Сённяшні госць праекта “Мая школа” — князь Ігар, Макбет, Рыгалета, Эскамільё, Скарпіа, Сільвіа, Гульельма, Анегін… — народны артыст Беларусі Уладзімір ГРОМАЎ. Ён — вядучы барытон Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, на сцэне якога за 21 год сыграў каля 30 галоўных роляў. Да таго ж Уладзімір — удзельнік шматлікіх міжнародных конкурсаў, фестываляў і форумаў, канцэртаў і тэлепраектаў. Ён таленавіты ва ўсім, інтэлігентны, абаяльны, з выдатным пачуццём гумару і ў той жа час сціплы, самакрытычны і з філасофскім падыходам да жыцця. У Сусветны дзень тэатра пагаворым з ім аб прафесійным станаўленні і духоўным сталенні.
— Уладзімір, вы нарадзіліся ў творчай сям’і. Напэўна, менавіта гэты факт і паспрыяў раскрыццю вашага музычнага таленту?
— Сапраўды, мае бацькі — музыканты. Тата Валерый Уладзіміравіч Громаў — выкладчык па класе гітары, мама Таццяна Вітальеўна — спявачка. Мой бацька ўсё жыццё працуе педагогам, хоць быў перыяд, калі ён актыўна выступаў на сцэне. Я ўпэўнены, што тое асяроддзе, у якім выхоўваецца дзіця, тое, што яно бачыць, чуе і адчувае менавіта ў дзяцінстве, — гэта базіс, глеба, на якой і фарміруецца будучая асоба. Таму, мне здаецца, мой будучы прафесійны падмурак быў закладзены ў дзяцінстве менавіта сям’ёй. Безумоўна, часта здараецца так, што дзеці адмаўляюцца прадаўжаць прафесійную дынастыю, але ў нашай сям’і так склалася, што я не марыў ні пра які іншы лёс, акрамя музычнага.
— У якім узросце вы зразумелі, што хочаце займацца менавіта музыкай?
— У раннім дзяцінстве мне хацелася быць як тата, які іграў на гітары і выступаў разам з мамай, працаваў у школе. А ў падлеткавым узросце мне ўжо вельмі хацелася спяваць на сцэне і самому.
— Якія ў вас найбольш яркія дзіцячыя ўспаміны?
— Звязаныя з музыкай. Я не ўяўляў сабе ніякай іншай прафесіі, але, як і любому дзіцяці, займацца на музычным інструменце мне абсалютна не хацелася (усміхаецца), і мяне трэба было прымушаць іграць. Канечне, бываюць дзеці, якіх нешта ўнутрана матывуе вывучаць музыку. Але гэта вялікая рэдкасць, калі дзеці не проста іграюць на інструменце, а нібыта прырастаюць да яго. Напрыклад, у YouTube часам сустракаюцца ролікі, у якіх дзеці 5—7 гадоў жывуць інструментам, і затым з іх атрымліваюцца музыканты зусім іншага ўзроўню. Зразумела, што ў кожнага чалавека свае стартавыя магчымасці, але калі ў дзіцяці здольнасці праяўляюцца ў раннім дзяцінстве, то, натуральна, яно дасягне большых вышынь. Бо што такое творчая прафесія?.. Гэта калі артыст дзеліцца сваімі перажываннямі і хваляваннямі, глыбокімі пачуццямі, якія і выносіць на суд публікі.
— Напэўна, і вашымі першымі педагогамі па музыцы былі бацькі?
— Так. З бацькам я пачаў займацца гітарай у сем гадоў. Між іншым з ім мы праз некаторы час нават пачалі выступаць дуэтам у парках на розных гуляннях, так у мяне з’явіліся першыя ўласна заробленыя грошы. У музычную школу паступіў толькі ў 10 гадоў — да таты на клас гітары, што дазваляла мне займацца спецыяльнасцю дома. У музычнай жа школе, да якой прыходзілася ехаць каля гадзіны, наведваў толькі заняткі па сальфеджыа, хоры, аркестры, музычнай літаратуры і другім інструменце, якім было не агульнапрынятае фартэпіяна, а блокфлейта і затым кларнет. Духавы інструмент, мне здаецца, дае пэўную аснову для валодання дыханнем. Да таго ж, калі я вучыўся, знайшоў шмат агульнага паміж вакалістам і трубой.
