Ура, лета!

- 11:36Дадатковая адукацыя

Навучэнцы Ліды ўсе летнія канікулы маюць магчымасць цікава і карысна праводзіць час у горадзе. Тут актыўна працуюць установы дадатковай адукацыі. Падыходы да арганізацыі летняга адпачынку дзяцей кардынальна змяніліся ў мінулым годзе, калі ўстановы дадатковай адукацыі не адправіліся на канікулы, а сталі працаваць у актыўным рэжыме ўсё лета.

Як адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Кадлубай, праводзілася вялікая арганізацыйная работа, пераглядаліся планы дзейнасці ўстаноў. Работа вялася ў рамках рэалізацыі абласнога праекта “Лета — час адпачынку, сацыяльна значных спраў, асабістага самаўдасканалення”. Гэта дало станоўчыя вынікі. З улікам назапашанага мінулагодняга вопыту цікавую праграму прапаноўваюць установы дадатковай адукацыі і сёлета.

Тэхналета

“Правядзі лета ў стылі тэхна!” — прапанавалі школьнікам Лідскага раёна супрацоўнікі Цэнтра тэхнічнай творчасці.

Дырэктар Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці В.А.Грабоўскі гаворыць, што мінулае лета стала крэатыўным і для супрацоўнікаў цэнтра. Акрамя таго, што было забяспечана штодзённае правядзенне заняткаў аб’яднанняў па інтарэсах, трэба было прыдумаць і арганізаваць мерапрыемствы для вучняў, якія не былі заняты ў гуртках на пастаяннай аснове. Атрымалі станоўчыя водгукі такія формы работы, як гульнявая пляцоўка “Ляці, мадэль!”, спаборніцтвы па кібергульнях, марскі футбол.

Новая форма работы — марскі футбол — вельмі зацікавіла юных наведвальнікаў. Сіламі супрацоўнікаў цэнтра ў двары стварылі басейн, дзе ў футбол гулялі радыёкіруемымі мадэлямі. Дзеці прыходзілі разам з бацькамі, якія таксама азартна ўключаліся ў гульню.

Быў арганізаваны аздараўленчы летнік з дзённым знаходжаннем навучэнцаў “Юны тэхнік”. Штодня каля 100 чалавек наведвала больш за 30 аб’яднанняў па інтарэсах рознай накіраванасці (авія-, ракета-, аўта-, суднамадэльнае, тэхнічнае і пачатковае тэхнічнае мадэляванне, картынг, камп’ютарны спорт, радыёэлектроніка, паперапластыка). Гэтым летам колькасць аб’яднанняў па інтарэсах стала яшчэ большай: у чэрвені і ліпені працуюць 34, на жнівень запланавана работа 32 гурткоў.

— Рыхтавацца да лета-2017 мы пачалі загадзя, — расказвае дырэктар Лідскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці Валерый Адамавіч Грабоўскі. — Наладзілі кантакты з усімі школамі горада. Адправілі нашы планы, якія былі размешчаны на сайтах устаноў адукацыі, каб кожны жадаючы — дзеці, іх бацькі, настаўнікі — мог выбраць для сябе аб’яднанні па душы. Дзеці самі галасавалі за ўпадабаныя мерапрыемствы. З улікам гэтага і складалі свае планы работы. Дарэчы, летам усе гурткі працуюць бясплатна.

А запланавалі тут шмат цікавага. Па панядзелках працуе тэхнічная гасцёўня “Старт у тэхнасвет”, па аўторках — гульнявая пляцоўка “FLY-старты”, па серадах — тэматычная гульнятэка па настольных стратэгіях “Бітва легіёнаў”, творчая майстэрня па тэхнічным мадэляванні і паперапластыцы “Папяровыя фантазіі”, майстар-клас па пачатковым тэхнічным мадэляванні “Тэхнаштучкі”, тэхнапляцоўка па картынгу “Аўтадрайв”; па чацвяргах — пазнавальна-забаўляльная пляцоўка па робататэхніцы “Робат і я”. Штодня з панядзелка па суботу ў камп’ютарнай лабараторыі працуе гульнявы партал па кібергульнях.

У чэрвені прайшоў агляд-парад паветраных змеяў “Размалюем неба”, конкурсная праграма “Адысея ў этнагалактыку”, конкурс знаўцаў і ўмельцаў “Самаробкін”.

У ліпені і жніўні дзяцей запросяць на тэхнапляцоўку па трасавым аўтамадэлізме “Крутыя віражы”, гульнявую пляцоўку па пачатковым тэхнічным мадэляванні “Папяровыя крылы”, майстар-клас па айрыс-фолдынгу і арыгамі “Чароўная папера”, майстар-клас па 3D-мадэляванні “Я ствараю будучыню”, спаборніцтвы па настольных стратэгіях World of Tanks: Rush.

— Арганізоўваем канікулы так, каб гэта быў час не толькі для забаў, але і для развіцця, ствараем умовы для сацыялізацыі і адпачынку дзяцей, — гаворыць метадыст Цэнтра тэхнічнай творчасці Вольга Іванаўна Кудзі. — Плануем, што за час летніх канікул наш цэнтр наведае больш за 3,5 тысячы школьнікаў.

Экалета

Лідскі раённы экалагічны цэнтр дзяцей і моладзі — гэта сапраўдны зялёны куток у горадзе. Адно знаходжанне на яго тэрыторыі, якая ўяўляе сабой батанічны сад з сот-нямі раслін, — гэта адпачынак і аздараўленне: расліны тут ствараюць сапраўдны фітанцыдны санаторый.

