Урок як сродак фарміравання медыйнай пісьменнасці вучняў

- 13:10Медыяадукацыя

Да ўвагі чытачоў прапануем трэці артыкул, прысвечаны зместу навучання настаўнікаў на дыстанцыйным курсе “Медыяадукацыя ў школе — курс-практыкум для настаўнікаў”. Калі ў першым артыкуле (ад 21 студзеня) разглядаліся асноўныя паняцці і мэтавыя арыенціры медыяадукацыі, у другім (ад 9 лютага) расказвался, як нашы навучэнцы набывалі ці ўзбагачалі свой вопыт дэкадзіравання тэкстаў, іх крытычнага асэнсавання, то дадзены тэкст асвятляе магчымасці фарміравання медыяпісьменнасці вучняў непасрэдна на вучэбных занятках. У пачатку артыкула ідзе размова пра тое, якім медыйным кампетэнцыям неабходна вучыць школьнікаў на занятках па вучэбных прадметах, потым — пра асаблівасці ўрока, які вырашае задачы медыяадукацыі. І нарэшце дадзены рэкамендацыі па яго планаванні, а таксама прапанаваны пытанні нашых студэнтаў і адказы на іх ментараў дыстанцыйнага курса.

Нагадаем, што медыйная пісьменнасць з’яўляецца адной з ключавых кампетэнцый сучаснага чалавека. У  новых адукацыйных стандартах у раз­дзеле 4.2. адзначана: “чаканыя вынікі базавай адукацыі ўвасабляе навучэнец: які разумее агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці, … які ўмее атрымліваць інфармацыю, у тым ліку з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, крытычна ўспрымаць інфармацыю, атрыманую з розных крыніц; … гатовы да выканання сацыяльна значных праектаў з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій”.

Пры вызначэнні медыйнага зместу ўрока раім карыстацца  рэкамендацыямі ЮНЕСКА, якая прапануе ўво­дзіць медыяадукацыю ўсюды, дзе гэта магчыма: у межах нацыянальных вучэбных планаў, у рамках дадатковай, нефармальнай адукацыі і самаадукацыі на працягу ўсяго жыцця чалавека. Выключнае значэнне мае каталог медыяінфармацыйных кампетэнцый вучняў “Лічбавая будучыня. Каталог медыйных і інфармацыйных навыкаў” (2013). Каштоўнасць гэтага выдання ў тым, што ў ім разглядаюцца ўсе ўзроставыя групы ў рамках фармальнай адукацыі (ад дашкольнікаў да студэнтаў) і навучання на працягу ўсяго жыцця, а таксама вылучаны тры ўзроўні медыяпісьменнасці (ад базавага да прасунутага). Гэтая кніга з’яўляецца настольнай для кожнага медыяадукатара. На падставе каталога “Лічбавая будучыня” створаны рэкамендацыйны спіс медыякампетэнцый беларускага вучня, які можна разглядаць у якасці мэты медыяадукацыі ў школе:

Мадэль вучня: медыяінфармацыйныя кампетэнцыі

Веды  Уменні  Каштоўнасныя
ўстаноўкі  
разуменне ролі СМІ і іх уплыву на асобу і грамадства; базавыя веды пра тэхналогіі інфармацыйнага грамадства, якія забяспечваюць доступ і інтэрактыўныя зносіны ў інфармацыйнай прасторы, магчымасці адбору, метады праверкі надзейнасці крыніц; веды пра бяспеку, магчымасці і патэнцыяльную рызыку інтэрнэту для асабістага жыцця, камунікацыі, навучання, даследаванняў, працы і грамадскіх зносін; веданне прававых і этычных норм інтэрактыўнага карыстання інфармацыйнымі тэхналогіяміздольнасць пошуку, адбору і апрацоўкі інфармацыі, а таксама інтэрактыўнага ўзаемадзеяння з медыя; уменні дэкадзіравання медыя­паведамленняў, іх крытычнай ацэнкі, распазнавання няпраўды і маніпуляцыйных прыёмаў; навыкі карыстання паслугамі інтэрнэту, інструментамі для вытворчасці ўласных медыя­прадуктаў і іх прэзентацыікрытычнае і рэфлексіўнае стаўленне да даступнай інфармацыі; адказнае і этычнае карыстанне інтэр­актыўнымі сродкамі і інфармацыйнымі тэхналогіямі; павага да аўтарскіх правоў; адстойванне асноўных правоў і свабод; усведамленне сваёй нацыянальна-моўнай ідэнтычнасці; імкненне актыўна карыстацца і ства­раць інфармацыйную прастору для культурных, сацыяльных, вучэбных і/ці прафесійных мэт.

Для дасягнення гэтай мэты патрэбна вырашэнне шэрага задач:

Задачы  Пры гэтым варта  
вучыць здабываць патрэбную інфармацыю  не абмяжоўвацца рамкамі асваення новых інфармацыйных тэхналогій  
вучыць аналізаваць інфармацыю, крытычна ставіцца да яе, устанаўліваць самыя дасканалыя фільтры  не разглядаць медыя як праблему ці пагрозу, не абмяжоў­ваць доступ да інфармацыі  
вучыць разумець небяспеку, якую нясуць медыятэхналогіі  не абмяжоўвацца абаронай ад шкоднага ўздзеяння медыя і рэкламы  
вучыць уменню распазнаваць знешнія маніпуляцыйныя ўплывы на асобу і грамадства ў фармаце інфармацыйных уздзеянняў, у тым ліку скіраваныя на змену нацыянальнай і цывілізацыйнай ідэнтычнасці  стымуляваць фарміраванне трывалай каштоўнаснай парадыгмы — найбольш эфектыўнага фільтра для нейтралізацыі шкодных маніпуляцыйных уздзеянняў  
вучыць выкарыстоўваць усю сілу новых мэдыятэхналогій для актыўнага ўдзелу ў стварэнні медыяпрасторы, данясення сваёй пазіцыі  патрабаваць этычнага і адказнага стаўлення, каб выкарыстоўваць тэхналогіі разумна  
прыцягваць больш шырокі і сучасны кантэнт у звыклыя сродкі навучання, падыходы і педагагічныя практыкі, каб развіваць крытычнае мысленне  не супрацьпастаўляць друкаваныя медыя лічбавым, не разглядаць іх з пазіцыі канкурэнцыі.  

Урок, скіраваны на фарміраванне медыяпісьменнасці вучняў

У вучэбным плане ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі не прадугледжаны вучэбныя гадзіны для вырашэння задач медыяадукацыі вучняў — няма спецыяльнага прадмета. Але ці ёсць магчымасці рабіць вучняў медыйна пісьменнымі падчас правядзення вучэбных заняткаў па традыцыйных вучэбных дысцыплінах?

Кожны ўрок праводзіцца настаўнікам адпаведна вучэбнай праграме, якая вызначае змест прадметных ведаў і ўменняў. Валоданне навучэнцамі гэтымі ведамі і ўменнямі правяраецца і настаўнікам падчас заняткаў, і ў час адміністрацыйнага кантролю, і на экзаменах, і на ЦТ. Зразумела, што педагогі сарыентаваны на фарміраванне ў вучняў таго, што правяраецца, — прадметных ведаў і ўменняў. З навучаннем прадметнаму складніку зместу адукацыі настаўнікі спраўляюцца больш-менш паспяхова. Тут ужо ёсць пэўны вопыт работы.

Медыяадукацыя ж для школ нашай краіны — адносна новая практыка. Як жа на ўроку працаваць на медыйную кампетэнтнасць навучэнцаў? Гэта не так проста, паколькі, па-першае, трэба рэалізоўваць  вучэбную праграму, таму часта не застаецца часу на гуманітарныя аспекты адукацыі; па-другое, склаліся стэрэатыпы наконт работы толькі з арыентацыяй на вучэбную паспяховасць вучняў, на падрыхтоўку да алімпіяд. (Заўважым, што тлумачальныя запіскі цяперашніх вучэбных праграм ужо ўтрымліваюць задачы фарміравання ў вучняў метапрадметных кампетэнцый, да якіх, вядома ж, адносяцца і медыйныя).

Калі Вы, паважаны калега, прымаеце медыяадукацыю як актуальную каштоўнасць, то, пэўна, жадаеце падчас выкладання свайго прадмета рабіць адпаведныя педагагічныя захады. Для гэтага важна кіравацца шэрагам прынцыпаў, якія ляжаць у кантэксце кампетэнтнаснага падыходу (схема):

Cхема. Прынцыпы фарміравання медыяпісьменнасці вучняў на вучэбных занятках

Што хаваецца за назвамі гэтых прынцыпаў?