Пасля заканчэння школы ў 15 гадоў я паступіў у сённяшні Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М.І.Глінкі на клас гітары. Увогуле любыя заняткі музыкай на любым інструменце вылучаюць чалавека, бо адразу адчуваецца, што ў яго ўжо ёсць пэўная базавая інструментальная адукацыя, асабліва калі потым ён воляй лёсу пачынае займацца вакалам, як здарылася ў маім выпадку.
— Хто з педагогаў аказаў на вас найбольшы ўплыў у школе, каледжы, Акадэміі музыкі?
— Кожны чалавек пры блізкіх зносінах пакідае ў нашай душы эмацыянальны след. Усё жыццё памятаю сваіх настаўнікаў рускай мовы агульнаадукацыйных школ, бо любая школа — гэта падрыхтоўка чалавека да далейшага жыцця, і любыя веды мы павінны ўмець прымяняць. У музычным вучылішчы ў нас была настаўніца па беларускай літаратуры, якая расказвала пра нашых пісьменнікаў-класікаў, якія яшчэ былі жывыя, на такой цудоўнай мове, што мы заслухоўваліся. Потым у Акадэміі музыкі быў такі прадмет, як “Культура маўлення”, які выкладала Марыя Захарэвіч. І сёння з вялікай удзячнасцю ўспамінаю яе ўрокі, бо без умення правільна гаварыць немагчыма правільна спяваць.
Акрамя таго, мне пашчасціла трапіць у клас Алега Уладзіміравіча Мельнікава, вядучага баса Вялікага тэатра Беларусі, заслужанага артыста, які пастаянна паўтараў, што артыст павінен ад адной іскры загарацца і дзяліцца сваёй энергіяй з гледачамі.
— А калі прыйшлі ў тэатр, у вас быў настаўнік?
— Я прыйшоў у Вялікі тэатр, калі вучыўся на трэцім курсе акадэміі. Тады маім педагогам па спецыяльнасці быў Міхаіл Аляксандравіч Жылюк — барытон Вялікага тэатра, заслужаны артыст, а працаваў там раней згаданы Алег Уладзіміравіч. Абодва яны дапамагалі парадай і падтрымлівалі добрым словам. І нават цяпер, хоць і прайшло шмат гадоў, стоячы на сцэне побач з Алегам Уладзіміравічам, які і сёння служыць у тэатры, адчуваеш больш адказнасці, неяк мабілізуешся, прыходзіцца, як гаворыцца, трымаць спіну.
— Нават цяпер, маючы званне народнага артыста?..
— Як я заўсёды жартую, званне само па сабе не спявае, спяваюць і іграюць людзі. У любым выпадку мы павінны ўвесь час самаўдасканальвацца і нібыта паліраваць свой голас і выканальніцкае майстэрства, “знімаючы пыл” штодня. Бо калі не займацца вакалам, то вельмі хутка “пылам зарасцеш”.
На самай справе век прафесійнай дзейнасці атрымліваецца не такім і доўгім, бо спачатку адбываецца перыяд станаўлення, потым навучання, затым ідзе працэс “выспявання” голасу, калі нарэшце твае веды і ўменні пачынаюць супадаць з фізічнымі магчымасцямі і галасавымі данымі. І калі голасам карыстацца на мяжы сваіх магчымасцей, то перыяд прафесійнага карыстання ім скарачаецца. А таму, шкадуючы свой голас, часам прыходзіцца адмаўляцца ад некаторых роляў, і ў гэтым, лічу, таксама праяўленне пэўнай мудрасці.
— А зараз вы, можа быць, для некага з маладых артыстаў з’яўляецеся настаўнікам?
— Не. Нядаўна пачуў выраз: “Бясплатная парада ўспрымаецца як крытыка, а платная — як майстар-клас”. Таму бясплатныя парады не ўсе хочуць чуць. У кожнага чалавека свой лёс, кожны сам каваль свайго шчасця, і як ён распарадзіцца пэўнай інфармацыяй, прыслухаецца да парад ці не, — гэта яго выбар.
Усе творчыя людзі ў большасці сваёй эгацэнтрысты, і кожны прадстаўнік творчай прафесіі лічыць сябе самым адметным, вакол якога ўсё і ўсе павінны круціцца, і папракнуць нас у гэтым нельга. Бо і гледачы хочуць бачыць на сцэне не аднолькавых акцёраў, а розных асоб. Кожны з нас тым і цікавы, што адрозніваецца ад партнёраў.
