Урокі гісторыі — гэта пра жыццё і для жыцця

- 23:05Адукацыйная прастора

В.А.Сухамлінскі некалі сказаў: “Урок — гэта люстэрка агульнай і педагагічнай культуры настаўніка, мерка яго інтэлектуальнага багацця, паказчык яго кругагляду і эрудыцыі”. Такое азначэнне ўрока ўспомнілася дзякуючы гераіні сённяшняга артыкула. На ўрокі гісторыі і грамадазнаўства да Алены Якаўлеўны Квасавай з сярэдняй школы № 12 Мінска вучні ідуць па веды і натхненне. І нават сыходзячы са школы, хочуць вярнуцца туды, каб нешта пераасэнсаваць, натхніцца і адчуць цікавасць да жыцця. А ўсё таму, што настаўніца заўсёды знаходзіць новы сэнс у вядомым гістарычным паняцці ці перыядзе.

“Гісторыя — усё наша жыццё. Яна адказвае на многія нашы ўнутраныя пытанні, структуруе наша мысленне. На мой погляд, гісторыя — гэта той прадмет, да якога рана ці позна прыходзіць кожны чалавек, бо менавіта гісторыя адказвае на пытанні: што я ёсць? Што ёсць гэты свет?

Гісторыя — гэта лёсы людзей, гэта мноства розных сітуацый. А яшчэ яна дапамагае ў цяжкія моманты, таму што ў прынцыпе ўсё ўжо было, і калі ёсць нейкае складанае жыццёвае пытанне, то адказ абавязкова зной­дзецца ў гісторыі, бо хтосьці ўжо перажываў штосьці падобнае. Каб знайсці адказ на сваё пытанне, трэба проста зазірнуць у гісторыю і прааналізаваць падзеі жыцця, учынкі лю­дзей, і рашэнне праблемы знойдзецца само сабой”, — тлумачыць Алена Якаўлеўна.

Сваю цікавасць да прадмета яна тлумачыць проста: падабаецца. Гістарычную адукацыю атрымала на гістарычным факультэце БДУ. “З узростам стаўленне да гісторыі змянілася — у юнацтве яна мне ўяўлялася як нейкая прыгода, але насамрэч гэта тваё ўспры­манне жыцця. Ты мяняешся, і мяняецца тваё стаўленне да гісторыі. Мне вельмі цікава, як адны і тыя ж падзеі можна разглядаць пад рознымі вугламі”, — працягвае настаўніца.

У педагогіку Алена Якаўлеўна прый­шла па клічы сэрца. “Працую ў школе з 1983 года. Пачынала з піянерважатай. У прынцыпе ў мяне ніколі нават альтэрнатыўных думак наконт сваёй будучай прафесіі не ўзнікала. Я ўвесь час хацела быць настаўніцай, мне падабалася праца­ваць з дзецьмі, заўсёды хацелася ім нешта перадаць, дапамагчы, абараніць. А калі стала працаваць, то зразумела, што ў гэтай прафесіі рэалізуюцца вельмі многія дзявочыя мары. Напрыклад, хацелася быць артысткай — настаўніцтва дае такую магчы­масць. Хочацца мець зносіны, перапаўняюць эмоцыі — калі ласка, прафесія настаўніка спрыяе таму, што дзяліцца эмоцыямі і думкамі можна пастаянна”, — разважае педагог.

І вось амаль 30 гадоў Алена Якаўлеўна прыходзіць на свае ўрокі, каб дзяліцца ведамі, сваімі думкамі і разважаннямі, натхняць кожнага вучня ў класе. За гады працы яна не змянілася ў галоўным — ёй па-ранейшаму не ўсё роўна, і няважна, на сваім яна ўроку, на замене ці проста стамілася. “Бывае, канечне, па-рознаму, у тым ліку калі я незадаволена ўрокам. Але лічу: калі ты прыходзіш на ўрок да дзяцей, то будзь настаўнікам у любым выпадку. У кожным класе сядзяць вучні, якія чакаюць цябе і твойго ўрока. Гэта толькі здаецца, што ім нічога не патрэбна, а на самай справе яны заўсёды чакаюць настаўніка і ўрока”, — лічыць настаўніца.

