Універсітэцкая субота: стаўка на разнастайнасць

- 10:44Выбар прафесіі

На мінулым тыдні ў Мінску прайшла XVII Рэспубліканская выстава “Правільны прафесійны выбар — упэўненая будучыня маладога пакалення!”. Установы адукацыі ўсіх узроўняў шырока прадставілі ўласныя напрацоўкі ў галіне прафарыентацыі: на выставачнай тэрыторыі ў рэжыме нон-стоп дзейнічалі майстэрні, майстар-класы і інтэрактыўныя пляцоўкі. Наведвальнікі выставы (пераважна школьнікі) маглі паспрабаваць сябе ў той ці іншай прафесіі, прайсці прафесійную кансультацыю і атрымаць парады спецыялістаў.

Завяршэннем трохдзённай выставы стала ўніверсітэцкая субота. Кожная ўстанова вышэйшай адукацыі пастаралася акцэнтаваць увагу на сваёй унікальнасці, разнастайнасці адукацыйных прапаноў і асаблівасцях студэнцкага жыцця.

“Стараемся прыцягнуць моладзь не ва ўніверсітэт, а ў адукацыю”

На стэндзе БДУ можна было азнаёміцца з работай студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый і школ юных: школай будучага мытніка, школай юнага гісторыка, школай юнага матэматыка і інфарматыка і іншымі (іх ва ўніверсітэце 15). Акрамя таго, былі прадстаўлены папулярныя маладзёжныя акцыі “Універсітэт — твой крок у будучыню”, “Студэнт на тыдзень”, “Навука на пальцах”.


Прадстаўнікі ўніверсітэта дэманстравалі наведвальнікам выставы цэлы комплекс прафа­рыентаваных інфармацыйных рэсурсаў: сайт “Абітурыент БДУ”, вэб-сервіс “Гід першакурсніка БДУ”, віртуальны цэнтр фарміравання навуковых кампетэнцый студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і маладых выкладчыкаў БДУ, навукова-папулярны інтэрнэт-часопіс “UniverScienсe: пра навуку — цікава”.

Для абітурыентаў супрацоўнікі псіхалагічнай службы БДУ падрыхтавалі інавацыйную методыку “Прафарыентацыйны кантэнт” і прафарыентацыйную экспрэс-дыягностыку. Гэта ўнікальныя распрацоўкі ўніверсітэцкіх спецыялістаў, якія дапамагаюць вызначыцца з выбарам будучай прафесіі шляхам устанаўлення ўзаемасувязі пераваг рэспандэнта з яго асобаснымі якасцямі.

“Мы стараемся адкрыць прафарыентацыю з новага боку, — заўважыў начальнік псіхалагічнай службы БДУ Руслан Пятровіч Папок. — Не проста сарыентаваць маладога чалавека на тую ці іншую прафесію (гэта могуць зрабіць бацькі ці нават адмысловыя тэсты), а пака­заць, наколькі ён актуальны ў гэтай прафесіі”.


Методыка дзейнічае наступным чынам. Спачатку абітурыент выбірае на плакаце тыя прафесіі, якія яму падабаюцца, — гэта дазваляе вызначыць, якія сферы дзейнасці блізкія яму па характары. Часта гэта могуць быць, здавалася б, несумяшчальныя сферы, напрыклад, журналіст і матэматык. Потым абітурыенту прапаноўваецца перайсці да кубікаў выбару, якія раскрываюць моцныя і слабыя бакі яго асобы. Пасля гэтага адбываецца экспрэс-дыягностыка і кансультаванне, дзе маладому чалавеку раскажуць, як ён можа рэалізаваць сябе ў той ці іншай сферы дзейнасці; як трэба працаваць над сабой, каб свае слабыя бакі ператварыць у моцныя; як на гэтым этапе, яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт, убачыць сябе ў пэўнай прафесіі, прычым убачыць паспяховым чалавекам, грунтуючыся на сваіх асабістых даных.