— Ці быў у вашым жыцці нейкі пераломны момант, які змяніў усё ваша жыццё?
— Так. Першая мая адукацыя — выкладчык класе па гітары. Я ўжо працаваў выкладчыкам, выступаў у філарманічных канцэртах, а потым усё ў корані змянялася і пачаліся заняткі вакалам. У жыцці кожнага чалавека заўсёды пэўную ролю адыгрывае выпадак. У маім жыцці ім стала 2-гадовая служба ў арміі. Спачатку паўгода я служыў у батальёне ваеннай сувязі ў Барысаве, а потым у Акадэмічным ансамблі песні і танца Узброеных Сіл, дзе іграў на гітары і спяваў у хоры. Вось з хору ўсё і пачалося. Пасля вяртання з арміі я другі раз пайшоў вучыцца ў музычны каледж ужо на акадэмічнага спевака.
— А за час службы артысты не страчваюць свае вакальныя або танцавальныя ўменні?
— Кваліфікацыю, канечне, страчваць. Малады спецыяліст размеркаваўся ў тэатр, а яго раптам забіраюць у армію. Трэба разумець, што кожная творчая адзінка — гэта “штучны тавар”. Мы ўсе абсалютна розныя. І нават калі ўзяць эканамічны складнік, то давайце падлічым: адзін спецыяліст, напрыклад, музыкант аркестра, спачатку 5—7 гадоў вучыцца ў музычнай школе, пасля 4 гады — у вучылішчы ці каледжы, затым яшчэ ў Акадэміі музыкі і магістратуры — і ўсё за кошт бюджэту. А пасля ідзе ў армію, і бюджэтныя сродкі, затрачаныя на яго навучанне, губляюцца. Ці ўзяць балетнага танцора. Яго цела павінна быць эластычным, а гэта дасягаецца шматгадзіннымі заняткамі ля станка, а ў арміі ў яго няма такой магчымасці. Таму служба ў арміі — гэта вельмі складанае пытанне. Хоць у маім выпадку менавіта яна дапамагла адкрыць новую грань маёй творчай натуры.
— А зараз ці ёсць у вас час на ігру на гітары?
— На канцэртах з гітарай я амаль не выступаю. Затое дома займаюся з малодшым сынам Фёдарам, які таксама вучыцца ў майго бацькі ў дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 1 імя Л.П.Александроўскай. Тата — фанатык сваёй справы, ён нават на канікулах з дзецьмі займаецца. Спачатку са старэйшым унукам займаўся, а зараз і з малодшым.
— Мне здаецца, што родных дзяцей ці ўнукаў куды складаней вучыць, чым чужых…
— І дзецям таксама складаней успрымаць як педагога блізкага чалавека. Таму што тата, мама, бабуля, дзядуля не маюць статусу чалавека, да меркавання якога трэба прыслухоўвацца. Сваім дзецям я пастаянна нагадваю, што калі прыходзіце ў музычную школу, то ваш педагог — не дзядуля, а Валерый Уладзіміравіч. Але ўсё роўна гэта цяжка, і дзіця хоча быць дзіцем. Натуральна, даводзіцца дзесьці і пасварыцца, бо каб рыбку з’есці, трэба ў ваду лезці.
— Вы таксама выкладалі ігру на гітары. У якім узросце і колькі гадоў былі педагогам?
— Здаецца, з 16 гадоў. Спачатку працаваў у музычнай студыі ў Серабранцы, а з 1990 года — у музычнай школе № 2 імя М.І.Аладава. Між іншым да сваіх вучняў я заўсёды звяртаўся толькі на вы. Не мог тыкаць нават сямі-васьмігадовым дзеткам. З 1992 па 1994 год служыў у арміі, а пасля зноў вярнуўся ў школу. Праўда, пасля таго як другі раз паступіў у музычны каледж на клас вакалу, вырашыў засяродзіцца толькі на вучобе. Бо, калі працуеш выкладчыкам, даводзіцца шмат гаварыць, а гэта ўсё ж такі вялізная нагрузка на голас.
— Як вы адчувалі сябе ў ролі выкладчыка? Што, на ваш погляд, павінен данесці педагог музыкі да свайго вучня?
