Працягваем знаёміць нашых чытачоў з удзельнікамі чэмпіянату свету WorldSkills, які адбыўся ў Абу-Дабі (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты). Сёння ў гасцях у “Настаўніцкай газеты” выкладчык Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, а на чэмпіянаце эксперт і трэнер Сяргей Аляксандравіч Пранкевіч. Сяргей Аляксандравіч — вядомая і аўтарытэтная асоба не толькі ў нашай сістэме адукацыі і ва ўніверсітэцкім асяроддзі, але і ў руху WorldSkills. Ён пастаянна ўдзельнічае ў ролі эксперта і трэнера як у нацыянальных, так і міжнародных спаборніцтвах прафесійнага майстэрства.
На міжнародным конкурсе ў Абу-Дабі выхаванец Сяргея Аляксандравіча студэнт трэцяга курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Дзмітрый Букса выступаў у прафесійнай кампетэнцыі “Тэхнічнае праектаванне CAD”, якая адносіцца да кампетэнцый сферы “Вытворчыя і інжынерныя тэхналогіі”. (Вялікі ўклад у падрыхтоўку Дзмітрыя зрабіў і першы ўдзельнік ад нашай краіны ў WorldSkills Аляксандр Шашко.)
Калі ўдумацца, што азначае назва кампетэнцыі “Тэхнічнае праектаванне CAD”, то з тэхнічным праектаваннем больш-менш зразумела, а вось абрэвіятура CAD па-англійску азначае computer-aided design, што звычайна перакладаецца як сістэма аўтаматызаванага праектавання і для сцісласці запісваецца як САПР. За абрэвіятурай CAD хаваецца шэраг праграм, якія дазваляюць рабіць не толькі чарцяжы, але і трохмерныя камп’ютарныя мадэлі розных дэталей, збіраць іх разам і нават мадэляваць іх кінематычнае ўзаемадзеянне.
— На WorldSkills удзельнікі рабілі свае заданні ў CAD — сістэме Autodesk Inventor, — паведаміў С.А.Пранкевіч. — Але, акрамя яе, у свеце ёсць яшчэ такія сістэмы, як SolidWorks, Creo, Компас-3D і іншыя. Усе яны амаль аднолькава распаўсюджаны як у нашай краіне, так і ва ўсім свеце.
Дарэчы, першы сертыфікаваны карыстальнік сістэмы аўтаматызаванага праектавання SolidWorks у Беларусі — Ілья Богуш — таксама выхаванец Сяргея Аляксандравіча. Трэба азначыць, что ў БНТУ склаліся добрыя традыцыі ўдзелу студэнтаў у конкурсах, звязаных з камп’ютарным мадэляваннем. Так, некалькі гадоў назад каманда БНТУ ў складзе Ільі Богуша, Аляксея Сяргея і Надзеі Балышавай заняла адно другое і два трэція месцы на адкрытай завочнай украінскай алімпіядзе “САПР і камп’ютарнае мадэляванне ў машынабудаванні”, а годам пазней Надзея Балышава стала пятай сярод больш за пяцьдзясят удзельнікаў у вочным туры ў Кіеве і лепшай сярод дзяўчат.
Аказваецца, камп’ютарнае мадэляванне — гэта не толькі мужчынская справа. У Абу-Дабі на конкурсе выступалі дзве дзяўчыны: Бэтсі Кросбі з Вялікабрытаніі i Наталі Эгер з Ліхтэнштэйна. Апошняя якраз і стала лепшай прадстаўніцай Еўропы ў згаданай кампетэнцыі і заняла пятае месца з 25 удзельнікаў. Беларус Дзмітрый Букса апынуўся на 21 месцы. Ён упэўнена апярэдзіў нашых суседзяў па кантытенце Швецыю і Іспанію, а таксама Казахстан і Ганконг і крыху саступіў Індыі і Нідэрландам. А перамаглі ў гэтай кампетэнцыі Карэя, Кітай і Бразілія.
— Заданне, якое складалася з чатырох модуляў, здавалася не вельмі складаным. Кожны модуль — гэта па ўзроўні як курсавы праект падчас навучання ў нашым універсітэце, — расказаў Сяргей Аляксандравіч. — Толькі часу даецца не цэлы семестр, а 6 гадзін. Праверка выкананых заданняў была вельмі дасканалай.
У першым модулі ўдзельнік павінен быў не толькі зрабіць трохмерную мадэль на камп’ютары, але і надрукаваць яе на 3D-прынтары. Другі модуль быў прысвечаны мадэляванню трохмерных дэталей і зборак з некалькіх дэталей, а таксама стварэнню чарцяжоў. На трэці дзень канкурсант рабіў камп’ютарную мадэль, працуючы з такімі элементамі, як рамы і ліставы метал. І, нарэшце, чацвёрты модуль быў прысвечаны зваротнай інжынерыі, згодна з якой удзельнік атрымліваў фізічную мадэль, знімаў з яе памеры, а потым ствараў яе камп’ютарную мадэль і чарцёж. Кожная хвіліна спаборніцтваў патрабавала ад канкурсанта поўнай канцэнтрацыі ўвагі і дакладнасці дзеянняў.
WorldSkills — гэта абмен вопытам для выкладчыкаў і свята для ўдзельнікаў, лічыць С.А.Пранкевіч. Гэта магчымасць убачыць узровень падрыхтоўкі канкурсантаў з іншых краін, параўнаць сябе з імі, адчуць сябе часцінкай глабальнага міжнароднага руху, наладзіць міжнародныя сувязі, а яшчэ проста ўбачыць іншую краіну, пазнаёміцца з яе культурай, традыцыямі, гісторыяй.
Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.