На мінулым тыдні ў Мінску прайшла XVII Рэспубліканская выстава “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”. Установы адукацыі ўсіх узроўняў шырока прадставілі ўласныя напрацоўкі ў галіне прафарыентацыі: на выставачнай тэрыторыі ў рэжыме нон-стоп дзейнічалі майстэрні, майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі. Наведвальнікі выставы (пераважна школьнікі) маглі паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі, прайсці прафесійную кансультацыю і атрымаць парады спецыялістаў.
Завяршэннем трохдзённай выставы стала ўніверсітэцкая субота. Кожная ўстанова вышэйшай адукацыі пастаралася акцэнтаваць увагу на сваёй унікальнасці, разнастайнасці адукацыйных прапаноў і асаблівасцях студэнцкага жыцця.
“Стараемся прыцягнуць моладзь не ва ўніверсітэт, а ў адукацыю”
На стэндзе БДУ можна было азнаёміцца з работай студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і школ юных: школай будучага мытніка, школай юнага гісторыка, школай юнага матэматыка і інфарматыка і іншымі (іх ва ўніверсітэце 15). Акрамя таго, былі прадстаўлены папулярныя маладзёжныя акцыі “Універсітэт — твой крок у будучыню”, “Студэнт на тыдзень”, “Навука на пальцах”.
Прадстаўнікі ўніверсітэта дэманстравалі наведвальнікам выставы цэлы комплекс прафарыентаваных інфармацыйных рэсурсаў: сайт “Абітурыент БДУ”, вэб-сервіс “Гід першакурсніка БДУ”, віртуальны цэнтр фарміравання навуковых кампетэнцый студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і маладых выкладчыкаў БДУ, навукова-папулярны інтэрнэт-часопіс “UniverScienсe: пра навуку — цікава”.
Для абітурыентаў супрацоўнікі псіхалагічнай службы БДУ падрыхтавалі інавацыйную методыку “Прафарыентацыйны кантэнт” і прафарыентацыйную экспрэс-дыягностыку. Гэта ўнікальныя распрацоўкі ўніверсітэцкіх спецыялістаў, якія дапамагаюць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі шляхам устанаўлення ўзаемасувязі пераваг рэспандэнта з яго асобаснымі якасцямі.
“Мы стараемся адкрыць прафарыентацыю з новага боку, — заўважыў начальнік псіхалагічнай службы БДУ Руслан Пятровіч Папок. — Не проста сарыентаваць маладога чалавека на тую ці іншую прафесію (гэта могуць зрабіць бацькі ці нават адмысловыя тэсты), а паказаць, наколькі ён актуальны ў гэтай прафесіі”.
Методыка дзейнічае наступным чынам. Спачатку абітурыент выбірае на плакаце тыя прафесіі, якія яму падабаюцца, — гэта дазваляе вызначыць, якія сферы дзейнасці блізкія яму па характары. Часта гэта могуць быць, здавалася б, несумяшчальныя сферы, напрыклад, журналіст і матэматык. Потым абітурыенту прапаноўваецца перайсці да кубікаў выбару, якія раскрываюць моцныя і слабыя бакі яго асобы. Пасля гэтага адбываецца экспрэс-дыягностыка і кансультаванне, дзе маладому чалавеку раскажуць, як ён можа рэалізаваць сябе ў той ці іншай сферы дзейнасці; як трэба працаваць над сабой, каб свае слабыя бакі ператварыць у моцныя; як на гэтым этапе, яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт, убачыць сябе ў пэўнай прафесіі, прычым убачыць паспяховым чалавекам, грунтуючыся на сваіх асабістых даных.
“Звычайныя тэсты паказваюць тое, што чалавек, як правіла, і так ведае, — тлумачыць Руслан Папок. — Мы стараемся паказаць тыя бакі, якія чалавек не заўважаў за сабой, але яны ёсць у ім. Многія сядзяць за камп’ютарам і бачаць сябе ў будучыні айцішнікамі, а мы гаворым: “Усё ўказвае на тое, што ты добра ўзаемадзейнічаеш з людзьмі. Ты спрабаваў браць інтэрв’ю?” Кажа, што спрабаваў у інтэрнэце. “А ты паспрабуй ужывую!”. Многія замыкаюцца ў сабе, абмяжоўваюцца пэўнымі сферамі і нават не спрабуюць выйсці ў шырокі свет. А мы хочам пашырыць магчымасці людзей. І вось гэтыя кубікі дазваляюць убачыць сябе па-новаму”.