Што тычыцца методыкі выкладання Алены Якаўлеўны, то, вядома, за гады працы яна мянялася. “Спачатку мяне проста распірала ад жадання расказаць, падзяліцца, выліць свае эмоцыі. На сваіх уроках я гаварыла вельмі шмат. Адпаведна ў дзяцей такой магчымасці амаль не было. Цяпер урочны час у мяне размеркаваны паміж мной і маімі вучнямі. Вось гэтае разуменне ў мяне з’явілася. Я па-ранейшаму даю шмат гістарычнага матэрыялу, пры гэтым дзеці таксама маюць магчымасць праявіць сваю цікавасць і паказаць свае здольнасці.

Гісторыя і грамадазнаўства даюць магчымасць складаць праблемныя пытанні. У сувязі з гэтым вельмі люблю арганізоўваць работу ў фармаце мазгавога штурму, дыскусій, калі дзеці выказваюцца. Хай яны ро­бяць гэта няўпэўнена і не вельмі аргументавана, але галоўнае, каб яны гаварылі, паколькі гэта вучыць іх думаць, аналізаваць. Я заўсёды ім кажу, каб яны не гадалі, адказваючы на пытанне, і не прыдумлялі нічога. Я цаню разважанні і ўменне рабіць высновы, нават калі з такой аргументацыяй не згодна. Мяне цікавіць структура мыслення вучняў, іх асобаснае развіццё.

Разважаць на аснове чагосьці пачутага ці дзесьці мімаходзь прачытанага немагчыма. У сувязі з гэтым кіруюся вельмі простым прынцыпам: спачатку мы атрымліваем гістарычныя веды і неабходныя ўменні, якія правяраю класічнымі праверачнымі работамі, а ўжо потым мы пераходзім да дыскусій, палемікі, мазгавога штурму, эўрыстычных пытанняў.

Вучу дзяцей аддзяляць галоўнае ад другараднага як у гісторыі, так і ў жыцці. Гэта тычыцца і іх падрыхтоўкі да ўрокаў. Вельмі важна, каб яны ўмелі структураваць вучэбны матэрыял, звяртаючыся пры гэтым да розных крыніц інфармацыі. Не менш важным з’яўляецца і ўменне адрозніваць дакладную інфармацыю ад недакладнай, таму заўсёды даю для азнаямлення шмат розных крыніц”, — дзеліцца настаўніца.

Калі казаць пра ўспрыманне дзецьмі гістарычнага вучэбнага матэрыялу, то, на думку педагога, нельга вылучыць нейкія тэмы, якія засвойваюцца лепш ці горш. У сучасных дзяцей гэтае засваенне раўнамернае, але складанае. Большасць тэм яны ўспрымаюць з цяжкасцю, бо мала чытаюць. “Але я лічу, што абсалютна любую тэму можна так абыграць, каб дзіця адчула яе актуальнасць асабіста для сябе. Таму, пачынаючы вывучэнне новай тэмы, заўсёды імкнуся зрабіць так, каб вучань прапусціў гэтыя гістарычныя веды праз сябе, праз свой жыццёвы вопыт.

Напрыклад, зараз мы з 10-класнікамі вывучаем сусветную гісторыю па новай праграме і нядаўна разглядалі сацыяльныя адносіны ў Еўропе ў XV—XVІ стагоддзях. Вядома, спачатку мы разабралі  вучэбны матэрыял, патлумачылі ўсе тэрміны і паняцці, суаднеслі іх з сучаснымі. Грамадства заўсёды было, ёсць і будзе ў любым стагоддзі, і ў кожную эпоху чалавек задае сабе пытанне: а што ёсць я ў гэтым грамадстве? І тут я кажу сваім вучням, што няважна, у якім грамадстве і стагоддзі жыў чалавек, важна, як ён знаходзіў сябе ў тым грамад­стве. Мы гаворым пра статус чалавека, пра яго матэрыяльнае становішча, пра тое, як гэта ўсё ўзаемазвязана. Так, мы абмяркоўваем саслоўі, якія былі ў XV—XV стагоддзях, правілы паводзін прадстаўнікоў кожнага саслоўя. Але пры гэтым мы пастаянна праводзім паралелі з сучасным светам. Шукаем адказ на пытанне: чаму так? У чым праяўлялася розніца паміж рознымі саслоўямі насельніцтва? Ці існуе гэтая розніца сёння? Зараз у нас няма саслоўяў, але сацыяльная няроўнасць у грамадстве прысутнічае. І мы шукаем адказ на пытанне, на чым будуецца гэтая няроўнасць”, — адзначае Алена Якаўлеўна.

Яна прызнаецца, што ў сваёй педагагічнай дзейнасці праходзіла праз самыя розныя этапы. Быў перыяд, калі здавалася, што вучні і не бачаць, і не чуюць яе, і не хочуць гэтага рабіць. Настаўніца вучылася іх разумець праз прызму выхавання ўласных дзяцей. У выніку прыйшла да высновы: сіла дарослага чалавека (неабавязкова настаўніка) у тым, што ён павінен бачыць асобу ў іншым чалавеку, і няважна, колькі яму гадоў.

Алена Якаўлеўна будуе зносіны са сваімі вучнямі не толькі на ўроках, але і за іх межамі, таму бачыць, што за знешняй абалонкай іх нібыта абыякавасці, дзёрзкасці, уцягнутасці ў сацыяльныя сеткі хаваецца чалавек, якога хвалююць звычайныя жыццёвыя пытанні. Яны перажываюць за сваю прафесійную будучыню, ці закахаюцца, пабудуюць сям’ю. Насам­рэч цяперашнія дзеці адчуваюць тыя ж перажыванні, якія былі да іх і будуць пасля іх.

“Важна прабірацца праз гэтую ўяўную абыякавасць. Дзеці ўсё чуюць і хочуць зразумець і разабрацца ў сабе. Ім вельмі важна адчуванне гармоніі ў жыцці. Пры выпадку я заўсёды імкнуся казаць ім пра гэта. Так, магчыма, гэтыя словы высакамоўныя, але яны неабходныя дзецям.

Яны вельмі цэняць, калі з імі гаворыш на роўных, калі даносіш  да іх дзесьці простыя, а дзесьці складаныя жыццёвыя рэчы. У мяне ў кабінеце гісторыі вісяць партрэты выбітных гістарычных асоб, лёсы якіх можна пралам­ляць на сучаснасць. Напрыклад, Марыя-Антуанета была распешчанай жанчынай, але смерць сустрэла годна. Я пастаянна ўсё пераасэнсоўваю, у тым ліку гістарычныя падзеі, гістарычных персанажаў, а затым абавязкова  дзялюся гэтым з дзецьмі. У кожным з іх ёсць глыбіня, трэба толькі дапамагчы раскрыць яе.

Хачу падкрэсліць яшчэ адзін момант: калі вы працуеце з дзецьмі, то павінны ведаць, чым яны цікавяцца, што чытаюць, якія фільмы або мульцікі глядзяць. Напрыклад, нядаўна ў 6 класе была сітуацыя: мы разглядалі герб Чэхіі, на якім намаляваны леў з трыма хвастамі. Я заўсёды кажу дзецям: “Даведайцеся, чаму ў гэтага льва тры хвасты”. І пакуль яны думалі-разважалі, я ўспомніла мульцік “Нарута”, які глядзела калісьці са сваёй дачкой. У ім быў ліс з дзевяццю хвастамі. Гэтага ліса ўспомніў адзін хлопчык у класе, і калі я падхапіла гэтую тэму і загаварыла пра “Нарута”, шасцікласнікі былі вельмі здзіўлены.

