У Год навукі мы не змаглі абмінуць увагай навукоўцаў нашай краіны, таму чарговым героем праекта “Мая школа” стаў старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, акадэмік Расійскай акадэміі навук і Латвійскай акадэміі навук, акадэмій сельскагаспадарчых навук Расіі, Украіны, Казахстана і Латвіі, доктар эканамічных навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рыгоравіч ГУСАКОЎ.
— Уладзімір Рыгоравіч, адкуль вы родам і як прайшло ваша дзяцінства?
— Мая малая радзіма — вёска Бацвінава Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці. У 50-х гадах мінулага стагоддзя гэта было досыць вялікае паселішча на 200 двароў са сваёй васьмігадовай школай.
Усё маё дзяцінства прайшло ў вёсцы, акружанай цудоўнай прыродай. Летам хадзілі ў ягады і ў грыбы, шмат часу праводзілі на рэчцы, дзе заганялі ў кашы печкуроў і ўюноў. У густых хмызняках вадзілася шмат птушак. Мы назіралі за птушкамі: бачылі, калі яны прыляталі і як вілі гнёзды, сачылі, як у гнёздах з’яўляліся яйкі, а затым і птушаняты.
Хадзілі на рэчку купацца, спаборнічалі, хто больш пратрымаецца на вадзе або далей за ўсіх праплыве. Часта гулялі ў розныя рухавыя гульні: гарадкі, якія ў нас называлі крэглямі, лапту, якую мы таксама называлі на свой лад — мячыкам, а пазней — футбол і валейбол. Узімку — санкі і лыжы, хакей. У памяці аднавяскоўцаў яшчэ былі свежыя ваенныя ўспаміны, і мы, дзеці, затаіўшы дыханне слухалі апавяданні дарослых, а затым імправізавалі пачутае ў сваіх гульнях у вайну.
Зімы былі суровыя і снежныя. Гурбы дасягалі дахаў вясковых дамоў, і прабівацца праз іх было няпроста. Памятаю, пасля завей так нацягаешся па гурбах, што ўвечары ледзь жывы, мокры і схаладнелы прыходзіш дадому — і адразу на гарачую печ грэцца з кубкам малака і лустай хлеба.
Мы, сельскія хлапчукі, заўсёды былі разам ва ўсіх справах і выхадках. Я нічым не адрозніваўся ад іншых, хіба што быў вельмі худзенькі. Але праз нейкі час стаў камандзірам ва ўсіх дзіцячых гульнях.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, на дзіцячыя гульні і свавольствы часу асабліва не было — толькі той, што заставаўся ад працы. У кожнага ў сям’і былі свае абавязкі, якія трэба было строга выконваць. Бацькі штодня рана ішлі на работу і прыходзілі позна ўвечары, таму ўсе гаспадарчыя справы выконвалі дзеці: падтрымлівалі парадак, выхоўвалі малодшых, даглядалі хатнюю жывёлу і птушку, працавалі на агародзе, гатавалі ежу. Маё дзяцінства было суцэльнай працай, але гэта было не цяжарам, а неабходнасцю.
— Ці звязаны вашы першыя крокі ў навуку са школай?
— Думаю, што не. У той час я наогул не ўяўляў, што такое навука. Школа была такім жа абавязкам, як і хатняя праца. Шлях быў амаль вызначаны: армія, а потым праца. Сур’ёзным прыкладам для нас былі хлопцы, якія пасля нашай сельскай васьмігодкі паступалі ў ПТВ ці Гомельскае рачное вучылішча, — іх успрымалі як герояў. Я ў душы таксама хацеў паехаць вучыцца ў такі вялікі горад — Гомель.
Але склалася так, што ў 9 клас пайшоў у Шылавіцкую сярэднюю школу, за сем кіламетраў ад нашай вёскі. Летам дабіраўся на веласіпедзе, зімой — пешшу. Я быў не адзін такі: некаторыя вучні жылі за 10 і больш кіламетраў ад школы, але цяга да ведаў і перспектывы дазвалялі пераадольваць цяжкасці.
