Вучым медыяпісьменнасці, захоўваючы прадметны змест урока

- 9:50Медыяадукацыя

У наш час медыяпісьменнасць стала адной з важных кампетэнцый сучаснага чалавека. Педагогі, якія выкладаюць розныя прадметы, імкнуцца на сваіх уроках сфарміраваць у вучняў неабходныя навыкі і ўменні, каб аналізаваць і ацэньваць інфармацыю ў розных відах, жанрах і формах медыя. Настаўніца фізікі гімназіі № 1 Жодзіна Мінскай вобласці Эла Мікалаеўна Якубоўская даўно зрабіла стаўку на навучанне медыяпісьменнасці і пераканалася: дзякуючы такому падыходу, урок становіцца больш цікавым, сучасным і эфектыўным.

Не проста верыць, а праверыць

Эла Мікалаеўна з задавальненнем дзе­ліцца сваім вопытам з калегамі, прычым не толькі з настаўнікамі фізікі. Методыка навучання медыяпісьменнасці не залежыць ад прадмета, на кожным ёсць шырокія магчымасці для яе фарміравання. Варта толькі паспрабаваць, убачыць цікавасць вучняў — і далей навучанне медыяпісьменнасці стане нязменнай часткай урока, адной з яго яркіх фішак. Э.М.Якубоўская раіць: трэба право­дзіць не невялікія этапы ўрока, накшталт фізкультхвілінак ці хвілінак чыстапісання, а інтэграваць медыяадукацыю ва ўрок.

— Па сутнасці, медыяадукацыя нацэлена на той жа вынік, што і выкладанне многіх прадметаў, — падкрэслівае Э.М.Якубоўская. — Яна таксама вучыць асноўнаму, неабходнаму: разумець з’явы і падзеі, умець выкарыстоўваць свае веды на практыцы. Таму я і прытрымліваюся думкі, што медыяадукацыю трэба менавіта інтэграваць ва ўрок у рамках свайго прадмета. Гэта спрыяе развіццю ўменняў аналізу і крытычнага мыслення вучняў, ды і працэс навучання становіцца больш цікавым, дзеці бачаць яго непасрэдную сувязь са што­дзённым жыццём.

Адзін з відаў медыяпісьменнасці, які нельга пакінуць без увагі, — відэапісьменнасць. Яна дапамагае навучыць сённяшніх дзяцей-візуалаў бачыць схаваныя сэн­сы, дэкадзіраваць. Важна, каб вучні не проста праглядвалі відэасюжэты і ролікі, але і ўмелі з імі працаваць. Настаўнік атрымлівае шырокую прастору: можна выкарыстоўваць ролікі, фільмы, мультфільмы… Знайсці матэрыял удасца без асаблівых цяжкасцей. Тут, як кажуць, інтэрнэт у дапамогу. Напрыклад, Эла Мікалаеўна звярнула ўвагу на ролік, у якім блогер падпаліў плітку шакаладу, а затым зрабіў выснову аб яго шкоднасці: маўляў, калі не плавіцца, а гарыць, значыц­ь, там няма нічога карыснага, адна “хімія”, і гэта нельга ўжывац­ь у ежу. Падобных відэа ў інтэрнэце нямала. Важна навучыць дзяцей не верыць паказанаму, а аналізаваць. Чаму б не разабраць з вучнямі гэтую сітуацыю: ці правільны зроблены вывад аб шкоднасці прадукта? Чаму гарыц­ь шакалад? Калі паразважаць, аказваецца: для шакаладу, у склад якога ўваходзяць натуральныя прадукты (ёсць і тлушчы, і вугляводы), гарэнне — абсалютна нармальная і заканамерная рэакцыя пад уздзеяннем высокіх тэмператур і адкрытага полымя, таму гэта абсалютна не паказчык шкоднасці прадукта.

Дзе праўда, а дзе фантазія?

Хіба можа вучням не спадабацца гля­дзець мультфільмы, дэталёва разбірацца ў тым, што там паказана, і адначасова вывучаць сур’ёзныя рэчы і з’явы? Гэта бяспройгрышны варыянт, дзякуючы якому можна зацікавіць нават тых, хто не вельмі настроены на вучобу.

