсміхаліся: удалы дзень, і надвор’е не падвяло — ні дажджынкі! Наведвальнікі спяшаліся дадому з пакупкамі. На вачах пусцелі кузавы грузавікоў з агароднінай і зернем, вырашчанымі на палетках каледжаў сельскагаспадарчага профілю. Бліжэй да полудня бульбу было ўжо цяжка знайсці: распрадалі. А праз гадзіну-дзве тое ж можна было сказаць пра большую частку прывезенай прадукцыі.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара