Урок вернасці і чалавечнасці

- 10:55Год гістарычнай памяці

На будынку дзіцячага сада № 24 Полацка адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар педагога Паліны Партновай. У хуткім часе дашкольнай установе могуць прысвоіць імя гэтай адважнай гераіні.  

Паліна Сяргееўна Партнова не выкладала ў школе. Але калегі і падначаленыя, выхаванцы і іх бацькі запомнілі яе менавіта як Настаўніка ў самым высокім сэнсе, чыё жыццё стала ўрокам вернасці, сумленнасці і чалавечнасці для сучаснікаў і наступных пакаленняў. Памяць пра педагога-кіраўніка з незвычайным лёсам праз дзесяцігоддзі ўдзячнай пашанай адгукаецца ў сэрцах палачан. 

Старонкі подзвігу

“Пагаварыце пра героя, хто за радзімы край гарой, хто двойчы, тройчы, нават болей і па-сапраўднаму — Герой!” – так пачынае паэму “Апаленыя вайной” Валянцін Чупыркін, выхаванец полацкага дома дзіцяці імя К.М.Самойлавай. Свой твор аўтар прысвяціў подзвігу Паліны Сяргееўны, якая ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны была загадчыцай гэтай установы. Паліна Партнова родам з Бялыніцкага раёна Магілёўскай вобласці. Дом дзіцяці яна ўзначаліла ў 1938 годзе. Сюды траплялі самыя маленькія сіроты, пачынаючы з двухмесячных немаўлят да хлопчыкаў і дзяўчынак чатырохгадовага ўзросту. На папячэнні калектыву знаходзілася ад 30 да 50 малышоў, а размяшчаліся яны ў адным будынку з дзіцячымі гарадскімі яслямі № 1 па вуліцы Пушкінскай — зараз тут дзіцячы сад № 24. 

За выратаванне дзяцей і самаадданую працу П.С.Партнова ўзнагароджана ганаровымі граматамі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і Вярхоўнага Савета Чувашскай АССР, ордэнам Працоўнага Чырвонага сцяга і трыма медалямі.

З першых дзён вайны захопнікі бамбілі Полацк. Гінулі людзі, сірацелі дзеці… Паліна Сяргееўна паставіла перад старшынёй гарвыканкама пытанне аб эвакуацыі выхаванцаў і персаналу. Змаглі даць 4 грузавікі: 20 немаўлят паклалі на сене ў кузаве, побач рассадзілі яшчэ 84 малых, з сабой узялі толькі самае неабходнае. Дарослыя па чарзе ехалі на бартах ці ішлі пешшу, бо месца не хапала. А наперадзе быў цяжкі шлях даўжынёй больш за 1300 кіламетраў. Вёскі ў агні, пераправы ўброд, абстрэ­лы фашысцкіх самалётаў, калі дарослыя і старэйшыя дзеці хапалі немаўлят ды беглі хавацца ў лес. Падчас аднаго з першых такіх абстрэлаў Паліна Партнова сказала сваім супрацоўніцам: “Калі не выхапім з агню ўсіх дзетак, няма нам прабачэння. Цяпер яны — наш лёс”. 

Плячом да пляча рухаліся палачане далей у тыл. З прадуктамі дапамагалі то вайсковыя часці, то мясцовыя ўлады або добрыя людзі. Па дарозе падбіралі іншых дзяцей, якія засталіся без бацькоў. Калінін, Яраслаўль, параходам з Горкага да Казані — толькі ўвосень дабраліся з Чабаксар да вызначанага канчатковага пункта маршруту, Шумерля. Сустрэлі гаротную малечу амаль усім чувашскім горадам, разабралі і на руках аднеслі ў дзіцячы сад. Мясцовыя жыхары падтрымлівалі чым маглі, тым не менш неабходных цёплых рэчаў, прадуктаў і медыкаментаў крытычна не хапала. Да Масквы падступала фашысцкая арда, але трэба — і Паліна Сяргееўна, не раздумваючы, накіравалася ў сталіцу, дабілася забеспячэння дзяцей. Грымела выбухамі і стрэ­ламі жудасная вайна, дзень і ноч вялікая краіна змагалася за перамогу, мір, незалежнасць. Чатыры гады ўпартая барацьба доўжылася ў эвакуіраваным доме дзіцяці — за жыцці, здароўе і будучыню малышоў. Кіраўнік установы разам з паплечніцамі стрымалі слова, дадзенае аднойчы ў лесе: кожны іх выхаванец дачакаўся Перамогі, а ў верасні 1945 года вярнуўся ў Полацк. Дзеці падраслі, неўзабаве іх аднаго за другім перавялі ў дашкольныя ўстановы, сам дом дзіцяці пераехаў у суседняе Глыбокае. У студзені 1947 года Паліну Партнову прызначылі загадчыцай гарадскога ясляў-сада № 1. На гэтай пасадзе яна працавала да выхаду на заслужаны адпачынак.