1. Мадэльнае ўяўленне аб выпускніку. Гэты прынцып патрабуе канкрэтнага разумення педагогам, а лепш усім педагагічным калектывам школы, узроўню кампетэнтнасці выпускніка, г.зн. вызначэння набору актуальных прадметных і метапрадметных кампетэнцый, які па сутнасці з’яўляецца для педагогаў адукацыйнай мэтай. Неабходным кампанентам мадэлі выпускніка павінна быць яго медыяпісьменнасць.

2. Пашыранае разуменне зместу адукацыі. Гэта не толькі прадметныя веды і ўменні, але і ключавыя кампетэнцыі, у склад якіх уваходзяць матывацыйны, зместавы, дзейнасны і каштоўнасна-сэнсавы аспекты медыя­пісьменнасці.

3. Праектаванне дзейнасці па фарміраванні кампетэнцый. Тут настаўнік вырашае, на якую медыйную кампетэнцыю ён будзе працаваць на ўроку, вызначае адпаведныя сродкі, а таксама неабходны і дастатковы набор вучэбных задач-сітуацый/практыкаванняў, у працэсе вырашэння і выканання якіх у вучняў з некаторай верагоднасцю фарміруюцца адпаведныя медыйныя кампетэнцыі: каштоўнасці, веды і ўменні.

4. Увядзенне ў адукацыйны працэс задач-сітуацый, прымяненне адпаведных практыкаванняў, якія ствараюць умовы для фарміравання і развіцця кампетэнцый (у тым ліку медыйных).

5. Аналіз і ацэнка паспяховасці фарміравання кампетэнцый. Адбываецца, па-першае, рэфлексія: наколькі добра быў арганізаваны працэс па фарміраванні ў вучняў медыйных кампетэнцый; па-другое, ацэнка ступені валодання вызначанымі кампетэнцыямі — каштоўнасцямі, ведамі і  ўменнямі, што складаюць медыякампетэнтнасць.

Урок, скіраваны не толькі на фарміраванне прадметных ведаў і ўменняў, але і на медыйную кампетэнтнасц­ь вучняў, мае істотныя асаблівасці. Разгледзім іх праз прызму дзейнасці настаўніка пры падрыхтоўцы да ўрока.

Асаблівасці дзейнасці настаўніка пры падрыхтоўцы да “медыйнага” ўрока

Кампаненты ўрока  Дзейнасць настаўніка пры праектаванні вучэбных заняткаў, арыентаваных на фарміраванне выключна  прадметных ведаў і прадметных уменняў  Дзейнасць настаўніка пры праектаванні вучэбных заняткаў, арыентаваных і на фарміраванне медыйнай кампетэнтнасці вучняў  
Пастаноўка мэты  Складае спіс дзеянняў вучняў па ўзнаўленні і прымяненні праграмных ведаў, якія яны павінны прадэманстраваць  напрыканцы ўрока  Дадаткова называе медыйную мэту — на фарміраванне якіх адпаведных ведаў і ўменняў будзе скіраваны ўрок; вызначае  сваю задачу па стварэнні ўмоў для фарміравання ў вучняў вызначаных у мэце медыйных ведаў і ўменняў  
Адбор зместу ўрока  Абмяжоўваецца матэрыялам з падручніка  Дадаткова знаходзіць матэрыялы з іншых крыніц, магчыма, з альтэрнатыўнымі поглядамі і спосабам падачы інфармацыі  
Планаванне арганізацыі працэсу  Плануе прымяненне форм, метадаў і сродкаў навучання, якія забяспечваюць засваенне “правільнага” метаду, спосабу рашэння задачы, “правільнай” высновы па трактоўцы ідэйнага зместу мастацкага твора, гістарычнай падзеі і г.д.  Плануе і знаходзіць вучэбныя сітуацыі/практыкаванні, выконваючы якія вучні ўспрымаюць інфармацыю, аналізуюць яе, крытэрыяльна ацэньваюць, выказва­юць свае меркавані і аргументуюць іх,   прымяняюць для стварэння сваіх медыяпаведамленняў (не абавязкова ўсё з названага на адным уроку)  
Кантроль і ацэнка  Плануе выхадны кантроль, змест якога скіраваны на праверку засваення тых ведаў і ўменняў, якія адзначаны ў мэце ўрока  Дадаткова плануе сваю ацэнку і ацэнку вучнямі таго, наколькі ўзрасла іх медыйная кампетэнтнасць, наколькі паспяхова яны працавалі ў працэсе авалодання новым вопытам.  