Згаданая методыка выкарыстоўвалася летась падчас Універсітэцкай суботы і сёлета — на фестывалі факультэтаў БДУ. Кожны раз яна выклікае вялікую зацікаўленасць у абітурыентаў. А вынікам экспрэс-дыягностыкі заўсёды бывае здзіўленне.
“Пры гэтым мы стараемся ні ў якім разе не заблытаць маладога чалавека, — гаворыць Руслан Пятровіч. — Насамрэч, не так важна, што ён выбраў. Калі вызначыўся, што будзе паступаць на матэматычны факультэт, — калі ласка! Аднак гэта не значыць, што ён будзе абмежаваны матэматыкай па жыцці. Ён можа стаць эканамістам, лагістам, журналістам… ды кім хочаце. Адукацыя — гэта пляцоўка для жыццёвага старту, і трэба паклапаціцца, каб яна была добрай і надзейнай”.
Адметна, што прайсці прафарыентацыйную экспрэс-дыягностыку хацелі не толькі абітурыенты БДУ, але і тыя, хто збіраецца паступаць у іншыя ўніверсітэты, і нават студэнты. Маладым людзям цікава як мага больш даведацца пра сябе.
“Хачу заўважыць, што мы не цягнем коўдру на сябе і не заклікаем усіх паступаць менавіта ў БДУ, хаця ў нас для кожнага знойдзецца адпаведная спецыяльнасць, — заўважыў Руслан Папок. — Наша задача — прыцягнуць моладзь не ва ўніверсітэт, а ў адукацыю”.
Інтэрнат у на ўвесь тэрмін навучання і без аніякіх рэйтынгаў
У рамках выставы супрацоўнікі і студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прэзентавалі наведвальнікам праекты “Інвестыцыйныя прапановы ў галіне раслінаводства” і “Экадом”, правялі віртуальную экскурсію па сваёй установе, расказвалі пра спецыяльнасці факультэтаў.
На ўніверсітэцкім стэндзе быў праведзены майстар-клас па вырабе тапіярыяў. Жадаючыя маглі патрэніраваць уласную маторыку з выкарыстаннем эргатэрапеўтычнага і рэабілітацыйнага абсталявання, створанага ва ўніверсітэце. Будучыя банкіры прадэманстравалі “Гід па карце MasterCard”, прадставілі праекты “Азбука грошай”, а таксама арганізавалі работу інтэрактыўнай пляцоўкі “Чэмпіён”, дзе можна было вызначыць псіхафізіялагічныя параметры арганізма з дапамогай полірэгістратара. Кожны жадаючы змог прайсці камп’ютарнае прафарыентацыйнае тэсціраванне “Твой прафесійны выбар”.
“Наш універсітэт малады, і, натуральна, мы скарысталіся шансам заявіць пра сябе, бо нашы магчымасці не горшыя, чым у сталічных устаноў вышэйшыя адукацыі”, — гаворыць намеснік дэкана факультэта банкаўскай справы Алена Аляксандраўна Хрусь.
У Палескім дзяржаўным універсітэце, які быў створаны ў Пінску 11 гадоў назад, 4 факультэты: банкаўскай справы, эканамічны, біятэхналагічны і арганізацыі здаровага ладу жыцця. І, як падкрэсліваюць супрацоўнікі ўніверсітэта, яшчэ ніводзін выпускнік не застаўся без першага месца працы.
“Сярод нашых студэнтаў ёсць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, — працягвае Алена Аляксандраўна. — Акрамя пінчан, шмат моладзі з Гродзеншчыны і Гомельшчыны, а ў апошнія гады і з Віцебшчыны. Нярэдкія выпадкі, калі на вучобу ў Пінск паступаюць маладыя людзі з Мінска. Мы заўважаем, што ўжо з’явіліся пэўныя сямейныя традыцыі: старэйшыя дзеці адвучыліся, і бацькі, ацаніўшы ўсе нашы магчымасці, накіроўваюць на вучобу ў Пінск іх меншых братоў і сясцёр”.
Алена Аляксандраўна расказвае, што Палескі дзяржаўны ўніверсітэт гэтак жа, як сталічныя ўніверсітэты, праводзіць алімпіяды для студэнтаў, удзельнічае ў конкурсах і выйграе гранты, вядзе навуковыя даследаванні. А студэнты тут жывуць вельмі багатым, насычаным жыццём.
