Удасканальваць метадычнае майстэрства педагогаў

- 11:18Навіны рэгіёнаў

— Кожны кіраўнік марыць, каб яго ўстанова адукацыі была сучаснай, прагрэсіўнай і інавацыйнай, — гаворыць загадчыца Столінскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета В.А.Грэчка. — Але гэтага немагчыма дасягнуць без творчых педагогаў-прафесіяналаў, здольных аператыўна рэагаваць на ўсе змены і прагназаваць вынікі сваёй педагагічнай дзейнасці. Каб стаць такім педагогам, неабходна знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, удасканальваць веды і прафесійнае майстэрства, назапашваць і абагульняць уласны вопыт. Толькі педагог-майстар можа зацікавіць вучняў, таму вельмі важна стварыць аптымальныя ўмовы для развіцця творчых і інтэлектуальных здольнасцей педагогаў, якія атрымлівалі б задавальненне ад сваёй работы. Павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў, іх кампетэнтнасці і прэстыжу настаўніцкай прафесіі з’яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці раённага вучэбна-метадычнага кабінета. 

Па словах В.А.Грэчкі, павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў садзейнічаюць своечасовае павышэнне іх кваліфікацыі і перападрыхтоўка, дзейнасць раённых, міжшкольных і школьных вучэбна-метадычных фарміраванняў, а таксама розныя формы работы з кадрамі ў перыяд паміж павышэннем кваліфікацыі. У склад раённага ВМК уваходзяць 8 чалавек, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю настаўніка і метадыста. Педагагічны стаж 90% метадыстаў складае больш за 10 гадоў.

— Метадысты арганізоўваюць работу па павышэнні кваліфікацыі педагогаў і кіраўнікоў устаноў адукацыі ва ўстановах дадатковай адукацыі дарослых, — расказвае В.А.Грэчка. — Аналіз анкет педагогаў, гутаркі з настаўнікамі і выхавальнікамі, наведванне вучэбных і факультатыўных заняткаў, выступленні педагогаў на пасяджэннях раённых вучэбна-метадычных фарміраванняў і навукова-практычных канферэнцыях, удзел у розных конкурсах даказваюць выніковасць павышэння кваліфікацыі для большасці педагогаў раёна.

З мэтай павышэння ўзроўню навукова-тэарэтычнай, метадычнай і псіхалагічнай падрыхтоўкі кадраў створана раённая метадычная сетка, якая ўключае 67 метадычных фарміраванняў: раённыя вучэбна-метадычныя аб’яднанні па розных напрамках дзейнасці, школы маладых кіраўнікоў і педагогаў, праблемныя і творчыя групы, пастаянна дзеючыя семінары, кансультацыйныя пункты і інш. Іх работа плануецца з улікам запытаў і патрэб педагогаў, асаблівасцей выкладання прадметаў і накіравана на забеспячэнне якасці адукацыі.

— Адным з крытэрыяў эфектыўнасці работы раённых метадычных фарміраванняў з’яўляецца ўдзел педагогаў у розных мерапрыемствах, якія дапамагаюць раскрыцца прафесійным кампетэнцыям і творчаму патэнцыялу кадраў, стымулююць іх прафесійны і асобасны рост, павышаюць прэстыж прафесіі, падтрымліваюць і заахвочваюць педагагічныя ініцыятывы, — адзначае В.А.Грэчка. — На гэта былі накіраваны розныя семінары і семінары-практыкумы з удзелам спецыялістаў АПА, НІА, БДПУ імя Максіма Танка, Брэсцкага абласнога ІРА і інш. Акрамя таго, педагогі Століншчыны ўдзельнічалі ў семінарах па актыўнай ацэнцы і медыядасведчанасці вучняў у Швецыі, Чэхіі, Польшчы і Украіне. Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць педагогам павышаць кваліфікацыю дыстанцыйна, без адрыву ад работы. Дзякуючы інтэрнэту, воблачным і электронным сэрвісам, настаўнікі ўдзельнічаюць у інтэрнэт-семінарах і канферэнцыях, вучацца на дыстанцыйных семінарах, семінарах-практыкумах і вэбінарах. Вялікая ўвага ўдзяляецца сеткаваму ўзаемадзеянню педагогаў. Так, у сацыяльных сетках ствараюцца старонкі і блогі па ўзаемадзеянні настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.

7 педагогаў прайшлі гадавы курс дыстанцыйнага навучання і з’яўляюцца сёння трэнерамі па актыўнай ацэнцы і медыяадукацыі. Пастаянна дзеючыя семінары па актыўнай ацэнцы і медыяадукацыі, якія праводзяць настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 Століна С.І.Белаус і дырэктар сярэдняй школы № 2 Століна А.М.Лазіцкая, надзвычай запатрабаваны сярод педагогаў.