Разгледзім тыя дзеянні, якія настаўніку важна выконваць пры праектаванні вучэбных заняткаў, арыентаваных, акрамя авалодання прадметнымі ведамі і ўменнямі, на медыйную кампетэнтнасць вучняў. Пры гэтым пакінем за дужкамі той бок урока, які звязаны з забеспячэннем выканання навучэнцамі традыцыйных праграмных патрабаванняў. Прапануем па ходзе чытання тэкста выконваць практыкаванні і тым самым набыць ці ўдасканаліць свой  вопыт праектавання “медыйнага” ўрока.

1. Ацаніце магчымасці вучэбнага матэрыялу для фарміравання медыйнай пісьменнасці вучняў. Такія магчымасці ёсць заўсёды, паколькі вучні працу­юць з друкаванымі або электроннымі тэкстамі, а іх разуменне — адно з уменняў медыяпісьменнага чалавека. Больш за тое, ёсць тэмы, у якіх заключаны вялікі патэнцыял для развіцця крытычнага мыслення і медыя­пісьменнасці ў цэлым. Напрыклад, на матэматыцы — працэнты, на грамадазнаўстве і літаратуры — маральныя каштоўнасці, на фізіцы — атамная энергетыка, на біялогіі — пытанні аховы навакольнага асяроддзя, на хіміі — аналіз рэчываў, якія ўтрымліва­юць мыйныя сродкі, касметыка, ежа і г.д.

А. Выберыце і запішыце тэму ўрока _________________________________________________________

2. Звярніцеся да кампетэнтнаснай мадэлі выпускніка вашай школы (КМВ), у якой, у ліку іншых, пазначаны аспекты медыяпісьменнасці. Калі яе ў вашай школе няма, то ў вас ёсць іншыя магчымасці: 1) ініцыіраваць стварэнне мадэлі; 2) сфарміраваць уласнае ўяўленне аб ведах і ўменнях вучняў па медыяпісьменнасці на выха­дзе са школы, выпрацаваць уласнае каштоўнаснае стаўленне да яе; 3) звярнуцца да адукацыйнага стандарту ці вучэбнай праграмы па вашым прадмеце; 4) узяць за  аснову каталог уменняў медыяадукаванага вучня: http://ifapcom.ru/files/News/Images/2013/mil_cat_rus.pdf. Гэты рэсурс дае адказ на пытанне, што з медыяпісьменнасці і ў якім класе фарміраваць. Заўважым, што мэтазгодна, карыстаючыся згаданым каталогам, дамовіцца з калегамі, якія працуюць у тым жа класе ці паралелі, пра тое, на якія медыйныя ўменні будуць працаваць настаўнікі гуманітарных прадметаў, а на якія — прыродазнаўчых дысцыплін. Гэта прадухіліць дубліраванне і дазволіць не пакінуць па-за ўвагай тыя або іншыя важныя аспекты медыяпісьменнасці. Адпаведная работа, на наш погляд, можа праводзіцца як па ініцыятыве адміністрацыі, так і па жаданні саміх настаўнікаў.

3. Выберыце з КМВ (або з каталога медыйных уменняў вучняў адпаведнага ўзросту, або з тлумачальнай запіскі вучэбнай праграмы) тое ўменне, якім, па-першае, навучэнцы класа валодаюць недастаткова або не валодаюць зусім, а па-другое, якое можа паспяхова развівацца ў працэсе работы менавіта з запланаваным для навучання вучэбным матэрыялам. Напрыклад, калі вучні класа не разумеюць наступстваў адсутнасці крытычнага стаўлення да інфармацыйных крыніц, а тэма ўрока звязана з магчымасцю разгляду альтэрнатыўных пунктаў гледжання на сітуацыю, то дадзенае ўменне можа стаць адным з кампанентаў зместу навучання на гэтым уроку.

