Удзячныя тым, хто змагаўся за мір

- 11:14Навіны рэгіёнаў

Урачыстая лінейка “Успомнім усіх пайменна”, прысвечаная памяці юных герояў-антыфашыстаў, сабрала ў Магілёве піянераў-актывістаў, ветэранаў, педагогаў, прадстаўнікоў уладных структур. Мерапрыемства праводзілася з мэтай далучэння падрастаючага пакалення да гісторыі подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

— Патрыятычнае выхаванне — у ліку прыярытэтных напрамкаў работы БРПА. Перыядычна ў рэгіёне праводзяцца розныя мерапрыемствы, конкурсы, накіраваныя на прывіццё дзецям любові да Радзімы. Эфект ад такога роду дзейнасці толькі станоўчы, што лепш за ўсё пацвярджаюць справы піянерыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі актыўна ўдзельнічаюць у розных дабрачынных акцыях, шэфствуюць над ветэранамі, — адзначыла старшыня абласнога Савета БРПА Алена Малдаванава.

Удзельнікі лінейкі хвілінай маўчання ўшанавалі юных патрыётаў, якія вялі непрымірымую барацьбу з фашызмам. Аб мужнасці і доблесці піянераў-герояў усім прысутным нагадала выступленне спецыяльных школьных агітбрыгад. А падчас прыняцця ў шэрагі акцябрат і піянераў навучэнцы клятвенна абяцалі, як і іх далёкія равеснікі, любіць і абараняць Айчыну.

— Наша краіна прыгожая і непаўторная, таму трэба быць яе патрыётамі, а яшчэ быць удзячнымі тым, хто калісьці ваяваў за мір, перамог фашызм, — перакананы вучаніцы сярэдняй школы № 22 Аліна Журыкава, Кацярына Шэпелева, Лізавета Карняенка, Вольга Вінік.

Лінейка працягнулася дыялогам пакаленняў. Дзеці з цікавасцю гутарылі з ветэранамі, слухалі расказы пра баі, перажытыя цяжкасці, перамогу. А напрыканцы размовы ўсе чарговы раз пераканаліся, што адсутнасць вайны і мірнае жыццё — галоўная сённяшняя каштоўнасць.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.