Улюбіць у літаратуру, заахвоціць да чытання

- 12:41Адукацыйная прастора

Стаць педагогам Таццяна Віктараўна Белагалова не планавала, пакуль у сярэднюю школу № 11 Мінска, дзе яна вучылася, не прыйшла настаўніца рускай мовы і літаратуры Ізабела Львоўна Раманава. Пра яе мая гераіня гаворыць з дрыготкай у голасе: “Маленькая, далікатная, інтэлігентная жанчына, якая ніколі не павышала голас, у якой не было дрэнных вучняў. Да кожнага яна адносілася паважліва і пяшчотна”. Таццяна Віктараўна працуе ў гімназіі № 33 Мінска настаўніцай рускай мовы і літаратуры, мае кваліфікацыю “настаўнік-метадыст”.

“У мінулым годзе Ізабела Львоўна адзначыла 90 гадоў, — працягвае Таццяна Віктараўна. — Штогод наш клас, у якім яна была класным кіраўніком, сустракаецца з ёй. Гэта заслуга Ізабелы Львоўны: яна нас з’яднала. Час ідзе, а гэтая жанчына застаецца нязменнай, вернай сабе. Пры сустрэчы заўсёды ўзгадвае, якімі мы былі ў школьныя гады, нават бацькоў нашых добра памятае. Сіла яе прыкладу натхняе. Пасля заканчэння школы я паступіла на філалагічны факультэт БДУ. На 2 курсе ўладкавалася працаваць у родную 11-ю школу, дзе мяне ва ўсім падтрымлівала Ізабела Львоўна. У прафесійным плане я многае ўзяла ад яе. Нават манеру звяртацца да дзяцей ласкава і толькі па імені: не Таня, а Танечка, не Міша, а Мішачка. Зрэдку, каб паказаць строгасць, я магу сказаць, напрыклад: “Настасся!”

Мая задача — зрабіць літаратуру зразумелай, уяўнай і блізкай для вучняў, паказаць, што ўсё, што адбываецца ў жыцці кожнага з нас, прапісана ва ўзорах літаратуры. Важная якасць настаўніка — уменне слухаць. Калі вучань падзяліўся з педагогам уласным разуменнем твора, даў сваю трактоўку, якая, магчыма, адрозніваецца ад агульнапрызнанай, варта паставіць яму 10 балаў. Пазней можна растлумачыць вучню класічны пункт гледжання. Але, калі настаўнік, тым больш філолаг, не ўмее слухаць дзяцей, ён страціць іх у першую чаргу як чытачоў. Начытаны чалавек — развіты чалавек! У яго багатае маўленне, насычанае эпітэтамі, метафарамі і ўвасабленнямі, ён цэласна ўспрымае свет. У ідэале вучню неабходна прачытаць праграмны твор двойчы: летам і падчас навучальнага года, каб убачыць у ім важныя дэталі. Дзецям уласціва чытаць бегла і запамінаць асноўны змест твора. Каб заахвоціць іх да ўважлівага прачытання, я крыху хітрую: гавару, быццам забылася некаторыя моманты ў тэксце, каб яны нагадалі мне іх. Напрыклад, якое значэнне меў шынель у апавяданні Антона Чэхава “Хамелеон”? А “канфіскаваны агрэст”? Што значыць выраз “падслепаватыя вокны”?

Для таго каб высветліць, ці чытаў вучань твор, дастаткова тэставых заданняў. А для таго каб даведацца, як ён яго зразумеў, на што звярнуў увагу, я прапаную напісаць сачыненне або даць пісьмовы ці вусны адказ на пытанні, але такія, што не маюць адзінага правільнага адказу. Заахвочваю самастойнае мысленне дзяцей, нават калі яны выказваюць спрэчныя думкі, напрыклад: “А што дрэннага ў Хлестакове?” Я пацікаўлюся: “Ты хацеў бы з ім сустрэцца ў рэальным жыцці, каб ён легкадумна цябе падмануў? Жыхарам павятовага горада ён быў неабходны, каб чарговы раз нагадаць ім пра іх недахопы. Яны заслужылі свайго Хлестакова. Калі вы станеце падобнымі на гэтых людзей, то і ў вашым жыцці з’явіцца такі персанаж”.