Руплівыя гаспадары

— На сёння ў нас 124 выхаванцы з розных мікрараёнаў Полацка і прыгарада, — расказвае загадчыца дзіцячага сада № 24 Полацка Ларыса Чабаненка. — З дзевяці груп тры спецыяльныя, дзе працуюць з дзеткамі, якія маюць парушэнні зроку. У штаце 49 работнікаў, з іх 22 педагогі. Гэта ініцыятыўныя, адказныя, любячыя дзяцей і сваю прафесію людзі — моцная, надзейная каманда. Наша ўстанова з’яўляецца рэспуб­ліканскай інавацыйнай пляцоўкай: ажыццяўляем праект па методыцы фарміравання асноў эканамічнай культуры ў дзяцей дашкольнага ўзросту. Маем статус “Зялёная школа” і актыўна супрацоўнічаем з калегамі ў экапраекце “Зялёныя гарады”.

Старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч:

“Чым далей я працую на Полаччыне, тым больш здзіўляюся, наколькі гэтая зямля праз стагоддзі па сённяшні дзень слаўная людзьмі. Да глыбіні душы быў уражаны ўчынкам Паліны Сяргееўны. Гэта прыклад героя і патрыёта”.

Праектнай, конкурснай дзейнасцю калектыў займаецца многа і даволі эфектыўна. Кіраўнік і яе каманда на ўласным вопыце ўпэўніліся, што плюсоў тут багата, ад зацікаўленасці выхаванцаў і іх бацькоў, матывацыі педагогаў да развіцця прафесійных кампетэнцый да матэрыяльных прыбыткаў, калі ўдалая ідэя належным чынам рэалізавана. Так, у мінулым годзе, дзякуючы гранту па “зялёных школах”, набылі 8 планшэтаў для дзяцей, развіццёвыя цацкі і гульні — адну групу практычна поўнасцю ўкамплектавалі. Раней за ўдзел у рэспубліканскім праекце па энергазберажэнні дзіцячы сад узнагародзілі сертыфікатам: сродкі накіравалі на замену вокнаў другога паверха. За добрую матэрыяльную базу педагогі ўдзячныя дзяржаве і сацыяльным партнёрам. Абсталяванне на сучасным узроўні — напрыклад, дзяцей нязменна прывабліваюць сэнсарныя пясочніцы, і гэта толькі элемент сістэмы, якую тут імкнуцца пастаянна ўдасканаль­ваць. Асобная тэма — кабінет карэкцыі зроку. У ім, акрамя сучаснага абсталявання, якое можна сустрэць у паліклініках і дашкольных установах, што прадастаўляюць такія паслугі, устаноўлены спецыяльныя камп’ютарныя праграмы: па іх працуюць з дзецьмі для карэкцыі зроку. Многа дапаможнікаў распрацавалі або дапрацавалі для заняткаў самі работнікі. 

Загадчыца дзіцячага сада № 24 Полацка Ларыса Чабаненка: 

“Увекавечваючы памяць Паліны Сяргееўны, мы імкнёмся развіваць у нашых дзяцей цікавасць да вывучэння гісторыі і культуры сваёй установы, горада і краіны, фарміраваць высокія маральныя арыенціры на аснове ўчынкаў канкрэтнага чалавека”.

Шчыруюць яны і над дызайнам прадметна-прасторавага асяроддзя. Калі ўзяць для прыкладу тэрыторыю, то яна з першых крокаў прыемна здзіўляе. Нават недахопы гаспадары ператвараюць у перавагі. Каб дзеці адчувалі сябе ўтульна і адасоблена ад гарадскога тлуму і пылу, выкарыстоўваецца вертыкальнае азеляненне: пасаджаны дзявочы вінаград — цудоўная і прыгожая жывая агароджа.  

— Стараемся зыходзіць з таго, што можам зрабіць, — каменціруе Ларыса Леа­нідаўна. — Канцэпцыю кветкавага афармлення штогод мяняем, але беларуская тэматыка заўсёды прысутнічае, нам усім гэта падабаецца. Травы многа, на ўчастках дзеці могуць гуляць басанож. Ёсць агарод, на якім кожная група даглядае сваю градку, і потым мы збіраем ураджай. На мінулым тыдні ў нас было свята восені: зразалі гарбузы, збіралі буракі. Ландшафтны дызайн з хваёвых раслін дашкольнай установе не зусім падыходзіць. Затое гатункі бэзу растуць прыгожыя, яблыні, вішні, слівы. Своечасова — дзеці нам дапамага­юць — абразаем іх, чысцім кару, фарбуем па восені: зноў жа гэта тычыцца праграмы “зялёных школ”. Дрэвам не адзін дзясятак гадоў. Яблыня з прыгожымі і смачнымі чырвонымі пладамі ля ўваходу, хутчэй за ўсё, расце з часоў Паліны Партновай. У Год гістарычнай памяці мы пачалі працаваць над сацыяльна значным праектам па ўвекавечванні памяці Паліны Сяргееўны.  