На працягу навучальнага года ў 40 аб’яднаннях па інтарэсах займаецца звыш 500 навучэнцаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Летам мінулага года дадаткова быў распрацаваны шэраг праграм для работы аб’яднанняў па інтарэсах з пераменным складам навучэнцаў (майстэрні “Таланціум”, “Крэатыў”, “Альбатрос”, “Асарці”, аб’яднанні па інтарэсах “Зялёны ліст”, “Прырода і здароўе”). На базе ўстановы працавалі пляцоўкі дзённага знаходжання з ахопам навучэнцаў усіх узроставых катэгорый. Асаблівай папулярнасцю сярод малодшых школьнікаў карысталася гульнявая пляцоўка “Экоша”.

— Сёлета ў перыяд летніх канікул наш цэнтр працуе з 10.00 да 17.00 гадзін, — расказвае дырэктар экалагічнага цэнтра Жанна Мікалаеўна Цехановіч. — Арганізавана карысная і пазнавальная занятасць навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі як у пастаянна дзеючых формах, так і ў форме розных мерапрыемстваў. Мінулым летам мы прапанавалі дзецям некалькі новых форм работы, якія ім вельмі спадабаліся і якія правядзём сёлета. Напрыклад, у жніўні арганізуем экалагічны фестываль “Апельсін”.

Экалагічны творчы дзень прапануе малодшым школьнікам паўдзельнічаць у гуртках “Жывёлы і расліны з тканіны і футра”, “Зялёны ліст”, “Крэатыў”, “Вырабы-экадзелкі”, “Юныя даследчыкі прыроды”. Вучняў сярэдняга школьнага ўзросту запросяць у гурткі “Флора”, “Юны дызайнер”, “Прырода і здароўе”, “Беларуская саломка”, “Жыві выдатна”, “Чалавек і кветкі”, “Альбатрос”, навучэнцаў старэйшага школьнага ўзросту — у “Ландшафтны і інтэр’ерны дызайн”, “Школу фларыстыкі”, гурток “Біялогія — абітурыенту”. Штодзённа можна падарожнічаць па экалагічнай сцяжынцы і ўдзельнічаць у інтэрактыўных гульнях “Дзіўнае — побач”.
— Важным элементам работы лічым выхаваўчы складнік, — гаворыць Жанна Мікалаеўна. — Так, да Дня памяці і смутку 22 чэрвеня арганізавалі конкурс кветкавых кампазіцый “Кветкі непагаснага агню”. Для старшакласнікаў праводзім прафарыентацыйныя экскурсіі і знаёмім з прафесіямі садавода, ландшафтнага дызайнера, педагога дадатковай адукацыі. На базе цэнтра будуць працаваць дзве вытворчыя брыгады ў складзе 30 навучэнцаў ва ўзросце 14—16 гадоў.

Занятасць дзяцей і падлеткаў у летні перыяд у цэнтры арганізоўваюць на прынцыпах даступнасці розных напрамкаў дзейнасці і свабоды выбару аб’яднанняў па інтарэсах, заняткаў, мерапрыемстваў. Інфармацыя змяшчаецца на сайце экалагічнага цэнтра, праз аб’явы распаўсюджваецца ў навучальных установах і па месцы жыхарства ў мікрараёнах горада.

Для навучэнцаў 1—4 класаў па панядзелках, серадах і пятніцах працуюць тэматычныя гульнявыя пляцоўкі “ЭСН-kids”, па аўторках і чацвяргах — даследчая пляцоўка “Чамучка”. Навучэнцам 5—8 класаў па аўторках, серадах і чацвяргах будзе цікава на інтэлектуальна-пазнавальнай пляцоўцы “Экаэрудыт”, па панядзелках — на творчай пляцоўцы “Зялёны hand-made”. Для навучэнцаў старшых класаў на працягу тыдня арганізавана работа эколага-біялагічнай пляцоўкі “Экатур”, эколага-эканамічнай ЕСО-Сompany і творчай пляцоўкі “Зялёны hand-made”.

Эколага-адукацыйны праект “Экалагічны экспрэс” дазволіць здзейсніць падарожжа ў экаграды: у чэрвені дзеці звернуцца “Тварам да прыроды”, у ліпені адправяцца ў “Зялёныя джунглі”, а жнівень пройдзе пад дэвізам “І вечная прыроды прыгажосць…”. Навучэнцаў усіх узростаў чакаюць займальныя мерапрыемствы на станцыях “Экадворык”, “Зялёная акадэмія”, “Звераполіс” і “Сцежка здароўя”.

— Тры разы за лета правядзём дзень адкрытых дзвярэй “Давай з прыродай у сяброўстве жыць!”, каб зацікавіць дзяцей работай цэнтра ў навучальны год, — расказвае Жанна Цехановіч. — Тое, што мы сталі актыўна працаваць летам, пайшло на карысць і дзецям, і педагогам. З’явіліся новыя ідэі, новы імпульс у рабоце. Трэба праяўляць крэатыўнасць, каб правесці цікавыя мерапрыемствы, а іх адбываецца да васьмі кожны дзень, і не паўтарацца. Пра работу экалагічнага цэнтра ведаюць і бацькі — тэлефануюць, цікавяцца, чым можна заняць дзяцей, і самі ўдзельнічаюць у мерапрыемствах. Мы хочам зрабіць лета нашых дзяцей часам адпачынку і адкрыццяў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.