— Было цікава. Любы педагог дзеліцца з вучнямі сваёй прафесіяй, але ў той жа час не толькі стаўленнем да таго прадмета, які выкладае, але і поглядамі на жыццё. Тут можна спрачацца, бо ў кожнага свае прыярытэты ў жыцці. Я лічу, што ўсё ж такі для мужчыны на першым плане павінны стаяць прафесія і яго рэалізацыя ў ёй.
— А як вашы сыны ставяцца да вашай прафесіі?
— У некаторых дзяцей, чые бацькі — спевакі або прадстаўнікі іншых творчых прафесій, можа скласціся меркаванне, што яны нічога не робяць, нешта часам напяваюць і ў ноты зазіраюць. Але трэба разумець, што львіная доля працы вядзецца ў галаве, таму што немагчыма ўвесь час спяваць, бо можна страціць голас задоўга да выхаду на сцэну.
— Макар ужо скончыў школу. Можа быць, пайшоў па вашых слядах?
— Не зусім, але побач, ён паступіў на акцёрскі факультэт адной з устаноў Санкт-Пецярбурга. Ёсць добрая фраза: “Навучыць нельга, можна толькі навучыцца”. А педагог — гэта ключык да дзвярэй, за якімі знаходзяцца запаветныя веды, якія чалавек набывае сам. Педагог толькі задае кірунак.
— У Вялікім тэатры вы сыгралі каля 50 розных роляў, як галоўных, так і другога плана, як станоўчых, так і адмоўных. А каго выконваць было больш цікава і што вам дапамагае адчуць персанажа, ужыцца ў ролю?
— Заўсёды трэба шукаць кропкі судакранання з тым ці іншым персанажам. Але, як паказвае практыка, адмоўных персанажаў іграць цікавей і не толькі мне. Чаму?.. Магчыма, адмоўныя персанажы інтрыгуюць і прывабліваюць нас тым, што ўсім хочацца пабываць на іншым баку, бо ўсе мы жывём у соцыуме і заўсёды трымаем сябе ў пэўных рамках. І вось перайсці гэтую мяжу дазволенага якраз можна ў спектаклі, так бы мовіць, зазірнуць за шторку. Мне здаецца, што сцэна дае нам магчымасць пабыць у чужой шкуры, якой бы яна ні была, паэксперыментаваць і паспрабаваць высветліць, да чаго можа дайсці чалавек у сваёй беспакаранасці і адмоўнасці. Іншая справа, што не варта атаясамліваць сябе з гэтымі героямі, усё ж такі жыццё — гэта жыццё, а сцэна — гэта сцэна.
— А над чым працуеце ў цяперашні момант?
— Успамінаю партыю Беларэцкага з оперы “Дзікае паляванне караля Стаха”, прэм’ера якой запланавана на 11—12 ліпеня. А яшчэ спадзяюся, што атрымаецца папрацаваць у знакамітай оперы Каміля Сен-Санса “Самсон і Даліла”, але пакуль яшчэ гэта невядома. Бо часам даводзіцца і адмаўляцца ад роляў. Так, я доўга не мог пагадзіцца ўвайсці ў спектакль “Тоска”, у “Карміна Бурана”, доўга не мог усвядоміць, што магу спяваць у “Князі Ігары”, паколькі лічыў, што голас Ігара Святаслававіча павінен быць больш шчыльным, і ўвогуле ў мяне было адчуванне, што выконваць яго трэба басу. Або, калі ў тэатры ішоў “Лятучы галандзец”, я разумеў, што мне не трэба туды, бо гэта ўсё роўна, што на гоначнай машыне бульбу вазіць ці вышываць арматурай (усміхаецца). Пэўныя рэчы несумяшчальныя, і я разумею, што мне празмерна шчыльныя партыі нізкага характару выконваць не варта, таму што голас мне не даруе гэтага і рассыплецца. Часам нейкія ролі проста не адпавядаюць майму характару. Так, некалькі разоў мне прапаноўвалі ролі ў “Трубадуры” Джузэпэ Вердзі, але я адкрываў і закрываў іх, бо яны “не кладуцца”. Хоць у той жа час я спяваю і вельмі складаныя рэчы, напрыклад, “Макбет”.
— Ці было калі-небудзь такое: вы сябе не бачыце ў нейкай ролі, а рэжысёр настойвае, каб яе выконвалі менавіта вы?