“Звычайныя тэсты паказваюць тое, што чалавек, як правіла, і так ведае, — тлума­чыць Руслан Папок. — Мы стараемся паказаць тыя бакі, якія чалавек не заўважаў за сабой, але яны ёсць у ім. Многія ся­дзяць за камп’ютарам і бачаць сябе ў будучыні айцішнікамі, а мы гаворым: “Усё ўказвае на тое, што ты добра ўзаемадзейнічаеш з людзь­мі. Ты спрабаваў браць інтэрв’ю?” Кажа, што спрабаваў у інтэрнэце. “А ты паспрабуй ужывую!”. Многія замыкаюцца ў сабе, абмяжоўваюцца пэўнымі сферамі і нават не спрабуюць выйсці ў шырокі свет. А мы хочам пашырыць магчымасці людзей. І вось гэтыя кубікі дазваляюць убачыць сябе па-новаму”.

Згаданая методыка выкарыстоўвалася летась падчас Універсітэцкай суботы і сёлета — на фестывалі факультэтаў БДУ. Кожны раз яна выклікае вялікую зацікаўленасць у абітурыентаў. А вынікам экспрэс-дыягностыкі заўсёды бывае здзіўленне.


“Пры гэтым мы стараемся ні ў якім разе не заблытаць маладога чалавека, — гаворыць Руслан Пятровіч. — Насамрэч, не так важна, што ён выбраў. Калі вызначыўся, што будзе паступаць на матэматычны факультэт, — калі ласка! Аднак гэта не значыць, што ён будзе абмежаваны матэматыкай па жыцці. Ён можа стаць эканамістам, лагістам, журналістам… ды кім хочаце. Адукацыя — гэта пляцоўка для жыццёвага старту, і трэба паклапаціцца, каб яна была добрай і надзейнай”.

Адметна, што прайсці прафарыентацыйную экспрэс-дыягностыку хацелі не толькі абітурыенты БДУ, але і тыя, хто збіраецца паступаць у іншыя ўніверсітэты, і нават студэнты. Маладым людзям цікава як мага больш даведацца пра сябе.

“Хачу заўважыць, што мы не цягнем коўдру на сябе і не заклікаем усіх пасту­паць менавіта ў БДУ, хаця ў нас для кожнага знойдзецца адпаведная спецыяльнасць, — заў­важыў Руслан Папок. — Наша задача — прыцягнуць моладзь не ва ўніверсітэт, а ў адукацыю”.

Інтэрнат у на ўвесь тэрмін навучання і без аніякіх рэйтынгаў

У рамках выставы супрацоўнікі і студэн­ты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прэзентавалі наведвальнікам праекты “Інвестыцыйныя прапановы ў галіне раслінаводства” і “Экадом”, правялі віртуальную экскурсію па сваёй установе, расказвалі пра спецыяльнасці факультэтаў.

На ўніверсітэцкім стэндзе быў праведзены майстар-клас па вырабе тапіярыяў. Жадаючыя маглі патрэніраваць уласную маторыку з выкарыстаннем эргатэрапеўтычнага і рэабілітацыйнага абсталявання, створанага ва ўніверсітэце. Будучыя банкіры прадэманстравалі “Гід па карце MasterCard”, прадставілі праекты “Азбука грошай”, а таксама арганізавалі работу інтэрактыўнай пляцоўкі “Чэмпіён”, дзе можна было вызначыць псіхафізіялагічныя параметры арганізма з дапамогай полірэгістратара. Кожны жадаючы змог прайсці камп’ютарнае прафарыентацыйнае тэсціраванне “Твой прафесійны выбар”.


“Наш універсітэт малады, і, натуральна, мы скарысталіся шансам заявіць пра сябе, бо нашы магчымасці не горшыя, чым у сталічных устаноў вышэйшыя адукацыі”, — гаворыць намеснік дэкана факультэта банкаўскай справы Алена Аляксандраўна Хрусь.

