Я — медыявыхавальнік

- 11:09Медыяадукацыя

Чацвёрты модуль “Я — медыявыхавальнік” дыстанцыйнага курса “Медыяадукацыя ў школе” разглядае праблему медыявыхавання. З модуля педагогі даведаліся, як медыяінфармацыя ўздзейнічае на выхаванне падрастаючага пакалення і як яе можна выкарыстоўваць у выхаваўчых мэтах на класных гадзінах і пазакласных мерапрыемствах.

Праблема, на якую мы скіроўваем увагу настаўнікаў, вельмі актуальная ў сучасным свеце. Ці задумваліся вы аб тым, хто аказвае найбольшае ўздзеянне на выхаванне вашых уласных дзяцей і дзяцей, з якімі вы працуеце ў класе, школе?

Складзіце свой рэйтынг з трох пунктаў і запішыце на наступных радочках:

1.________________________________

2.________________________________

3.________________________________

Склалі? А цяпер давайце звернемся да даследавання і разгледзім некалькі лічбаў, якія дапамогуць актуалізаваць праблему, закладзеную ў пытанне, і суаднесці ваш рэйтынг з рэйтынгам нашай рэчаіснасці. Паводле даных Нацыянальнага саюза сямейных асацыяцый Расіі непаўнагадовая аўдыторыя штогод праводзіць у сярэднім:

154 гадзіны (перыяд бадзёрасці) — з бацькамі;

850 гадзін — з настаўнікамі;

1400 гадзін адводзіцца на кантакты з рознымі экран­нымі медыя.

Сучасны школьнік у сярэднім адводзіць больш як 6 гадзін у дзень на зносіны з медыя: 42% гэтага часу ідзе на прагляд тэлеперадач і фільмаў і толькі 12% — на чытанне друкаваных тэкстаў. Цяпер, апелюючы лічбамі, лёгка адказаць на прапанаванае пытанне і зрабіць высновы аб тым, хто ў большай ступені ўплывае на выхаванне дзяцей.

На Захадзе аб праблеме ўплыву медыя на выхаванне падрастаючага пакалення пачалі гаварыць яшчэ ў 70-я гады ХХ стагоддзя, абазначыўшы яе тэрмінам “Паралельная школа”. У Еўропе так называлі спосаб атрымання ведаў з агульнадаступных сродкаў масавай інфармацыі. Дзіця магло сфарміраваць памылковае ўяўленне аб гістарычных фактах, навуковых дасягненнях, эканамічных працэсах ці аб падзеях у краіне і за яе межамі, праглядаючы навіны, забаўляльныя тэлеперадачы, дакументальныя або мастацкія фільмы. Зразумела, атрыманыя такім чынам веды нярэдка мелі патрэбу ў карэкцыі і часта фарміравалі ў падлетка скажоную карціну свету. “Паралельная школа” — сур’ёзная пагроза як для афіцыйнай адукацыі, так і для сямейнага выхавання. У пошуках спосабу вырашэння гэтай праблемы большасць еўрапейскіх краін прыйшлі да высновы, што абмежаванні і забароны не прынясуць такога эфекту, як развіццё крытычнага мыслення праз павышэнне медыяінфармацыйнай пісьменнасці падрастаючага пакалення. Менавіта таму ў вучэбных планах устаноў адукацыі з’явіліся спецыялізаваныя курсы ці заняткі, а ў калектывах педагогаў новыя спецыялісты — медыяпедагогі, якія праводзяць медыяасветніцкую работу з настаўнікамі, вучнямі і іх бацькамі.

Што адносіцца да медыйна-інфармацыйнай пісьмен­насці? Давайце разгледзім складнікі, якія прапануе ЮНЕСКА (гл. малюнак).

Як бачыце, ёсць дзе разгарнуцца медыяпедагогу! Гэтыя напрамкі дэманструюць, з аднаго боку, праблемы, з якім сутыкаецца чалавек, жывучы ў медыя­прасторы, а з другога — кампетэнцыі, якімі ён павінен авалодаць, каб арганічна працаваць з інфармацыяй. Але мы павінны разумець, што магчымасцямі пераўтварэння медыяпраблем у медыякампетэнцыі валодае толькі мэтанакіраваны адукацыйны працэс. Так, асваенне напрамкаў медыяпісьменнасці ў адукацыйным працэсе можа быць спецыяльна арганізаваным у выглядзе вучэбных заняткаў на інфармацыйных, выхаваўчых гадзінах, на занятках гуртка ці факультатыва, а можа быць інтэграваным у вучэбны і выхаваўчы працэсы. У папярэднім модулі “Я — медыянастаўнік” педагогам была прадастаўлена магчымасць навучыцца выкарыстоўваць і працаваць з медыяінфармацыяй у працэсе фарміравання медыяпісьменнасці вучняў на ўроках па вучэбных прадметах. У модулі “Я — медыявыхавальнік” настаўнікам даецца магчымасць не толькі разабрацца са зместам такога напрамку выхаваўчай работы, як інфармацыйная пісьменнасць (медыявыхаванне), але і навучыцца выкарыстоўваць медыяінфармацыю ў выхаваўчым працэсе як сродак выхавання.

Такім чынам, медыявыхаванне мы разглядаем як складнік (напрамак) агульнага выхаваўчага працэсу, накіраваны на фарміраванне якасцей асобы, здольнай жыць, вучыцца і працаваць у медыяасяроддзі, выконваючы нормы, правілы і законы яе існавання, якія не дазваляюць парушаць правы і магчымасці іншых удзельнікаў. З іншага боку, медыявыхаванне разглядаецца як сродак выхавання, які пры правільным выкарыстанні эфектыўна ўздзейнічае на рэалізацыю іншых складнікаў выхаваўчага працэсу і ў цэлым на працэс фарміравання асобы вучня.