Адно з пытанняў, якое Таццяна Віктараўна абмяркоўвала з вучнямі — “Якія каштоўнасці і ідэалы ў сучаснай мола­дзі?”. У класе прагучала меркаванне, маўляў, у дарослых свае ідэалы, а ў моладзі — свае. Настаўніца прапанавала дзецям у пісьмовай форме пералічыць каштоўнасці, важныя для іх. І тое самае зрабіла сама. На здзіўленне, у яе і вучняў усё супала з невялікай розніцай. Напрыклад, на першым месцы ў педагога сям’я, а ў дзяцей — сяброўства. Але аб’ядноўвае ўсіх любоў. Пры­ходзім да высновы, што каштоўнасці адвечныя і людзі розных пакаленняў могуць знаходзіць агульную мову. Таццяна Віктараўна заўважае, што яе вучні праяўля­юць чуласць да чужога болю, умеюць суперажываць. Чытаючы кнігі, уяўляюць сябе і сваіх родных на месцы галоўных герояў і разважаюць, што яны зробяць у пэўнай сітуацыі. А­дзін з апошніх урокаў у 7 класе педагог прысвяціла апавяданню Канстанціна Паўстоўскага “Тэлеграма” — выдатнаму твору для выхавання маральных якасцей. Ён прысвечаны тэме ўзаема­адносін бацькоў і іх дарослых дзяцей, пачуццю любові да Радзімы, да роднага дома. У якасці нагляднасці Таццяна Віктараўна выкарыстала фата­графію дома-музея Паўстоўскага. Прадставіла здымак у выглядзе пазлаў, якія вучні складалі, разважаючы аб пачуццях, якія захоўвае ў сабе бацькоўскі дом, — любоў, цяпло, памяць, спачуванне, клопат і г.д. На душы ў галоўнай гераіні — Кацярыны Пятроўны — станавілася добра толькі тады, калі па вечарах яна глядзела на полымя свечкі, што асвятляла яе пакой, і ўспамінала час, калі дачка Насця была побач. Вучні эмацыянальна рэагуюць на гэтае апавяданне, некаторыя асуджаюць Насцю. Але Таццяна Віктараўна даводзіць думку аб тым, што нельга падзяляць літаратурных герояў на станоўчых і адмоўных і выступаць у якасці суддзяў. Яшчэ Леў Талстой гаварыў, што трэба паказваць характар чалавека ў развіцці. Гераіня Насця была вельмі ўзрушана ад усведамлення таго, што адбылося ў яе жыцці, яна раскайваецца. Нават пра злачынства Раскольнікава Таццяна Віктараўна разважае з вучнямі не з пункту гле­джання яго віны, а з пазіцыі, што ніхто не мае права пазбаўляц­ь жыцця іншага чалавека, якія б мэты перад ім ні стаялі.

“Мы з вучнямі вялікія аматары тэатра, не прапускаем ніводнай цікавай сталічнай пастаноўкі, — адзначае педагог. — Два гады назад мае адзінаццацікласнікі паставілі свой спектакль па матывах паэзіі шасцідзясятнікаў. Падчас рэпетыцый дзяўчынкі і хлопчыкі ладзілі вячоркі ў актавай зале гімназіі з чытаннем вершаў. Я не перашкаджала творчаму працэсу, толькі назірала і крыху карэкціравала, усё аддала на водкуп дзецям. Спачатку яны засяроджваліся на сумных вершах: напэўна, знаходзілі ў іх увасабленне сваіх юнацкіх перажыванняў. Але, нарэшце, да маёй вялікай радасці, яны выйшлі на пазітыў, на тэму святла і дабра. Атрымалася выдатная інсталяцыя “Кропка ці шматкроп’е. Разважанне на тэму”, якую мы паказалі для вучняў гімназіі. Мэта ў мяне адна — улюбіць дзяцей у літаратуру, заахвоціць да чытання.

