Юнацтва — час шукаць сябе, спрабаваць у розных справах. Свае таленты моладзь праяўляе ў разнастайнай дзейнасці, у тым ліку ў журналістыцы. Актыўныя творчыя асобы не толькі становяцца ўдзельнікамі цікавых мерапрыемстваў, але і з радасцю расказваюць пра іх з дапамогай СМІ. У Слуцку вызначылі лепшых юных журналістаў падчас правядзення раённага конкурсу “Уладар пяра”. Конкурс арганізаваны ў рамках ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”.
Конкурс у Слуцкім раёне праводзіцца другі раз, яго перыядычнасць — раз у два гады. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбылася ў Слуцкім цэнтры дзіцячай творчасці.
— Школьную прэсу сёння ўпэўнена можна назваць важным рэсурсам развіцця інфармацыйнага асяроддзя сучаснай школы, — лічыць Алена Аляксандраўна Каляда, намеснік дырэктара Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці. — Правядзенне раённага конкурсу школьных СМІ стала традыцыяй і магчымасцю выявіць ва ўстановах адукацыі творчых аб’яднанняў юных журналістаў, павышэння якаснага ўзроўню школьнай прэсы.
Асноўнымі крытэрыямі ацэнкі конкурсных работ з’яўляліся аператыўнасць і актуальнасць асвятлення мерапрыемстваў школьнага жыцця, арыгінальнасць ідэі, творчы падыход у выкладанні матэрыялаў, дызайн, афармленне, жанравая разнастайнасць.
Конкурс праводзіўся ў дзвюх намінацыях. У першай — “Друкаваныя СМІ” — бралі ўдзел школьныя газеты і часопісы. Дыпломам I ступені ў гэтай намінацыі ўзнагароджаны рэдакцыйны савет гімназіі № 1 Слуцка. Ва ўстанове шмат гадоў выдаецца часопіс “Гімназічны ліхтар”, які стаў безумоўным лідарам конкурсу дзякуючы якаснаму афармленню, лагічнаму падбору матэрыялаў і іх змястоўнасці. Акрамя таго, у гімназіі выдаюць часопіс “Карыфей” — гэтае інфармацыйна-метадычнае выданне для педагогаў праходзіла па-за конкурсам. Дыпломам II ступені ўзнагароджаны калектыў сярэдняй школы № 13, дзе выдаецца газета “Школьныя медыяпрасторы”. “Бронза” конкурсу — у газеты “Школьныя сенсацыі” сярэдняй школы № 12.
Школьнікі актыўна друкуюцца не толькі ў школьнай, але і ў рэгіянальнай прэсе, рэспубліканскіх выданнях. У сваіх матэрыялах расказваюць аб школьных мерапрыемствах, грамадскіх аб’яднаннях, маладзёжным жыцці, культурных падзеях свайго горада і інш. У другой намінацыі — “Лепшая публікацыя юных карэспандэнтаў у “дарослых” СМІ” — дыпломам I ступені адзначаны навучэнцы сярэдняй школы № 4 Аліна Ліс, Алена Базылевіч і Валерыя Грышкавец, а таксама навучэнцы сярэдняй школы № 11 Вадзім Толкач і Святлана Іваньшына.
— Радасна адзначыць даволі высокі ўзровень прадстаўленых конкурсных работ, — падводзіць вынікі конкурсу Алена Аляксандраўна Каляда, намеснік дырэктара Слуцкага цэнтра дзіцячай творчасці. — Большая частка з іх адпавядала заяўленаму тыпу выдання, адлюстроўвала найважнейшыя аспекты жыцця ўстановы, дэманстравала творчы патэнцыял аўтараў.
Дар’я РЭВА.