На сваім прадмеце Эла Мікалаеўна выкарыстоўвае цудоўны мультфільм “Вверх”. Па сюжэце галоўны герой прывязаў да свайго дома мноства паветраных шарыкаў і паляцеў у падарожжа.

— Мультфільмы нікога не пакідаюц­ь абыякавымі, па іх разам з дзецьмі можна вывучаць фізіку паспяхова і з цікавасцю, — каменціруе Эла Мікалаеўна. — Можна па­прасіць вучняў дома паглядзець мультфільм “Вверх” ці разам у класе пазнаёміцца з патрэбным фрагментам. Дом, які ўзлятае пры дапамозе мноства шарыкаў, безумоўна, усіх уражвае. Пачынаецца абмеркаванне сітуацыі, і разам мы шукаем адказ на цікавае пытанне: паказанае — фантастыка ці ўсё ж падобнае магчыма і ўзняць дом на паветраных шарах рэальна?

Зацікаўленыя вучні пачынаюць аналізаваць сітуацыю і, каб прыйсці да высновы, робяць адпаведныя разлікі. Для гэтага настаўніца крок за крокам накіроўвае. Спачатку прапануе знайсці пад’ёмную сілу, створаную адным шарам, напоўненым геліем, а пасля разлічыць максімальную масу дома з “пасажырамі”, пры якой будынак зможа ўзляцець.

Дзеці працуюць з задавальненнем. Для іх аказваецца адкрыццём, што на самай справе гэта не фантастыка, а магчымая сітуацыя. Прычым яны самі прыходзяць да гэтага вываду. Толькі потым настаўніца расказвае, што ў сакавіку 2011 года дом быў падняты ў паветра пры дапамозе паветраных шароў. Такі эксперымент прайшоў пад кіраўніцтвам каманды вучоных і інжынераў, пры падтрымцы тэлеканала National Geographic. Для таго каб падняць будынак у паветра, спатрэбілася 300 шароў вышынёй 90 метраў. Дом быў пабудаваны з больш лёгкіх матэрыялаў, і падчас палёту ў ім знахо­дзіліся два чалавекі, якія накіроўвалі яго ў патрэбны бок. Такое падарожжа доўжылася каля гадзіны, пасля чаго будынак паспяхова прызямляўся ў запланаваным месцы. Для прадзюсара гэтага праекта было важна паказаць людзям: многае з таго, што падаецца немагчымым, на самай справе рэальна.

Для паспяховай работы з мультфільмамі і фільмамі на ўроках для развіцця відэапісьменнасці ёсць пэўныя рэкамендацыі, на якія звяртае ўвагу Э.М.Якубоўская. Так, фрагмент павінен быць кароткім і займаць прыкладна 5—7 мінут. Выкарыстоўваць відэа можна на стадыі матывацыі ці на стадыі замацавання ведаў (у такім выпадку ставіцца задача знайсці памылку ці праверыць нейкі факт на аснове атрыманых на ўроку ведаў). Важны момант: настаўнік не проста паказвае сюжэт, а пасля абавязкова задае пытанне. Маленькія сюжэты можна выкарыстоўваць у якасці ключавых пытанняў, што будзе да месца пасля таго, як дзеці пазнаёмяцца з тэмай урока. (Асвоіўшы новы матэрыял, вучні змогуць самі адказац­ь на гэтае пытанне.) Ну і, безумоўна, трэба падабраць правільны сюжэт: ён павінен не толькі падыходзіць па тэме, але і “чапляць”, здзіўляць дзяцей. Пачынаецца ўсё менавіта з цікавасці, інакш далей нічога не атрымаецца.

Безумоўна, важна знайсці падыходзя­чыя менавіта да свайго прадмета матэрыя­лы. Э.М.Якубоўская раіць пачаць з самага простага і хуткага шляху: набраць у пошукавіку інтэрнэту запыт: “Памылкі па (назва свайго прадмета) у мастацкіх фільмах”. Такім чынам удасца назбіраць прыклады і адабраць тыя, якія падыходзяць па тэмах і будуць да месца на канкрэтных уроках.

Лайфхак карысны ці бессэнсоўны?