Шлях да імя

Ідэю падтрымалі ва ўпраўленні па адукацыі райвыканкама, адгукнуліся на просьбу аб садзейнічанні іншыя яго структурныя падраздзяленні, раённыя арганізацыі галіновага прафсаюза і Беларускага саюза жанчын, супрацоўнікі занальнага дзяржаўнага архіва і Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, Полацкае кадэцкае вучылішча. З мінулай вясны калектыў правёў велізарную работу. Вывучалі дакументальныя крыніцы, матэрыялы публікацый. Пазнаё­міліся і пасябравалі з зямлячкай Тамарай Ушал — выхавальніцай, якая працавала ў дзіцячым садзе пад кіраўніцтвам легендарнай палачанкі, пераймала ў яе сакрэты прафесійнага майстэрства. Адшукалі і наладзілі кантакты з роднымі Паліны Сягееўны, асабліва блізкія адносіны склаліся з яе праўнучкай Святланай Касцючэнка. Узялі шэфства над магілай Паліны Партновай, арганізавалі прысвечаны ёй мітынг з удзелам ветэранаў педагагічнай працы і маладых педагогаў устаноў дашкольнай адукацыі Полаччыны. 

Ветэран педагагічнай працы ганаровы грамадзянін Полацка Яўгенія Муруткова: 

“Хто для нас найперш Паліна Партнова? Адважная гераіня або кіраўнік, які добрасумленна і самааддана выканаў ускладзеныя на яго абавязкі? Ці проста чалавек, які рабіў тое, што падказвала сэрца і душа? Напэўна, галоўнае ў яе ўчынках — усё было зроблена дзеля дзяцей. Гэта сапраўдны педагог. Я нізка кланяюся перад гэтым чалавекам. І шчасце сёння для мяне як ветэрана, што памяць пра такіх людзей жыве”.

Яшчэ больш згуртаваў дзяцей, педагогаў і бацькоў яркі, падзейны тыдзень памяці Паліны Сяргееўны з тэматычнымі заняткамі ў групах, наведваннем Дзіцячага музея, творчымі майстэрнямі па вырабе паштовак для ветэранаў і выставай сумеснай творчасці выхаванцаў і дарослых “Дзеці вайны”. Акрамя таго, адбылося спецыяльнае пасяджэнне бацькоўскага клуба дашкольнай установы, аформлены два інтэр­актыўныя стэнды з QR-кодамі, пабачылі свет фільм і часопіс “Паліна Партнова. Гісторыя жыцця”. Сістэматызаваныя і апрацаваныя матэрыялы даследаванняў выкладзены на сайце дзіцячага сада і ў месенджарах. А літаратурна-музычную кампазіцыю “Несумяшчальныя дзеці і вайна” выхаванцы разам з педагогамі паказвалі некалькі разоў — у сярэдняй школе № 1 Полацка, для маладых выхавальнікаў горада і педагогаў-ветэранаў. Кульмінацыйным вынікам сумеснай дзейнасці стала адкрыццё ў Дзень народнага адзінства мемарыяльнай дошкі ў гонар П.С.Партновай на будынку дзіцячага сада. Паказальны факт: калі ўладальнік гарадской гранітнай майстэрні даведаўся, чыю памяць збіраюцца ўшанаваць, то выканаў заказ бясплатна. 

Зараз ініцыятыва дашкольнай установы ў перадстартавай гатоўнасці. У салоне аўтобуса на адным з маршрутаў гарадскога грамадскага транспарту будзе размешчаны банер з фота і расказам аб учынку Паліны Партновай — з ім змогуць азнаёміцца жыхары і госці Полацка.

У планах на перспектыву — тэлемост з Шумерляй, пошук выхаванцаў Паліны Сяргееўны, далейшыя даследаванні, цікавыя выхаваўчыя і грамадска-патрыятычныя мерапрыемствы. І, безумоўна, уся Полаччына чакае афіцыйнага прысваення дашкольнай установе імя Паліны Партновай. Пададзенае хадайніцтва знаходзіцца на завяршальнай стадыі разгляду. Таму, як агучыла спадзяванні калектыву Ларыса Чабаненка, да знакавага моманту засталіся лічаныя дні. 

Таццяна БОНДАРАВА. 
Фота аўтара.