“Усе іншагароднія студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта на ўвесь тэрмін навучання без аніякіх рэйтынгаў забяспечваюцца добраўпарадкаваным інтэрнатам, — гаворыць Алена Хрусь. — Яшчэ адной асаблівасцю ўніверсітэта з’яўляецца наяўнасць уласнага вучэбна-медыцынскага цэнтра і санаторыя-прафілакторыя. Гэта дазваляе студэнтам сачыць за здароўем і падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме”.
“У нас размаўляюць на 22 мовах”
Стэнд Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта прыцягваў увагу наведвальнікаў выставы здалёк. Тут прадстаўлялі не толькі адукацыйныя магчымасці, але і розныя краіны, гутарылі на розных мовах. Кожны факультэт праводзіў цікавыя віктарыны, майстар-класы, студэнты спявалі, гасцей забаўлялі акцёры тэатра пантамімы МДЛУ “Мімы спяшаюцца на дапамогу”.
“У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце 6 факультэтаў: 4 — выкладчыцкія (англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай моў), перакладчыцкі факультэт і факультэт міжкультурных камунікацый. На апошніх двух рыхтуюць перакладчыкаў і перакладчыкаў-рэферэнтаў”, — прыгожыя, як мадэлі, студэнткі ахвотна расказвалі наведвальнікам выставы пра ўніверсітэт.
“Што да новаўвядзенняў, то сёлета, здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне па англійскай мове, можна паступіць у МДЛУ і ўжо з 1 курса на перакладчыцкім факультэце, а таксама на факультэце англійскай мовы, вывучаць кітайскую ў якасці першай мовы, — паведаміла студэнтка 4 курса перакладчыцкага факультэта Вікторыя Барысевіч. — Пры гэтым англійскую можна працягваць вывучаць у якасці другой мовы — і гэта вялікая перавага, бо на выпуску можна будзе валодаць дзвюма вельмі папулярнымі мовамі. Акрамя таго, на перакладчыцкім факультэце ў якасці першай мовы можна вывучаць не толькі кітайскую, але і японскую мову”.
Дарэчы, сёння ў МДЛУ выкладаюцца 22 мовы, у тым ліку арабская, персідская, шведская, венгерская, іўрыт, урду, хіндзі і інш. Ва ўніверсітэце ёсць кафедра трэцяй замежнай мовы, якая вельмі папулярная сярод студэнтаў.
“Студэнты часта выбіраюць для вывучэння даволі рэдкія мовы, і на гэта ёсць розныя прычыны, — тлумачыць Вікторыя Барысевіч. — Хтосьці вельмі любіць пэўную краіну і хоча вывучыць мову, на якой там размаўляюць. У кагосьці меркантыльныя інтарэсы, бо чым больш рэдкая мова, тым больш запатрабаваны спецыялісты, якія ёй валодаюць, тым вышэйшы ганарар за пераклад”.
Дарэчы, у МДЛУ могуць расказаць цэлы шэраг гісторый, калі студэнты не спыняліся на праграмным мінімуме, а за час навучання ва ўніверсітэце ўмудраліся вывучыць тры і нават больш моў.
“Зараз я вывучаю тры замежныя мовы: першая — англійская, другая — італьянская і трэцяя — партугальская. А ўчора ў нас тут была прэзентацыя факультэта нямецкай мовы, і я зразумела, што хачу вывучыць яшчэ і нямецкую”, — гаворыць Вікторыя.
“Ва ўніверсітэце ёсць многа спецыялізацый: руская мова як замежная, беларуская мова як замежная, камп’ютарная лінгвістыка, замежная літаратура, рыторыка, краіназнаўства, — расказвае старшы выкладчык кафедры гісторыі і граматыкі англійскай мовы Алена Платонаўна Канчакова. — А некалькі гадоў назад у нас з’явілася такая спецыялізацыя, як артафанія — навучанне замежнай мове дзяцей з аслабленым слыхам. Гэта вельмі патрэбны напрамак, бо ўсе людзі, незалежна ад асаблівасцей здароўя, хочуць і павінны мець магчымасць вывучаць замежную мову”.
Адным з найбольш частых пытанняў, што задавалі наведвальнікі выставы супрацоўнікам і студэнтам лінгвістычнага ўніверсітэта, было пытанне пра замежныя стажыроўкі.
“У нас шмат праграм абмену з рознымі краінамі, асабліва па праграме Эразмус+, — гаворыць Алена Платонаўна. — Вельмі актыўна развіваюцца сувязі з Кітаем. Студэнты маюць рэальную магчымасць выехаць на стажыроўку ў Паднябесную. Многія паступаюць у кітайскія ўніверсітэты ў магістратуру і нават у аспірантуру. Дзякуючы вялікай колькасці моў, якія ў нас вывучаюцца, ёсць вельмі шмат краін, дзе нашы студэнты могуць стажыравацца і працаваць”.