Паспяховасць працэсу медыявыхавання залежыць ад створаных настаўнікам умоў. Адной з іх з’яўляецца актуальнасць зместу выхаваўчай работы для вучняў. Не сакрэт, што, плануючы выхаваўчую дзейнасць, настаўнік сам вырашае, што будзе для вучня цікавым і карысным. Такі падыход не спрыяе выкананню другой вельмі важнай умовы — уключанасці навучэнца ў выхаваўчы працэс. Менавіта таму на дыстанцыйным курсе педагогам прапануецца даследаванне праблем, магчымасцей і інтарэсаў вучняў праз анкетаванне. Аналіз атрыманай інфармацыі і выкарыстанне яе для планавання работы спрыяюць вырашэнню гэтых праблем. Навучэнцы павінны быць уключаны ў выхаваўчую дзейнасць, падчас якой яны будуць мець магчымасць вучыцца весці пошук, асвойваць новае, быць адкрытымі і здольнымі выказваць уласныя думкі, браць на сябе адказнасць у прыняцці рашэнняў, ажыццяўляць узаемадапамогу, стымуляваць інтарэсы і ўсведамляць свае магчымасці. Актуальнасць зместу забяспечваюць інфармацыйнае асяроддзе і праблемы, якія ўзнікаюць у штодзённым жыцці на ўзроўні міжасабовых зносін, падзей у класе, школе, горадзе, раёне, вобласці ці на ўзроўні грамадства і дзяржавы. Так, на інфармацыйных, класных гадзінах, выхаваўчых мерапрыемствах, факультатыўных занятках можа выкарыстоўвацца інфармацыя ў выглядзе навін, артыкулаў, плакатаў, рэкламы, аўдыятэкстаў, кінатэкстаў і г.д. Разгледзім медыя, якія ў большай ступені аказваюць уплыў на працэс выхавання падрастаючага пакалення.

Навіны

Спрабуючы зацікавіць вучняў падзеямі сённяшняга дня праз чытанне прэсы, класныя кіраўнікі звычайна просяць знайсці тры артыкулы пра апошнія падзеі (пра мясцовы, агульнадзяржаўны і міжнародны парадак дня або спартыўнай, эканамічай і палітычнай тэматыкі) і прэзентаваць іх для класа. Вучні, якіх прызначаюць адказнымі за інфармацыйную гадзіну, як правіла, шукаюць самыя кароткія артыкулы, капіруюць іх і нясуць у клас. Як вынік, праз дзень рэдка хто можа прыгадаць, пра якія падзеі ішла гаворка. Таму прапануем класным кіраўнікам кардынальна памяняць гэтую традыцыю.

Пачнём з усведамлення мэт інфармацыйнай гадзіны і той карысці, якую яна можа мець як для вучняў, так і для настаўнікаў. Давайце спачатку адмовімся ад мэты “інфармаваць пра апошнія падзеі”. Гэта малаэфектыўна, бо падзеі адбываюцца бесперапынна, інфармацыі занадта шмат. Сёння найбольш важна сфарміраваць у вучняў здольнасць разбірацца ў патоку гэтай інфармацыі, вылучаць з яго праўдзівую і па­трэбную, каб не стаць ахвярай інфармацыйных войнаў і маркетынгавых хітрыкаў СМІ.

Таму мэтай інфармацыйнай гадзіны павінна быць не інфармаванне, а фарміраванне інфармацыйных, у тым ліку, навінных кампетэнцый вучня. Тым больш што такі падыход адлюстраваны ў артыкуле 91 Кодэкса аб адукацыі Рэспублікі Беларусь і новых адукацыйных стандартах (ПОСТАНОВЛЕНИЕ МИНИСТЕРСТВА ОБРАЗОВАНИЯ РЕСПУБЛИКИ БЕЛАРУСЬ от 26 декабря 2018 г. № 125 “Об утверждении образовательных стандартов общего среднего образования”).

Паспрабуем сфармуляваць спіс навінных кампетэнцый вучня, адказаўшы на пытанне, якімі ведамі, навыкамі і каштоўнасцямі ён павінен валодаць, каб быць навіннапісьменным.

Вось наша прапанова, у якую вы можаце ўнесці свае ўдакладненні.

Навіннапісьменны вучань павінен:

ведаць:

• якую ролю адыгрываюць сродкі масавай камунікацыі і як яны ўплываюць на асобу і грамадства;

• як праверыць праўдзівасць любой навіны (на­дзейнай інфармацыю робяць магчымасць праверкі фактаў, паказанні сведкаў, спасылкі на крыніцы);

• чаму ананімныя крыніцы — не надзейныя і спасылацца на іх не варта;

• якія існуюць жанры журналістыкі, іх прызначэнне і адрозненні;

• якія спосабы маніпуляцыі выкарыстоўваюць СМІ, як з дапамогай мантажу відэа, абрэзкі і апрацоўкі фота і гуку можна паўплываць на месендж рэпартажу;

• чаму важна дазваляць фактам і асобам гаварыць самім за сябе;

умець:

• адбіраць рэлевантныя навінныя каналы і навінныя матэрыялы сярод інфармацыйнага смецця;

• адрозніваць факты ад меркаванняў, журналістаў ад каментатараў і тых, хто адстойвае пэўную пазіцыю;

• дэкадзіраваць (аналізаваць) матэрыялы СМІ, сацыяльных медыя;

• распазнаваць фэйк, маніпуляцыю, схаваную рэкламу і прапаганду ў навінах;

• інтэрактыўна ўзаемадзейнічаць са СМІ, быць стваральнікам інфармацыйнай прасторы.

Методыка

Калі імкнуцца да прыведзенай мадэлі навіннапісьменнага вучня, класнаму кіраўніку будзе лягчэй сфармуляваць мэту мерапрыемства і падабраць заданне для інфармацыйнай гадзіны. Можна выбраць адну ці некалькі з пералічаных кампетэнцый і заданне, якое б спрыяла яе развіццю.

Разгледзім прыклад традыцыйнага падыходу да інфармацыйнай гадзіны, прыведзены ў першым абзацы гэтага раздзела. З улікам кампетэнтнаснага падыходу заданне класнага кіраўніка магло б выглядаць так: “У аўторак вы даведаецеся, што робіць інфармацыю на­дзейнай, і зможаце праверыць праўдзіваць любой навіны. Для гэтага прынясіце, калі ласка, тры артыкулы пра адну і тую ж падзею з розных СМІ. Пажадана, каб адна крыніца інфармацыі была замежнай”.