— Усё ж такі мы служым у рэпертуарным тэатры, і калі я толькі прыйшоў, было шмат невялікіх роляў, якія трэба было адыграць для агульнага багажу і сцэнічнага вопыту, для адчування сябе на сцэне. І былі гады, калі па 5, 7, 10 новых роляў развучваў, як невялікіх і сярэдніх, так і галоўных, таму што трэба было ўвайсці ў розныя спектаклі. І дзякуй богу, што я, студэнт трэцяга курса, трапіў у гэты вір тэатральнай дзейнасці, які трымае ў тонусе, што нават не маеш права захварэць.
— Уладзімір, прадстаўнікам адной прафесіі часта сняцца аднолькавыя сны-жахліўчыкі. А вам?
— Так, сны-жахі ва ўсіх артыстаў прыкладна аднолькавыя: першае — не паспяваеш пераапрануцца, а другое — табе трэба выходзіць, а ты не ведаеш партыі і ролі.
— Нечакана даведалася, што вы маеце і кінавопыт. Што для вас кіно?
— Мой кінавопыт невялікі, але цікавы тым, што дазволіў выйсці за межы тэатра, бо акцёрская прафесія адрозніваецца ад артыстычнай, ёсць пэўныя патрабаванні, што можна рабіць на кінапляцоўцы, але чаго нельга ў тэатры.
Я ўдзячны лёсу, што мне пашчасціла пазнаёміцца з А.Яфрэмавым, Д.Астраханам, Ф.Стукавым. Любому чалавеку ў прынцыпе цікава апынуцца на здымачнай пляцоўцы і паглядзець, як адбываецца стварэнне кіно, а калі яшчэ і ўдаецца паўдзельнічаць у здымках самому ды нават са словамі — гэта проста нешта неверагоднае, пра такое ў дзяцінстве я дакладна не марыў. Захварэць на кіно можна гэтак жа, як і на сцэну, — раз і на ўсё жыццё. У кіно адбываецца тая ж работа з рэжысёрам, толькі крыху ў іншым напрамку. Груба кажучы, у тэатры мы іграем чыстым дублем, у нас няма права на паўтор, а ў кіно — буйным планам, што пасля накладае адбітак і на сцэнічную працу, паколькі ў тысячнай зале абавязкова хтосьці будзе глядзець выключна на цябе, нават калі ў гэты момант ты нічога не робіш. Таму ты не можаш “выключацца” ні на секунду, бо схавацца не атрымаецца. Яшчэ ў кіно шмат дробязей, а на сцэне дробязі, можа, і не бачныя, але яны таксама павінны быць.
— Мінулым летам вы атрымалі званне народнага артыста. Як адчуваеце сябе ў новым статусе?
— Для мяне не змянілася нічога. Як і раней, я вучу свае партыі, рэпецірую і выступаю. Чалавек, выходзячы на сцэну, наогул не павінен думаць пра тое, што адбываецца ў яго асабістым жыцці, бо ты зараз выйшаў на сцэну паказаць гледачам іншае жыццё, не такое, як у іх. Напрыклад, ідзе опера “Яўгеній Анегін”, значыць, сёння ты лонданскі дэндзі Анегін, на якім, безумоўна, нідзе не напісана, што ён заслужаны або народны (усміхаецца). Таму з атрыманнем звання, наадварот, пачаў адчуваць павышаную адказнасць, бо разумею, што на мяне будуць глядзець праз павелічальнае шкло.
— Ваш любімы глядач — гэта…
— Той, які суперажывае, які моўчкі слухае і жвава рэагуе. Таму што калі чуваць нейкі шэпт у зале, то гэта адцягвае ўвагу, ты разумееш, што ў сваё жыццё, а на сцэне сваё. А калі стаіць мёртвая цішыня, пасля якой адбываецца ўсплёск авацый, то, значыць, да цябе прыйшоў самы лепшы глядач, які з прагнасцю ўспрымае ўсё і потым апантана рэагуе.
— Гавораць, што калі пры першым наведванні оперы не палюбіў яе, то ўжо наўрад ці палюбіш. Але затое з часам можна навучыцца яе разумець.
— Ёсць яшчэ адзін добры выраз: “Калі слухаць словы — зразумееш сэнс, а калі слухаць музыку — сутнасць”. Мне здаецца, што сутнасць больш важная, таму што яна хутчэй дойдзе да ўнутранага свету чалавека. Мы ж часта слухаем музыку на іншых мовах і нават не задумваемся, пра што яна. Але за кошт інтанацый, музычнага раду, акунаемся ў тыя перажыванні, якія імкнуўся перадаць аўтар кампазіцыі, бо музыка — універсальная мова.