У Палескім дзяржаўным універсітэце, які быў створаны ў Пінску 11 гадоў назад, 4 факультэты: банкаўскай справы, эканамічны, біятэхналагічны і арганізацыі здаровага ладу жыцця. І, як падкрэсліваюць супрацоўнікі ўніверсітэта, яшчэ ніводзін выпускнік не застаўся без першага месца працы.

“Сярод нашых студэнтаў ёсць прадстаўнікі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, — працягвае Алена Аляксандраўна. — Акрамя пінчан, шмат моладзі з Гродзеншчыны і Гомельшчыны, а ў апошнія гады і з Віцебшчыны. Нярэдкія выпадкі, калі на вучобу ў Пінск паступа­юць маладыя людзі з Мінска. Мы заўважаем, што ўжо з’явіліся пэўныя сямейныя традыцыі: старэйшыя дзеці адвучыліся, і бацькі, ацаніўшы ўсе нашы магчымасці, накіроўва­юць на вучобу ў Пінск іх меншых братоў і сясцёр”.

Алена Аляксандраўна расказвае, што Палескі дзяржаўны ўніверсітэт гэтак жа, як сталічныя ўніверсітэты, праводзіць алімпіяды для студэнтаў, удзельнічае ў конкурсах і выйграе гранты, вядзе навуковыя даследаванні. А студэнты тут жывуць вельмі багатым, насычаным жыццём.


“Усе іншагароднія студэнты Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта на ўвесь тэрмін навучання без аніякіх рэйтынгаў забяспечваюцца добраўпарадкаваным інтэрнатам, — гаворыць Алена Хрусь. — Яшчэ адной асаблівасцю ўніверсітэта з’яўляецца наяўнасць уласнага вучэбна-медыцынскага цэнтра і санаторыя-прафілакторыя. Гэта дазваляе студэнтам сачыць за здароўем і падтрымліваць сябе ў добрай фізічнай форме”.

“У нас размаўляюць на 22 мовах”

Стэнд Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта прыцягваў увагу наведвальнікаў выставы здалёк. Тут прадстаўлялі не толькі адукацыйныя магчымасці, але і розныя краіны, гутарылі на розных мовах. Кожны факультэт праводзіў цікавыя віктарыны, майстар-класы, студэн­ты спявалі, гасцей забаўлялі акцёры тэатра пантамімы МДЛУ “Мімы спяшаюцца на дапамогу”.

“У Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце 6 факультэтаў: 4 — выкладчыцкія (англійскай, французскай, нямецкай, іспанскай моў), перакладчыцкі факультэт і факультэт міжкультурных камунікацый. На апошніх двух рыхтуюць перакладчыкаў і перакладчыкаў-рэферэнтаў”, — прыгожыя, як мадэлі, студэнткі ахвотна расказвалі наведвальнікам выставы пра ўніверсітэт.

“Што да новаўвядзенняў, то сёлета, здаўшы цэнтралізаванае тэсціраванне па анг­лійскай мове, можна паступіць у МДЛУ і ўжо з 1 курса на перакладчыцкім факультэце, а таксама на факультэце англійскай мовы, вывучаць кітайскую ў якасці першай мовы, — паведаміла студэнтка 4 курса перакладчыцкага факультэта Вікторыя Барысевіч. — Пры гэтым англійскую можна працягваць выву­чаць у якасці другой мовы — і гэта вялікая перавага, бо на выпуску можна будзе валодаць дзвюма вельмі папулярнымі мовамі. Акрамя таго, на перакладчыцкім факультэце ў якасці першай мовы можна вывучаць не толькі кітайскую, але і японскую мову”.

Дарэчы, сёння ў МДЛУ выкладаюцца 22 мовы, у тым ліку арабская, персідская, шведская, венгерская, іўрыт, урду, хіндзі і інш. Ва ўніверсітэце ёсць кафедра трэцяй замежнай мовы, якая вельмі папулярная сярод студэн­таў.