Звяртаем увагу, што мэту заняткаў настаўнік паведаміў вучням разам з заданнем. У класе вучні параўнаюць артыкулы, звернуць увагу на загалоўкі, ілюстрацыі, фота і зробяць высновы, што ж адбылося на самай справе. Гэтае заданне будзе нашмат больш карысным для іх, таму што будзе нагода прымяніць навыкі аналізу і сінтэзу. Вучні пры гэтым праявяць большую зацікаўленасць, у іх будзе развівацца крытычнае мысленне.

У любым выпадку навінная пісьменнасць пачынаецца з навыкаў дэкадзіравання інфармацыі — гэта зна­чыць, з аналізу медыятэксту і адказу на пытанні: “Хто гэтую навіну зрабіў?”, “Навошта?”, “Што хацелі ад мяне?”, “Якія сродкі для гэтага выкарысталі і што я магу зрабіць у адказ?”. Калі вашы вучні прызвычаяцца задаваць сабе гэтыя пытанні пастаянна — значыць, вы можаце ганарыцца вынікамі сваёй работы. Але спачатку іх трэба гэтаму навучыць. Існуе шмат спосабаў работы з навінамі, якія будуць спрыяць адначасова і інфармаванню вучняў, і выхаванню медыяпісьменнасці.

Сацыяльная рэклама

Калі мы гаворым аб выхаваўчых каштоўнасцях медыя, то немагчыма прайсці міма сацыяльнай рэкламы. Далучаючы школьнікаў да аналізу ці стварэння сацыяльнай рэкламы, трэба расказаць пра яе сутнасць і значэнне ў грамадстве.

Сацыяльная рэклама — від камунікацыі, арыентаваны на прыцягненне ўвагі да самых актуальных праблем грамадства, яго маральных каштоўнасцей. Прызначэнне сацыяльнай рэкламы — гуманізацыя грамад­ства, фарміраванне маральных каштоўнасцей.

Сучасныя дзеці больш знаёмыя са звычайнай, камерцыйнай рэкламай, бо яна штодня дэманструецца па тэлевізары, сустракаецца ў транспарце, на вулічных білбордах без нашага дазволу. Мэта камерцыйнай рэкламы даволі зразумелая — продаж дзеля прыбытку. Сацыяльная рэклама мае іншую мэту, звязаную з паляпшэннем жыцця чалавека і грамадства ў цэлым.

Значэнне сацыяльнай рэкламы ў грамадстве вызначаецца задачамі, якія яна вырашае:

• фарміраванне грамадскай думкі;

• прыцягненне ўвагі да актуальных праблем грамадскага жыцця і стымуляванне дзеянняў па іх вырашэнні;

• дэманстрацыя сацыяльнай адказнасці;

• умацаванне сацыяльна значных інстытутаў грамадзянскай супольнасці;

• фарміраванне новых тыпаў грамадскіх адносін;

• змена мадэлей паводзін у грамадстве.

Сумеснае абмеркаванне праблем, на якія прапануе звярнуць увагу сацыяльная рэклама, ненадакучліва і займальна садзейнічае выхаванню і фарміраванню шэрага якасцей і пачуццяў:

• павага да сям’і, бацькоў, сямейных традыцый;

• любоў да сваёй малой радзімы, роднага краю;

• стаўленне да працы як важнага і цікавага спосабу дасягнення поспеху ў жыцці;

• пазітыўна-актыўнае стаўленне да здаровага ладу жыцця, непрыманне асацыяльных з’яў, якія падрыва­юць фізічнае і духоўнае здароўе нацыі;

• актыўная жыццёвая пазіцыя і ўдзел у захаванні культурных і гістарычных помнікаў;

• пачуццё нацыянальнай гордасці, нацыянальнай самасвядомасці, здольнасць жыць з людзьмі іншых культур, моў і рэлігій;

• глыбокае разуменне грамадзянскага абавязку, каштоўнасных адносін да нацыянальных інтарэсаў, суверэнітэту, незалежнасці і цэласнасці краіны;

• імкненне да выканання этычных і заканадаўчых норм.

Удзел вучняў у стварэнні сацыяльнай рэкламы па­трабуе разумення праблемы, якая адлюстроўваецца ў яе змесце. Мы як педагогі павінны разумець, што адказы на пытанні, якія ставіць сацыяльная рэклама, прыходзяць да дзяцей перш за ўсё праз асабісты вопыт, справы і суперажыванні, што дае школьнікам разуменне перадумоў узнікнення сацыяльных цяжкасцей у жыцці людзей. Такім чынам, устаючы на бок змагароў за здаровы лад жыцця, экалагічны баланс, мараль­насць і паважлівае стаўленне адзін да аднаго, дзеці выхоўваюць у сабе прынцыпы гуманізму, грамадзян­скую пазіцыю, якія здольны даць маладым людзям і грамадству ў цэлым усёабдымнае разуменне каштоўнасці чалавечага жыцця, выхаваць павагу да правоў асобы і ўстанавіць мір ва ўсім свеце.

Методыка

Як можна выкарыстаць сацыяльную рэкламу ў выхаваўчым працэсе?

1. Як сродак асэнсавання сацыяльна значных праблем сучаснага грамадства. Настаўнік падбірае сацыяльную рэкламу па разглядаемай праблеме і дэманструе яе вучням у якасці прыкладу ці праблемнай сітуацыі. Сумесны аналіз зместу сацыяльнай рэкламы дазваляе актуалізаваць праблему, асэнсаваць яе і выпрацаваць магчымыя крокі па яе вырашэнні з асабістай пазіцыі, з пазіцыі найбліжэйшага асяроддзя і грамадства. Вынікам такой работы стане змена стаўлення школьнікаў да праблем іншых людзей, а таксама змена паводзін у бок сацыяльна-пазітыўных і канструктыўных.

Для таго каб выкарыстаны медыятэкст не толькі спрацаваў як узор і сродак выхавання, але і спрыяў рэалізацыі напрамку медыявыхавання для ўспрымання медыятэксту, абавязкова трэба звярнуць увагу не толькі на праблему, змест (сюжэт), але і на мову медыятэксту, спосабы і сродкі данясення інфармацыі да гледача (чытача). У такім выглядзе будуць рэалізаваны два працэсы: выхаванне на аснове медыятэксту і выхаванне для яго ўспрымання, што спрыяе станаўленню медыяпісьменнай асобы.