Б. Для выбранай вамі тэмы ўрока запішыце медыйнае ўменне, якое можна фарміраваць на гэтым уроку, якое адпавядае ўзросту вучняў, але якім яны пакуль не валодаюць або валодаюць недастаткова_________________________________________________

4. Вызначце адпаведную медыякампетэнтнасную мэту і педагагічную  задачу настаўніка на ўрок. Напрыклад, навучэнцы пакуль не валодаюць уменнем дэкадзіраваць медыяпаведамленне ў форме плаката, а дадзенае ўменне зафіксавана ў КМВ школы ці настаўнік сам разумее, што гэтае ўменне з’яўляецца зараз надзвычай актуальным; змест плаката наўпрост звязаны з тэмай урока. Тады мэта настаўніка на ўрок можа быць такой: вучні засвояць алгарытм дэкадзіравання плаката. Яшчэ прыклад: вучні пакуль не ўмеюць адрозні­ваць меркаванне ад факта. Мэта настаўніка: у канцы ўрока вучні назавуць не менш за тры адрозненні факта ад меркавання. У абодвух  прыкладах педагагічная задача настаўніка на ўвесь урок ці на яго этап — спрыяць (садзейнічац­ь) развіццю крытычнага мыслення вучняў або стварыць умовы для фарміравання медыяпісьменнасці вучняў.

В. Сфармулюйце і запішыце сваю мэту і педагагічную (медыякампетэнтнасную)задачу на ўрок______________________________

5. Выберыце тыя метады і сродкі (практыкаванні) для ўрока, якія найбольш падыходзяць для дасягнення мэты і вырашэння пастаўленай задачы. Выбар залежыць ад многіх фактараў:

· ад ступені валодання вучнямі вызначаным уменнем;

· ад таго, наколькі метад і сродак адпавядаюць стылю педагагічнай дзейнасці настаўніка і стылю пазнавальнай дзейнасці вучняў, іх узросту;

· ад таго, колькі часу спатрэбіцца на іх прымяненне (45 мінут — гэта не шмат, бо за гэты час неабходна фарміраваць у вучняў і прадметныя веды і ўменні, і ствараць магчымасці для іх выхавання і развіцця).

Асаблівасці метадаў і сродкаў, якія рэкамендуецца прымяняць, — гэта іх інтэрактыўнасць, магчымасць з іх дапамогай уключаць вучняў у зносіны і з настаўнікам, і з аднакласнікамі, і са СМІ. Гэтаму патрабаванню адпавядаюць розныя варыянты групавой работы, праектнае і перавернутае навучанне, а таксама метады тэхналогіі развіцця крытычнага маслення. Настаўнікамі-медыяпедагогамі створаны зборнік практыкаванняў, якія прызначаны для фарміравання медыйнай пісьменнасці вучняў, для ўключэння іх у структуру ўрокаў: http://www.nastaunik.info/node/17590.

Г. Напішыце, якімі метадамі і сродкамі вы будзеце дасягаць мэты і  вырашаць задачу _____________________________________________________________

6. Прыміце рашэнне, якім чынам вы і вашы вучні напрыканцы ўрока даведаецеся, што ў фарміраванні выбранай вамі ў пункце 3 кампетэнцыі назіраецца адукацыйны эфект. Для гэтага могуць быць выкарыстаны тэст, пытанні або кантрольнае практыкаванне  — аналаг таму, што прымянялася для навучання.

Д. Запішыце выбраныя вамі сродкі кантролю і ацэнкі ___________________________________________

У аснове падыходу да адбору мэдыякантэнту для вучэбных заняткаў  ляжыць крытычнае стаўленне да крыніц інфармацыі, заснаванае на пытаннях і адказах навучэнцаў. Фармулёўка пытанняў спрыяе глыбокаму аналізу кожнага факта або падзеі, варыятыўнасць адказаў дэманструе магчымасць рознай інтэрпрэтацыі гэтых падзей, а самастойна ацэнка медыяпрадукту фарміруе не толькі крытычнае мысленне, але і грама­дзянскую пазіцыю.

А зараз пытанні настаўнікаў, якія вучацца, да ментараў. Думаю, што чытачам гэта будзе карысна, паколькі праз пытанні мы паглыбляемся ў праблему. Між іншым, уменне ставіць пытанні — адметная рыса мыслення чалавека з развітым крытычным мысленнем.

— Чаму нельга лічыць медыяўрокам урок, на якім прымяняюцца ІКТ?

— Урок, на якім настаўнік прымяняе ІКТ, можа мець месца пры дасягненні любой мэты і прымяненні любой педагагічнай тэхналогіі. Выкарыстанне ІКТ дапамагае вырашаць у тым ліку і медыяадукацыйную мэту. Такім чынам, урок, на якім настаўнік прымяняе камп’ютар, электронныя сродкі навучання, можа быць і медыяўрокам. Але пры гэтым ён павінен быць скіраваны на фарміраванне ў вучняў крытычнага мыслення.