Пасля васьмігодкі Шылавіцкая сярэдняя школа, якая насіла імя Леніна, успрымалася мною як цэнтр цывілізацыі, дзе, на мой погляд, працавалі самыя паважаныя настаўнікі, была самая вялікая бібліятэка, праходзілі самыя выдатныя вечарыны, ладзіліся самыя сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы і яшчэ шмат чаго рабілася самага-самага. Тут я пачаў чытаць мастацкую літаратуру, навучыўся шанаваць кнігі. Але аб навуцы нават не марыў. На жаль, цяпер ужо няма ні той знакамітай школы, зрэшты, ні той вёскі.
Калі і можна неяк звязаць маю цяперашнюю працу са школьным часам, дык гэта хіба што мае ўласныя доследы, якія я падгледзеў у школе і рэалізоўваў на бацькоўскай сядзібе: эксперыменты па вырошчванні збожжа, гародніны і кветак. Маім пажыццёвым захапленнем было і застаецца вырошчванне дрэў, не толькі пладовых, але і дзікарослых. У дзяцінстве я пасадзіў вакол свайго дома і ў садзе, думаю, не менш за сотню розных дрэў і кустоў. А мой дачны ўчастак суседзі жартам называюць батанічным садам з-за багацця разнастайных дрэў.
— Школа для мяне пачалася нечакана. Раптам убачыў, што мае сябры, з якімі праводзіў усё лета, пайшлі ў школу, а я застаўся ад зін. Я пабег да маці з патрабаваннем, каб яна мяне таксама адпусціла ў школу. Каб не засмучаць дзіця, яна дала мне сшытак і аловак і паслала ўслед. Так я апынуўся ў школе з усімі. Настаўніца запісвала прозвішчы, імёны, узрост. Калі дайшла чарга да мяне, спалохаўся, што мяне могуць не ўзяць, мне было толькі пяць з паловай гадоў. І я адказаў, што мне самы раз у школу. Пазней настаўніца высветліла, што я самы маленькі. У размове з бацькам яны дамовіліся, што застануся ў класе, калі буду спраўляцца. Такім чынам, я скончыў дзесяцігодку ў пятнаццаць з паловай гадоў.
Да гэтага часу перад вачыма мае аднакашнікі: вясёлыя, жыццярадасныя і гарэзныя. Тады мы не вельмі турбаваліся пра наладжванне сяброўскіх стасункаў. Бывала ўсялякае, але зараз разумею, што нас усіх гуртавала нешта большае, чым проста сяброўства. Усе выхоўваліся прыкладна ў аднолькавых умовах (калі гэта можна назваць выхаваннем). Вёска працавала, і разгільдзяям месца не заставалася — інакш пражыць было немагчыма, таму бяздзейнасць ніхто не мог сабе дазволіць, як і набыццё нейкіх лішніх рэчаў. Абыходзіліся мінімумам. Калі і здабывалася нейкая капейка, то яе трэба было берагчы для самых неадкладных спраў. Дзяліліся апошнім, выжывалі разам.
Падлеткі разам з дарослымі працавалі на палях і сенажацях. З 6 класа я таксама кожнае лета працаваў, чым мог зарабіць сабе на кнігі і на абноўкі да школы. Новае адзенне апраналі толькі ў школу і на святы, а ўвесь астатні час апраналіся хто ў што. Абутак таксама быў вельмі вялікай каштоўнасцю, пачынаючы з ранняга лета і да школы бегалі басанож.
Прыгожа апрануцца ў школу было прыемна, але гэтае адзенне было нязвыклым, мы імкнуліся як мага хутчэй яго скінуць з сябе, прыйшоўшы дадому.
Мы, дзеці, жылі дарослым жыццём. Тыя ж мэты, задачы, цяжкасці. Было нават такое, што бацькі ўвогуле не пускалі дзяцей у школу, калі трэба было працаваць. Школа была як непазбежнасць, бо час непісьменнасці сышоў, але вучоба не стала яшчэ неабходнасцю: на першым месцы стаяла праца.
Мне пашанцавала: бацька вельмі хацеў, каб мы вучыліся. У сям’і нас пяцёра дзяцей. Я адрозніваўся нейкай унутранай арганізаванасцю. Імкнуўся прытрымлівацца парад бацькі, і чым старэйшым станавіўся, тым больш упэўніваўся ў правільнасці гэтага. Бацька бачыў пераадоленне ўсіх цяжкасцей сельскага жыцця толькі ў вучобе. І нават зараз, калі бацькі ўжо няма, ён застаецца для мяне беспярэчным аўтарытэтам. Увесь час думаю: “А што на гэта сказаў бы бацька?”
