Упэўнены крок у навуку

- 11:17Навіны рэгіёнаў

Сёмы раз сабрала старшакласнікаў — аўтараў лепшых работ даследчага характару навукова-практычная канферэнцыя навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці “Эўрыка”, арганізатарамі якой традыцыйна выступаюць упраўленне адукацыі аблвыканкама разам з ВДУ імя П.М.Машэрава і абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Сёлета канферэнцыя працавала па 11 напрамках: былі прадстаўлены хімія, біялогія, геаграфія, экалогія, фізіка, астраномія, матэматыка, інфарматыка, гісторыя, грамадазнаўства і філалогія. Для педагогаў — навуковых кіраўнікоў працаваў навукова-метадычны семінар “Арганізацыя даследчай дзейнасці навучэнцаў”. Зараз пераможцы “Эўрыкі” рыхтуюцца да ўдзелу ў рэспубліканскай канферэнцыі. Сярод іх — навучэнцы Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.

Работа з адоранымі і здольнымі навучэнцамі, іх пошук, выяўленне і развіццё — адзін з найважнейшых аспектаў дзейнасці школы. Створаная ва ўстанове адукацыі праграма “Адораныя дзеці” прадугледжвае мэтанакіраваную работу з адоранымі навучэнцамі, пачынаючы з пачатковай школы і да ўсвядомленага выбару жыццёвага шляху. Таму ўрочная і пазаўрочная работа будуецца так, каб кожны навучэнец мог праявіць свае магчымасці ў самых розных сферах. З 2005 года ў Ноўкінскай школе дзейнічае навуковае таварыства навучэнцаў “Крок у навуку”, мэтай якога з’яўляецца арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці навучэнцаў для ўдасканалення працэсаў навучання і прафарыентацыі, выяўленне і падтрымка таленавітых і захопленых асновамі навук навучэнцаў, якія імкнуцца да навуковай дзейнасці. Навучэнцы школы пастаянна прымаюць актыўны ўдзел у навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню. Так, у гэтым годзе з чатырох ноўкінскіх школьнікаў — удзельнікаў “Эўрыкі” двое ўвайшлі ў лік пераможцаў і прызёраў: дыпломам І ступені адзначана работа Хрысціны Панцюховай, дыпломам ІІ ступені — работа Уладзіслава Баранава.

Удзел у падобных мерапрыемствах дазваляе навучэнцам узбагаціць свае веды, свой вопыт выступленняў перад аўдыторыяй, развівае ўменне аналізаваць пачутае, вылучаць галоўнае, а таксама спрыяе развіццю навыкаў дыскусіі.

Таццяна БОНДАРАВА;
Юлія ЦЯРЭШЧАНКА,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце
Ноўкінскай сярэдняй школы Віцебскага раёна.