Яшчэ адна цудоўная магчымасць для развіцця медыяпісьменнасці — папулярныя сёння лайфхакі. (Слова “лайфхак” утворана ад двух англійскіх life і hack, першае перакладаецца як “жыццё”, а другое — “узлом”.) Зараз прыдумана мноства лайфхака­ў, якія тычацца розных прадметаў і тэм. Гэты багаты і па-свойму цікавы матэрыял Э.М.Якубоўская таксама актыўна выкарыстоўвае сама і раіць іншым. Каштоўная падказка: існуюць спецыяльныя сайты, напрыклад, лайфхакер.ру, дзе размяшчаюцца лайфхакі. Там зручна адабраць іх для сябе ў залежнасці ад тэмы.

На ўроку фізікі можа быць выкарыстаны лайфхак, дзе паказваецца, як пры дапамозе скотча адкрыць шчыльна закручаны слоік. Можна паспрабаваць зрабіць так самому і, безумоўна, раскласці па паліцах усе фізічныя працэсы, якія тут дзейнічаюць. А настаўнікам хіміі можна, напрыклад, дапамагчы дзецям разабрацца ў нестандартнай парадзе: чысціць плітку і сантэхніку кока-колай. Цікава ж, ці эфектыўны такі сродак для мыцця, і калі так, то ці не занадта дарагі, якія ёсць больш танныя і даступныя варыянты?

Пры рабоце з лайфхакам Эла Мікалаеўна раіць прытрымлівацца пэўных правіл. Можна даць заданне дзецям самім знайсці лайфхак па пэўнай тэме. Плюс такой сітуацыі будзе ў тым, што вучні прынясуць на наступны ўрок тое, што ім цікава, у чым ім самім захацелася б разабрацца. Таксама важна пры адборы лайфхакаў звяртаць увагу на рэсурс, на якім узята інфармацыя (ёсць такія сайты, якім не варта давярац­ь у гэтым пытанні). Пры правя­дзенні эксперыментаў, спробах праверыц­ь лайфак на практыцы варта, безумоўна, выбірац­ь бяспечныя варыянты і кансультавацца з бацькамі, каб у іх было разуменне, што і навошта робіць іх дзіця.

Вучні могуць правяраць лайфхакі на праўдзівасць дома ці ў школе. Пры дапамозе тэлефона можна зрабіць фотаздымкі ці відэазапіс такога эксперымента, а пасля падрыхтаваць справаздачу для аднакласнікаў. Каб не нашкодзіць прадметнаму зместу ўрока, трэба не проста паўтарыць і праверыць лайфхак, але і патлумачыць, па якіх хімічных, фізічных, біялагічных ці іншых законах ён працуе. Напрыканцы робіцца вывад: каштоўны, мэтазгодны гэты лайфхак ці бессэнсоўны і не варты таго, каб ім карыстацца. Дарэчы, вынікі такой работы абавязкова неабходна паказаць на ўроку, а можна яшчэ і дадаткова на сайце сваёй установы адукацыі.

— Вучань праводзіць немалую работу, каб праверыць лайфхак, і далей трэба прадэманстраваць яе вынікі, — тлумачыц­ь Э.М.Якубоўская. — Дзіцяці важны гэты этап. Настаўніку ж такім чынам удаецца адначасова дасягнуць некалькіх мэт. У вучняў з’явіцца цікавасць працаваць па вашым прадмеце, яны ўбачаць, што гэта вельмі цікавы, захапляльны працэс. На самім уроку час будзе размеркаваны эфектыўна. Дзеці не будуць доўга правяраць лайфхак, а паведамяць галоўнае па выніках эксперымента, які праходзіў дома ці падчас пазакласнай работы.

Бачыць не толькі выяву, але і інфармацыю

Фарміраванне візуальнай пісьменнасці дапаможа навучыць дзяцей аналізавац­ь тое, што яны бачаць на выяве: малюнку ці фотаздымку. Такая работа таксама гарманічна ўпісваецца ва ўрок, узбагачаючы яго цікавай інфармацыяй па тэме.