— Ці падтрымліваеце кантакты з аднакласнікамі?
— Я беражліва захоўваю школьныя фатаграфіі, якіх у мяне няшмат. Тады фатаграфавацца было няпроста — не было магчымасці. Фотаапараты былі рэдкасцю, і не было імкнення і звычкі. Першая спецыяльная фатаграфія з’явілася ў 6 класе, а потым ужо калі фатаграфаваўся на камсамольскі білет (не лічачы сямейнай фатаграфіі яшчэ ў дашкольны перыяд).
Шмат хто з маіх аднакласнікаў пайшоў ужо з жыцця. Да пэўнага часу меў інфармацыю практычна аб усіх, але з часам сувязі пагубляліся. Аднакласнікі жылі ў розных вёсках і прыходзілі ў школу з шырокай акругі. Большасць адразу паехала са сваіх вёсак у пошуках працы, і на месцы засталіся толькі некалькі чалавек. На жаль, мая празмерная занятасць не дазваляла мець цесныя кантакты, ды і інтарэсы моцна разыходзіліся. Нічога не бывае нязменным.
— Каго са школьных настаўнікаў вы запомнілі і чаму?
— Як можна забыць, напрыклад, першую настаўніцу Ганну Усцінаўну Кротаву, якая займалася з намі першыя чатыры гады і была для нас другой маці? Яна не проста вучыла чытаць і пісаць. Яна вучыла дысцыпліне, акуратнасці, адказнасці, асновам жыцця. Мы старанна выводзілі ў сшытках і на школьнай дошцы лініі, запаміналі літары і словы, вучыліся будаваць сказы, лічыць, складаць апавяданні… Асаблівае значэнне надавалася чыстапісанню і правапісу.
У 5 класе па кожным прадмеце былі ўжо розныя настаўнікі. Нашым класным кіраўніком была настаўніца матэматыкі Надзея Агееўна Кротава, строгая і патрабавальная, але душэўная і адданая сваёй справе. Любоў да беларускай мовы прывівала Ірына Ягораўна Мацянкова, якая часам праводзіла заняткі на прыродзе. Памятаю, як пад звон ручая мы чыталі вершы Купалы і Коласа. Асаблівай падзякі заслугоўвае настаўніца рускай і нямецкай моў Таісія Іосіфаўна Кляпацкая, якая ўкладвала ў нашы юныя галовы правілы не зусім зразумелай для нас рускай гаворкі. Школа была беларускамоўная, і для нас аднолькава складанымі былі і руская, і нямецкая. Але Таісія Іосіфаўна была настаўнікам старой загартоўкі і віртуозам сваёй справы. Творы рускіх пісьменнікаў чытала так, што захоплівала дух. Навучыла нас любіць Пушкіна, Лермантава, Гогаля, Талстога і іншых класікаў. Мы з ёй аказаліся блізкімі па духу, і яна аддавала мне шмат свайго часу: мы маглі гутарыць з ёй падоўгу на розныя тэмы. Прыкладна гэтак жа можна казаць і пра іншых настаўнікаў Бацвінаўскай школы: настаўніка гісторыі Івана Канстанцінавіча Філіпенку, настаўніка геаграфіі Фёдара Ігнатавіча Грыбанава, настаўніка фізікі Данілу Аляксандравіча Мядзведзева. Усе яны ў маім сэрцы, і я шчаслівы, што хоць і з вялікім спазненнем, але магу выказаць ім словы сваёй вялікай падзякі.