2. Як творчую ідэю для асэнсавання сацыяльнай праблемы праз стварэнне медыяпрадукту. У аснове такога спосабу выкарыстання сацыяльнай рэкламы ляжыць працэс развіцця крытычнага і творчага мыслення. Праблема, якую вучням трэба візуаліза­ваць, патрабуе не толькі дасканалага аналізу, але і наяўнасці ведаў аб сацыяльнай рэкламе як сродку інфармацыі. Такі спосаб выкарыстання сацыяльнай рэкламы павышае медыяпісьменнасць школьнікаў, іх стаўленне да творчай дзейнасці, узнімае на больш высокую ступень грамадзянскую актыўнасць і садзейнічае развіццю адэкватнай самаацэнкі.

Каб стварыць эфектыўную сацыяльную рэкламу, трэба адказаць на тры пытанні: “Што сказаць?”, “Каму сказаць?”, “Як сказаць?”, каб паведамленне было пераканаўчым і прыводзіла да чаканага эфекту.

Экранныя медыя

Валодаючы ўніверсальнай мовай, экранныя медыя ў большай ступені, чым іншыя медыясродкі, уздзейнічаюць на нашы пачуцці, выклікаюць “эфект прысутнасці і даверу”. Яны дынамічна і ў сціслы тэрмін мо­гуць данесці патрэбную інфармацыю да гледача ў якасці прыкладаў для разважанняў і абмеркавання; яны дазваляюць нам гаварыць пра нашы праблемы з пазіцыі “погляду збоку”; даюць нам магчымасць кіраваць іх праглядам праз адбор, спыненні, вяртанні, паўторы, міксаванне. Экранныя медыя ўключаюць велізарную колькасць відэаматэрыялаў, што дазваляе нам знайсці і выкарыстаць эпізод, фільм, навіну, праграму, сюжэт у якасці сродку рэалізацыі педагагічнай мэты; яны з’яўляюцца самым папулярным медыйным сродкам інфармацыі для чалавека, бо амаль 100% насельніцтва карыстаецца экраннымі медыя.

Да экранных відаў культуры адносяцца:

– кінематограф (ігравыя, дакументальныя, навукова-папулярныя, навучальныя, мультыплікацыйныя фільмы і інш.);

– тэлебачанне (навінныя, палітычныя, забаўляльныя, адукацыйныя перадачы і інш.);

– камп’ютарныя тэхналогіі.

Выкарыстоўваючы экранныя медыя ў выхаваўчым працэсе, мы можам гаварыць пра два напрамкі выхавання: выхаванне для фільма і выхаванне праз фільм, якія ўплываюць адно на адно.

Выхаванне для фільма развівае цікавасць да экраннага медыя і ўважлівасць да яго дэталей, паляпшае здольнасць аналізаваць і інтэрпрэтаваць падзеі кінастужкі, вучыць крытычна ставіцца да масавай культуры.

Выхаванне праз фільм накіравана на развіццё пазнавальнай цікаўнасці, маральнай адчувальнасці, актыўнай грамадскай пазіцыі і цікавасці да жыцця чалавека, яго становішча ў сучасным свеце. Вельмі важна праз фільм перадаць вучням такія веды, якія б са­дзейнічалі фарміраванню пэўнага стаўлення да яго, што паспрыяе разуменню сучаснага свету, ролі людзей у развіцці каштоўнасных грамадскіх адносін. Выхаванне актыўнага гледача спрыяе выхаванню актыўнага чалавека, а значыць, рыхтуе да ўдзелу ў грамадскім жыцці.

Вынікі кінавыхавання:

– дазваляюць чытаць твор у адпаведнасці з задумай стваральніка (дзякуючы вызначэнню тыпу і жанру фільма);

– забяспечваюць больш глыбокае прачытанне зместу і формы кінатэксту;

– дазваляюць меркаваць аб адносінах галоўных персанажаў з улікам сутнасці асобы, а таксама сацыяльна-псіхалагічных аспектаў (грамадскія ўмовы, псіхалагічная структура асобы, матывы дзейнасці);

– фарміруюць навык больш глыбокага погляду на фільм; дазваляюць вучням фарміраваць уласныя думкі і меркаванні пра фільм, якія ўзніклі ў працэсе яго прагляду;

– дазваляюць развіваць якасці асобы вучняў, асабліва іх эстэтычную і маральную чуласць (уважлівасць).

Найбольшы выхаваўчы эфект маюць сумесны прагляд і абмеркаванне кінатэкстаў, якія садзейнічаюць:

– развіццю псіхалагічнай кампетэнтнасці: дзеці і падлеткі знаёмяцца з рознымі сацыяльнымі тыпажамі (людзьмі з рознымі тыпамі тэмпераменту, якія належаць да розных сацыяльных пластоў грамадства, выконваюць розныя са­цыяльныя ролі і г.д.) і вучацца ўзаемадзеянню з імі, назіраючы за развіццём сюжэту;

– развіццю эмацыянальнай сферы: удзельнікі вучацца эмпатыі, пачынаюць усведамляць уласныя пачуцці і эмацыянальны стан партнёра па зносінах;

– набыццю навыкаў вырашэння праблем: работа з фільмам дазваляе ўдзельнікам убачыць, што існуе мноства розных спосабаў вырашэння праблем, што дазваляе пашырыць іх паводзінавы рэпертуар;

– зняццю стрэсу: прагляд фільма і яго аналіз дазваляюць зняць эмацыянальнае напружанне, а таксама вучаць навыкам рэлаксацыі і ўменню спантанна выказваць свае пачуцці;

– развіццю здольнасці да самааналізу: на аснове прагледжанага матэрыялу пры сумесным абмеркаванні ўдзельнікі звяртаюцца да ўласнага вопыту, вучацца рэфлексіі, усведамленню ўласных пачуццяў і паводзін, што прыводзіць да развіцця самасвядомасці.

