Установа, якая імкліва развіваецца

- 7:38Навіны рэгіёнаў

Магілёўскі політэхнічны каледж добра вядомы ў рэгіёне. Гэтая ўстанова — у лідарах па многіх паказчыках адукацыйнай дзейнасці.

Упершыню каледж расчыніў дзверы перад навучэнцамі семдзесят гадоў назад. За час свайго існавання ўстанова не раз мяняла статус, але якасць падрыхтоўкі кадраў тут заўсёды заставалася высокай.

Сучасны каледж крочыць у нагу з часам і дынамічна развіваецца. Сёння гэта шматпрофільная ўстанова новага тыпу. Адукацыя тут арганізавана на ўзроўні ПТА і ССА па шасці спецыяльнасцях. Са сцен каледжа выходзяць кваліфікаваныя праграмісты, зваршчыкі, мехатронікі, электраманцёры, маркетолагі, спецыялісты машынабудаўнічай вытворчасці. Адметна, што прапанаваныя для навучання спецыяльнасці тут перыядычна абнаўляюцца з улікам патрэб рынку працы.

— У гэтым плане мы імкнёмся ісці за заказчыкамі кадраў. Напрыклад, калі два гады назад на прадпрыемствах узнікла патрэба ў мехатроніках, мы адкрылі ў каледжы адпаведную спецыяльнасць. Зараз прапрацоўваем магчымасці падрыхтоўкі лагістаў, бо і спецыялісты гэтага профілю вельмі запатрабаваны. Традыцыйныя кваліфікацыі таксама перыядычна абнаўляем, змяняем вучэбныя праграмы ў адпаведнасці з тэхналагічнымі змяненнямі на вытворчасці. Такім чынам, мы рыхтуем спецыялістаў, сапраўды неабходных эканоміцы, а ў выніку не маем праблем з размеркаваннем выпускнікоў. Арганізацыі з задавальненнем бяруць на работу нашых былых навучэнцаў. Мы заўсёды атрымліваем падзячныя лісты за іх якасную падрыхтоўку, — расказаў дырэктар каледжа Сяргей Казлоў.

Шырокі выбар прафесій у сукупнасці з пераемнасцю навучання і эфектыўна наладжанай прафарыентацыйнай работай дазваляе каледжу пазбягаць праблем і з выкананнем планаў набору. У першакурсніках тут няма недахопу, прыём на навучанне адбываецца нават на конкурснай аснове. Характэрна і тое, што большасць абітурыентаў загадзя арыентавана на працяг навучання менавіта ў політэхнічным каледжы і па канкрэтнай спецыяльнасці. Сакрэт прыцягнення моладзі заключаецца ў добра выбудаванай сістэме прафарыентацыі. Нейкіх асаблівых форм работы ў гэтым кірунку ў каледжы не прымяняюць. Але ж пэўная адметнасць ёсць. Прафарыентацыяй ва ўстанове займаецца спецыяльная група педагогаў, з якімі былі праведзены вучэбныя семінары і практыкумы. Гэтая група вядзе бесперапыннае ўзаемадзеянне са школамі. Старшакласнікі — частыя госці ў каледжы, бо для іх тут пастаянна арганізоўваюць разнастайныя цікавыя мерапрыемствы. Адно з іх — конкурс JuniorSkills.

— Мы праводзілі гэты конкурс унутры ўстановы, ладзілі рэгіянальныя этапы, займаліся падрыхтоўкай дзяцей да выступлення на рэспубліканскім туры. Нашы канкурсанты ў выніку прыехалі са сталіцы пераможцамі. Удзел у JuniorSkills таксама стаў своеасаблівай прафарыентацыяй. Некаторыя з хлопцаў і дзяўчат зараз вучацца ў нашым каледжы, — адзначыў Сяргей Мікалаевіч.

Політэхнічны каледж — установа, якая хутка развіваецца. Дасягнуўшы поспехаў, тут імкнуцца да далейшага ўдасканалення працы.