У сваёй практыцы для фарміравання візуальнай пісьменнасці Эла Мікалаеўна перыядычна выкарыстоўвае фотаздымкі без подпісаў. Напрыклад, добра падыхо­дзіць для ўрока фізікі рэдкі гістарычны кадр “Крушэнне дырыжабля “Гіндэнбург”. Першае пытанне, якое задае настаўніца вучням падчас яго дэманстрацыі: “Што тут адлюстравана?”. Затым клас разбіраецца ў тым, для чаго прызначана такая канструкцыя, на якім законе фізікі заснаваны прынцып яе работы?

— Вакол фотаздымка разгортваецца далейшая дзейнасць, дзецям стала цікава і хочацца разабрацца, — расказвае Э.М.Якубоўская. — Сённяшнія вучні слаба ўяўляюць, што такое дырыжабль. У адным з класаў выказалі меркаванне, што на фотаздымку паказана тэхніка, якая лётае. Аднак даволі хутка навучэнцы разабраліся, што прынцып дзейнасці дырыжабля заснаваны на законе Архімеда, і ўсё падрабязна патлумачылі.

Пасля вучні даведаліся ад настаўніцы яшчэ і гістарычныя факты, пра тое, якая падзея адлюстравана на здымку і чаму яна ўвайшла ў гісторыю. Так склалася, што самая знакамітая катастрофа паветранага плавання засталася не толькі ў памяці сведкаў, але і на рэдкім, каштоўным сёння фотаздымку. Крушэнне адбылося 6 мая 1937 года ў штаце Нью-Джэрсі. Дырыжабль раптоўна ўспыхнуў, рухнуў і згарэў літаральна за 34 секунды. У выніку трагедыі загінулі 36 чалавек, пасля чаго для перавозкі лю­дзей перасталі выкарыстоўваць такі від паветранага транспарту.

— Такім чынам мы з усіх магчымых бакоў разгледзелі фотаздымак, “выцягнуўшы” з яго максімум інфармацыі, якая тычыцца як непасрэдна фізікі, так і агульнага развіцця, — дадае Эла Мікалаеўна. — Мне прыемна было пачуць, што падобныя канструкцыі дзеці ўжо запомнілі па фотаздымках ваенных часоў. Дырыжаблі тады выкарыстоўвалі з абсалютна іншымі мэтамі: пры абароне падчас бамбардзіроўкі падымалі ўгору, каб ворагі не маглі добра бачыць горад.

Аналіз фотаздымка ці іншай выявы не займае шмат часу на ўроку, аднак адназначна прыносіць плён. Пры гэтым паступова дасягаецца адна з галоўных мэт медыяадукацыі — вучні пачынаюць крытычна мысліць, разважаць над тым, што бачаць не толькі на ўроку, але і ў штодзённым жыцці, інтэрнэце.

Падбіраючы выявы для такой работы на ўроку, трэба знайсці тыя, якія будуць звязаны з тэмай урока. На малюнку ці фотаздымку можа быць паказаны гістарычны факт, а можа быць памылка. Таксама можна пабудаваць работу на тым, ці суадносяцца выява і тэкст на ёй. У любым выпадку асноўны прынцып — не проста паказаць, а задаць пытанні і ўключыць навучэнцаў у актыўную работу. Выява павінна стаць тэмай для развагі.

Акрамя таго, вопытны медыяадукатар Э.М.Якубоўская раіць абавязкова ўзяц­ь сабе на заметку папулярныя сёння матыватары і дэматыватары, рэкламу. Іх выкарыстанне на ўроку таксама дапамагае інтэграваць медыяадукацыю ў змест урока без шкоды для яго прадметнага зместу, п­авысіць цікавасць вучняў.

Крокі ў бок медыяадукацыі сёння сталі неабходнасцю для таго, каб дзеці вучыліся з жаданнем і станавіліся разважлівымі, здольнымі аналізаваць і рабіць правільныя вывады, прымяняць свае веды на практыцы. Настаўнікам, які робяць першыя крокі ці ўжо ацанілі плюсы медыяадукацыі, варта звярнуць увагу на суполку пад назвай “Медыяадукатар” у Фэйсбуку, дзе педагогі дзеляцца вопытам у такім актуальным у наш час кірунку.

Таццяна ШЫМКО.