ПОЛАЎЦАЎ Міхаіл Мікалаевіч,
настаўнік нямецкай мовы сярэдняй школы № 73 Мінска.
Педагагічны стаж — 13 гадоў. Педагагічнае крэда: “Чалавек не можа жыць на свеце, калі ў яго няма наперадзе нічога радаснага”. Міхаіл Мікалаевіч з адзнакай скончыў МДЛУ па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы са спецыялізацыяй “замежная літаратура”.
Намінацыя “Замежная мова”
Пры арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце “Нямецкая мова” Міхаіл Мікалаевіч удзяляе асаблівую ўвагу выкарыстанню сучасных метадаў і сродкаў навучання, ІКТ. Прымяняе парныя, калектыўныя, індывідуальныя формы работы. Стараецца ярка, выразна, даступна падаць праграмны матэрыял навучэнцам. Міхаіл Мікалаевіч лічыць, што адукацыйны працэс павінен быць арыентаваны не толькі на аптымізацыю навучання школьнікаў нямецкай мове (у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбнай праграмы), але і на развіццё іх кантрольна-ацэначных уменняў як неабходнай умовы фарміравання вучэбнай самастойнасці.
Педагог прапаноўвае навучэнцам самім выбраць мэты вучэбных заняткаў з прапанаванага спіса ці самім паставіць мэту, зыходзячы з прадстаўленага ім выніку ўрока. Навучэнцы павінны ведаць крытэрыі ацэньвання сваіх вучэбных дасягненняў. Для таго каб уключыць навучэнцаў у ацэначную дзейнасць, каб яны дакладна ведалі, што будуць засвойваць, што будзе правярацца, чаму яны навучыліся, а чаму пакуль не, каб навучэнцам і настаўніку было зразумела, над чым працаваць далей, неабходна пры фармуляванні мэты вызначаць меркаваныя вынікі — пералік тых ведаў і ўменняў, якімі напрыканцы ўрока будуць валодаць навучэнцы. Неабходна давесці мэты да навучэнцаў на зразумелай ім мове. Мэта запісваецца на дошцы ці даецца надрукаванай на аркушы паперы, што дазваляе на працягу ўрока звяртацца да яе, бачыць і разумець, як ідзе прасоўванне да запланаванага выніку, уносіць неабходныя карэктывы ў дзейнасць.
Міхаіл Мікалаевіч знаёміць навучэнцаў з крытэрыямі ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці, таму ў сваёй практыцы звычайна выкарыстоўвае самакантроль і ўзаемакантроль, самаацэнку і ўзаемаацэнку. Вельмі важна, каб самаацэнка навучэнца папярэднічала ацэнцы настаўніка. Калі навучэнцы маюць крытэрыі, то ў іх ёсць інструмент для самаацэнкі, узаемнай ацэнкі і рэцэнзавання работ аднакласнікаў. У сваёй педагагічнай практыцы настаўнік прапаноўвае разам з заданнямі ўказанні на тое, што будзе ўлічвацца як у працэсе работы, так і ў ходзе кантролю і ацэнкі выкананых заданняў. Гэтыя ўказанні могуць прапаноўвацца як у вуснай, так і ў пісьмовай форме. Яны мо-гуць быць запісаны ў саміх заданнях і на дошцы. Асабліва важна прапаноўваць іх навучэнцам пры падрыхтоўцы дамашніх заданняў, паведамляць, напрыклад, што будзе правярацца на наступным уроку. З гэтай мэтай Міхаіл Мікалаевіч выкарыстоўвае табліцы з крытэрыямі для ацэньвання дзейнасці ў чытанні, гаварэнні, успрыманні і разуменні замежнай мовы на слых і выкананні дамашняга задання. Гэтыя табліцы выкарыстоўваюцца на кожным уроку, пасля кожнага ці некалькіх этапаў урока. У навучэнцаў з’яўляецца жаданне зрабіць заданне якасна, каб атрымаць добрую адзнаку. У табліцы ёсць графа з ацэньваннем дамашняга задання.
