Убачыць відавочнае

- 11:21Актуально, Апошнія запісы, Рознае

Днямі ў Мінску ўпершыню прайшла Рэгіянальная канферэнцыя ЮНІСЕФ высокага ўзроўню для краін Цэнтральнай, Усходняй Еўропы і краін СНД “Умацаванне нацыянальных механізмаў у сферы абароны дзяцей ад нядбайных, жорсткіх адносін, насілля і эксплуатацыі”. У рабоце форуму прынялі ўдзел эксперты з 30 краін свету і 19 афіцыйных дэлегацый. На працягу двух дзён спецыялісты абмяркоўвалі асноўныя міжнародныя рэкамендацыі па стварэнні эфектыўных сістэм абароны дзяцінства, ролю суб’ектаў абароны дзяцінства ў выяўленні насілля, пытанні прадастаўлення міжсектаральных паслуг дзецям, якія маюць патрэбу ў абароне, прадухілення жорсткіх адносін, насілля і эксплуатацыі ў адносінах да дзяцей, далейшыя крокі ў стварэнні надзейных сістэм абароны дзяцінства.

Беларусь невыпадкова была абрана пляцоўкай для такога прадстаўнічага форуму. Ініцыятыва краіны аб правядзенні ў Мінску канферэнцыі была падтрымана Дзіцячым фондам ААН дзякуючы рэальным дасягненням Беларусі ў справе абароны дзяцей ад насілля.
— У наш час пытанні гарманічнага развіцця, бяспечнага і шчаслівага дзяцінства выходзяць далёка за межы бацькоўскага дома. Не заўсёды свет настолькі дружалюбны да дзіцяці, як гэтага хацелася б. Дзеці сутыкаюцца з праблемамі насілля, беднасці, бяздомнасці, нядобранадзейнасці. Абарона правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх — безумоўны прыярытэт урада Беларусі. Гэтая тэма знаходзіцца пад пастаянным патранатам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, — адзначыў, адкрываючы канферэнцыю, намеснік прэм’ер-міністра краіны Анатоль Афанасьевіч Тозік. — Згодна з міжнароднымі ацэнкамі па індэксе становішча дзяцей, Беларусь уваходзіць у 40 найбольш добранадзейных краін свету, займаючы 36 месца са 173 дзяржаў.
Сёння ў Беларусі функцыянуе ўстойлівая сістэма рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі абароны правоў дзіцяці. Ключавым жа механізмам гэтай сістэмы з’яўляецца дзеючая з 1996 года Нацыянальная камісія па правах дзіцяці, узначальвае якую намеснік прэм’ер-міністра. Асноўнай задачай дзейнасці камісіі з’яўляецца прыняцце мер па забеспячэнні сацыяльнага дабрабыту дзяцей у сям’і, павышэнні адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, правядзенне маніторынгу становішча дзяцей у Беларусі, а таксама падрыхтоўка прапаноў па ўдасканаленні спецыяльнай палітыкі і механізмаў па абароне дзяцінства. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый.
Увогуле, у краіне сёння ў гэтым пытанні створана заканадаўчая база ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
На працягу апошніх гадоў у Беларусі нязменна зніжаецца ўзровень дзіцячай злачыннасці, пастаўлена надзейная заслона працоўнай эксплуатацыі дзяцей, фактычна адсут-нічае такая сацыяльная з’ява, як безнагляднасць, забяспечана даступнасць адукацыі. Адзначаны на міжнародным узроўні і нашы поспехі ў сістэме аховы здароўя ў адносінах да дзяцінства і мацярынства. Акрамя таго, у апошні час Беларусь далучылася да глабальнай ініцыятывы ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей”. На сёння 22 гарады ўдзель-нічаюць у гэтай ініцыятыве, 6 з іх прызнаны тымі, што выканалі ўсе абавязацельствы.
— Для нас важна тое, што Беларусь сама выказала жаданне вынесці гэтае пытанне на абмеркаванне, — адзначыла Рэгіянальны дырэктар ЮНІСЕФ для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў Мары-П’ер Пуар’е. — Беларусі сапраўды ёсць чым падзяліцца з іншымі краінамі ў плане ўласнага напрацаванага вопыту. Беларусь можа паслужыць прыкладам для іншых краін у сферы заканадаўства па абароне дзяцей ад насілля. Да таго ж важна тое, што краіна не задавальняецца толькі наяўнасцю заканадаўчай базы, а жадае рухацца наперад і бачыць рэальнае ўвасабленне прапісаных норм у практыку. Беларусь адкрыта заяўляе, што гатова вучыцца ў іншых краін.
Гэтая канферэнцыя стала добрай магчымасцю для ўсіх краін адзначыць прагрэс, якога яны дасягнулі, і вызначыць праблемы, з якімі яны сутыкаюцца.
— Часта насілле, якое адбываецца ў адносінах да дзяцей, застаецца схаваным, — падкрэсліла Мары-П’ер Пуар’е. — Сумесна мы павінны выпрацаваць культуру абсалютнага непрымання насілля ў адносінах да дзяцей. Неабходна больш адкрыта гаварыць аб гэтай праблеме.
Сёння ж, нягледзячы на маштабы распаўсюджвання праблемы і яе відавочнасць, грамадства ў большасці імкнецца не прыцягваць увагу да яе. Між тым даследаванне, праведзенае Дзіцячым фондам ААН, паказвае, што ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі насілле застаецца штодзённай рэальнасцю для многіх дзяцей і падлеткаў, незалежна ад іх узросту, полу, эканамічных і сацыяльных абставін, культуры, рэлігіі, этнічнай прыналежнасці або здольнасцей. Выпадкі насілля адбываюцца ў розных сітуацыях, уключаючы тое асяроддзе, у якім дзеці, як мяркуецца, павінны адчуваць сябе абароненымі: дома, у школе, у выхаваўчых установах і ва ўстановах сістэмы правасуддзя.
У свеце ў цэлым штогод 95 тысяч дзяцей паміраюць у выніку забойства. 120 мільёнаў дзяўчынак падвяргаліся сексуальнаму насіллю, у некаторых краінах каля 20% хлопчыкаў таксама становяцца ахвярамі такога насілля. Прычым ахвяры насілля пра гэта рэдка паведамляюць каму-небудзь. Да таго ж тыя ці іншыя віды насілля найбольш часта адбываюцца дома. У цэлым двое з траіх дзяцей у рэгіёне падвяргаюцца насіллю дома. Дзеці малодшага ўзросту і дзеці з абмежаванымі магчымасцямі здароўя знаходзяцца ў групе асаблівай рызыкі, бо ў іх менш магчымасцей выказацца і звярнуцца па падтрымку.
І гэтае пытанне — абарона ад латэнтных відаў насілля, насілля ў сям’і — найбольш складанае. Зрэшты, не толькі для Беларусі. Таму яно і стала адным з ключавых падчас абмеркавання на канферэнцыі. У выніку адбыўся вельмі грунтоўны, плённы абмен думкамі, і ў далейшым эксперты паспрабуюць укараніць атрыманыя напрацоўкі ў свае нацыянальныя заканадаўствы для ўдасканалення нацыянальных палітык у сферы абароны дзяцінства, стварэння спрыяльнага асяроддзя для выхавання будучага пакалення.

