Настаўніца майстар разьбы па дрэве Ганна Асіпкова добра вядома ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці. Некалькі месяцаў назад яна пакінула сельскі прытулак у Новазаранскім сельсавеце і пераехала ў горад энергетыкаў Новалукомль. Але ў сэрцах прыхільнікаў яе таленту так і застаецца ўмеліцай, чараўніцай з маленькай вёскі Млын, дзе прайшлі найбольш плённыя гады дзейнасці. Яна ўпэўнена, што вучыцца бачыць і цаніць прыгажосць трэба ў любым узросце, і не стамляецца даваць такія ўрокі ўсім, хто імкнецца да гэтага.
Ганна Савельеўна, як сцвярджаюць спецыялісты, адзіная ў Еўропе жанчына, якая так дасканала авалодала зусім не жаночым рамяством. Простая, сціплая, працавітая, яна ніколі не шукала вядомасці. Слава знайшла яе ў аддаленай глыбінцы. Колькі знакамітых людзей наведала млынскую хатку, абсталяваную рукамі ўмеліцы! Колькі прыходзіла і прыходзіць любавацца калекцыяй з шасці дзясяткаў скульптур, падораных аўтарам Чашніцкаму гістарычнаму музею! У спісе апошніх — і нобелеўскі лаўрэат Жарэс Алфёраў, і касманаўт Георгій Грэчка. Пазнаёміцца з майстрам у чашніцкую вёску прыяджалі японцы і шведы. Нават у 80 гадоў настаўніца працягвае здзіўляць сваім умельствам.
Карані зачараванасці вясковай настаўніцы цікавым рамяством — у далёкім пасляваенным дзяцінстве, якое прайшло ў хаце дзядулі. Менавіта там дзяўчынцы адкрыўся свет незвычайнай прыгажосці. Яна адлюстроўвала яго на абрыўках старых шпалер, газет, тканін усялякімі спадручнымі сродкамі. Папера, фарбы, алоўкі былі для юнай сялянкі недаступнай раскошай. Але вяскоўцы разглядзелі і ацанілі талент зямлячкі. Ганначка карысталася зайздросным аўтарытэтам сярод іх. Кіраўнік мясцовага рыбгаса падарыў пачынаючай мастачцы набор каляровых алоўкаў сына. Маленькія “агрызачкі” з той далёкай пары прызнаны майстар не забылася і зараз. Падарунак берагла як самы дарагі скарб, з яго дапамогай рыхтавала конкурсныя работы для паступлення ў Віцебскі педагагічны інстытут. “Курыраваў” падрыхтоўку любімы дзядуля. Каляровай гамы для стварэння сюжэта ў невялікай кардонцы не хапала. Трэба было шукаць выйсце. Цемру партызанскай ночы, напрыклад, “куратар” прапанаваў зрабіць сажай… Мінула шэсць дзясяткаў гадоў, а млынская ўмеліца не можа без усмешкі ўспамінаць, як весяліліся члены прыёмнай камісіі, разглядаючы яе творчасць. Тым не менш студэнткай мастацка-графічнага факультэта яна стала.
У родныя мясціны вяртаецца дыпламаваным спецыялістам. Ды якім! Усе, хто вучыўся ў Ганны Савельеўны, памятаюць яе незвычайныя ўрокі. Настаўніца праводзіла іх у лесе, на лузе, на беразе возера. З задавальненнем назірала, як у паходзе ля вогнішча самы непаслухмяны хуліган рабіўся пакладзістым і дэманстраваў столькі талентаў, што хапіла б на цэлы калектыў артыстаў. Педагог ад Бога — у гэтым пераконвае кожная сустрэча, кожная гутарка з Г.С.Асіпковай. Неяк яна прыпомніла выпадак. Маці былога вучня падышла да яе і паказала пісьмо, якое прыслаў сын з турмы. Шкадуючы аб сваіх памылках, юнак успамінаў Ганну Савельеўну: “Калі б больш было такіх людзей, як яна, магчыма, я ніколі не трапіў бы за краты”. Гэтыя словы пажылая настаўніца памятае ўсё жыццё і лічыць лепшай адзнакай сваёй працы.
Любоў з’яднала ў яе лёсе педагогіку і разьбярства. Не аднойчы даводзілася назіраць, з якой цікавасцю разглядаюць драўляныя фігуркі Ганны Асіпковай дзеці. Калекцыя прысвечана землякам. Першыя ўрокі разьбы па дрэве майстар атрымала таксама ў дзяцінстве. Пасля вайны ў сялян не было грошай, каб набыць посуд у магазіне. Як толькі выдаваўся вольны ад работы ў полі час, дзядуля браўся выразаць ложкі, міскі і іншае кухоннае начынне. За работай з захапленнем назірала ўнучка, ахвотна выконваючы просьбы аб дапамозе і непрыкметна пераймаючы вопыт. Школьніца Ганна і ўявіць не магла, як часта ў сталасці будзе ўспамінаць гэтыя вечары пры святле газавай лямпы і як гэтыя часіны паўплываюць на яе лёс.
Неяк вясковая настаўніца, пазнаўшы дзядуліну навуку, захацела самастойна папрацаваць з дрэвам. У яе атрымалася. Ужо праз некалькі гадоў сказала сабе: “Адчуваю дрэва, бачу ў ім вобраз, ведаю, што лішняе і ад чаго пазбавіцца”. Пачала паказваць свае работы і зусім не чакала, што яны выклікаюць такую цікавасць. Фотаздымкі з фігуркамі, зробленымі рукамі млынскай чараўніцы, з’явіліся ў “Известиях” і “Правде”. Майстру паляцелі лісты з усіх канцоў вялікай краіны. Пісалі аматары-разьбяры, людзі навукі, асуджаныя з месцаў пазбаўлення волі. Адказвала ўсім, каго ўсхвалявала сваёй творчасцю.
Так лёс дзякаваў ёй за шчырую працу. Якраз пачыналіся рэстаўрацыйныя работы ў Пецяргофе. Маёй зямлячцы прапанавалі работу ў аб’яднанні “Чырвоная Балтыка”. Ганна Савельеўна паехаць туды адмовілася і засталася на радзіме. У горад на Няве адправіўся яе сын, Ігар, які ў прафесіі пайшоў па слядах маці, як, дарэчы, і яе ўнучкі.
Зараз у млынскай чараўніцы той узрост, калі можна супакоіцца. Але творчасць не адпускае. Яна не стамляецца знаходзіць прыгажосць у навакольнай прыродзе. Вось парадавала вяскоўцаў калекцыяй вырабаў з карэнняў. З радасцю адгукнулася на просьбу настаўнікаў мясцовай школы, падрыхтаваўшы цыкл малюнкаў пра абярэгі. А як радуюць вока распісаныя старэнькія драўляныя хаты. Так жыве чалавек, па-сапраўднаму адданы зямлі, на якой нарадзіўся і адбыўся.
На ўсёй зямлі ёсць кропачка,
Што ў сэрцы ўтульна прымасцілася, —
Мой родны кут, хаціна старая,
Дзе я калісьці нарадзілася, — такія паэтычныя радкі майстар прысвяціла роднаму краю.
Ірына ТОРБІНА.