З прымяненнем табліц паменшылася колькасць навучэнцаў, якія не выконваюць па розных прычынах дамашнія заданні. Палепшылася якасць выкананых заданняў.
На вучэбных занятках па нямецкай мове педагог выкарыстоўвае наступныя формы самакантролю і самаацэнкі, узаемакантролю і ўзаемаацэнкі: франтальная, групавая, індывідуальная, парная, камбінаваная. Пры франтальным самакантролі і самаацэнцы навучэнцы выконваюць практыкаванні, потым кантралююць іх выкананне сумесна, усім класам. Пры групавым спосабе арганізацыі самакантролю і самаацэнкі даецца практыкаванне групе навучэнцаў. Выкананае практыкаванне ім трэба суаднесці з неабходным вынікам. Навучэнцы выпраўляюць памылкі спачатку кожны ў сябе, а потым пры сумесным абмеркаванні. Індывідуальная арганізацыя самакантролю прадугледжвае выкананне навучэнцамі практыкаванняў па адной праграме, кантроль і ацэнку кожным свайго задання па адзіным плане і ўзоры.
Настаўнік таксама практыкуе спалучэнне форм арганізацыі самакантролю і самаацэнкі. Напрыклад, індывідуальны самакантроль у спалучэнні з франтальным можна арганізаваць наступным чынам: адзін навучэнец выконвае заданне на самакантроль і самаацэнку каля дошкі, дзейнічаючы перад усім класам, астатнія выконваюць тую ж работу на месцах. Настаўнік арганізоўвае дапамогу навучэнцу каля дошкі, далейшае дэталёвае абмеркаванне самакантролю. Настаўнік ацэньвае дзейнасць самакантролю.
Міхаіл Мікалаевіч заўсёды стараецца арганізаваць заданні на ўроках такім чынам, каб навучэнец, зрабіўшы памылку, сам выявіў яе, сам (ці з дапамогай дадатковай інфармацыі) выправіў яе і падышоў да наступнага этапу работы толькі пасля поўнага засваення папярэдняга матэрыялу, выканаўшы такім чынам заданні толькі правільна. Гэта адбудзецца ў тым выпадку, калі мэтанакіравана фарміраваць у яго навыкі самакантролю.
Прапанаваныя прыёмы дазваляюць так арганізаваць вучэбныя заняткі, каб навучэнцы практычна трэніраваліся кантраляваць не толькі сяброў, але і фарміравалі навык самакантролю: зверка з напісаным узорам; праверка па слоўнай канструкцыі; зверка з гатовым адказам ці выкананым заданнем у падручніку; самастойнае прыдумванне заданняў; выкананне заданняў па алгарытме; выкананне заданняў па падказках; праверка з дапамогай сігнальных картак.
Пасля самаацэнкі навучэнцы абменьваюцца выкананымі работамі і суадносяць іх з мэтай, крытэрыямі, эталонамі. У працэсе самакантролю і самаацэнкі навучэнцы лепш засвойваюць вучэбны матэрыял, авалодваюць актуальнымі кампетэнцыямі: ацэначнай і камунікатыўнай.
З мэтай фіксавання вынікаў кантрольна-ацэначнай дзейнасці на вучэбных занятках настаўнік актыўна выкарыстоўвае прыём “Дзённік”. Навучэнцы ацэньваюць свае прамежкавыя дасягненні на шляху да канчатковай мэты і запісваюць колькасць балаў у дзённік. У асобнай графе ўказаны рэкамендацыі, што неабходна зрабіць навучэнцам, каб у поўнай меры авалодаць ведамі, уменнямі і навыкамі па тэме вучэбных заняткаў. Навучэнцы вядуць дзённік на працягу ўсяго ўрока. У канцы вучэбных заняткаў яны падлічваюць агульную колькасць балаў і з дапамогай спецыяльнай шкалы пераводу выстаўляюць сабе адзнаку. Замест балаў педагог таксама выкарыстоўвае так званыя смайлікі ці іншыя атрыбуты, звязаныя з тэмай вучэбных заняткаў.