“Студэнты часта выбіраюць для вывучэння даволі рэдкія мовы, і на гэта ёсць розныя прычыны, — тлумачыць Вікторыя Барысевіч. — Хтосьці вельмі любіць пэўную краіну і хоча вывучыць мову, на якой там размаўляюць. У кагосьці меркантыльныя інтарэсы, бо чым больш рэдкая мова, тым больш запатрабаваны спецыялісты, якія ёй валодаюць, тым вышэйшы ганарар за пераклад”.

Дарэчы, у МДЛУ могуць расказаць цэлы шэраг гісторый, калі студэнты не спыняліся на праграмным мінімуме, а за час навучання ва ўніверсітэце ўмудраліся вывучыць тры і нават больш моў.

“Зараз я вывучаю тры замежныя мовы: першая — англійская, другая — італьянская і трэцяя — партугальская. А ўчора ў нас тут была прэзентацыя факультэта нямецкай мовы, і я зразумела, што хачу вывучыць яшчэ і нямецкую”, — гаворыць Вікторыя.

“Ва ўніверсітэце ёсць многа спецыялізацый: руская мова як замежная, беларуская мова як замежная, камп’ютарная лінгвістыка, замежная літаратура, рыторыка, краіназнаўства, — расказвае старшы выкладчык кафедры гісторыі і граматыкі англійскай мовы Алена Платонаўна Канчакова. — А некалькі гадоў назад у нас з’явілася такая спецыялізацыя, як артафанія — навучанне замежнай мове дзяцей з аслабленым слыхам. Гэта вельмі патрэбны напрамак, бо ўсе лю­дзі, незалежна ад асаблівасцей здароўя, хочуць і павінны мець магчымасць вывучаць замежную мову”.

Адным з найбольш частых пытанняў, што задавалі наведвальнікі выставы су­працоўнікам і студэнтам лінгвістычнага ўніверсітэта, было пытанне пра замежныя стажыроўкі.

“У нас шмат праграм абмену з рознымі краінамі, асабліва па праграме Эразмус+, — гаворыць Алена Платонаўна. — Вельмі актыўна развіваюцца сувязі з Кітаем. Студэнты маюць рэальную магчымасць выехаць на стажыроўку ў Паднябесную. Многія паступаюць у кітайскія ўніверсітэты ў магістратуру і нават у аспірантуру. Дзякуючы вялікай колькасці моў, якія ў нас вывучаюцца, ёсць вельмі шмат краін, дзе нашы студэнты могуць стажыравацца і праца­ваць”.

“ІТ у для ўсіх”

На цяперашняй выставе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі прадстаўляў канцэпцыю “Адукацыя — праз усё жыццё”: пачынаючы Акадэміяй інфарматыкі для школьнікаў, якая дзейнічае пры БДУІР, і заканчваючы Мінскім універсітэтам трэцяга ўзросту, з якім БДУІР таксама цесна супрацоўнічае. Разам яны вучаць людзей старэйшага пакалення карыстацца камп’ютарам, мабільнымі ўстройст­вамі, інтэрнэтам, што дазваляе ім праз скайп і іншыя сацыяльныя сеткі кантактаваць паміж сабой і са сваякамі, заказ­аць дастаўку праз інтэрнэт-крамы і г.д.

“Што да прыёму, то асаблівасцю нашага ўніверсітэта з’яўляецца электронная сістэма залічэння, — расказвае начальнік упраў­лення выхаваўчай работы з моладдзю Ула­дзімір Генадзьевіч Гаравы. — Абітурыент можа ўка­заць у заяве любую коль­касць спецыяльнасцей у парадку прыярытэту (на тэхнічным профілі іх у нас 32), і калі ён не праходзіць па конкурсе на першую ў спісе спецыяльнасць, то аўтаматычна ўдзельнічае ў конкурсе на другую (трэцюю, чацвёртую і г.д.). Гэта значыць, калі ён указаў усе спецыяльнасці, то шанс, што ён не застанецца за бортам, а будзе залічаны ва ўніверсітэт, вельмі высокі”.