Методыка

Работу з экраннымі медыя трэба пачынаць з вывучэння іх мовы, бо як можна “чытаць” кнігу, не ведаючы літар? У такім выпадку можна толькі разглядаць карцінкі, што звычайна і адбываецца з праглядам кіно, калі мы сочым толькі за сюжэтам, не звяртаючы ўвагі на мову экраннага медыя, валоданне якой дазваляе разглядаць і аналізаваць экранныя медыя як мастацкі твор на розных узроўнях успрымання:

1) пазнавальна-праблематычны: сюжэт можна прааналізаваць на аснове пачуццяў (адчуванняў) гледача — уласных або заснаваных на жыццёвым вопыце (індывідуальнае разуменне твора);

2) псіхалагічны: улічваецца сацыяльны бок асобы і яе адносіны да сюжэту; разуменне сюжэту магчыма ў выпадку належнай падрыхтоўкі і адукаванасці гледача (глядач разумее гістарычны і сацыяльна-культурны кантэкст таго, што адбываецца ў фільме);

3) структурна-жанравы (будова твора і яго жанр): уключае ў сябе аналіз жанру твора і яго інтэрпрэтацыю;

4) стыль твора: тое, што сведчыць пра адзіную і непаўторную будову твора, пра яго выключнасць і ўнікальнасць;

5) сродкі выразнасці (тэхнічнасць і тэхналагіч­насць), рэквізіт, элементы твора: матэрыял, яго канструкцыя, апрацоўка (гэты ўзровень тычыцца работы над стварэннем фільма).

Калі вы плануеце выхаваўчае мерапрыемства з праглядам і сумесным аналізам экранных медыя, то вашы заняткі будуць падобныя на кінатрэнінг. Дарэчы, гэтая форма арганізацыі выхаваўчага працэсу з’яўляецца адной з эфектыўных і папулярных форм работы як з дзецьмі, падлеткамі, так і з дарослымі людзьмі (бацькамі), бо забяспечвае інтэрактыў­насць навучання. Праз сістэму пытанняў, заданняў удзельнікі пагружаюцца ў праблему, даследуюць яе на асэнсаваным узроўні, робяць высновы. Трэнінг прадугледжвае рэалізацыю камунікатыўнай дзейнасці ў групавой рабоце, накіраванай на сумеснае абмеркаванне педагагічных праблем, дазваляе кожнаму прысутнаму падзяліцца сваім вопытам і пачуць меркаванні іншых. У выніку ўдзельнікі трэнінгу атрымліваюць магчымасць паглядзець на праблему іншымі вачыма, узбагаціць і ўдасканаліць вопыт педагагічнай дзейнасці. Трэба заўважыць, што на кінатрэнінгу можна не толькі разглядаць праблемы ці весці іх пошук, але і вырашаць іх.

Яшчэ адной цікавай формай арганізацыі пазакласнай работы з’яўляецца кінаклуб. Кінаклуб у межах сваіх патэнцыяльных магчымасцей можа не толькі аб’яднаць навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў на аснове агульных інтарэсаў, але і дапамагчы іх медыя­адукацыі, выхаванню, сацыялізацыі. Пры стварэнні кінаклуба важна вызначыць яго фармат. Ён можа быць: экалагічным, прававым, вучэбным, адпачынкавым і г.д. Арыентуючыся на ўзроставую катэгорыю, можна арганізаваць дзіцячы (для вучняў пачатковай школы), падлеткавы (для вучняў 5—9 класаў), бацькоўскі, сямейны або педагагiчны кінаклуб. Улік інтарэсаў дапаможа аб’яднаць аматараў інтэлектуальнага кіно, прыгод і фантастыкі, казак, экранізацыі гістарычных раманаў, прыхільнікаў фільмаў на англійскай (французскай) мове, рэтраспектываў фільмаў вядомых рэжысёраў ці акцёраў, альтэрнатыўнага, дакументальнага кіно і г.д.

Вось якія існуюць магчымасці выкарыстання кінаклуба як сродку арганізацыі медыяадукацыйнай пляцоўкі на базе ўстановы адукацыі.

Фотаздымкі

Сёння складана ўявіць свет без фотаздымкаў. Яны з’яўляюцца не толькі крыніцай інфармацыі, але і важным складнікам культуры. Карціны і фотаздымкі ў значнай ступені ўплываюць на нашу штодзённую рэаль­насць, таму здаецца, што “чытанне” (аналіз) фотаздымкаў уяўляе сабой такую ж важную кампетэнцыю, як і чытанне тэкстаў. Таму мы павінны ўдзяліць фотаздымку асаблівую ўвагу і ў школьным навучанні.

У адукацыйным працэсе фотаздымак можна разглядаць як інфармацыйны сродак ці новую форму выяўленчага мастацтва, але і ў першым, і ў другім выпадку фотаздымак з’яўляецца формай мастацкага выказвання. Гэтая форма найбольш даступная навучэнцам: сёння стварэнне фотаздымкаў не выклікае цяжкасцей. Фатаграфаванне — род дзейнасці, добра вядомы вучням. Дзякуючы развіццю фотатэхнікі (фотакамеры сталі звычайным складнікам мабільных тэлефонаў), фатаграфаванне, па сутнасці, становіцца штодзённай з’явай. Нездарма фотаздымкі адыгрываюць важную ролю ў самапрэзентацыі ў сацыяльных сетках.

Мэта адукацыі ў галіне фатаграфіі — даць вучням зразумець, што фотаздымкі не з’яўляюцца са­праўдным адлюстраваннем рэальнасці, што важную ролю тут адыгрывае не толькі суб’ектыўны по­гляд фатографа, але і кантэкст, у якім мы разглядаем фатаграфіі. Гаворка ідзе не толькі пра тое, што фотаздымак становіцца лёгкай мішэнню для маніпуляцый (ёсць прыклады рэтушы і апрацоўкі фатаграфій), але і пра разуменне спецыфікі такога матэрыялу, як фотаздымак (якое дачыненне мае фотаздымак да навакольнага свету).

