Уразіў творчы запал беларускай моладзі

- 12:25Апошнія запісы

У рамках правядзення пасяджэння Савета па справах моладзі краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прысвечанага 25-й гадавіне СНД, дэлегацыя Азербайджанскай Рэспублікі наведала Міністэрства адукацыі нашай краіны. Сярод гасцей былі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Азербайджана ў Рэспубліцы Беларусь Ісфандзіяр Бахціяр аглы Вагабзадэ, намеснік міністра па справах моладзі і спорту Інцігам Вагіф аглы Бабаеў, кіраўнікі навучальных устаноў. Сустракаў дэлегацыю намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь В.В.Якжык, начальнік упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва У.Л.Шапуроў, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Н.І.Пшанічная.

— Прыемна бачыць у нашым міністэрстве даўніх сяброў і калег з Азербайджана, — заявіў на пачатку сустрэчы Віктар Віктаравіч Якжык.—Нашы адносіны даўнія і вельмі трывалыя, за час якіх мы рэалізавалі шэраг сумесных праектаў не толькі ў сферы адукацыйнай галіны, але і ў маладзёжнай палітыцы. Кожны крок супрацоўніцтва прыносіць абедзвюм краінам станоўчыя вынікі і служыць для развіцця і ўмацавання дружбы паміж нашымі народамі.

Віктар Віктаравіч паведаміў, што ў рамках шматлікіх сумесных мерапрыемстваў беларуская дэлегацыя неаднаразова наведвала Азербайджан і той вопыт азербайджанскіх калег, з якім знаёміліся работнікі сістэмы адукацыі, лідары маладзёжнага руху, Беларусі пайшоў толькі на карысць.

У сваю чаргу намеснік міністра па справах моладзі і спорту Інцігам Вагіф аглы Бабаеў падтрымаў пазітыўны настрой беларускага боку і выказаў свае думкі наконт прыезду ў Беларусь.

— Мы рады наведаць дарагую нам Беларусь, — адзначыў прадстаўнік Міністэрства па справах моладзі і спорту Азербайджана. — Кожны такі візіт прыдае нам добры настрой, штуршок для новых ідэй і пачынанняў. На гэты раз мы захоплены тэматычнай выставай — прэзентацыяй работ пераможцаў акцыі “100 ідэй для Беларусі”, якая адкрылася ў Нацыянальнай бібліятэцы. Мы прыемна ўражаны тым, наколькі мае багаты творчы запал беларуская моладзь, наколькі яна здольная марыць, тварыць і тым самым быць карыснай для сваёй краіны.

Інцігам Вагіф аглы Бабаеў адзначыў, што дзякуючы партнёрству краін у Садружнасці, блізкім адносінам непасрэдна ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі ў парадку дня супрацоўніцтва паміж краінамі шматлікія мерапрыемствы, накіраваныя на далейшае ўмацаванне адносін. Як было адзначана, дзве краіны з’яўляюцца партнёрамі і саюзнікамі ва ўсіх сферах, паміж сабой і на міжнароднай арэне, заўсёды адчуваюць падтрымку адно аднаго асабліва ў сферы адукацыі, у маладзёжнай палітыцы. А гэты напрамак перспектыўны, доўгатэрміновы, бо звязаны з моладдзю і тычыцца будучыні нашых краін. І ад таго, наколькі актыўнай, ініцыятыўнай будзе наша маладое пакаленне, настолькі імкліва і паспяхова будуць развівацца нашы краіны.

Паміж краінамі на ўрадавым узроўні ўжо не першы раз падпісваюцца адпаведныя пагадненні, дзе выкладзены план сумесных дзеянняў. І на гэтай сустрэчы адбылося падпісанне сумеснага плана мерапрыемстваў паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам па справах моладзі і спорту Азербайджанскай Рэспублікі ў сферы дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на 2016—2017 гады. Ад беларускага боку яго падпісаў В.В.Якжык, ад Азербайджанскай Рэспублікі — Інцігам Вагіф аглы Бабаеў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.