У мінулым годзе да мяне чарговы раз прыйшлі пяцікласнікі. З імі кожную чвэрць мы ладзілі літаратурна-музычныя гасцёўні, на якія запрашалі бацькоў. Сустрэчы праходзілі ў нязмушанай атмасферы, калі гучалі добрая музыка, вершы. Нават тыя з вучняў, хто не вельмі любіць чытаць і вучыць на памяць, з задавальненнем выступалі. Асабліва мне спадабалася літаратурная гасцёўня “Бусел на даху”, прысвечаная вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да яе мы прымеркавалі паездку на Чырвоны Бераг і ў Бабруйск”.

Рыхтуючыся да ўрокаў, Таццяна Віктараўна перачытвае праграмныя творы. Прычым робіць гэта з алоўкам у руках. Пытанні і заўвагі пазначае на палях у кнігах са сваёй дамашняй бібліятэкі. Удоўж і ўпоперак яна спісала старонкі выданняў пазнакамі, клічнікамі, птушачкамі, дарэчы, рознымі колерамі. Таму што сёння ёй цікава адно, заўтра — другое, а 25 гадоў назад душу кранала зусім іншае. Як сказаў Самуіл Маршак: “У кожнага ўзросту свой Пушкін”. Падчас урока Таццяна Віктараўна абмяркоўвае два погляды на літаратурны твор — свой і вучнёўскі, часам узнікаюць дыскусіі. Заданні па тэме складае адразу няпростыя і прапануе іх спачатку ў моц­ным класе. Самых падрыхтаваных вучняў просіць перафармуляваць заданні, зрабіць больш простымі і зразумелымі для астатніх. Практыкуе і вучнёўскія ўрокі. Дае дзецям тэму ўрока, яны рыхтуюцца і праводзяць яго ў сваім ці паралельным класе або для малодшых вучняў.

“Задача настаўніка — сеяць зерне ведаў, — упэўнена мая гераіня. — Трапіўшы ў добрую глебу, яно ўзыходзіць і з’яўляюцца плады. У 9—11 класах некаторыя вучні спрабуюць сябе ў алімпіядным руху. Некалькі гадоў назад я вучыла Аню Пярову — дзіўную і вельмі харызматычную дзяўчыну. Калі бачыш такіх, як яна, разумееш Жукоўскага, які падарыў Пушкіну свой партрэт з надпісам: “Пераможцу вучню ад пераможанага настаўніка”. Ані з такім надпісам я падарыла кнігу. З ёй можна было горы зрушыць. У 9 класе Аня атрымала абсалютнае першае месца на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове. Паступіла ў Ліцэй БДУ, у далейшым звязала сваю прафесійную дзейнасць з журналістыкай. Яшчэ адна мая вучаніца — Вікторыя Нядзелька — у 10 класе выступала на гарадской алімпіядзе па рускай мове і трапіла ў каманду па падрыхтоўцы да алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасц­ь”, дзе ў выніку атрымала асабісты прыз, а ў складзе каманды заняла 1-е месца. У наступным годзе на рэспубліканскім этапе алімпіяды па рускай мове яна ўзяла дыплом ІІ ступені. Віка — творчая натура, калі вучылася ў гімназіі, пісала сцэнарыі да фільмаў, рабіла з класам тэатральныя пастаноўкі, стала рэжысёрам нашага спектакля пра паэтаў-шасцідзясятнікаў. Зараз яна вучыцца ў Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным інстытуце кіно і тэлебачання”.

