Конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” завяршыўся 22 мая ў Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. У сваім звароце да юных вынаходнікаў, рацыяналізатараў і даследчыкаў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота адзначыў, што ўдзел у конкурсе “з’яўляецца ўнікальнай магчымасцю зацікавіць сваімі распрацоўкамі навучальныя ўстановы і навуковыя цэнтры дзвюх краін адразу, а інфармацыйныя рэсурсы Саюзнай дзяржавы дапамогуць шырокаму грамадскаму прызнанню талентаў”.
У конкурсе прынялі ўдзел 8 каманд з Беларусі і 15 каманд федэральных адміністрацыйных акруг Расійскай Федэрацыі. Усяго 276 юных талентаў ад 14 да 18 гадоў прывезлі на суд журы свае навуковыя распрацоўкі і праекты.
Абсалютнымі пераможцамі конкурсу сёлета названы Ілья Шылко (Беларусь) і Іслам Бжынаеў (Кабардзіна-Балкарыя). Ілья прадставіў сваю работу ў секцыі “Навуковае даследаванне, эксперымент, энергазберагальныя тэхналогіі”. Ён у хатніх умовах распрацаваў нанакандэнсатар на аснове графена і даследаваў яго асноўныя характарыстыкі. Іслам Бжынаеў выступіў у секцыі “Астраномія і касманаўтыка” з праектам “Мабільны пілатуемы комплекс астэроіднага базіравання для маніторынгу Сонца і планет зямной групы”. Як прызнаўся сам Іслам, тэма касманаўтыкі займае яго з самага дзяцінства. А яго сённяшняй марай з’яўляецца паступленне ў Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя Н.Э. Баўмана, дзе можна будзе працягнуць навуковыя даследаванні. Дыпломы абсалютных пераможцаў хлопцам уручыў дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.
Намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Віктаравіч Якжык павіншаваў з перамогай уладальнікаў дыпломаў першай ступені. У секцыі “Тэхнічнае мадэляванне” ім стаў Аскербі Канукоеў (Кабардзіна-Балкарыя) з работай “Распрацоўка канструкцыі шасі для мадэлі мабільнага робата з павышанымі манеўранымі характарыстыкамі”.
Аляксандр Дубавіцкі (Мінск, Беларусь) з работай “Робат-даследчык” названы лепшым у секцыі “Тэхнічнае канструяванне”.
У секцыі “Радыёэлектроніка, тэлемеханіка, аўтаматыка, робататэхніка” пераможцам стаў Іван Угрумаў (Растоўская вобласць, Расійская Федэрацыя). Іван, бадай, адзін з самых юных удзельнікаў конкурсу. Ён прывёз праект “Ахоўная сігналізацыя з магчымасцю кіравання па GSM-сувязі”. Хлопец расказвае, што ён з поспехам карыстаецца сваёй распрацоўкай ва ўласнай кватэры.
Валерый Ільін, які таксама прыехаў з Растоўскай вобласці, атрымаў дыплом першай ступені ў секцыі “Мультымедыйныя тэхналогіі”. Свой праект ён назваў “Робаты ў свеце людзей”, а прадэманстраваў яго на практыцы робатам-сметніцай.
Уладзіслаў Багданаў (Паўночная Асеція — Аланія) заняў першае месца ў секцыі “Праграмаванне і вылічальная тэхніка” з работай “Магчымасць павелічэння вытворчасці камп’ютара за кошт выкарыстання траічнай сіметрычнай сістэмы вылічэння”.
Пераможцай секцыі “Відэафільм” стала Ксенія Крупень (Мінск, Беларусь) з фільмам “Памяці паўшых будзьце годныя”.
У рамках форуму “Таленты XXI стагоддзя” яго ўдзельнікі сустрэліся з вядомымі вынаходнікамі, маладымі навукоўцамі Беларусі, а таксама Героем Савецкага Саюза лётчыкам-касманаўтам Аляксандрам Лавейкіным.
Наталля АЛЁХІНА.
aliohina@ng-press.by