— Ці магчыма для фармулёўкі медыйнай мэты на ўроку выкарыстоўваць клішэ “Учащиеся научатся извлекать информацию из различных источников  и использовать ее для создания…”?

— Не! Гэта недасягальна за 45 мінут урока. Лепш сфармуляваць так: вучні змогуць дэкадзіраваць медыя­паведамленне. Ці так: вучні змогуць вылучыць галоўныя думкі ў двух прапанаваных настаўнікам медыяпаведамленнях і патлумачыць сваё стаўленне да іх. Гэта значыць мэта павінна быць канкрэтнай і дасягальнай.

— Ведаю, што ключавое пытанне стымулюе ў школьнікаў крытычнае мысленне. У які момант урока пажадана прапанаваць яго вучням?

— Ключавое пытанне адрозніваецца тым, што на яго нельга даць адказ адразу, неабходна ажыццявіць пошук, даследаванне, аналіз. Яно выступае для вучняў у якасці іх мэты на ўрок: трэба знайсці адказ. Задача  настаўніка — падвесці дзяцей праз адпаведныя заданні і арганізацыю іх работы да адказу на гэтае пытанне, таму ключавое пытанне абвяшчаецца на этапе мэтапастаноўкі.

— Ці мэтазгодна даваць вучням магчымасць адразу адказваць на гэтае пытанне, выказваць наконт яго свае меркаванні?

— У гэтым і адметнасць такога пытання, што адказ на яго спачатку не ведае ніхто. Але разнастайнасць вучнёўскіх версій можа стаць дадатковым матывуючым фактарам, паколькі можа ўзмацніць эфект пазнавальнай напружанасці: вунь колькі версій! Хто з нас мае рацыю? Калі нехта з вучняў адразу дае правільны адказ, то гэта ўжо не ключавое пытанне, паколькі яно гарантавана ўключае сферу нязведанага.

— На якiм этапе ўрока вы часцей за ўсё прапануеце вучням заданнi з  медыяадукацыйным зместам?

— Я прапаную вучням такія заданні на розных этапах урока. На арганізацыйна-матывацыйным этапе прапаную ці фота, ці карцінку, ці кароценькае відэа, па якім яны здагадваюцца пра тэму ўрока. Пасля таго, як я задам дадатковыя пытанні, вучні могуць сфармуляваць і мэту. Безумоўна, такія заданні паўнацэнна і эфектыўна прымяняюцца на асноўным этапе. Ну і дамашняе заданне таксама можа быць па медыя. Усё залежыць ад аб’ёму. Калі яно невялікае, то задаецца на наступны дзень. Калі патрабуецца час для выканання творчага задання, то гэта можа быць і тыдзень (папярэджваю вучняў загадзя).

— З якога класа лепш пачынаць праектнае навучанне для развіцця ўмення ствараць медыякантэнт? Ці можна гэта рабіць на ўроках беларускай мовы? Або толькі на беларускай літаратуры?

— Вусная замалёўка ў 5 класе, складзеная на аснове вершаў А.Грачанікава і М.Багдановіча, — чым не медыякантэнт? Ды які класны ён атрымаўся ў маіх вучняў! Адзін перад адным дзеці хваліліся сваімі творамі. І на роднай мове. Хоць у праграме не заяўлена навучальнае сачыненне, аднак практыкаванняў у падручніку многа: і вавёрку апішы, і кнігаўку. Усё можна, было б разуменне, што гэта важнае сучаснае ўменне. Нават пост напісаць трэба ўмець.

— Як можна выкарыстоўваць спецыяльна зробленую памылку настаўніка на ўроку для развіцця крытычнага мыслення?

— Ведаю, што  гэта выдатны прыём для актывізацыі вучняў на ўроку, у тым ліку і для развіцця ў іх крытычнага мыслення. Паглядзіце артыкул пра яго асаблівасці вось тут: https://pedsovet.su/metodika/priemy/6390_priem_lovi_oshibku

— Як часта вы на сваіх уроках займаецеся медыя­адукацыяй вучняў?