Навучыць дзяцей свабодна і без боязі выказваць свае думкі, выступаць дасведчана і па сутнасці — яшчэ адна важная задача для Таццяны Віктараўны. У яе метадычнай скарбонцы — метады і прыёмы фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі, прыёмы візуалізацыі, спосабы развіцця эмацыянальнага інтэлекту, умення слухаць, браць на сябе адказнасць, інтэрактыўны падыход і групавая форма работы.

“Галоўнае падчас урока — трымаць увагу ўсяго класа. Пакуль я слухаю адну групу, другая таксама павінна працавац­ь,— гаворыць Таццяна Віктараўна. — Узаемадзеянне адначасова ажыццяўляецца і паміж вучнямі ў групе, і ў вучняў з настаўнікам. Галоўным вынікам заключнага ўрока па тэме, або, як прапанаваў вядомы педагог Шалва Аманашвілі, падарункавага ўрока, павінна стаць дзіцячая творчасць. Завяршыць такі ўрок неабходна клічнікам. Але настаўніку трэба загадзя акрэсліць і дакладна ўяўляць, які творчы праект вучні прадставяць у выніку.

Навучанне мове больш традыцыйнае ў плане форм і метадаў работы. У апошні час я працую над прыёмам візуалізацыі або прадстаўлення інфармацыі ў зрокавых вобразах, калі думка і тэкст выкладаюцца на паперы з дапамогай выявы, схемы, алгарытму. У модзе воблачныя тэхналогіі. Толькі аблокі мы з вучнямі малюем і занатоўваем у іх патрэбную інфармацыю, напрыклад, словы на тую ці іншую арфаграму. Складаем алгарытмы, табліцы з правіламі і прыкладамі да іх. На ўроках рускай мовы я карыстаюся тэкставым матэрыялам, які мы вывучаем на рускай літаратуры, на аснове яго складаю заданні. Так, калі мы чыталі “Як пасварыўся Іван Іванавіч з Іванам Нічыпаравічам” Мікалая Гогаля, я распрацавала ўрок па тэме “Выказнік” у 8 класе. Тры ўрокі мы вывучалі выказнік, і на кожным з іх у якасці ілюстрацыі я брала ўрыўкі з гэтага твора. У гэтым годзе, калі складала ўрок па бяззлучнікавых складаных сказах, з якім удзельнічала ў конкурсе “Настаўнік года”, знайшла падказку ў падручніку, што трэба працаваць з апісаннем прыроды. Звычайна сказы з кропкай і коскай, бяззлучнікавыя складаныя сказы з коскай выкарыстоўваюцца ў апісаннях прыроды. Так тэмай майго ўрока стала “Прырода любіць цішыню”, падчас якога я прымяняла элементы розных відаў мастацтва, у тым ліку жывапісу і літаратуры.

Вельмі люблю працаваць з цытатамі. Мне цікава, як дзеці іх разумеюць і трансфармуюць. У новым навучальным го­дзе ў нашым класе з’явяцца абноўленыя стэнды з партрэтамі пісьменнікаў XIX і ХХ стагоддзяў на фоне карцін мастакоў, напісаных па матывах іх твораў і цытатамі класікаў. Гэта мая даўняя ідэя. Напрыклад, партрэт Гогаля ўпрыгожыць карціна “Украінская ноч” Куінджы і радкі Пушкіна:“Тиха украинская ночь // Прозрачно небо. Звёзды блещут. // Своей дремоты превозмочь // Не хочет воздух. Чуть трепещут…” Каля партрэта Марыны Цвятаевай з’явяцца яе радкі: “Красною кистью // Рябина зажглась. // Падали листья. // Я родилась” і карціна. Партрэт Аляксандра Блока будзе размешчаны на фоне бэзу і г.д.