“ІТ у для ўсіх”
На цяперашняй выставе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі прадстаўляў канцэпцыю “Адукацыя — праз усё жыццё”: пачынаючы Акадэміяй інфарматыкі для школьнікаў, якая дзейнічае пры БДУІР, і заканчваючы Мінскім універсітэтам трэцяга ўзросту, з якім БДУІР таксама цесна супрацоўнічае. Разам яны вучаць людзей старэйшага пакалення карыстацца камп’ютарам, мабільнымі ўстройствамі, інтэрнэтам, што дазваляе ім праз скайп і іншыя сацыяльныя сеткі кантактаваць паміж сабой і са сваякамі, заказаць дастаўку праз інтэрнэт-крамы і г.д.
“Што да прыёму, то асаблівасцю нашага ўніверсітэта з’яўляецца электронная сістэма залічэння, — расказвае начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Уладзімір Генадзьевіч Гаравы. — Абітурыент можа ўказаць у заяве любую колькасць спецыяльнасцей у парадку прыярытэту (на тэхнічным профілі іх у нас 32), і калі ён не праходзіць па конкурсе на першую ў спісе спецыяльнасць, то аўтаматычна ўдзельнічае ў конкурсе на другую (трэцюю, чацвёртую і г.д.). Гэта значыць, калі ён указаў усе спецыяльнасці, то шанс, што ён не застанецца за бортам, а будзе залічаны ва ўніверсітэт, вельмі высокі”.
“Хачу звярнуць увагу на адносна новую спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)”, якая была адкрыта тры гады назад (кваліфікацыя “інжынер — сістэмны праграміст — геймдызайнер”), — гаворыць Уладзімір Генадзьевіч. — Акрамя таго, сёлета на інжынерна-эканамічным факультэце адбудзецца першы выпуск спецыяльнасцей “Эканоміка электроннага бізнесу” (кваліфікацыя “эканаміст-праграміст”) і “Электронны маркетынг” (кваліфікацыя “маркетолаг-праграміст”). Стапрацэнтнае працаўладкаванне выпускнікоў сведчыць пра тое, што такія спецыялісты запатрабаваны”.
Камерная. І ва ўсіх сэнсах унікальная
Самая камерная ўстанова вышэйшай адукацыі — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў — плануе прыняць за кошт бюджэту 120 чалавек і амаль удвая менш (64) на ўмовах аплаты.
“Сёлета мы будзем весці прыём на амаль што ўнікальныя спецыяльнасці: “Мастацтвазнаўства (арганізацыя тэатральнай дзейнасці)” і “Мастацтвазнаўства (кінатэледраматургія)” — набор на іх ажыццяўляецца раз у чатыры гады. Акрамя таго, пасля значнага перапынку зноў абвешчаны прыём на спецыяльнасць “Дызайн (экспазіцыйны)”, — паведаміў дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў акадэміі Андрэй Вячаслававіч Анісько.
БНТУ: свята навуковай творчасці
Ля стэнда БНТУ ўсе тры дні было вельмі шматлюдна. Увагу наведвальнікаў выставы прыцягваў побытавы змяшальнік, распрацаваны і выраблены студэнтамі факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, які рабіў фруктовыя кактэйлі. У розныя кантэйнеры змяшчаліся сокі, і карыстальнікі з дапамогай спецыяльнай праграмы самі выбіралі, у якой прапорцыі іх трэба змяшаць. Кожны атрымліваў свой, у пэўным сэнсе ўнікальны, напой.
Як заўсёды, цікавасць выклікалі 3D-прынтары, прызначаныя для вырабу трохмерных мадэлей шырокага спектра прымянення. Распрацаваная з удзелам студэнтаў факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі лінейка 3D-прынтараў дазваляе праектаваць і ствараць розныя мадэлі для будаўніцтва, харчовай прамысловасці і адукацыі. Напрыклад, на выставе дэманстраваўся друк вырабаў з пластмасы і шакаладу.
Таксама на выставе быў прадстаўлены шэраг робататэхнічных устройстваў, створаных студэнтамі машынабудаўнічага факультэта БНТУ.