Настаўнікі Шылавіцкай школы былі і застаюцца ў маёй памяці ў якасці эталона прафесіяналізму, мудрасці і дабрыні. Мы глядзелі на сваіх выкладчыкаў, нібы на жыхароў неба, і спрабавалі наблізіцца да іх свету. У адказ атрымлівалі разуменне і клопат. У Шылавічах з намі размаўлялі як з роўнымі, дарослымі, вучылі разумець жыццёвыя сітуацыі. Нястомна з намі працавалі наша класная — біёлаг і хімік Надзея Піліпаўна Глушанок; дырэктар школы матэматык Рыгор Афанасьевіч Сасноўскі, які на ўсіх школьных вечарах сам акампаніраваў на баяне; гісторык Іван Прохаравіч Буракоў, які не абмяжоўваўся гутаркамі па прадмеце і няспынна вёў з намі павучальныя размовы на розныя жыццёвыя тэмы; малады настаўнік рускай літаратуры Сяргей Уладзіміравіч Міхалёнак, які быў недалёка ад нас па ўзросце, але ўмеў захапіць незвычайнымі аповедамі і прыкладамі… На жаль, іх ужо няма — жывыя толькі іх справы.
Творчы падыход да выкладання адыграў сваю ролю. Памятаю, на выпускным экзамене па рускай мове і літаратуры сачыненне на тэму “Родина, будь спокойна — дети отцов достойны!” я напісаў у вершаванай форме на васямнаццаць слупкоў. Выкладчыкі не паверылі, што я зрабіў гэта сам, і я тут жа пры іх дапісаў яшчэ чатыры слупкі.
Без адданых настаўнікаў у любой справе абысціся немагчыма. Дрэнных настаўнікаў не бывае, ёсць дрэнныя слухачы, а дакладней, няздольныя і якія не жадаюць слухаць. Дзякаваць трэба за кожнае рацыянальнае зерне, якое дасталася, і дзякаваць трэба не толькі, як прынята выказвацца, выніковым настаўнікам, а ўсім, хто імкнецца перадаваць веды. Менавіта на гэтых прынцыпах і спее сапраўдны чалавек, спецыяліст, асоба.
Да мяне лёс заўсёды быў добразычлівым. На маім шляху не было дрэнных выкладчыкаў. Часам патрабавальныя, строгія, безапеляцыйныя… Але ўсе яны адзіныя ў адным — у выхаванні годнай змены. Цяпер я добра разумею, што і за строгасць трэба дзякаваць гэтак жа, як і за дабрыню.
— Сваю школу наведваеце?
— У Бацвінаўскай базавай школе бываю, але рэдка — не хачу навязваць свой аўтарытэт. Не імкнуся сябе рэкламаваць, тым больш узвышацца над аднавяскоўцамі. Хай за мяне гавораць мае навуковыя вынікі. Калі і бываю ў вёсцы, то трымаюся як роўны з усімі. І збоку асабліва і не вызначыш, дзе акадэмік, а дзе радавы вясковец. Праўда, ведаю, што ў школе мяне памятаюць і шануюць. Нават прысвяцілі мне нейкі куток. І гэта прыемна. Але не прымаю, калі мяне ўзносяць і хваляць. Люблю працаваць у цішыні, без ажыятажу.
— Уладзімір Рыгоравіч, хто быў для вас узорам у жыцці?
— Вядома, прыкладам для мяне былі шматлікія блізкія і родныя: і маці, і дзядуля, і бабуля — усе яны сваім стараннем да працы і клопатам пра дабрабыт сям’і аказвалі непасрэдны ўплыў. Не было выхавання ў сённяшнім яго разуменні, але мудрыя парады, а галоўнае, прыклад паводзін былі вызначальнымі.
Часта ўспамінаю дзядулю, які быў майстрам на ўсе рукі. Меў велізарную колькасць розных сталярных інструментаў. Рабіў вазы, сані, сельгасінвентар і адрозніваўся вялікай акуратнасцю як у працы, так і ў побыце. Многія яго ставілі ў прыклад.
Канечне, былі ў маім жыцці яскравыя прыклады. Адзін з іх — старэйшы брат маёй мамы Сцяпан Гардзеевіч Скарапанаў, які стаў вядомым вучоным у галіне земляробства, прафесарам, а затым і акадэмікам. У прамежку паміж 1963 і 1974 гадамі быў міністрам сельскай гаспадаркі Беларускай ССР, а пазней узначальваў аграрную навуку ў Заходнім аддзяленні УАСГНІЛ, куды ў той час уваходзіла не толькі Беларусь, але і прыбалтыйскія рэспублікі. Яго прыезд у вёску заўсёды быў падзеяй. Прыходзілі многія вяскоўцы па параду і дапамогу. І нас, яго найбліжэйшых сваякоў, распіраў гонар.