Методыка

Фотаздымак можа стаць важнай тэмай у працэсе выхавання. Работа з фотаздымкамі можа ўнесці ажыўленне ва ўрок гісторыі, біялогіі, выяўленчага мастацтва, праілюстраваць апавяданне або стаць аб’ектам ці нагодай правядзення выхаваўчага мерапрыемства, а таксама мець самабытныя дыдактычныя мэты, якіх можна дасягнуць з дапамогай фатаграфіі. Сучасныя падручнікі традыцыйна суправаджаюцца мноствам фотаздымкаў, большасць з якіх заклікана ілюстраваць аб’екты, з’явы або падзеі. Аднак калі мы ўдзелім рабоце з фотаздымкам больш часу, можна развіць і медыякампетэнтнасныя здольнасці вучняў, уключаючы крытычнае мысленне. Дыдактычныя мэты, якія могуць быць рэалізаваны праз работу з фотаздымкамі: вучань успрымае падзеі ў кантэксце, бо дзякуючы рабоце з гістарычнымі фатаграфіямі мы можам праілюстраваць уплыў “вялікай” гісторыі на жыццё людзей; мы можам самі с­таць стваральнікамі асабістай гісторыі, гісторыі развіцця школы, краіны, фіксуючы падзеі на фота­здымках; мы можам данесці да гледача прыгажосць навакольнага асяроддзя, узняць праблемы, адлюстраваць свае адносіны да ўбачанага. Вядомыя гістарычныя фатаграфіі часта паказваюць людзей, якія становяцца ўдзельнікамі гісторыі, а часам ахвярамі знамянальных падзей (напрыклад, фатаграфіі бежанцаў, салдат на фронце, штодзённага жыцця ва ўмовах крызісу). Пры пастаноўцы пытанняў па фатаграфіі вучань вучыцца аналізаваць выяву. Ён разумее, на якія элементы фатаграфіі трэба звярнуць увагу, якім чынам у яе з’яўляецца сэнс. Вучань ўспрымае фатаграфію як важны сродак вызначэння зместу гістарычнай культуры. Фотаздымкі можна аналізаваць і ў больш шырокіх кантэкстах сучаснага грамадства. Якую ролю, напрыклад, адагрываюць сямейныя альбомы ў культурных практыках, звязаных з успамінамі? Якую ролю адыгрываюць гістарычныя фатаграфіі ў сучасным грамадстве?

Як і ў выпадку з іншымі матэрыяламі, пры рабоце з фатаграфіяй важным з’яўляецца аналіз асобных фатаграфій. Настаўнік павінен падвесці вучняў да пастаноўкі пытанняў. Фармат работы з фатаграфіяй можа быць розным: пытанні задае настаўнік, вучні працу­юць з рабочым лістом (дамашняе заданне),у групах і г.д. Работу з фатаграфіяй неабходна паўтараць, каб вучні замацавалі набытую кампетэнцыю.

Пытанні, якія можна задаваць па фатаграфіі:

•Што фіксуе фатаграфія?

•Якія персанажы адлюстраваны на фатаграфіі? Якія іх адносіны?

•Як бы вы назвалі фатаграфію?

•Калі была зроблена фатаграфія?

•Якім мэтам павінна была служыць фатаграфія (напрыклад, рэпартажная, сямейная фатаграфія)?

•Якім мэтам яна служыць сёння?

Зразумела, неабходна кожны раз адаптаваць пытанні ў адпаведнасці з тым, з якой фатаграфіяй вы працуеце (напрыклад, часам адносіны паміж персанажамі на фатаграфіі відавочныя, а часам — не).

На аснове знаёмства з інфармацыяй аб выхаваўчых магчымасцях медыя, удзельнікам курса было прапанавана выканаць практычнае заданне па распрацоўцы і правядзенні выхаваўчага ці пазакласнага мера­прыемства з наяўнасцю медыявыхавальнай задачы. Удзельнікі з прапанаванай задачай справіліся даволі паспяхова. Адна частка распрацаваных сцэнарыяў была прысвечана вырашэнню медыяпраблем: небяспека сацыяльных сетак, праўдзівасць інфармацыі, глянцавая прыгажосць, віртуальны булінг, пошук і стварэнне інфармацыі, візуалізацыя інфармацыі, аналіз медыякрыніц, актуальнасць сэлфі і інш. У другой частцы мерапрыемстваў медыя выкарыстоўваліся ў якасці сродку выхавання пры вырашэнні агульнавыхаваўчых праблем: развіцця эмацыянальнага інтэлекту, талерантнасці, выбару будучай прафесіі, вызначэння этнакультурнай ідэнтычнасці, разнастайнасці моўных і культурных асаблівасцей, культуры харчавання, ідэнтыфікацыі жыццёвых каштоўнасцей, зберажэння здароўя і інш. Сцэнарыі атрымаліся разнастайнымі па ўзнятых праблемах, цікавымі па змесце і карыснымі для арганізацыі выхаваўчай работы. Усе сцэнарыі знаходзяцца ў адкрытым доступе на платформе дыстанцыйнага курса, і ўдзельнікі курса маюць магчымасць не толькі з імі азнаёміцца, але і спампаваць для асабістага карыстання.

У межах напісання справаздачы педагогам было прапанавана задаць пытанне сваім ментарам. Большасць з удзельнікаў курса скарысталі такую магчымасць і атрымалі адказы. Разгледзім найбольш цікавыя пытанні і адказы на іх.

Як вы лічыце, якія тэмы будуць цікавымі і актуаль­нымі для падлеткаў 12—13 гадоў?

Класны кіраўнік павінен быць не толькі арганізатарам дзіцячага адпачынку, але і даследчыкам. Перад тым як планаваць выхаваўчую дзейнасць у класе, правядзіце даследаванне праз анкетаванне, задайце пытанні, адказы на якія дапамогуць вам даведацца, чым цікавяцца сучасныя падлеткі, якія праблемы іх хвалююць і якая дзейнасць будзе для іх цікавай. Гэтая інфармацыя дапаможа вам не толькі скласці актуальны для падлеткаў план мерапрыемстваў, але, магчыма, і стане першым крокам у арганізацыі самакіравання ў класе, зменіць адносіны вучняў да інфармацыйных і класных гадзін.

Якія памылкі можа дапусціць педагог, выбіраючы медыяінфармацыю для сваіх заняткаў?

Лепш спынімся на пазітыўных момантах, якія дапамогуць правільна выбраць інфармацыю. На мой по­гляд, трэба прытрымлівацца наступных крытэрыяў: адпаведнасць інфармацыі ўзросту вучняў; аптымальны час прагляду відэа, каб урок быў не эфектным, а эфектыўным; сувязь кантэнту з тэмай урока; абавязковая работа вучняў з медыяінфармацыяй; у канцы заняткаў вучні абавязкова павінны зрабіць высновы, чаму яны навучыліся, што зразумелі і як будуць выкарыстоўваць гэта ў сваім жыцці.