“Хачу звярнуць увагу на адносна новую спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у гульнявой індустрыі)”, якая была адкрыта тры гады назад (кваліфікацыя “інжынер — сістэмны праграміст — геймдызайнер”), — гаворыць Уладзімір Ге­надзье­віч. — Акрамя таго, сёлета на інжынерна-эканамічным факультэце адбудзецца першы выпуск спецыяльнасцей “Эканоміка электроннага бізнесу” (кваліфікацыя “эканаміст-праграміст”) і “Электронны маркетынг” (кваліфікацыя “маркетолаг-праграміст”). Стапрацэнтнае працаўладкаванне выпускнікоў сведчыць пра тое, што такія спецыялісты запатрабаваны”.

Камерная. І ва ўсіх сэнсах унікальная

Самая камерная ўстанова вышэйшай адукацыі — Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў — плануе прыняць за кошт бюджэту 120 чалавек і амаль удвая менш (64) на ўмовах аплаты.

“Сёлета мы бу­дзем весці прыём на амаль што ўнікальныя спецыяльнасці: “Мастацтвазнаўства (арганізацыя тэатральнай дзейнасці)” і “Мастацтвазнаўства (кінатэледраматургія)” — набор на іх ажыццяўляецца раз у чатыры гады. Акрамя таго, пасля значнага перапынку зноў абвешчаны прыём на спецыяль­насць “Дызайн (экспазіцыйны)”, — паведаміў дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў акадэміі Андрэй Вячаслававіч Анісько.

БНТУ: свята навуковай творчасці

Ля стэнда БНТУ ўсе тры дні было вельмі шматлюдна. Увагу наведвальнікаў выставы прыцягваў побытавы змяшальнік, распрацаваны і выраблены студэнтамі факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі БНТУ, які рабіў фруктовыя кактэйлі. У розныя кантэйнеры змяшчаліся сокі, і карыстальнікі з дапамогай спецыяльнай праграмы самі выбіралі, у якой прапорцыі іх трэба змяшаць. Кожны атрымліваў свой, у пэўным сэнсе ўнікальны, напой.

Як заўсёды, цікавасць выклікалі 3D-прынтары, прызначаныя для вырабу трохмерных мадэлей шырокага спектра прымянення. Распрацаваная з удзелам студэнтаў факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі лінейка 3D-прынтараў дазваляе праектаваць і ствараць розныя мадэлі для будаўніцтва, харчовай прамысловасці і адукацыі. Напрыклад, на выставе дэманстраваўся друк вырабаў з пластмасы і шакаладу.

Таксама на выставе быў прадстаўлены шэраг робататэхнічных устройстваў, створаных студэнтамі машынабудаўнічага факультэта БНТУ.

“Нашы студэнты займаюцца і праграмаваннем софта, і распрацоўкай жалеза, а таксама сістэмы аўтаматызаванага праек­тавання, — расказвае студэнт 4 курса спецыяльнасці “Камп’ютарная мехатроніка” машынабудаўнічага факультэта Дзмітрый Трыфанкоў. — Калі нашым студэнтам паставіць задачу зрабіць праект робата, пачынаючы камп’ютарным мадэляваннем і заканчваючы апошняй шрубкай і апошняй кропкай у праграмным кодзе, — то яны здольны гэта зрабіць”.