— Што спрыяла вашаму прафесійнаму вызначэнню?
— У школе я яшчэ не ўяўляў, кім буду. Было адно жаданне — хутчэй скончыць школу і пачаць самастойнае жыццё, зарабляць, каб палепшыць дабрабыт сям’і. Здарылася так, што пасля заканчэння вучобы я спачатку настаўнічаў у сваёй роднай Бацвінаўскай школе, але потым паехаў у Гомель і працаваў на суднарамонтным заводзе і фабрыцы “Спартак”. Працаваць даводзілася многа: прыходзіў на здымную кватэру і падаў ад знямогі.
— Чаму выбралі менавіта аграрную УВА?
— Я нарадзіўся ў вёсцы, і сельскі ўклад жыцця быў бліжэй. А эканамічны факультэт Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі быў абраны выпадкова, бо планаваў паступаць на агранамічны. У гэты час у акадэміі ўжо вучыўся мой старэйшы брат, і менавіта ён мне параіў экфак.
— Як складвалася вучоба ў сельгасакадэміі? Ці былі педагогі, якіх можна назваць Настаўнікам з вялікай літары?
— Я не схільны падзяляць настаўнікаў на добрых і дрэнных. Мне здаецца, што ўсе людзі годныя свайго прызначэння. Я не чакаў ад настаўнікаў подзвігаў. Імкнуўся заўсёды сам працаваць, а мудрыя настаўнікі падказвалі, як гэта лепш зрабіць.
У Горках, у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, безумоўна, таксама былі свае яркія асобы. З першых дзён вучобы ўсіх нас заваражыў дэкан эканамічнага факультэта Леанід Аляксеевіч Дылёнак, вучоны-глыба з фундаментальнымі ведамі і бясспрэчным аўтарытэтам.
Такім жа аўтарытэтам у сваёй справе была Марыя Рыгораўна Дзюбакова, выкладчык гісторыі КПСС. Вучоны з энцыклапедычнымі ведамі, ушчэнт захопленая сваёй справай, яна магла на вышэйшым эмацыянальным уздыме дзве акадэмічныя гадзіны запар прыводзіць пераканаўчыя аргументы на карысць станаўлення і развіцця камуністычнага руху ў Савецкім Саюзе.
Неўзабаве мяне сталі цікавіць навуковыя даследаванні. Я захапіўся эканомікай, філасофіяй, кіраваннем, правам, уключыўся ў работу студэнцкіх навуковых таварыстваў. Немалую ролю ў гэтым адыгралі Макс Залманавіч Фрэйдзін — малады загадчык кафедры кіравання, якому ўдалося стварыць цудоўны і добра абсталяваны кабінет кіравання вытворчасцю (мабыць, лепшы на той час у краіне). А яго лекцыі па кіраванні выклікалі сапраўднае захапленне. Іраклій Уладзіміравіч Джафараў выкладаў гаспадарчае права, і роўных яму па ўменні даносіць матэрыял да слухачоў цяжка падабраць. Выкладчык арганізацыі аграпрамысловай вытворчасці Аляксандр Сяргеевіч Ціханенка — спартсмен, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які, не лічачыся са сваім часам, мог вазіцца з намі бясконца, укладаючы ў нашы галовы нязвыклыя і складаныя на першы погляд фармулёўкі, азначэнні і эканамічныя формулы.
Сярод яркіх асоб хацелася б назваць яшчэ акадэміка Сцяпана Гардзеевіча Скарапанава, які ўсімі сваімі паводзінамі выклікаў захапленне і жаданне пераймаць, і не толькі ў мяне. Ён не быў маім непасрэдным настаўнікам, але я дзяліўся з ім сваімі ідэямі, думкамі, перажываннямі, а ён даваў карэктныя рэкамендацыі. Пра яго можна казаць бясконца, але ўвесь час будзе нешта недагавораным. Яго яркі прыклад вымушаў настойліва працаваць над сабой. Але нават гэта яшчэ не азначала майго імкнення ў вялікую навуку. Я па-ранейшаму абмяжоўваўся жаданнем стаць добрым спецыялістам.
— Ці любілі вы вучыцца?