А вы самі спрабавалі праводзіць работу з баць­камі па фарміраванні медыякампетэнцый праз правядзенне бацькоўскіх сходаў? Мне гэта здалося самым складаным, але актуальным.

Ведаю, што такія сходы для бацькоў і калег па медыяадукацыі праводзіць наша калега, ментар гэтых курсаў, дырэктар школы са Століна Ала Лазіцкая. Вось, напрыклад, сцэнарый такога мерапрыемства:
http://www.nastaunik.info/node/14634.

Як правільна вызначыць паслядоўнасць фарміравання кампетэнцый? Ці трэба будаваць “траекторыю” фарміравання медыяпісьменнасці вучняў? Ці варта проста адпрацоўваць уменні, але на матэрыялах рознай складанасці?

Я думаю, што спачатку трэба вызначыцца са спісам кампетэнцый. Для фарміравання медыяпісьменнасці, напрыклад, неабходна развіваць крытычнае мысленне, камунікатыўныя і творчыя ўменні. Як паказаў выніковы ролік вашых вучняў, трэба трымаць на ўвазе і кааперацыю. “Траекторыя” фарміравання медыяпісьменнасці вучняў — гэта вашы планы на будучыя медыя­тэксты, праекты па схеме ад простага да складанага. Каб быў вынік, медыяпісьменнасць павінна складацца не толькі са спецыяльных ведаў пра сучасныя медыя, але і з практыкі на кожным уроку мовы і літаратуры па набыцці ведаў пра тэкст, уменняў знаходжання інфармацыі ў гатовым выглядзе, “нябачнай” інфармацыі, інтэрпрэтацыі і складання ўласнага меркавання. Адным словам, варта адыходзіць ад лінейнага вывучэння тэксту.

Наколькі я ведаю, у вашай гімназіі дзейнічае “школьнае СМІ”. Навучэнцы якіх класаў у ім задзейнічаны? Хто каардынуе іх дзейнасць і наколькі гэта энергазатратна для настаўніка? Якія тэмы разглядаюцца?

У нашым выпадку гэта называецца “Тэлешкола”. Займаюцца тэлежурналістыкай вучні з 5 па 11 клас. Там у іх пануюць рознаўзроставасць і пераем­насць. Ёсць YouTube-канал. Сюжэты і рэпартажы вельмі рознай тэматыкі, якасці, фармату, бо іх ро­бяць дзеці з розным вопытам. Напрыклад, ёсць такія: https://www.youtube.com/watch?v=03gyduMaI_8, а ёсць і шмат такіх: https://www.youtube.com/c/JuniorTeamTV/playlists.

Большасць матэрыялаў не публікуюцца на канале, а трансліруюцца на кожным паверсе ў фае. Праект гадоў пяць каардынуе настаўнік хіміі. Вядома, гэта энергазатратна, як вы гаворыце, але вельмі цікава! Іх дзейнасць плануецца на год, але часта бывае экспромт.

Несумненна, мерапрыемства з медыязме­стам з’яўляецца больш прадукцыйным і карысным як для настаўніка, так і для вучняў. Але ці ўсе мера­прыемствы, якія праводзяцца настаўнікам, павінны падмацоўвацца прадуктам медыя? Каб падрыхтаваць такія распрацоўкі, настаўніку проста не хопіць 24 гадзін у сутках.

Ваша пытанне палягае ў сферы разумення медыя. Медыя — гэта і фота, і тэкст, і ролік, і аўдыязапіс, адным словам — крыніца інфармацыі. Сучасны свет супярэчлівы, неадназначны, хутказменлівы, таму вучым дзяцей на сутыкненні розных поглядаў: перадавых і традыцыйных, рацыянальных і ірацыянальных, камерцыйных і сацыяльных. Каб падрыхтавацца да такіх заняткаў за малы час, па-першае, трэба навучыцца канкрэтна, дыягнастычна, актуальна фармуляваць мэту. У гэтым выпадку адразу звузіцца кола пошуку матэрыя­лу. Па-другое, трэба актыўна падключаць вучняў — як зрабілі вы ў другім практыкаванні. Вазьміце за дэвіз тое, што настаўнік не асноўная крыніца інфармацыі, а арганізатар мэтанакіраванай пошукавай дзейнасці вучняў. У такім выпадку медыя будуць дапамагаць рабіць заняткі прадукцыйнымі, а не траціць ваш час.

Часам бывае вельмі складана самому разабрацца ў некаторых артыкулах і відэароліках. Ці ёсць які-небудзь агульны алгарытм дзеянняў?

Справа ў тым, што можна паставіць знак роўнасці паміж медыяадукацыяй і крытычным мысленнем, уменнем задаваць пытанні. Таму тут многае залежыць не ад алгарытмаў, інструкцый і г.д, а ад умення самому медыяадукоўвацца (самаадукоўвацца). Медыяпісьменнасць фарміруецца тады, калі чалавек сам крытычна ставіцца да інфармацыі, аналізуе яе, задае сабе пытанні, шукае пацвярджэнні ці абвяржэнні ў іншых крыніцах, сам можа зрабіць выснову, чытае спецыяльную літаратуру і, як і вы, знаходзіць час і жаданне вучыцца на розных курсах. Вы на правільным шляху. Калісьці ў маёй медыяадукацыі зыходным пунктам стаў выраз: “Современный учитель — обязательно медиапедагог, но, чтобы учить других, надо в совершен­стве владеть знаниями и умениями самому” (з даклада UNESCO). У той жа час алгарытмы работы з медыятэкстамі існуюць. Магу прапанаваць адзін сайт па медыя (нядаўна я яго дапоўніла, там 11 тэматычных старонак, дзе вы знойдзеце і некаторыя алгарытмы): https://sites.google.com/view/media-lokis/главная-страница.