* * *

Своеасаблівым працягам гэтага палілогу стала наступная сустрэча ў Міністэрстве адукацыі намесніка міністра адукацыі Віктара Віктаравіча Якжыка і Рэгіянальнага дырэктара ЮНІСЕФ для краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і краін СНД Мары-П’ер Пуар’е, падчас якой былі дэталёва абмеркаваны пытанні дзейнасці міністэрства па абароне дзяцей ад насілля і нядбайных і жорсткіх адносін.
— У вас моцная каманда, — адзначыла ў пачатку сустрэчы Мары-П’ер Пуар’е. — Мяне ўразіла тое, што Міністэрства адукацыі, па сутнасці, з’яўляецца і міністэрствам дзяцей. Уразіла і тое, як міністэрства вырашае праблемы дзяцей. Мы хацелі б запазычыць ваш вопыт.
Так, цікавым для прадстаўнікоў Дзіцячага фонду ААН стаў вопыт работы Беларусі па раннім развіцці дзяцей, інтэграцыі ў грамадства дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Шырокае абмеркаванне атрымала і пытанне абароны непаўналетніх, якія засталіся без апекі бацькоў.
Калі ў 2008 годзе ў краіне было больш за 60 дзіцячых дамоў-інтэрнатаў, то ў 2015 іх застанецца 13. У Беларусі робіцца ўсё, каб дзеці былі пераведзены на сямейныя формы выхавання. За гэты час 1900 дзяцей вярнуліся ў свае сем’і. Большая частка дзяцей, якія страцілі бацькоў, выхоўваюцца ў замяшчальных сем’ях.
Як адзначыў падчас сустрэчы Віктар Віктаравіч Якжык, калісьці краіна практычна з нуля пачала фарміраванне інстытута прыёмных сем’яў. І, канечне ж, тут быў вельмі дарэчы міжнародны вопыт па выяўленні сямейнай нядобранадзейнасці, падрыхтоўцы бацькоў-выхавальнікаў і суправаджэнні такіх сем’яў. Сёння Беларусь таксама зацікаўлена ў супрацоўніцтве з міжнароднай арганізацыяй па ўдасканаленні гэтай сферы. Так, патрабуе большай увагі работа педагогаў школ з дзецьмі з замяшчальных сем’яў. Бо тут неабходна вельмі тонкае веданне, разуменне, адчуванне сітуацыі і адпаведнае рэагаванне на яе. А гэта, безумоўна, адукацыя і асвета педагогаў з усёй краіны ў акрэсленым пытанні. Таму, па словах намесніка міністра, краіна зацікаўлена ў сумесным з ЮНІСЕФ праектным вырашэнні гэтага пытання.
Таксама сёння трэба актывізаваць працэс прыцягнення грамадскасці да стварэння замяшчальных сем’яў. Па словах В.В.Якжыка, сёння ў гэтым пытанні неабходны новы вопыт і напрацоўкі іншых краін для таго, каб як мага больш грамадзян выказалі жаданне прыняць у сям’ю дзяцей, якія не маюць бацькоў. Асабліва тых, у каго ёсць асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Сёння ўжо ёсць такія прыклады, калі прыёмныя бацькі, бацькі-выхавальнікі дзіцячага дома сямейнага тыпу бяруць на выхаванне асаблівае дзіця. Аднак гэта пакуль што яшчэ не паўсюдная практыка. Для яе пашырэння спецыяльныя веды неабходны як спецыялістам па ахове дзяцінства, так і кандыдатам у прыёмныя бацькі.
Напрыканцы ж сустрэчы Мары-П’ер Пуар’е выказала меркаванне, што вопыт надання функцый абароны дзяцей Міністэрству адукацыі заслугоўвае ўвагі, бо вельмі ў многіх сітуацыях — у адносінах да дзяцей з асаблівасцямі развіцця, тых, якія не маюць бацькоў ці ўступілі ў канфлікт з законам, і іншых — менавіта адукацыя можа быць тым самым інструментам вяртання да нармальнага жыцця.

Алена МАРКЕВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.