Міхаіл Салтыкоў-Шчадрын, разважаючы пра Гогаля і тэатр, сказаў, што тэатр — гэта зыходны пункт для разумовай працы. Як інтэрпрэтаваць гэтае выказванне? Прымацуем на дошку плакат з выявамі верставога слупа, павятовага горада N і тэатра. У які бок дзеці рушаць, прымацаваўшы стрэлкі-ўказальнікі на слуп, які вызначаць кірунак сваёй разумовай працы, маральныя арыенціры? Іх выбар — тэатр. Вядомы багач-прамысловец П.М.Дзямідаў штогод рабіў ахвяраванні ў Пецярбургскую акадэмію навук і пажадаў, каб а­дзін з медалёў, што засноўваецца за кошт гэтай сумы, “увенчала бы творение Гоголя “Ревизор” как тончайшее описание нравов”. Я спытала ў дзяцей, за што яны далі б медаль Гогалю. Адказы мяне парадавалі: за сумленнасць, цвярозы погляд на жыццё, за веды, гумар”.

…Заўважаю на стале ў Таццяны Віктараўны каляровыя паперкі з паэтычнымі радкамі. Гэта яе фішкі да ўрока па “Пунсовых ветразях” Аляксандра Грына. Да пачатку ўрока дзеці выцягваюць іх і аб’ядноўваюцца ў групы адпаведна выбранаму колеру. Частку фішак педагог пакідае ў сябе. Падчас урока, калі бачыць, што хтосьці з вучняў добра адказвае, аддае яму паперкі з цытатамі, а на этапе рэфлексіі прапануе скласці рэмінісцэнцыю, гэта значыць выкарыстаць прапанаваныя выказванні ў выступленні па тэме. Радкі могуць не супадаць па рыфме, але яны тэматычна звязаны. Напрыклад, у цытатах можа выразна прасочвацца біяграфія пісьменніка. Асобу пісьменніка найбольш цікава вывучаць праз факты з яго асабістага жыцця. Не так важна дакладна ведаць, дзе і калі нарадзіўся, ажаніўся і памёр аўтар і іншую даведачную інфармацыю. Не абмяркоўвае настаўніца з вучнямі “жаўтуху” і “бруд”, якія яны знаходзяць у інтэрнэце пра класікаў. У той жа час з радасцю Таццяна Віктараўна будзе размаўляць пра падзеі, якія так ці інакш знайшлі адлюстраванне ў творчасці пісьменніка. Або калі яго творчасць аказала ўплыў на яго лёс ці лёс іншых людзей. Кранальная гісторыя адбылася паміж Марлен Дзітрых і Канстанцінам Паўстоўскім. Што магло звязваць галівудскую зорку і рускага пісьменніка? Марлен Дзітрых прыехала з канцэртам у Маскву і нечакана для ўсіх сказала, што марыць убачыць савецкага пісьменніка Канстанціна Паўстоўскага. Увечары на сцэну выйшаў, ледзь хістаючыся, худы і стары чалавек. Легендарная зорка моўчкі стала перад ім на калені і пацалавала яго руку, заліваючыся слязьмі. Марлен патлумачыла, што самай вялікай літаратурнай падзеяй у сваім жыцці лічыць апавяданне “Тэлеграма”. Чаму менавіта гэты твор аказаў такі ўплыў на артыстку? Адказ, напэўна, варта пашукаць у яе біяграфіі.


У мінулым годзе Таццяна Віктараўна атрымала кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”. Падчас здачы адпаведнага экзамену прадстаўляла вопыт “Мадэль навучання вуснаму выказванню як сродак фарміравання камунікатыўнай кампетэнцыі навучэнцаў 5—8 класаў”. Сёння педагог чытае лекцыі для сваіх калег у МГІРА і АПА. У 2012 годзе атрымала прэмію Мінгарвыканкама, а нядаўна падчас конкурсу “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ўзнагароджана дыпломам І ступені ў намінацыі “Разумнае. Добрае. Вечнае”.

Надзея ЦЕРАХАВА.