— Былі розныя часы: і настойлівай працы, і расчараванняў — многае вызначаецца жыццёвымі абставінамі.
Калі з пасады галоўнага эканаміста моцнага калгаса з прыстойным заробкам я паступіў у аспірантуру са стыпендыяй сто рублёў у месяц без усялякіх іншых матэрыяльных гарантый, то тут нават бацькі не адобрылі майго кроку. Мае аднакурснікі да гэтага часу мелі ўжо добрую матэрыяльную базу і ясныя перспектывы, а я апынуўся перад нявызначанасцю. Ратавалі праца і мая павышаная працаздольнасць.
Па-сапраўднаму любоў да вучобы і ведаў выявіліся толькі ў аспірантуры і дактарантуры. Я зразумеў, што дарогі назад няма. І калі я не змагу падрыхтаваць кандыдацкую, а затым доктарскую дысертацыю, то ўсе мае ўстаноўкі на вучобу і спробы стаць навукоўцам будуць асуджаныя на правал. Час будзе незваротна страчаны. Хоць сумненні ў правільнасці маіх дзеянняў не пакідалі. Гэта яшчэ больш прымушала напружана працаваць.
— Ці ўдавалася спалучаць вучобу з іншымі відамі дзейнасці?
— Вясковы лад жыцця прадугледжваў розныя віды сялянскай працы, якія часта пераважалі над вучобай. Але калі гаварыць пра навуковую дзейнасць, то сапраўдная навука займае ўвесь час — і працоўны, і асабісты. Тут месца іншым заняткам амаль не застаецца, асабліва ў перыяд творчага пошуку. Інакш будзе пакутаваць або навука, або іншая дзейнасць. Асаблівасць навукі ў тым, што гэта ўжо не толькі мэтавы занятак у адведзены час, а лад жыцця, які фарміруе вучонага дваццаць чатыры гадзіны ў суткі. Вядома, калі гаворка ідзе пра сапраўдную навуку. Інакш вынік немагчымы.
— Ці былі ў вас любімыя прадметы?
— Як і ў любога навучэнца, у мяне таксама былі свае любімыя прадметы. У розныя часы гэта былі розныя дысцыпліны. У базавай школе мне падабаліся гісторыя, беларуская і руская літаратура, у сярэдняй школе — геаметрыя і біялогія. Ва УВА глыбока прасякнуўся вышэйшай матэматыкай, кіраваннем, арганізацыяй, палітэканоміяй і эканомікай. Не скажу, што нейкія прадметы мне даваліся лепш, а нейкія — горш. Усё залежала ад маёй гатоўнасці да ўрокаў. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў вёсцы пры немалой занятасці бягучымі гаспадарчымі працамі не заўсёды ўдавалася падрыхтавацца да заняткаў бліскуча. У такіх выпадках, як і ўсе іншыя, спадзяваўся, што “пранясе” і мяне не выклічуць. Часам гэта ўдавалася, але часцей — не.
Любоў да прадмета ў немалой ступені залежыць ад любові да выкладчыка. Калі выкладчыкі падабаліся, то сорамна было выглядаць непрыстойна. Мне з дзяцінства ўласціва пачуццё адказнасці. І калі я чагосьці не ведаў, то дакараў у першую чаргу сябе. Баяўся не апраўдаць давер паважаных настаўнікаў. З гадамі гэтае пачуццё ў мяне не толькі не аслабла, але і ўзмацнілася. Асабліва імкнуўся быць не горшым за іншых у ВНУ і аспірантуры.
— Якое сваё дасягненне вы лічыце найвышэйшым?