— Я ўжо гады 4—5 у тэме медыя, таму часцей за ўсё інтэграцыя розных медыятэкстаў і выкарыстанне медыясродкаў на маіх занятках адбываюцца  самі па сабе. Але не на ўсіх уроках, трэба шчыра сказаць. Для мяне больш спрыяльнымі прадметамі з’яўляюцца літаратурнае чытанне, чалавек і свет і інфармацыйная і класная гадзіны. Менш за ўсё выкарыстоўваю медыяадукацыю на матэматыцы. Бывае, адчуваеш, што менавіта гэтая тэма спрыяльная, а бывае, узнікае ідэя, калі знахо­дзіш у інтэрнэце цікавы матэрыял, які добра накладваецца на пэўную тэму, калі ідзеш па вуліцы і пайшло-паехала. Вось на мінулым тыдні, праглядаючы адну са справа­здач на нашым дыстанцыйным курсе, трапіла на спасылку, зацікавілася і… правяла на заўтра класную гадзіну, якую зняла на відэа і хутка выкладу ў сябе на YouTube-канале.

— А я імкнуся як мага часцей выкарыстоўваць медыяадукацыйны патэнцыял урока. Асабліва, калі тэма спрыяльная. Для гэтага распрацоўваю невялікія практыкаванні або знаходжу гатовыя. Безумоўна, па­трабуецца нямала часу, каб падабраць матэрыял, які адпавядае ўзросту навучэнцаў, адаптаваць яго, каб ён гарманічна ўпісаўся ва ўрок. Але гэта, так бы мовіць, my cup of tea. Я атрымліваю асалоду, калі бачу ад сваіх вучняў “эфект доўгага хваста” пасля таго, як іх штосьці “зачапіла” на ўроку.

— Як ацаніць работу вучняў на ўроку з медыяадукацыйным зместам?

— Тут лепш прымяняць не бальнае ацэньванне, а фарміруючае (актыўную ацэнку): арганізуючы выкананне адпаведнага практыкавання, трэба даць вучням крытэрыі ацэнкі; стварыць сітуацыю сама- і ўзаемнай ацэнкі вучнямі ходу і вынікаў іх працы.

— Ці існуюць універсальныя шаблоны для ацэнкі медыяінфармацыйных кампетэнцый вучняў?

— Для ацэнкі патрэбны адпаведныя эталоны. Мы ацэньваем, параўноўваючы з імі наш аб’ект ацэнкі. У нашым выпадку эталонамі могуць з’яўляцца матэрыялы/дакументы, у якіх пералічваюцца медыяінфармацыйныя кампетэнцыі вучняў пэўнага ўзросту: адукацыйныя стандарты, тлумачальныя запіскі да вучэбных праграм, мадэль вучня, медыяінфармацыйныя кампетэнцыі (гл. дыдактычныя матэрыялы), каталог уменняў медыяадукаванага вучня: http://ifapcom.ru/files/News/Images/2013/mil_cat_rus.pdf.

За ўзор можна ўзяць падыход, падобны да даслевання PISA, калі пэўныя ўменні аб’ядноўваюцца ва ў­зроўневыя групы і вымяраюцца праз комплексную работу. На практыцы ў нашай адукацыйнай рэчаіснасці добра паказаў сябе практыка- і асобасна арыентаваны падыходы. Лагічна вызначыць іерархію ўменняў, якія па нашых назіраннях (ці ацэнках дзяцей) патрабуюць развіцця. Напраклад, вучні не ўмеюць добра адрозніваць факт, меркаванне, дапушчэнне, абагульненне. Праз пэўную сістэму практыкаванняў мы ўдасканальваем гэтую кампетэнцыю. Праз назіранне, сама-, узаемаацэнку (па крытэрыях) не так цяжка вызначыць “умею-не умею”, “магу-не магу”.

Гэта былі нататкі пра ўключэнне медыяадукацыйнага складніка ў  вучэбныя заняткі. Як бачыце, калі ёсць жаданне, то гэта вырашальная задача для настаўніка любога школьнага прадмета. У нашых студэнтаў гэта становіцца адным з важных аспектаў іх педагагічнай практыкі. Медыяадукаваны настаўнік здольны рабіць медыяпісьменнымі сваіх вучняў. Наступны артыкул будзе прысвечаны магчымасцям медыяадукацыі школьнікаў у пазаўрочны час.

Мікалай ЗАПРУДСКІ,
прафесар кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кандыдат педагагічных навук, ментар дыстанцыйнага курса.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.