— Сучаснае жыццё патрабуе нестандартных кіраўніцкіх рашэнняў, — гаворыць В.А.Грэчка. — Кіраванне павінна быць кампетэнтным, паслядоўным, змястоўным і творчым. На гэта накіравана работа з кіраўнікамі ўстаноў адукацыі, якая грунтуецца на дыферэнцыраваным падыходзе. Пасяджэнні раённых метадычных фарміраванняў кіраўнікоў (дырэктараў школ, іх намеснікаў, маладых кіраўнікоў, рэзерву кіраўніцкіх кадраў, загадчыкаў дашкольных устаноў і іх намеснікаў па асноўнай дзейнасці) заўсёды носяць практыка-арыентаваны характар і прапагандуюць лепшы кіраўніцкі вопыт. Сістэма метадычнай работы з кіраўнікамі школ абагульнена на ўзроўні Брэсцкага абласнога ІРА. Напрацоўкі кіраўнікоў устаноў адукацыі Століншчыны прэзентуюцца падчас абласных семінараў для намеснікаў начальнікаў аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, загадчыкаў ВМК, асвятляюцца на старонках “Настаўніцкай газеты”. Эфектыўнай формай метадычнай работы з кіраўнікамі з’яўляюцца дзейнасць клуба “Перспектыва” і раённы педагагічны марафон па праблемах пераемнасці дашкольнай і пачатковай адукацыі.

Па словах В.А.Грэчкі, стала добрай традыцыяй праводзіць у пачатку кожнага года адзіны метадычны тыдзень ва ўстановах адукацыі, накіраваны на павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў. У некаторых школах гэтае мерапрыемства ператвараецца ў свята творчасці, ініцыятывы і навізны.

Дзейнасць раённых метадычных фарміраванняў уключае выпуск рэкамендацый і памятак, распрацоўку ўрокаў, факультатыўных заняткаў і арганізацыйна-метадычных мерапрыемстваў, тэхналагічных карт вучэбных заняткаў, прэзентацый, метадычных бюлетэняў, брашур і інш.

— Развіццю творчага патэнцыялу педагогаў, выяўленню і ўкараненню эфектыўнага педагагічнага вопыту садзейнічаюць конкурсы прафесійнага майстэрства: “Настаўнік года”, “Самы класны класны”, “Кіраўнік года”, “Педагог-псіхолаг года”, “Педагог дадатковай адукацыі”, “Сацыяльны педагог года” і “Малады настаўнік года”, — расказвае В.А.Грэчка. — Шмат цікавага, пазнавальнага і карыснага дае семінар-акцыя “Настаўнікі года Беларусі — адукацыі Столінскага раёна” з удзелам членаў рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. На працягу некалькіх гадоў педагогі Століншчыны актыўна ўдзельнічаюць у форуме сацыяльна-педагагічных інавацый і рэгіянальным міжнародным кірмашы ў Іванаве, дзе не толькі дзеляцца ўласным вопытам, але і пераймаюць напрацоўкі калег з іншых рэгіёнаў краіны, а таксама Расіі. Члены раённага клуба “Натхненне” — пастаянныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, прысвечаных педагагічнай творчасці.

Да апошняга часу Століншчына не магла пахваліцца актыўным удзелам у інавацыйнай дзейнасці на ўзроўні Міністэрства адукацыі Беларусі, але з мінулага навучальнага года сітуацыя змянілася. Сёння некалькі ўстаноў адукацыі рэалізоўваюць інавацыйныя праекты “Укараненне мадэлі вуснагістарычных даследаванняў роднага краю як сродку фарміравання сацыяльна-грамадзянскіх кампетэнцый вучняў” і “Укараненне мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі вучняў ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і прафесійнай адукацыі, сям’і і соцыуму”.

Па словах В.А.Грэчкі, сёння ў сістэме адукацыі раёна працуе больш за 1,9 тысячы педагогаў, з якіх каля 90% маюць вышэйшую адукацыю і 67,5% — вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. На жаль, на Століншчыне пакуль няма ніводнага настаўніка-метадыста, але работа ў гэтым напрамку вядзецца.

— Шмат увагі ўдзяляецца ўзаемадзеянню метадыстаў, кіраўнікоў і педагогаў, — адзначае В.А.Грэчка. — Метадысты раённага ВМК выязджаюць ва ўстановы адукацыі для аказання метадычнай дапамогі маладым педагогам (штогод у раён прыбываюць 40—50 маладых спецыялістаў), вывучэння эфектыўнага вопыту работы творчых настаўнікаў для яго далейшага распаўсюджвання, падрыхтоўкі і правядзення пасяджэнняў раённых метадычных фарміраванняў і майстар-класаў па запытах устаноў. Пасля кожнага выезду метадысты складаюць метадычныя рэкамендацыі для карэкцыі дзейнасці наведаных устаноў. Вялікую работу метадысты праводзяць падчас кансультацый, накіраваных на дапамогу ў распрацоўцы і планаванні вучэбных і пазакласных мерапрыемстваў, падрыхтоўцы да конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый і семінараў, арганізацыі кіраўніцкай дзейнасці ва ўстановах адукацыі.

Для настаўнікаў, кіраўнікоў і метадыстаў заўсёды актуальнымі застаюцца пытанні “Што рабіць, каб вучні ведалі і любілі прадметы?” і “Якім чынам актывізаваць пазнавальную дзейнасць дзяцей на вучэбных і факультатыўных занятках і надаць ім практыка-арыентаваную значнасць?”. Таму ў бягучым навучальным годзе асноўнымі задачамі павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў з’яўляюцца работа па дапрофільнай падрыхтоўцы і профільнай адукацыі ва ўстановах адукацыі, рэалізацыя кампетэнтнаснага падыходу ў выкладанні прадметаў, далейшае ўдасканальванне метадычнага майстэрства настаўнікаў і актывізацыя выхаваўчага патэнцыялу ўрокаў і факультатываў.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.