— У жыцці ў мяне шмат перамог і дасягненняў, за якімі стаіць напружаная творчая і інтэлектуальная праца. Але ёсць сярод іх і найбольш яркія. Самым значным дасягненнем лічу тое, што аграрная рэформа, якая праходзіла ў краіне ў канцы мінулага і ў першае дзесяцігоддзе бягучага стагоддзя, грунтавалася на маіх метадалагічных і метадычных распрацоўках. У гэты час я ўжо скончыў дактарантуру Усерасійскага інстытута эканомікі ў Маскве і быў прызначаны дырэктарам НДІ эканомікі і інфармацыі АПК у Мінску. Вядома, што пасля развалу Савецкага Саюза больш за ўсё дэградавала эканоміка сельскай гаспадаркі. Спыніліся пастаўкі многіх рэсурсаў, аграпрамысловая вытворчасць падала, нарастаў дэфіцыт харчовых тавараў. Мне і маім калегам прыйшлося распрацаваць шэраг канцэпцый, праграм, мадэлей і механізмаў пераадолення разрухі, стабілізацыі эканомікі, устойлівага развіцця вытворчасці, аднаўлення і нарошчвання харчовай прадукцыі, якія ў сваёй большасці былі адобраны кіраўніком дзяржавы і ўрадам нашай краіны і атрымалі шырокае прызнанне. У выніку айчынны аграпрамысловы комплекс не толькі забяспечыў унутраныя патрэбы краіны, але і сфарміраваў магутны экспартны патэнцыял. Зараз, як бачыце, праблемы харчовага забеспячэння ў нас не існуе.
— Уладзімір Рыгоравіч, у якім відзе дзейнасці вы яшчэ хацелі б сябе паспрабаваць (ну і, вядома, у чым ужо спрабавалі сябе)?
— Акрамя навукі, ужо не ўяўляю для сябе іншых відаў дзейнасці. Навука для мяне — і асноўны занятак, і хобі. З ёй ужо многія гады звязана ўсё маё жыццё.
Навуковы напрамак — эканоміка. Ёй я аддаю як асноўны, так і асабісты час. Маю мноства вучняў, паслядоўнікаў, навуковую школу. Да нядаўняга часу даследаваў праблемы пераважна аграрнай або галіновай эканомікі. Зараз сфера маіх заняткаў пашырылася, даследую і распрацоўваю праблематыку ўсёй эканомікі краіны, або так званай макраэканомікі. Вядома, сваю навуковую дзейнасць мне даводзіцца падладжваць пад пасаду кіраўніка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Цяпер кіраўніцкая дзейнасць займае асноўнае месца ў маім жыцці. Стаўлюся да сваёй пасады з найвялікшай адказнасцю. Акадэмія навук хутка перабудоўваецца і набывае форму буйной навукова-вытворчай карпарацыі, мае найшырэйшыя міжнародныя сувязі, нарошчвае аб’ёмы не толькі навуковых даследаванняў, але і рэалізацыі вырабленай навукаёмістай прадукцыі, імкнецца пашырыць памеры пазабюджэтных прыцягнутых крыніц развіцця.
— Якую ролю ў вашай кар’еры адыграла сям’я? У чым выяўлялася выхаванне ў вашай сям’і?
— Буду неарыгінальны і скажу, што падмурак любой асобы перш за ўсё фарміруецца ў сям’і. Наўрад ці без традыцыйнай добрай сям’і можна дасягнуць нейкіх буйных поспехаў.
Наша сям’я не адрознівалася ад іншых вясковых: звычайная беларуская сям’я, вельмі працавітая і заклапочаная падтрыманнем неабходнага ўзроўню дастатку і дабрабыту. Бязмежна люблю сваіх маму і бабулю, якія былі ўвасабленнем дабрыні, прыстойнасці і працавітасці. З вялікай удзячнасцю стаўлюся да свайго бацькі за яго беззапаветнае служэнне Радзіме і адданасць сям’і. Менавіта бацька настаяў на тым, каб я вучыўся, і гатовы быў аддаць дзеля гэтага апошнюю капейку. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якую прайшоў ад пачатку да канца, меў шматлікія раненні і ўзнагароды, ён, як ніхто іншы, разумеў важнасць навуковых ведаў — яшчэ да вайны скончыў заатэхнічны тэхнікум, куды хадзіў пешшу за васямнаццаць кіламетраў. З вялікай павагай успамінаю ўсіх сваіх аднавяскоўцаў як найвялікшых працаўнікоў, якія, нягледзячы на ўсе нягоды жыцця, захоўвалі аптымізм і надзею.
Нейкага адмысловага выхавання ў гэтым асяроддзі не патрабавалася. Быў яркі прыклад бацькоў, сваякоў, суседзяў. Не згадаю выпадку, каб бацькі мяне за нешта каралі. Усё маё жыццё — гэта таксама суцэльная праца, таму і зараз мне ў любы момант абавязкова трэба займацца чымсьці карысным, калі не разумовай працай, то фізічнай. Перакананы: толькі так можна дасягнуць вынікаў.