— Вы перакананы, што да паходу ў тэатр трэба рыхтавацца. Чаму?
— Чалавек, які ідзе дадому і па дарозе заходзіць у тэатр, думкамі знаходзіцца або на працы, або дома, для яго прагляд спектакля не ёсць самамэта. А калі чалавек рыхтуецца, на рабоце не можа ўседзець, бо так чакае гэтай сустрэчы з прыгожым, то гэта зусім іншая справа. Чалавек ідзе мэтанакіравана зазірнуць унутр сябе і, магчыма, зрабіць наш свет лепшым. Авідзій гаварыў, што задача мастацтва — змякчаць норавы, а яшчэ не пакідаць абыякавым. Дык вось неабыякавасць штурхае чалавека да самаўдасканалення, да таго, каб стаць лепшым у адносінах да іншых, да самога сябе, свету, жыцця. І калі чалавек ідзе ў тэатр свядома, тады яго душа будзе працаваць, а калі па дарозе куды-небудзь, то ён завітвае ў тэатр, каб яго там пазабаўлялі. Аднак тэатр — гэта не цырк.
— Тады асноўная функцыя тэатра — стварэнне?..
— Маё перакананне, што так. Хоць, вядома, колькі людзей, столькі і меркаванняў.
— Неяк у адным інтэрв’ю вы сказалі, што тэатр — гэта ваш дом. А як бы вы яго апісалі?
— Складаны дом. Нельга сказаць, што тут адна вялікая сям’я, хутчэй сямейны інтэрнат (усміхаецца). Натуральна, складанасцей узнікае шмат, але гэта той дом, у якім мы прывыклі жыць. Іншая справа, што мы хочам, каб ён стаў лепшым, каб натхняў усіх, хто да нас прыходзіць у госці. Зразумела, у час падрыхтоўкі спектакляў узнікае шмат нейкіх складанасцей, дык вось мне хочацца, каб іх было як мага менш, каб з яшчэ большым энтузіязмам, запалам і любоўю мы, артысты, выходзілі на сцэну. Таму што па вялікім рахунку ўсё ж такі, нягледзячы на тое, што мы без сцэны жыць не можам, мы працуем дзеля публікі.
— Сёння вы адзначылі, што галоўнае — рэалізавацца ў прафесіі. Ваша галоўнае дасягненне таксама тычыцца прафесійнай дзейнасці ці ўсё ж такі сям’і?
— Безумоўна, сям’я на галоўным месцы, але чалавек павінен ставіць творчыя планкі і дасягаць іх. Для мяне такімі планкамі і этапамі былі значныя оперы і ролі. Гэтыя этапы дазволілі зразумець, што ты знаходзішся на пэўным узроўні і можаш глядзець ужо з вышыні гэтых магчымасцей на новыя спектаклі і прапанаваныя партыі. Пачынаеш разумець: раз з гэтым справіўся, то павінен і іншае адолець, і гэта надае ўпэўненасці.
— Пра што марыце зараз?
— Пра новыя ролі! Ёсць некалькі партый, якія хацелася б выканаць у операх Джузэпэ Вердзі.
— Мне здаецца, вы па-сапраўднаму шчаслівы чалавек. А якія складнікі вашага шчасця?
— Чалавек, які займаецца любімай справай і, падскокваючы, бяжыць на работу, а потым гэтак жа дадому, — гэта і ёсць шчаслівы чалавек. Калі любімая прафесія дае табе магчымасць спакойна жыць і рэалізоўвацца ў ёй, а не шукаць іншага заробку для забеспячэння сям’і, гэта і ёсць складнікі шчасця. Я атрымліваю задавальненне ад выбранай справы і дару гэтае задавальненне гледачам.
— Чаго б пажадалі сваім калегам у Сусветны дзень тэатра?
— Быць у гармоніі з сабой і навакольнымі, быць шчаслівымі і рабіць тое, што любяць. Калі чалавек выконвае свае прафесійныя абавязкі з любоўю, то спрацоўвае закон захавання энергіі, якая вернецца да яго назад.
— Уладзімір, я таксама віншую вас з прафесійным святам і дзякую за цікавую размову! Адметных роляў вам і чыстых партый, адданых тэатральных аматараў і шчырых апладысментаў!
Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва Уладзіміра Громава.