Сёння студэнты спецыяльнасці “Камп’ю­тарная мехатроніка” займаюцца навуковай творчасцю на базе ўласнай лабараторыі пры кафедры тэарэтычнай механікі. Іх намаганнямі ўжо створаны вучэбны робат, да якога распрацаваны софт і напісаны падручнік. З іх дапамогай навучэнцы любых устаноў адукацыі, у тым ліку ўніверсітэтаў, якія пачынаюць займацца робататэхнікай, могуць асвоіць гэтую справу. Акрамя таго, на згаданых робатах право­дзяцца спаборніцтвы. Таксама студэнты зрабілі дрон, які па многіх характарыстыках пераўзыходзіць іншыя квадракоптары.

“Выпускнікі нашай спецыяльнасці са­праўдныя ўніверсалы, — гаворыць Дзмітрый Трыфанкоў. — Яны працуюць не толькі ў галіне робататэхнікі, але і інжынерамі, праграмістамі, вырашаюць праблемы пратэзавання (прычым робяць не проста статычныя пратэзы, а ствараюць вельмі складаныя механізмы)”.

Увагу наведвальнікаў выставы прыцягнуў майстар-клас па каліграфіі, які давалі выкладчыкі з Кітая, што працуюць у Інстытуце Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ. На заказ людзей яны пісалі па-мастацку аформленыя пажаданні — здароўя, кахання, росквіту, дабрабыту…

“Хачу паведаміць, што з гэтага года нароўні з усімі замежнымі мовамі ў нашым універсітэце будзе выкладацца кітайская мова, — заўважыў першы прарэктар БНТУ Георгій Аляксанд­равіч Вяршына. — Яе могуць выбраць для вывучэння ўсе без выключэння першакурснікі. Ужо сфарміраваны адпаведныя кафедры, распрацаваны праграмы, падрыхтаваны выкладчыцкі склад. Вельмі важна, што ўхіл бу­дзе зроблены на тэхнічную кітайскую мову, якая можа быць вельмі карыснай для будучых інжынераў і адкрые перад імі новыя магчымасці”.

Інстытуты Канфуцыя дзейнічаюць у 129 краінах, але ўсе яны — гуманітарнай скіраванасці. Інстытут Канфуцыя па навуцы і тэхніцы БНТУ, адкрыты ў 2013 годзе, першы і пакуль адзіны ў свеце.

Сёння БНТУ праз навукова-тэхналагічны парк “Палітэхнік” рэалізоўвае цэлы шэраг сур’ёзных праектаў з кітайскімі партнёрамі, выконваючы вялікі аб’ём экспартных паслуг. Рэалізуюцца цікавыя адукацыйныя праграмы, студэнты БНТУ нярэдка выязджаюць па абмене на вучобу ў Кітай, прычым на стыпендыі кітайскага боку.

Што да прыёмнай кампаніі ў БНТУ, то сёлета кантрольныя лічбы прыёму засталіся на ўзроўні мінулага года. На бюджэтную форму падрыхтоўкі тут плануецца прыняць 2514 чалавек (усяго, з улікам платнікаў, — 4382 чалавекі).

“Сёлета ў нас вызначаны 5 спецыяльнасцей, на якія медалісты змогуць паступаць без уступных экзаменаў: “Тэхналогія машынабудавання”, “Матэрыялазнаўства”, “Прафесійнае навучанне”, “Ліцейная вытворчасць” і “Тэхналогія абсталявання машынабудаўнічай вытворчасці”, — паведаміў Георгій Аляксандравіч Вяршына. — Сёння абітурыенты выбіраюць найперш камп’ютары і праграмаванне, а пра згаданыя спецыяльнасці часта дума­юць, што яны нейкія састарэлыя. Але хачу вас запэўніць, што гэта не так. Сёння “Матэрыялазнаўства” — гэта і інфармацыйныя тэхналогіі, і нанаматэрыялы, і ўсё тое, што знаходзіцца на перадавой тэхнічнага прагрэсу. Тое ж магу сказаць і пра іншыя нашы спецыяльнасці. Таму мы чакаем да нас і медалістаў, і алімпіяднікаў, і ўвогуле ўсіх, каго прываблівае навука і тэхніка”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.