— Адну з галоўных сваіх задач мы бачым у павышэнні якасці адукацыі, навучанні ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Стараемся стварыць усе неабходныя ўмовы для таго, каб навучэнцы змаглі стаць высокакваліфікаванымі спецыялістамі, — падкрэсліў Сяргей Казлоў.

Забяспечваць якасны вучэбна-выхаваўчы працэс у каледжы дазваляе добрая матэрыяльна-тэхнічная база. Вучэбныя кабінеты, майстэрні, спартыўная зала, інтэрнат і іншыя памяшканні падтрымліваюцца ў належным стане, а ўсё таму, што навучальная ўстанова перыядычна абнаўляецца. У асноўным на гэтыя мэты выдзяляюцца сродкі ад пазабюджэтнай дзейнасці. Штогод даход каледжа ад арганізацыі пазабюджэтнай дзейнасці складае каля 900 тысяч рублёў. Па словах дырэктара, заробленыя грошы дазваляюць і развіваць матэрыяльную базу ўстановы, і павышаць заработную плату работнікаў, якія ўсімі сіламі стараюцца дапамагчы навучэнцам знайсці сябе і сваё месца ў жыцці.

Сёння ў каледжы працуе звыш ста педагогаў і майстроў вытворчага навучання. У сваёй дзейнасці ўпор яны робяць не толькі на прывіццё навучэнцам практычных прафесійных навыкаў, але і на раскрыццё іх талентаў, здольнасцей. Ва ўстанове дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі рознай накіраванасці. Гэта дае магчымасць кожнаму навучэнцу выбраць сабе занятак і рэалізавацца ў тым, што падабаецца. Пастаянна праводзяцца ў каледжы і разнапланавыя мерапрыемствы, якія развіваюць культуру, маральнасць, патрыятызм, імкненне да здаровага ладу жыцця.

Аб эфектыўнасці выхаваўчай работы мясцовага педагагічнага калектыву сведчаць дасягненні навучэнцаў. Яны пастаянныя прызёры абласных і рэспубліканскіх творчых конкурсаў, лаўрэаты Рэспубліканскага злёту вынаходнікаў і рацыяналізатараў, такіх вядомых маладзёжных фестываляў, як “ТэхнаІнтэлект”, “Таленты ХХІ стагоддзя”, “Беларускі вянок” і іншых. Асаблівых поспехаў навучэнцы каледжа дасягаюць у спорце. На працягу шэрага гадоў яны ўпэўнена становяцца пераможцамі абласной круглагадовай спартакіяды сярод устаноў ССА, лідарамі аналагічнай рэспубліканскай спартакіяды, спартыўных спаборніцтваў па мнагаборстве “Здароўе”, “Абаронца Айчыны”.

Добрасумленная праца педагогаў і майстроў вытворчага навучання політэхнічнага каледжа таксама не застаецца без увагі. Большасць педагагічных работнікаў установы ўзнагароджана ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі, мясцовых выканаўчых улад. Асобныя майстры і выкладчыкі з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі, лаўрэатамі конкурсу “Лепшы па прафесіі”.

Адметна, што кіраўніцтва ўстановы ўсяляк заахвочвае любыя імкненні да высокіх вынікаў у працы, творчасці ці вучобе. Для лепшых прадстаўнікоў каледжа прадугледжаны маральная падтрымка, а таксама матэрыяльныя прыбаўкі да зарплаты або стыпендыі. Такая ўвага шмат у чым стымулюе педагогаў і навучэнцаў на поспехі.

У політэхнічным каледжы плённа працуюць практычна па ўсіх напрамках. Як вынік, навучальная ўстанова неаднаразова выходзіла ў пераможцы абласнога працоўнага спаборніцтва сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці. Сёння педагагічны калектыў можа ганарыцца сваёй выніковай дзейнасцю. Але тут не прывыклі спыняцца на дасягнутым. На думку кіраўніцтва, імкнуцца па-ранейшаму ёсць куды, таму ў каледжы абазначаны новыя мэты, да дасягнення якіх зноў будуць прыкладзены агульныя, зладжаныя намаганні.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.