— Чаго вы яшчэ не ажыццявілі з таго, пра што марылі ў дзяцінстве? Ці ёсць у вас новыя мары?
— У дзяцінстве я марыў хутчэй стаць дарослым і пачаць самастойнае жыццё. Але я не загадваў і не планаваў сваёй будучыні. Мне толькі хацелася быць годным і паважаным чалавекам, мець свой дом, сям’ю, добрае матэрыяльнае становішча. Але я зусім не ўяўляў, як усяго гэтага можна дасягнуць.
Усё складвалася неяк само сабой. Пасля пераадолення адной прыступкі прыходзіла неабходнасць узбірацца на іншую. І так да цяперашняга часу. Я і зараз не думаю, што чакае мяне ў найбліжэйшай і аддаленай будучыні. У гэтым я зусім не летуценнік. Лічу, што ў мяне ўдалы і шчаслівы лёс, які вядзе мяне па жыцці.
Марыў пасадзіць вялікі-вялікі парк побач з нашым домам, дзе былі б разнастайныя віды дрэў і хмызнякоў. Паблізу дома размяшчаўся участак балоцістай зямлі. Але гэта быў выган для жывёлы, яго наўрад ці хто-небудзь дазволіў бы выкарыстоўваць па іншым прызначэнні. Але дрэвы вакол дома і свайго ўчастка я саджаў.
Зараз калі і мару, то пра новыя навуковыя распрацоўкі. Імкнуся генерыраваць новыя ідэі, распрацоўваць механізмы, мадэлі развіцця эканомікі і метады іх рэалізацыі на практыцы. Яшчэ мару пра тое, каб акадэмія навук і навуковыя арганізацыі, якія ўваходзяць у яе склад, сталі самадастатковымі арганізацыямі, здольнымі зарабляць дастатковую колькасць сродкаў для стабільнага функцыянавання.
— Якая з цяперашніх сфер вашай дзейнасці больш значная для вас? Якая прыносіць найбольшае задавальненне?
— Вядома, гэта навука. Зараз калі мне ўдаецца знайсці час для заняткаў навукай пры велізарнай занятасці арганізацыяй і кіраваннем акадэміяй навук — гэта шчасце. Навукай я магу займацца бясконца, і гэта прыносіць мне сапраўднае задавальненне. У мяне заўсёды маса ідэй, якія мне хочацца матэрыялізаваць. Пры рэалізацыі адной тут жа з’яўляецца некалькі новых. Мне падабаецца рыхтаваць навуковыя працы і іх публікаваць. Зараз я маю больш за тысячу навуковых і навукова-папулярных публікацый — кніг, манаграфій, брашур, артыкулаў і інш. І практычна ў кожнай з іх новыя думкі, ідэі. Імкнуся не паўтараць распрацовак і прапаноў. Стрымлівае дэфіцыт часу, а то было б усяго больш.
Час цаню як найважнейшы чалавечы рэсурс, які, лічу, адведзены для стварэння. Нельга яго транжырыць марна. Таму пазбягаю шумных кампаній, працяглых пасяджэнняў, пустых размоў. Калег заўсёды папярэджваю, каб не адрывалі час адно ў аднаго. Любы адрэзак часу можна ператварыць як у карысную працу, так і патраціць яго марна, а вярнуць час, як вядома, немагчыма. Той духоўна і матэрыяльна багацейшы, хто больш рацыянальна арганізоўвае свой час.
— Што б вы змянілі ў сабе?
— Па вялікім рахунку нічога. Але імкнуся праяўляць больш цярпімасці да недахопаў іншых, паменшыць катэгарычнасць меркаванняў, згладзіць эмацыянальнасць. Аднак, думаю, гэта не такія ўжо і вялікія недахопы.
Па натуры я камунікабельны і добразычлівы чалавек. У любой складанай справе больш бяру на сябе. Спрабую максімальную падтрымку аказаць іншым. Культывую дабрыню і справядлівасць, не цярплю разгільдзяйства і безадказнасці — кожны чалавек павінен быць добра арганізаваны.
Гутарыў Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.