Але тут важна не паддобрывацца да дзяцей. Калі я чагосьці не зразумела ў іх музыцы, мульціку або  фільме, то шчыра пра гэта кажу. З дзецьмі абавязкова трэба быць сумленным, але пры гэтым тактоўным. Дарэчы, такая мадэль паводзін неабходная ў любой сітуацыі, у любых адносінах”, — мяркуе Алена Якаўлеўна.

Напэўна, было б дзіўна, каб у такой настаўніцы не было алімпіяднікаў. Яны ёсць, прычым вельмі паспяховыя. Сёлета яе вучань, дзесяцікласнік Мікіта Зябко, стаў пераможцам трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па гісторыі. Хлопец выступаў за 11 клас, але здолеў у Мінску заняць 2-е месца і атрымаў дыплом І ступені. Цяпер Мікіта рыхтуецца да рэспублікі.

“Канкрэтнага рэцэпта падрыхтоўкі алімпіяднікаў у мяне няма. Гэта вельмі шматпланавая, скрупулёзная праца, якая патрабуе вялікага цярпення і ўседлівасці. Самае галоўнае — гэта дзіця і яго матывацыя. Разгледзець такога вучня проста. Калі ён не адказвае вусна, то іскрынка знойдзецца ў яго пісьмовых адказах. Самае складанае пачнецца пазней, бо прыйдзецца шукаць адказ на пытанне, як далей будаваць адносіны з такім вучнем. І тут, на мой погляд, ня­гледзячы на тое, што гэта творчая асоба з тонкай душэўнай арганізацыяй, трэба пачы­наць  руцінную працу па адпрацоўцы неабходных ведаў, уменняў і навыкаў. Неабходна арганіза­ваць выразную сістэму навучання і прытрымлівацца жорсткай дысцыпліны. І адгаворкі, што ў мяне сёння няма натхнення, пры падрыхтоўцы да алімпіяды не працуюць наогул.

Потым надыходзіць момант, калі ты разумееш, што твой вучань ведае больш, чым ты. Напрыклад, ён захапіўся ваеннымі ордэнамі, і ты, вядома, не памятаеш, колькі сініх каменьчыкаў на ордэне Перамогі. Але ні ў якім выпадку нельга зачароўвацца магчымасцямі свайго выхаванца. Вы па-ранейшаму яго настаўнік і кіраўнік па падрыхтоўцы да алімпіяды.

Настаўнік павінен заставацца лідарам, але не падаўляць дзіця, а суправаджаць і накіроўваць у працэсе падрыхтоўкі. Вельмі важна наладжваць і ўзаемадзеянне з бацькамі такіх дзяцей.

Яшчэ важна весці гэтых дзяцей падчас звычайных урокаў. Мы не можам спыняцца на дасягнутым пасля атрыманай перамогі, таму арганізацыя актыўнай дзейнасці на ўроку — вельмі важны момант. Важна, каб гэтыя дзеці не спынялі штодзённай працы.

У пастаянным узаемадзеянні з алімпіяднікам важнай з’яўляецца і самадысцыпліна настаўніка, які павінен мець дакладнае ўяўленне аб плане далейшай сумеснай дзейнасці. Вучань павінен быць пастаянна ўцягнутым у вучэбны працэс, каб разумець, што яго далейшыя веды таксама павінны мець структуру. Разам з тым падыход  да работы з такімі дзецьмі не павінен быць дырэктыўным, тут вельмі важна выконваць баланс.

Увогуле, любыя дасягненні — гэта цяжкая праца, таму яшчэ раз хачу падкрэсліць, што прынцыпова важнымі з’яўляюцца захаванне дысцыпліны і сістэмны падыход, прычым як з боку педагога, так і з боку вучня. Але калі можаш даць дзіцяці нешта дадаткова, акрамя свайго прадмета, то зрабі гэта. Звычайна адораныя дзеці дрэнна сацыялізаваныя, таму ім вельмі патрэбны вашы звычайныя жыццёвыя парады”, — падсумавала Алена Якаўлеўна Квасава.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.