“Нашы студэнты займаюцца і праграмаваннем софта, і распрацоўкай жалеза, а таксама сістэмы аўтаматызаванага праектавання, — расказвае студэнт 4 курса спецыяльнасці “Камп’ютарная мехатроніка” машынабудаўнічага факультэта Дзмітрый Трыфанкоў. — Калі нашым студэнтам паставіць задачу зрабіць праект робата, пачынаючы камп’ютарным мадэляваннем і заканчваючы апошняй шрубкай і апошняй кропкай у праграмным кодзе, — то яны здольны гэта зрабіць”.
Сёння студэнты спецыяльнасці “Камп’ютарная мехатроніка” займаюцца навуковай творчасцю на базе ўласнай лабараторыі пры кафедры тэарэтычнай механікі. Іх намаганнямі ўжо створаны вучэбны робат, да якога распрацаваны софт і напісаны падручнік. З іх дапамогай навучэнцы любых устаноў адукацыі, у тым ліку ўніверсітэтаў, якія пачынаюць займацца робататэхнікай, могуць асвоіць гэтую справу. Акрамя таго, на згаданых робатах праводзяцца спаборніцтвы. Таксама студэнты зрабілі дрон, які па многіх характарыстыках пераўзыходзіць іншыя квадракоптары.
“Выпускнікі нашай спецыяльнасці сапраўдныя ўніверсалы, — гаворыць Дзмітрый Трыфанкоў. — Яны працуюць не толькі ў галіне робататэхнікі, але і інжынерамі, праграмістамі, вырашаюць праблемы пратэзавання (прычым робяць не проста статычныя пратэзы, а ствараюць вельмі складаныя механізмы)”.
Увагу наведвальнікаў выставы прыцягнуў майстар-клас па каліграфіі, які давалі выкладчыкі з Кітая, што працуюць у Інстытуце Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ. На заказ людзей яны пісалі па-мастацку аформленыя пажаданні — здароўя, кахання, росквіту, дабрабыту…
“Хачу паведаміць, што з гэтага года нароўні з усімі замежнымі мовамі ў нашым універсітэце будзе выкладацца кітайская мова, — заўважыў першы прарэктар БНТУ Георгій Аляксандравіч Вяршына. — Яе могуць выбраць для вывучэння ўсе без выключэння першакурснікі. Ужо сфарміраваны адпаведныя кафедры, распрацаваны праграмы, падрыхтаваны выкладчыцкі склад. Вельмі важна, што ўхіл будзе зроблены на тэхнічную кітайскую мову, якая можа быць вельмі карыснай для будучых інжынераў і адкрые перад імі новыя магчымасці”.
Інстытуты Канфуцыя дзейнічаюць у 129 краінах, але ўсе яны — гуманітарнай скіраванасці. Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ, адкрыты ў 2013 годзе, першы і пакуль адзіны ў свеце.
Сёння БНТУ праз навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік” рэалізоўвае цэлы шэраг сур’ёзных праектаў з кітайскімі партнёрамі, выконваючы вялікі аб’ём экспартных паслуг. Рэалізуюцца цікавыя адукацыйныя праграмы, студэнты БНТУ нярэдка выязджаюць па абмене на вучобу ў Кітай, прычым на стыпендыі кітайскага боку.
Што да прыёмнай кампаніі ў БНТУ, то сёлета кантрольныя лічбы прыёму засталіся на ўзроўні мінулага года. На бюджэтную форму падрыхтоўкі тут плануецца прыняць 2514 чалавек (усяго, з улікам платнікаў, — 4382 чалавекі).
“Сёлета ў нас вызначаны 5 спецыяльнасцей, на якія медалісты змогуць паступаць без уступных экзаменаў: “Тэхналогія машынабудавання”, “Матэрыялазнаўства”, “Прафесійнае навучанне”, “Ліцейная вытворчасць” і “Тэхналогія абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці”, — паведаміў Георгій Аляксандравіч Вяршына. — Сёння абітурыенты выбіраюць найперш камп’ютары і праграмаванне, а пра згаданыя спецыяльнасці часта думаюць, што яны нейкія састарэлыя. Але хачу вас запэўніць, што гэта не так. Сёння “Матэрыялазнаўства” — гэта і інфармацыйныя тэхналогіі, і нанаматэрыялы, і ўсё тое, што знаходзіцца на перадавой тэхнічнага прагрэсу. Тое ж магу сказаць і пра іншыя нашы спецыяльнасці. Таму мы чакаем да нас і медалістаў, і алімпіяднікаў, і ўвогуле ўсіх, каго прываблівае навука і тэхніка”.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.