Універсіяда-2016: спартыўны акцэнт на рэгіёны

- 15:45Апошнія запісы, Рознае

Напрыканцы мінулага тыдня ў Пінску на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта пачаліся фінальныя спаборніцтвы рэспубліканскай універсіяды. Толькі ў фінале бяруць удзел больш за 3 тысячы студэнтаў з 52 устаноў вышэйшай адукацыі краіны. Завершацца спаборніцтвы сёння — 24 мая.

Міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што ўпершыню рэспубліканскі фінал найбуйнейшых студэнцкіх спаборніцтваў Беларусі мае такі размах.

— Дзяржава робіць многае для развіцця спорту, найперш стварае ўмовы для заняткаў ім, — адзначыў Міхаіл Анатольевіч. — Сёлета мы зрушылі акцэнты на рэгіянальныя УВА, каб хлопцы і дзяўчаты маглі пазнаёміцца, паглядзець, як жывуць вобласці. Універсіяду-2016 нездарма прымае Пінск — гэта прыклад выдатнага размяшчэння кампусаў і спартыўных пляцовак.

Па словах міністра, сёння большасць студэнтаў выбірае прафесійны ці аматарскі спорт. Некаторыя віды, такія як веласпорт і спартыўная гімнастыка, набываюць у студэнцкім асяроддзі новы віток развіцця.

Пачаўся фінал Рэспубліканскай універсіяды — 2016 са слоў віншавання і натхнення, якія выказалі таксама намеснік міністра адукацыі Віктар Якжык, прадстаўнікі адміністрацыі Пінска і Брэсцкай вобласці, шматразовы рэкардсмен Рэспублікі Беларусь па плаванні студэнт Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Вабішчэвіч.

У рамках цырымоніі адбылося традыцыйнае ўзнагароджанне ўстаноў вышэйшай адукацыі, якія сталі перможцамі Рэспубліканскай універсіяды ў 2015 годзе.

Пераможцам у першай групе стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, на другім месцы — Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, на трэцім — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Лідарамі другой групы сталі Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Лепшымі ў трэцяй групе названы Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Ваенная акадэмія Рэспублікі Беларусь. У чацвёртай групе перможцам стала Акадэмія кіравання пры прэзідэнце, на другім месцы — Беларускі гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі, на трэцім — Гомельскі дзяржаўны інстытут МНС Рэспублікі Беларусь.

Далей свята перамясцілася на цэнтральную плошчу Пінска, дзе адбыліся майстар-класы, фітнес-трэнінгі, у якіх прымалі ўдзел не толькі студэнты, але і жыхары горада. Працягнулася ўніверсіяда спаборніцтвамі па бадмінтоне, плаванні, валейболе, баскетболе. Таксама ў праграме фіналу быў запланаваны лёгкаатлетычны забег.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Аляксандра ШЭЛЕГАВА.