Ці ёсць нейкая методыка вызначэння ўзроўню сфарміраванасці крытычнага мыслення вучняў, узроўню медыяпісьменнасці? Бо часам задаюць пытанні: а што толку з вашай медыяадукацыі? Канкрэтыку давай, лічбы…

Пры пастаноўцы медыяадукацыйных мэт і вызначэнні ўзроўню сфарміраванасці медыяпісьменнасці кіруюся вось гэтым выданнем:  http://www.mcbs.ru/publications/item/1535. На маю думку, гэта добра распрацаваны варыянт для ўсіх узроставых катэгорый. Можна і сябе па ім праверыць. Па сфарміраванасці крытычнага мыслення магу прапанаваць такую работу: https://cyberleninka.ru/article/n/otsenka-sformirovannosti-kriticheskogo-myshleniya-u-obuchayuschihsya-v-obscheobrazovatelnoy-shkole/viewer і табліцу: https://nsportal.ru/nachalnaya-shkola/materialy-mo/2016/04/26/kriterii-urovnya-sformirovannosti-kriticheskogo-myshleniya.

Як можна сістэмна арганізаваць выхаваўчую работу па развіцці медыяпісьменнасці ў дзяцей з 5 па 11 клас? Ці існуюць адукацыйныя рэсурсы па медыяпісьменнасці для вучняў?

У вашым пытанні ключавое слова “сістэмна”. Сі­стэма — гэта сукупнасць узаемазвязаных кампанентаў, у нашым выпадку — мэт, зместу, працэсу, у якім заняты суб’екты (вучні і настаўнік), выкарыстаных метадаў і сродкаў, вынікаў работы і іх ацэнкі. Дарэчы, ваш урок і ваша мерапрыемства выглядаюць сістэмнымі, бо і дзейнасць, і выбраныя метады навучання, і сродкі скіраваны на дасягненне канкрэтна вызначанай мэты.

Але ў мяне складваецца ўражанне, што вас цікавіць крыху іншае пытанне — пра забеспячэнне пераемнасці паміж ступенямі навучання і класамі (з 5 па 11). Тут дзве ўмовы: 1) карыстацца адукацыйным стандартам, які створаны па ступенях навучання; вучэбнымі праграмамі, у тлумачальных запісках якіх па класах пералічаны кампетэнцыі, якія трэба фарміраваць; каталогам “Лічбавая будучыня. Каталог медыйных і інфармацыйных навыкаў”; 2) супрацоўнічаць з калегамі, каб не дубліраваць адзін аднаго.

Апошнім часам усё часцей лаўлю сябе на думцы, што мае вучні больш медыяпісьменныя, чым я. Яны могуць адрозніць фэйк ад праўды, бачаць схаваны сэнс, звяртаюць увагу на дэталі, знахо­дзяць маніпуляцыі, я ж толькі вучуся ўсяму гэтаму на курсе. Падчас стварэння сцэнарыя класнай гадзіны зразумела, што любую класную або інфармацыйную гадзіну, незалежна ад тэматыкі, можна выкарыстоўваць як пляцоўку для медыя­адукацыі. Якое ваша меркаванне на гэты конт?

Лічу, што гэта залежыць ад мэты, якую ставіць настаўнік. Я згодна, што любую выхаваўчую гадзіну можна зрабіць з медыяадукацыйным зместам, калі ўмела да гэтага падысці. Галоўнае, каб медыя былі не ілюстрацыяй класнай гадзіны, а прадметам роздуму, крытычнага стаўлення.

* * *

У канцы артыкула хачу прывесці некалькі выказванняў настаўнікаў аб змесце чацвёртага модуля і планах на будучыню:

“Як класны кіраўнік 5 класа знайшла для сябе новы напрамак выхаваўчай дзейнасці. У план выхаваўчых мерапрыемстваў буду ўключаць розныя кірункі па медыяпісьменнасці: аналіз медыятэкстаў, маніпуляцыю, фэйкавую інфармацыю, кіналекторыі, бяспечныя паводзіны ў інтэрнэце”.

“Усё было цікавым, буду праводзіць інфармацыйныя гадзіны: дэкадзіраванне навін, маніпуляцыі ў навінах. Паспрабую папрацаваць з кінафільмамі”.

“Вельмі спадабаліся некаторыя ролікі сацыяльнай рэкламы, абавязкова пастараюся прапрацаваць іх з дзецьмі (“Свет побач з добрымі людзьмі”, “Я малюю шчасце”, “Прышчэпка любові”). Абавязкова пакажу ім некаторыя кароткаметражныя фільмы (“Падарунак”, “Забяры мяне дадому”, “І праз тысячу гадоў”, “Alike”) і абмяркую з дзецьмі праблемы, якія яны ўздымаюць”.

“Вельмі карысныя практыкаванні! Шмат прыкладаў! Вялікая праблема была знайсці карысныя і цікавыя відэаролікі, рэкламу, кароткія фільмы. Некаторыя фільмы мы ўжо паглядзелі з дзецьмі ў мінулыя гады (“Цырк матылькоў”, “Пацвярджэнне”, “Урокі экалогіі”). Асабліва карысныя ўрокі медыяадукацыі былі пры падрыхтоўцы да класнай гадзіны “Халакост”. Я сама трапіла ў пастку, “купілася” на фэйкавую інфармацыю аб дацкім каралі і каралеве, якія быццам бы насілі яўрэйскія зоркі на грудзях, але потым праверыла гэта. Перад праглядам фільма “Краіна лялек” папрасіла і дзяцей праверыць дадзеную інфармацыю”.

“Форма кінаклуба проста шыкоўная! І вельмі карысныя парады наконт стварэння школьнай газеты”.

“Мне ўсе матэрыялы здаліся цікавымі. Буду спрабаваць!”

Вялікі дзякуй слухачам і ментарам за творчую работу, за праяўленую зацікаўленасць праблемай медыявыхавання, за апантанасць ідэяй выхавання медыяпісьменнай асобы, здольнай да крытычнага мыслення, выпрацоўкі асабістага пункта гледжання і праяўлення неабыякавасці да падзей у краіне і свеце. Дзякуй за тое, што вы разумееце, што ад нас, педагогаў, залежыць будучыня нашай краіны.

Міхась КУДЗЕЙКА,
дацэнт кафедры менеджменту і адукацыйных тэхналогій ІПКіП БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат педагагічных навук, ментар дыстанцыйнага курса.
Фота Вольгі ДУБОЎСКАЙ.